ану́, выкл.

Разм.

1. Выражае заклік ці прымушэнне да дзеяння. — Ану, сып! Палі! — пачаў прытупваць фарсісты салдат, нябачаныя каленцы выкідваць, запрашаючы іншых у круг. Гурскі. — Ты чаго тут? — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук.

2. (у спалучэнні з Р займ. 2 і 3 ас. адз. і мн.). Адпавядае па значэнню словам: «адчапіся», «адвяжыся» і пад. [Ярына:] — Ану цябе, Ігнат! От, як прыстане, дык хоць ты яму кол на галаве чашы. Бажко.

3. (у спалучэнні з часціцай «ж»). Можа быць. Ану ж ды выйдзе што-небудзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выпасці.

•••

Не выпадае — а) няма магчымасці. Узяцца адразу за будоўлю ўсё ніяк не выпадала: і з лесам было цяжка, і на грошы лішнія ніяк не маглі ўзбіцца, ды і з дзецьмі яшчэ хапала клопату. Васілевіч; б) няма зручнага моманту, не з рукі. Сустрэчныя, як на тое, трапляліся пажылыя або ішлі купкамі, і чапаць іх не выпадала. Карпаў; в) нельга, непрыстойна. Дома глядзелі на семінарыста .. як на госця і паніча. Яму нібы ўжо і не выпадае займацца гаспадарчымі справамі. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамагчы каго‑н. у гульні. Абыграць у шашкі.

2. Выкарыстаць што‑н., умела дастасоўваючы да ўмоў, абставін (у сцэнічным дзеянні, літаратурным творы і пад.). Маналог.. трэба было так абыграць, каб ён не ўтрымаўся як прамова з трыбуны. «Полымя». // Выкарыстаць чые‑н. словы (памылку) у асабістых мэтах, надаючы не ўласцівае ім значэнне. [Адольф:] Цяпер за тое, што панна Паўлінка мяне гэтак абыграла, вазьму ды паеду. Купала.

3. Наладзіць гучанне музычнага інструмента, пайграўшы на ім нейкі час. Абыграць цымбалы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камбіна́цыя, ‑і, ж.

1. Спалучэнне, злучэнне, узаемна абумоўленае размяшчэнне якіх‑н. прадметаў, з’яў (пераважна аднародных). Камбінацыя лічбаў. Камбінацыя гукаў.

2. перан. Хітрыкі, загадзя абдуманы манеўр для дасягнення карыслівай ці іншай нядобрай мэты. — Трэба было б знайсці чалавека, ды падаслаць да .. [партызан] нібы іх хаўрусніка .. Усім спадабалася такая камбінацыя, і яны сталі падшукваць адпаведнага чалавека. Колас.

3. Рад прыёмаў гульні, аб’яднаных агульнай мэтай — дасягнуць перавагі, перамогі. Шахматная камбінацыя. □ [Валя] лёгка разгадвала Паўлавы камбінацыі і выігрывала адно ачко за другім. Шыцік.

4. Жаночая сарочка, якую надзяваюць непасрэдна пад сукенку і пад.

[Лац. combinatio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зя́па, ‑ы, ж.

Разм. Рот звера, рыбы; пашча. [Мядзведзь] толькі шчэрыў чорную зяпу ды круціў тоўстым хібам. Даніленка. Аўчарка набліжалася.., ужо стала відаць яе разяўленая зяпа з высунутым языком. Быкаў. // Груб. Рот чалавека. — Мы гарантуем табе жыццё. Звяжам, заткнём зяпу і ціха паедзем да сваіх. Шамякін. // перан.; якая або чаго. Пра шырока адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Чыгунка выгіналася дугой і гублялася ў чорнай зяпе тунеля. Ставер. Хлопчык.. туліўся да бацькі, калі яны заходзілі ў качагарку, дзе замурзаныя ў сажу людзі падкідалі дровы ў вогненную зяпу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лубо́к, ‑бка, м.

1. Тое, што і луб (у 2 знач.). На .. [ўслоне] вядро драўлянае, а каля вядра з лубка каробка. Галавач.

2. Тое, што і лубянка. Дзяўчаты ж запяваюць звонка песню Ды йдуць гурмою з лубкамі ў руках: Суніцы сакавітыя на ўзлессі! Кірэенка.

3. звычайна мн. (лу́бкі, ‑оў). Тонкія дошчачкі, якія накладаюцца на месца касцявога пералому. Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль.

4. Ліпавая дошка, на якой даўней гравіравалася карціна для друкавання. // Надрукаваная з такой дошкі карціна, якая вызначалася прастатой і даступнасцю вобразаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

любава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; заг. любуйся; незак., кім-чым і на каго-што.

Разглядваць каго‑, што‑н. з захапленнем, задавальненнем. Маша часта ў апошні час любавалася .. [Алесяй] і думала: «Якая яна раптам стала прыгожая!». Шамякін. Мы часта любуемся Месяцам, падоўгу ў ясныя ночы назіраем за ім. Гамолка. // Адчуваць задавальненне, захапленне, наглядаючы чыю‑н. дзейнасць, учынкі. І каб толькі не ворагі — жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца. Лынькоў. Я захапляўся спрытнымі людзьмі, якія баранілі слабых, любаваўся мужчынскай сілай, адвагай і сумленнасцю людзей прэрый. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ляскаць.

2. каго і па чым. Нанесці ўдар рукой па твары, целе. Ступіўшы крок наперад, Лена раптам штосілы ляснула Віктара па шчацэ. Ваданосаў.

3. перан. Разм. Прапасці марна; загінуць, згінуць. [Рахункавод:] — Дарэмная праца — усё пойдзе ў кастрыцу.. Столькі дабра і працы ляснула! Столькі надзей! Васілевіч. Дарма немцы спраўлялі ўрачыстасць.. Чыгуначны мост .. зноў узляцеў у паветра. Ды так, што ляснуў цэлы эшалон з жывой сілай і ўзбраеннем. Сабаленка. — Скора [зімняя] дарога зусім лясне, калі мароз не падхопіцца, — зазначыў Андрэй. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Рабіць што‑н. вельмі павольна, доўга не пачынаць якой‑н. справы. — Ідзі да брыгадзіра, запражы каня ды толькі не марудзь. Гроднеў. Каб паправіць становішча, трэба было хутчэй укараняць усе прапановы рабочых. А Булай чамусьці зноў марудзіў. Шыцік. // перан. Выказваць нерашучасць, быць нерашучым; муляцца. — Ёсць у мяне і больш складаная работа, але вельмі небяспечная. — сказаў Былінскі. — Якая? — Спецыяльная, — марудзіў з адказам Былінскі. — Рызыкаваць трэба. Гурскі. — Адчыняйце [веснічкі], дзядзька Іван, — падганяў Богдан Бобрыка, калі той марудзіў, пераступаючы з нагі на нагу. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дуры́ць, дуру, дурыш, дурыць; незак.

Разм.

1. што. Дакучаючы, дурманіць. Дурыць галаву размовамі. □ Адзін цвыркун навокал скача І вушы дурыць: цвыр... ды цвыр... Броўка.

2. Падманваць, разлічваючы на даверлівасць; збіваць з толку. — Жаніцца ты збіраешся? — Не ведаю і сам. — Дурыш ты, хлопча. Чорны.

3. Рабіць недарэчныя ўчынкі. — Ты мне не дуры! — крычыць .. [дзядзька]. — Не смяшы людзей, чуеш! У дровы ён паедзе... Бачылі! Хочаш, каб суседзі мне вочы калолі. Глядзі мне, бо намачу лейцы і так адсцёбаю... Жычка.

•••

Дурыць галаву каму — збіваць з толку, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)