пашале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Ашалець, стаць шалёным — пра ўсіх, многіх. Коні ўжо як бы пашалелі, яны не беглі, а ляцелі, і здавалася, што ўжо ніякая сіла не спыніць іх, не затрымае. Сабаленка.

2. Разм. Пабыць некаторы час у стане крайняга раздражнення. [Беразоўскі:] — Ты, Макар, у пакой не лезь! Ацірайся на кухні. Забаўляй гэтую рыжую Мар’яну. Няхай трохі пашалее Кашч. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслы́ць, ‑слыву, ‑слывеш, ‑слыве; ‑слывём, ‑слывяце; пр. праслыў, ‑слыла, ‑слыло; зак.

Разм. Заслужыць якую‑н. рэпутацыю, стаць вядомым у якасці каго‑, чаго‑н. Вось чаму і не хацеў верабей уступаць цяпер ластаўцы гнязда. Уступіць — азначала б паказаць не толькі сваю слабасць, але і праслыць на ўвесь вераб’іны род баязліўцам і хвальком. Пальчэўскі. Бляхару чамусьці вельмі хацелася праслыць рэвалюцыянерам, і ён нават дробязныя свае дзеянні заўсёды выстаўляў напаказ. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прафесіяна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прафесіі; звязаны з якой‑н. прафесіяй. Слухаючы старшыню, карэспандэнт па сваёй прафесіянальнай звычны разглядаў фота ў альбоме. Шахавец.

2. Які мае адносіны да прафесіянала, з’яўляецца прафесіяналам. Прафесіянальны рэвалюцыянер. □ У сценах семінарыі будучы пісьменнік захапляецца рускай класікай.. Ужо ў тыя гады ён марыў стаць прафесіянальным літаратарам. Луфераў. // Уласцівы прафесіяналу. І Максім падумаў, што прафеcіянальнае, настаўніцкае, трымаецца ў Жакушэнькі вельмі моцна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.

1. Дабавіцца, далучыцца ў дадатак да чаго‑н. Сёння.. [Галя] нібы імянінніца, ды гады яе лічацца цяпер па класах, скончыла клас — год прыбавіўся. Якімовіч.

2. Павялічыцца, стаць большым (у памеры, сіле і пад.). Дзень прыбавіўся. Прыбавіцца ў вазе. □ — Цяпер у нас штат прыбавіўся. Тры даглядчыцы маем... Ракітны. / у безас. ужыв. За тры дні ягад прыбавілася. Шашкоў. Пад восень працы ў людзей прыбавілася. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

Выпрастацца, разагнуць спіну. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася. Колас. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Гурскі. // Стаць простым, роўным (пра што‑н. сагнутае). Кручок разагнуўся. □ І на дзіва змяніўся чалавек: патлусцеў, раздабрэў на белых харчах так, што і спіна разагнулася. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздво́іцца, ‑двоюся, ‑двоішся, ‑двоіцца; зак.

Раздзяліцца надвае, на дзве часткі. Шырокая лугавая сцежка ля балотнай чорнай лужыны раздвоілася. Адна, ледзь прыкметная, падымаючыся ўгору, паўзла ў густы ядловец, другая бегла ўлева. Хомчанка. // перан. Страціць цэльнасць, унутранае адзінства, стаць супярэчлівым. Адным словам, набліжалася чужое мне свята. Мая душа раздвоілася. Карпюк. Пазней талент маладога пісьменніка неяк дзіўна раздвоіўся: перагушчаны, непрасветлены быт — на адных старонках, і празмерна напятая, ненатуральная лірыка — на другіх. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.

Знайсці для сябе месца; стаць або рассесціся на месцах. Падпалкоўнік загадаў батальёнам размясціцца ў прыбярэжным лесе. Мележ. Нарэшце стол быў накрыты, усе размясціліся, і гаворка сціхла. Ваданосаў. // Уладкавацца на жыхарства, спыніцца па прыбыцці ў якім‑н. месцы, памяшканні. Землякі размясціліся ў адным пакоі з Кастусём. С. Александровіч. // Заняць сабой якое‑н. месца, прастору. Між засценкамі Малінаўкай і Жывіцамі на невялікім пагорку размясціўся стары могільнік. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаўсю́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

Ахапіць сабой большы круг з’яў, асоб або прадметаў, большую тэрыторыю; пашырыцца. Пасевы бавоўны распаўсюдзіліся ў Савецкім Саюзе параўнальна нядаўна. Стаханаўскі рух распаўсюдзіўся і ў сельскай гаспадарцы. // Стаць вядомым многім. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла. Такія паэтычныя творы бываюць асуджаны па тое, што яны астаюцца каштоўнасцю адной краіны, аднаго народа, калі ў іх наогул ёсць сіла распаўсюдзіцца ў дадзенай краіне. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самалю́бства, ‑а, н.

Пачуццё ўласнай годнасці, якое звычайна спалучаецца з раўнівымі адносінамі да думкі пра сябе іншых людзей. Мужчынскае самалюбства. □ А цяпер.. [Платон], бадай, з аднаго самалюбства, хацеў давесці, што і ў яго галава не так сабе на плячах. Ракітны. З-за самалюбства, баючыся, каб не стаць смешным, Кузьма таіў сваю рэўнасць, нічым не выказаў яе нават Веры. Дуброўскі. // Нястрымная прага да славы. Хворае самалюбства нараджала хворыя думкі... Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страж, ‑а, м.

1. Высок. Ахоўнік, абаронца. Армія — страж нашых граніц. / у вобразным ужыв. [Лес] спрадвеку стаіць, нібы нязменны і зоркі страж, вакол вёскі, дзе я нарадзіўся і вырас. Сачанка.

2. перан. Той, хто заўсёды на варце, за працай. — Будзем знаёмы: Волкаў Антон Пятровіч. Дык вы, малады чалавек, не паспелі на кватэру стаць, а ўжо адразу і за працу. Хаця, я вас разумею, вы, так сказаць, страж пяра... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)