характэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адметныя, рэзка выяўленыя, своеасаблівыя рысы. Толькі ад вагранак і электраплавільнай печы далятала характэрнае патрэскванне ды прыглушана гула вентыляцыя. Карпаў. Пан быў вельмі абураны, задрыжаў яго характэрны падбародак. Бядуля.
2. Уласцівы пэўнай асобе, прадмету, з’яве. Характэрнаю рысаю стылю [Бядулі] з’яўляецца спалучэнне бытавізму з паэтычнасцю. Адамовіч. Трэба было ўнесці ў гэтую справу тую наладжанасць, тую празрыстую яснасць, якія былі характэрны для любой справы, за якую б ні браліся бальшавікі. Лынькоў.
3. У мастацтве — уласцівы пэўнаму народу, эпосе, грамадскаму асяроддзю. Характэрныя танцы. Характэрныя ролі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напа́сці, -паду́, -падзе́ш, -падзе́; -падзём, -падзяце́, -паду́ць; напа́ў, -па́ла; -падзі́; зак., на каго-што.
1. Кінуцца на каго-, што-н. з мэтай захопу, грабяжу, забойства і пад., а таксама наогул пачаць дзейнічаць супраць каго-н. з варожай мэтай.
Н. на суседнюю краіну.
Звер напаў на чалавека.
2. Рэзка, адмоўна выступіць супраць каго-, чаго-н.
Н. на сваіх крытыкаў.
3. 3 прагнасцю пачаць што-н. рабіць (разм.).
Н. на ежу.
4. Выпадкова натрапіць на што-н., знайсці што-н.
Н. на ягаднае месца.
Н. на воўчы след.
5. Раптоўна ахапіць, з’явіцца (пра душэўны або фізічны стан).
На мяне напала роспач.
Напаў кашаль.
◊
Не на таго напаў (нарваўся) (разм., часта іран.) — маеш справу не з тым, на каго разлічваў.
|| незак. напада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. нападзе́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Перахлябісты ’худы, з вельмі ўпалым жыватом’ (ТСБМ, Янк. 1; бялын., Янк. Мат.; Шат., Мат. Маг., Мат. Гом.; лун., Шатал.; ЛА, 1), ’з крывой спіной’ (Шат.), ’тонкі ў поясе’, ’з выгнутай спіной’ (Нар. Гом.), ’пакатая (страха)’ (ЛА, 4), мсцісл. піріхля́бістысць ’патанчэнне, звычайна ў таліі’ (Юрч. СНЛ), перахля́біна ’неглыбокая ўпадзіна, паглыбленне паміж двума ўзвышшамі’ (ТСБМ; лід., дзятл., лях., Сл. ПЗБ); ’нізінка на раллі, дзе стаіць грунтовая вада; упалае месца на целе жывёлы; тонкае, слабое месца на скуры-юхце’ (Варл.), перахля́біцца ’рэзка патанчэць ад голаду, знясілення, выгаладацца, схуднець, змарнець’ (бялын., Янк. Мат.; ТС; Скарбы; Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; слонім., Жыв. сл.); перахля́баны, перахля́блы, перахля́бʼяны ’галодны (пра карову)’ (ЛА, 1). Звязана з хля́ба ’худая, схуднелая істота (чалавек, жывёліна)’, хля́бы ’апалыя бакі ў жывёлы’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тнуць 1 ’пранізваць, прабіраць (пра холад, вецер, боль і пад.)’ (ТСБМ), ’сячы, рэзка выказвацца’, ’ударыць, рубануць; упікнуць’ (Нас.), ’кусаць, джаліць’, ’ссякаць’ (Сцяшк.), ’кусаць, пячы’ (Яруш., Федар. 6, Скарбы, Сл. ПЗБ), тні́ті, тну́ты ’разбураць, рубаць, сячы’ (Булг.). Другасны інфінітыў, утвораны шляхам абагульнення асновы спрагальных формаў дзеяслова цяць — тну < прасл. *tęti — *tьnǫ, параўн. рус. тять — тну, польск. ciać — tnę, славен. дыял. tẹ́ti — tnèm, ст.-слав. тѧти — тьнѫ, дзе прадстаўлена ніжэйшая ступень кораня і.-е. *ten‑, захаваная ў літ. tìnti ’адбіваць касу’ (Коген, Запіскі, 2, 241; Фасмер, 4, 66; Векслер, Гіст., 224). Іншая ступень чаргавання выступае ў *тон, параўн. адным тном ’адным чынам’ (пух., Жд. 1). Гл. цяць.
Тнуць 2 ’іграць’ (Скарбы), ’заўзята іграць’: тне гармонік (Сцяшк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне на базе тнуць 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
саты́ра, ‑ы, ж.
1. Спецыфічная форма мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якой уласціва з’едлівае высмейванне розных адмоўных з’яў. Гнеўная сатыра Ювенала. Сатыра Кукрыніксаў.
2. Твор літаратуры і мастацтва, у якім востра высмейваюцца людскія заганы, рэзка асуджаюцца негатыўныя з’явы жыцця. Гэты твор [«Прамова Івана Мялешкі»] з’яўляецца адным з найбольш яркіх помнікаў палітычнай сатыры канца XVI стагоддзя. «Полымя». «Сон» — гэта сатыра на прыгонніцкую чыноўніцка-бюракратычную сістэму Расіі. Палітыка.
3. перан. Рэзкае, з’едлівае высмейванне, развянчанне каго‑, чаго‑н. Баязлівы чалавек варты вострага пяра, едкай сатыры. Сабалеўскі. Маладая сярэдневяковая буржуазія выступала ў літаратуры з пародыяй і сатырай па феадальны лад. Галавач.
[Лац. satira.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздрыгну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Уздрыгнуць; здрыгануцца; задрыжаць. Вусцішна Зосі адной паміж лесу. Гатоў яшчэ воўк высунуцца ці ліхі чалавек. Дзе што шасне, яна ўздрыгнецца. Крапіва. Язэп Крушынскі ўздрыгнуўся праз сон. Бядуля. // Хутка і рэзка змяніцца на момант (пра голас, выраз твару і пад.). Голас дзяўчыны ўздрыгнуўся ад хвалявання. // перан. Затрымцець. Ад болю ўздрыгнуцца бары. Зямлю цень засцеле. Смагаровіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скалануцца, страсянуцца; задрыжаць. Пушка вытыркнулася .. з-за куста і, уздрыгнуўшыся, грымнула. М. Ткачоў. Стаяць нерухомыя дрэвы, ні адна галінка на іх не ўздрыгнецца. Сяргейчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шуга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць яркім полымем, палаць; вырывацца адкуль-н. (пра полымя і пад.); палымнець.
Шугаў пажар.
Шугае агонь. 3 акон шугала полымя.
Над лесам шугае зарыва.
2. перан. Праяўляцца, праходзіць бурна, імкліва.
На дварэ шугала вясна.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыліваць да твару (пра кроў).
Кроў шугае ў твар.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Парывіста дзьмуць, урывацца куды-н. (пра дым, пару і пад.).
Цяпло шугае ў твар.
5. каго-што. Падкідаць на руках, гайдаць, гушкаць.
Ш. імянінніка.
6. Рэзка падымацца ўгору, узлятаць.
Птушкі шугаюць угару.
Велічныя сосны шугаюць у неба (перан.: высяцца).
7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Добра расці, буяць.
Шугае расліннасць.
|| аднакр. шугану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.
|| наз. шуга́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Со́ўгаць ‘перасоўваць што-небудзь з месца на месца’, ‘рухаць, соваць чым-небудзь у розных кірунках (звычайна па паверхні)’, ‘тыкаць, соваць’ (ТСБМ), ‘габляваць’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘соваць, тыкаць’ (ТС), со́ўгацца ‘хадзіць туды-сюды, сланяцца’, ‘пасоўвацца паволі, з цяжкасцю; рухацца, перамяшчацца’ (ТСБМ, ТС; ашм., шальч., Сл. ПЗБ, Жд. 1), ‘хадзіць узад і ўперад’ (Янк. 1, Нар. Гом.), соўгену́ць ‘рэзка сунуць’ (ТС), совгну́ты ‘штурхануць’ (Сл. Брэс.), соўгну́тэ ‘тс’ (брэсц., Нар. лекс.), соўг ‘пра соўганне’ (мсцісл., Нар. лекс.), саўге́ць! ‘кідок камянём’ (Арх. Федар.), саўга́к ‘стары чалавек’ (Наша Ніва, 1998, 26 кастр.), со́ўгала ‘чалавек, які сноўдаецца без справы і заняткаў’ (Янк. 3.). Укр. со́вгати ‘соваць; соўгаць’, со́вганка ‘коўзанка’. Няясна. Для ўкраінскага аўтары ЕСУМ (5, 342) мяркуюць аб кантамінацыі со́вати і ковзати (< *ковгати), што не вельмі пераканаўча; магчыма, гэта звонкі дублет да соўкаць (гл. наступнае слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суга́к ’касцяное або драўлянае шыла з плоскім вастрыём для падплятання лапцей’, ’роўная тонкая палачка, якая прасоўваецца ў вушкі асновы лапцей’ (Бяльк.; маг., ЛА, 4), ’жалезны прут’ (Маш.), ’пруток з дроту для прапальвання дзірак у дрэве’ (Пятк. 2), ’спічак, швайка, шыла’ (глус., Янк. 3.; Мат. Гом.), ’завостраная палачка падплятаць лапці’ (Сцяшк. Сл.). Укр. суга́к ’жалезнае (або касцяное) шыла для праколвання дзірачак у пасталах, для развязвання вузлоў’. Паводле ЕСУМ (5, 465), з сува́к ’шыла, засаўка, хамуцік’ (гл. суваць), набліжанае да гак. Не выключана сувязь з соўгаць (гл.) з пераходам оў > у, параўн. саўга́к (пра старога чалавека), су́гнуць ’хуткім рухам пасунуць, усадзіць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), сугану́ць ’саўгануць, рэзка перамясціць’ (Юрч. Вытв.), або з укр. суга́к, польск. suhak ’антылопа’ < караім. soɣak (sohak) ’малады алень, антылопа’ (Slavica Tarnopolensia, 1, 69), з рагоў якіх вырабляліся прылады. Гл. сайга.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
партнёр, ‑а, м.
Удзельнік якой‑н. гульні, размовы і пад. Твары партнёраў, рэзка змененыя прагавітасцю да грошай, яшчэ больш павялічвалі непрыемнае адчуванне. Колас. Пачутыя навіны так уразілі Клопікава, што ён адразу.. забыўся і на варожую пешку і на свайго партнёра. Лынькоў. // Той, хто разам з кім‑н. прымае ўдзел у тэатральных спектаклях, спартыўных гульнях, танцах і пад. На гэты раз Рыгорка адразу пачуў падказку, радасна ўскінуў галаву і на ўсю залу грымнуў свайму збянтэжанаму партнёру: «Не так!» Краўчанка. Танцавала Зіна лёгка папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. // Кампаньён у якой‑н. справе. Савецкі Саюз — буйнейшы гандлёвы партнёр Балгарыі. «Звязда».
[Фр. partenaire.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)