трохго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу, тэрмін у тры гады. Усяго некалькі дзён застаецца да выбараў старшыні, бо Захар Лемеш дажывае апошнія моманты свайго старшынскага трохгоддзя. Колас.

2. Гадавіна якой‑н. падзеі, што была тры гады назад. Трохгоддзе жаніцьбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гадаві́на, ‑ы, ж.

Дата, дзень, у які спаўняецца яшчэ адзін год з часу якой‑н. падзеі. 60‑я гадавіна Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. □ На пятнаццатую гадавіну вызвалення Беларусі ад белапалякаў сюды, у калгас, прыехала на свята шмат дарагіх гасцей. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўнакро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаецца паўнакроўнасцю (у 1 знач.), хворы ад лішку крыві.

2. Здаровы. Мельнік быў паўнакроўны мужчына гадоў сарака пяці. Гамолка. // перан. Насычаны, змястоўны, багаты на ўражанні, падзеі і пад. Усё вакол жыло паўнакроўным, шчаслівым жыццём. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суадне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. суаднёс, ‑несла; зак., што.

Выявіць суадносіны паміж чым‑н.; супаставіць, параўнаць. Суаднесці паняцці. □ Пісьменнік [Лобан у трылогіі «Шэметы»] звяртаецца да публіцыстычных адступленняў гісторыка-рэвалюцыйнага характару,.. каб суаднесці мясцовыя падзеі з падзеямі, якія адбываліся ва ўсёй краіне. Дзюбайла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэтрало́гія, ‑і, ж.

Чатыры літаратурныя або музычна-драматычныя творы, аб’яднаныя агульнай ідэяй і пераемнасцю сюжэта. Усе падзеі тэтралогіі [«Трывожнае шчасце»] (у кнігу ўваходзяць аповесці «Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэчы») звязаны з лёсам Пятра Шапятовіча або яго жонкі Сашы. Дзюбайла.

[Грэч. tetralogia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанта́стыка, -і, ДМ -тыцы, ж.

1. Тое, што заснавана на творчым уяўленні, на фантазіі.

Ф. народных паданняў.

2. Што-н. нерэальнае, немагчымае.

Асушыць такое балота!

Гэта ж ф.!

3. Жанр мастацкай літаратуры, кіно і мастацтва, у творах якога адлюстроўваюцца выдуманыя, звышнатуральныя падзеі і з’явы, а таксама самі такія творы.

Навуковая ф.

|| прым. фантасты́чны, -ая, -ае. Ф. раман.

Фантастычная літаратура.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фа́рба, -ы, мн. -ы, фарб і -аў, ж.

1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або насычае.

Ф. на ацэтоне.

2. звычайна мн. Каларыт, колер, тон (на карціне, у прыродзе і інш.).

Фарбы асенняй прыроды.

Абмаляваць падзеі яркімі фарбамі.

4. Тое, што і румянец.

Твар меў штучную фарбу.

|| прым. фа́рбавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пры́зма, -ы, мн. -ы, -зм і -змаў, ж.

1. Шматграннік з дзвюма роўнымі паралельнымі асновамі і бакавымі гранямі — паралелаграмамі.

2. Частка аптычнага прыбора — прадмет такой формы з празрыстага рэчыва.

Праз прызму чаго (глядзець, успамінаць і пад.; кніжн.) — не непасрэдна, з апасродкаваным уплывам якіх-н. прамежкавых фактараў.

Адлюстраваць падзеі праз прызму свайго разумення і сваіх адносін.

|| прым. прызматы́чны, -ая, -ае.

Прызматычнае шкло.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

эпапе́я, ‑і, ж.

1. Адзін з жанраў эпасу — вялікая паэма, у якой апісваюцца буйныя гістарычныя падзеі. Эпапеі Гамера. // Вялікі празаічны літаратурны твор, серыя твораў, у якіх адлюстроўваюцца значныя гістарычныя падзеі або падзеі, што прадаўжаюцца значны час. Раман «Сокі цаліны» [Ц. Гартнага] быў задуманы як эпапея жыцця і рэвалюцыйнай барацьбы працоўных мае царскай Расіі. Пшыркоў. Паказу суровай і цяжкай бітвы народаў за сцвярджэнне міру і паўнацэннага чалавечага шчасця на зямлі Ілья Эрэнбург прысвяціў свой новы раман «Дзевяты вал», які з’яўляецца працягам «Буры» і складае другую частку эпапеі аб Айчыннай вайне і лёсе чалавецтва ў пасляваенны час. «Полымя». // Разм. Вуснае апавяданне пра што‑н., звычайна доўгае, насычанае падрабязнасцямі, падзеямі. Пра паншчыну стары пастух апавядаў мне цэлыя эпапеі. Бядуля. І пойдуць цэлыя эпапеі пра гэтага каня, толькі слухай, не перабівае. Кулакоўскі.

2. перан. Шэраг буйных, значных падзей, якія ўтвараюць адзінае цэлае. Эпапея грамадзянскай вайны. Эпапея абароны Севастопаля. □ Саляная эпапея працягвалася ледзь не тры месяцы. Навуменка.

[Грэч. epopoiïa ад épos — слова, апавяданне і poieō — ствараю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́тапіс, ‑у, м.

Пагадовы запіс гістарычных падзей у старажытныя часы; кніга з такімі запісамі. Ноўгарадскі летапіс. Летапіс Аўраамкі. // перан.; чаго. Паслядоўны запіс якіх‑н. падзей; хроніка, гісторыя чаго‑н. Летапіс ваеннай славы.

•••

Жывы летапіс — пра таго, хто добра памятае ўсе сучасныя яму падзеі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)