шматзна́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікае значэнне, важныя вынікі, значны ўплыў на каго‑, што‑н. Шматзначная падзея. □ Усё, што датычыла Іры, было для мяне тады шматзначнае, напоўненае незвычайным сэнсам. Марціновіч.
2. Які робіць намёк на што‑н. важнае; які пра многае гаворыць. Надзя.. не вытрымлівала шматзначнага і ў той жа час іранічнага позірку бацькі. Лынькоў. Кірэй з нейкай шматзначнай усмешкай засаджвае цыгарэту ў грудную кішэньку Антосевага пінжака. Дамашэвіч.
3. У матэматыцы — які складаецца з многіх лічбавых знакаў. Шматзначная лічба.
4. У мовазнаўстве — які мае многа значэнняў. Шматзначнае слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заты́чка і за́тычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Тое, чым затыкаюць што‑н. Гумно было адамкнёна, а ў прабоі тырчала звычайная драўляная затычка, прывязаная да прабоя канаплянаю вяровачкай. Дамашэвіч. Раз-пораз Карней Адамавіч адкрываў затычку ў сцяне і праз шчылінку пазіраў на дарогу. Жычка. // перан. Пра таго, кім часта замяняюць, падмяняюць каго‑н. — Калі выбралі мяне старшынёю, дык і слухайцеся, а не хочаце — скідайце, — гаварыў Тамаш. — А толькі я затычкай не буду. Гурскі.
•••
Ад усіх дзірак (бочак) затычка — пра чалавека, які любіць умешвацца не ў свае справы.
Затычка ад пустой бочкі — пра непатрэбнага, лішняга чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыстаць, прыгарэць пры кіпенні. Малако прыкіпела. // Наогул прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. Відаць, ад таго часу, як іх купілі, яны [боты] ні разу не чысціліся, не бачылі ні ваксы, ні нават шмальцу. Затое на іх ляжала і прыкіпела да іх скарынка зямлі. Дамашэвіч.
2. перан. Прывязацца да каго‑, чаго‑н. Алена сэрцам адчувала, што хлопец гэтак прыкіпеў да яе не для забавы, а мае нейкі сур’ёзны намер. Сабаленка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закіпець з малаком (пра забеленую страву). Сіраце прыкіпіць у жываце. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сі́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
Разм.
1. Намагацца. Дый як ні сілілася Лёдзя, ступала яна няўпэўнена, дробнымі крокамі. Карпаў. [Цімох] быў .. нізкарослы і, спяваючы, высока задзіраў галаву. І так сіліўся, што аж жыллё выпіналася на шыі. Ермаловіч. // з інф. Старацца, прабаваць зрабіць што‑н. Антось у цемнаце сіліўся разгледзець брата. Дамашэвіч. Схіліўшы ўніз галаву, дзяўчына сілілася паправіць падбародкам разарваную на грудзях блузку — рукі былі закручаны назад і звязаны. Лынькоў. Мікульскі сіліцца адарваць позірк ад гэтай попельніцы, разглядае дэталёва камендантаў стол. Місько.
2. Мерацца сіламі. [Мужык:] — Сям’я мая галодная, Хаціна мая хіліцца, Ідзі, Зіма нягодная! Не дуж з табою сіліцца. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрацава́цца 1, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). У працэсе працяглай работы дайсці да непрыгоднага стану, знасіцца (пра інструмент, механізм). Матор спрацаваўся.
2. Стаміцца, страціць сілы, здароўе ад непамернай працы. [Марыля:] — Не ў тых гадах я, Амеля, не да гэтага мне цяпер. Якая была, то няма ўжо тае, спрацавалася. Лобан. [Маці] заўсёды так. Усё шкадуе, .. каб не спрацаваўся, каб у пару пад’еў. Дамашэвіч.
спрацава́цца 2, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
Дасягнуць поўнай зладжанасці, узгодненасці ў працы з кім‑н. [Зелянюк:] — Ну, што, згода? Едзем? .. Будзем разам працаваць на заводзе... Тут не спрацаваліся, дык, можа, там лепш патрапіш. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ты́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца за кім‑, чым‑н., ззаду каго‑, чаго‑н. Адсюль добра была відна тыльная сцяна хаты і хлява. Дамашэвіч. Дзядзька ўзяў Даніка за рукаў, падвёў да дзвярэй другой, «тыльнай» палавіны хаты і пастукаў у дзверы. Брыль. // Знешні. [Наводчык Васіль] тыльным бокам далоні выціраў пот з ілба і наіўна, разгублена ад таго, што ўсе яго хвалілі, усміхаўся. Карпюк. // Адваротны. На тыльным баку каўняра вялікая лапіна зусім іншага колеру, чым усё паліто. Мехаў.
2. Тое, што і тылавы (у 1 знач.). Калона расцягнулася мо на якіх метраў дзвесце. Пярэднія, бакавыя і тыльныя дазоры таксама не вельмі адыходзілі ад бітай дарогі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чува́ць, у форме інф., у знач. вык.
1. Можна чуць. Добра чуваць быў натужны шум матора. Мележ. Цішыня ў скверы, акрамя птушыных галасоў, нічога не чуваць. Кулакоўскі.
2. Разм. Ёсць звесткі пра каго‑, што‑н. [Я. Сегень:] — Нічога пра .. [сына Нахлябіча] нідзе не чуваць. Чорны. — Як там, скажыце, — пажылы невялікі чалавек паказваецца з гумна і, згортваючы вяроўку, падыходзіць да нас, — як там, вы ж лепш ведаеце палітыку гэну, з вайною, скажыце, нічога не чуваць? Скрыган.
3. Адчуваць, адчувацца; успрымацца. У хаце чуваць дым ад махоркі. Відаць пасля, як ён цягнецца адразу ў печ у чалеснік. Пташнікаў. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́расны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Разлютаваны, які знаходзіцца ў стане моцнага гневу. Як пчолы з разбітага вулля Бароняцца ярасным роем, Так помсцяць за кроў, за разгулле Фашысцкім бандытам героі. Колас. // Які выражае гнеў, азлабленне. Яўген нахіліўся, згорбіўся, і шыя ў яго зрабілася барвовай, а ў чорных вачах запалаў ярасны бляск. Савіцкі. / у перан. ужыв. Пажылыя мужчыны, Угінаючы дол, Носяць палкія міны, Грузяць ярасны тол. Глебка.
2. Вельмі моцны, празмерны ў сваім праяўленні. Ішлі мы ў бой і яраснымі ўдарамі Крышылі інтэрвенцкія палкі. Гаўрусёў. Цераз Лявона бегалі сюды і туды людзі, ён чуў лаянку, удары, ярасныя выкрыкі і звон выбітых шыбаў. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апанава́ць, ‑нуе; зак., каго-што.
1. Ахапіць, авалодаць поўнасцю (пра настрой, думкі, пачуцці, а таксама пра фізічны стан чалавека). [Таццяна:] — Сэрца адзінокае апануе сум. Глебка. Толькі ўжо за вёскай.. [Наташу] апанаваў страх. Шамякін. Але ногі чамусьці не слухаліся, вяласць апанавала ўсё цела. Шахавец. // Перамагчы, узяць верх (над настроем, думкамі, пачуццямі і пад.). Але нешта на гэты раз стрымала.. [Сашу], нешта апанавала яго звычайную рашучасць. Мележ.
2. Напасці ў вялікай колькасці, акружыць з усіх бакоў. Калі ж апанавалі ганчакі,.. [воўк] агрызнуўся, шчэрачы клыкі. Танк. Некалькі местачковых балаголаў апанавалі Лабановіча і цягнулі яго кожны на сваю фурманку, вырываючы з рук чамаданы. Колас. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Сястра раней працавала, а цяпер дзеці апанавалі. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́жнасць, ‑і, ж.
1. Значнасць, вялікае значэнне. Набліжалася першая гадзіна ночы, а трэба было яшчэ знайсці сваіх памочнікаў і растлумачыць ім усю важнасць загаду каменданта. Дамашэвіч. Беларускія паэты ўсведамлялі ўсю важнасць задач эпічнага паказу падзей рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Перкін.
2. Велічнасць, саліднасць; фанабэрыстасць. Важнасць, якую.. [Сініцын] набыў, займаючы ў свой час розныя.. пасады, цудоўна спалучалася ў ім з абыякавасцю, якую ён чорт ведае, дзе ўзяў. Шахавец. Абодва сакратары селі недзе ззаду, каб не дэманстраваць сваёй начальніцкай важнасці. Ермаловіч. Магло б некаму здацца, што справа ідзе пра нешта вельмі складанае, у чым найбольш разумее стары пастух Лукаш Саёнак, — столькі важнасці было ў яго голасе. Брыль.
•••
(Не) вялікая важнасць — нічога асаблівага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)