струна́, -ы́, мн. стру́ны і (з ліч. 2, 3, 4) струны́, струн, ж.

1. Пругкая нітка (з металу, капрону і пад.) у музычных інструментах, якая пры вібрацыі звініць.

Цымбальныя струны.

2. Нітка, вяроўка і пад., нацягнутыя на што-н. і выкарыстаныя ў розных прыстасаваннях (спец.).

Струны тэніснай ракеткі.

3. перан., чаго або якая. Асаблівасць, якасць характару.

Лепшыя струны душы.

Слабая струна — найбольш чуллівая, уражлівая асаблівасць характару.

|| памянш. стру́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

У струнку стаць або выцягнуцца (разм.) — прама, навыцяжку, апусціўшы рукі па швах.

|| прым. стру́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).

С. аркестр.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

засты́ць, ‑стыну, ‑стынеш, ‑стыне; зак.

1. Загусцець, стаць цвёрдым пры ахалоджванні (пра рэчывы). Лой застыў. Смала застыла.

2. Разм. Падмерзнуць, прымерзнуць; пакрыцца лёдам (пра ваду). Тут рачулка зусім не замерзла, толькі, .. запарушаная снегам, застыла. Сачанка.

3. Разм. Моцна змерзнуць, закарчанець. Застыць на марозе. Рукі застылі. // Прастудзіцца. Застыць у дарозе.

4. Астыць, ахаладзець (пра труп).

5. Стаць нерухомым; замерці (звычайна ў якой‑н. позе, у якім‑н. становішчы). Сустрэча была такая нечаканая, што Марылька аж скаланулася і нерухома застыла на месцы. Чарнышэвіч. Маці як несла патэльню на стол, так і застыла з ёю на паўдарозе. Шамякін. // Астацца нерухомым, нязменным (пра выраз твару). Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на яго твары. Пестрак. А на твары як застыла, так і не раставала зацятасць і злосць. Адамчык. // перан. Спыніцца ў сваім развіцці. Ведалі і тое, што хлопец не застыў у сваім развіцці, ён працягвае завочна вучыцца ў педінстытуце. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і падымуся, падымешся, паднімецца; пр. падняўся, ‑нялася, ‑нялося; заг. падніміся і падыміся; зак.

1. Перамясціцца куды‑н. уверх; узысці. [Хмара] моўчкі вылез з машыны, моўчкі падняўся на ліфце і прайшоў у свой нумар. Васілевіч. Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку. Бяганская. // Праплыць нейкую адлегласць супраць цячэння. Падняцца ўверх па Дняпры.

2. Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. Дзіцячая рука сутаргава паднялася і.. кранулася рудой шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Кіра падбегла да.. [Арыны], абвіла шыю рукамі, паднялася на пальчыкі і пацалавала ў шчаку. Карпаў. // Перамясціцца ўверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Шлагбаум падняўся. □ Зноў паднялася заслона, зноў, затаіўшы дух, усе сачылі за тым, што тварылася перад імі. Пальчэўскі. // перан. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча. Падняцца па службовай лесвіцы.

3. З’явіцца над гарызонтам, узысці. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка. Над полем падняўся вялікі чырвоны месяц. Грахоўскі. // Узвышша над чым‑н., стаць відным на фоне чаго‑н. Раптам над мураванай агароджай, якой абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы. Гарбук. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). За рэчкаю, у лузе, падняўся туман. Шамякін. Над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Чорны.

4. Устаць на ногі. Рыгор падняўся і стаў у акне вагона. Гартны. Грузны шасцідзесяцігадовы генерал падняўся з дарагога скуранога крэсла і, цяжка адсопваючыся, прайшоўся па кабінеце. Якімовіч. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Зранку.. [Волька] старалася раней падняцца, з апаскаю глядзела на яго пасцель і скоранька адзявалася, пакуль .. [Уладзімір] не прачнуўся. Скрыган. // перан. Разм. Паправіўшыся пасля хваробы, пачаць хадзіць, рухацца. Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Цяпер ён мог, Хоць і трымаючыся за сцяну, З смалярні выйсці. Танк.

5. Устаўшы, рушыць з месца. Ваня радасна падняўся насустрач [гаспадару], нібы забыўшыся на сціпласць, працягнуў рукі. Кулакоўскі. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. // Узляцець. З трывожным крыкам паднялася з куп’я чародка маладых цыранак. Бажко. // перан. Перайсці да якіх‑н. актыўных дзеянняў. [Талаш:] — Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Колас. [Іван Маеўскі:] — Увесь народ падняўся на супастата. Шамякін.

6. Пачацца, узнікнуць. Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман. Колас. У стане ворагаў паднялася паніка. Гурскі. Узышло сонца.., адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей. Шамякін.

7. Павялічыцца ў росце, дасягнуць вышэйшага ўзроўню. — Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялічкі хвойнічак. Лужанін. Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы. Навуменка. // Павялічыцца ў аб’ёме; успучыцца, стаць рыхлым. Шчака ў Алены, як гарбуз, паднялася, а вачэй у Ганны зусім не відаць, пазапухалі. Ермаловіч. На правым баку календара заставаліся лічаныя лісточкі, а левы бок яго разбух, падняўся, як цеста на добрых дражджах. Арабей. // Стаць большым за існуючую або сярэднюю норму. Цэны падняліся. □ Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература, і медсястра мусіла даваць ёй уколы. Карпюк. // перан. Вырасці, стаць дарослым. Як падрос, падняўся Янка, Як ганяць стаў ў поле стада, — На жалейцы граў дзень цэлы, А зязюлька кукавала. Купала. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Мы за год памацнелі, Да новых Падняліся вышынь у жыцці. Калачынскі. [Сцяпан:] — Яна, брат, у нас паднялася. Звеннявая. Ракітны.

8. Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. раней запушчанае, заняпалае). Гаспадарка паднялася. Дысцыпліна паднялася. // перан. Стаць больш бадзёрым (пра настрой).

•••

Падняцца (узняцца) на ногі — а) устаць з месца; б) пачаць хадзіць пасля хваробы. Нарэшце, [Рауберман] паправіўся, падняўся на ногі і паехаў да свайго грознага генерала. М. Ткачоў; в) стаць дарослым, самастойным.

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́страіцца 1, ‑страюся, ‑страішся, ‑страіцца; зак.

Стаць строем. Выстраіцца ў адну шарэнгу. Выстраіцца калонай. □ На вялікай паляне.. паатрадна выстраілася ўся брыгада. Шамякін. // Размясціцца ў пэўным напрамку. Каля касы выстраілася чарга. □ Густым ланцугом выстраіліся прахожыя ўсцяж тратуараў, сочачы за кавалергардамі. Гартны.

вы́страіцца 2, ‑страюся, ‑страішся, ‑страіцца; зак.

Разм. Адзецца па-святочнаму; прыбрацца. [Алаіза] выстраілася, як-ніяк ішла на баль. Арабей. Анютка выстраілася ўжо ў новую сукенку.., завязала чырвоную хустку-тараноўку. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Вельмі змерзнуць, застыць ад холаду; скарчанець. Стары Няміра адубеў, стоячы на скавышы. Чорны.

2. Стаць нягнуткім, непаслухмяным; страціць адчувальнасць, здольнасць рухацца; агрубець. [Дар’я:] А чаму.. [рукі] граблямі сталі? Чаму яны адубелі? Ад бульбы, што кожны дзень чышчу. Ад бялізны, што мыю? Губарэвіч. // Ахалодаць, адзеравянець (пра нябожчыка). [Юзэфа:] — Спіць [Акцызнік]. Як з ног зваліўся. Не дабудзішся, не даклічашся... Што калода. Можа ўжо і адубеў дагэтуль. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атрыма́цца, ‑аецца; зак.

1. Выйсці, удацца, аказацца якім‑н. (у выніку якога‑н. дзеяння). Новая кватэра атрымалася даволі ўтульная. Шахавец. Жарту не атрымалася, атрымалася голая, суровая праўда. Васілевіч. // Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. З яго атрымаецца добры доктар.

2. Здарыцца, адбыцца як вынік чаго‑н. Як цікава атрымалася тады, у дзень.. першай, сустрэчы з Андрэем. Васілевіч. Ды толькі канфуз атрымаўся з пуцёўкаю — Не ў той, заблудзіўшы, ён [лектар] трапіў калгас. Непачаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загубі́цца, ‑гублюся, ‑губішся, ‑губіцца; зак.

Разм.

1. Згубіцца, загінуць, прапасці. Чамусьці на ліст не атрымала [Ганна] адказу — пэўна загубіўся. Гартны.

2. Стаць нябачным сярод каго‑, чаго‑н., знікнуць з вачэй. Наталька злілася з гэтым людскім патокам і загубілася ў ім. Колас.

3. перан. Аказацца непрыметным, закінутым сярод чаго‑н. Загубіўся і здаецца закінутым і ўсімі забытым у таежнай глушы невялікі домік пуцявога абходчыка. Васілевіч. Маленькая сонная вёска загубілася ў лесе. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змагчы́, змагу, зможаш, зможа; пр. змог, змагла, ‑ло; зак., звычайна з інф.

Здолець зрабіць што‑н. Стаць разведчыцай ты зможаш у любы момант, калі гэта спатрэбіцца. Шамякін. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. // Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. Далёкая мілая мама, Я знаю — каб толькі змагла, Не зёлкамі ты, а рукамі Бяду б ад мяне адвяла. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

1. Стаць настроеным (пра музычны інструмент, машыну і пад.).

2. Разм. Прыстасаванне для прыёму якіх‑н. хваль (радыё, магнітных і пад.). Трэба ісці да гаспадара гасцініцы прасіць, каб настроіўся на Маскву. У яго батарэйны прыёмнік. Б. Стральцоў.

3. Настроіць, падрыхтаваць сябе да чаго‑н. [Даніла і Серафіма] пастроіліся, што стары прыехаў да іх назаўсёды. Сабаленка. Ніна настроілася на доўгую дарогу, ведала, што ёй будзе нялёгка. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажаўце́ць, ‑жаўцею, ‑жаўцееш, ‑жаўцее; зак.

Стаць жоўтым, жаўцейшым; набыць жаўтаватае адценне. Мармур высачэзных калон.. трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць. Караткевіч. // Паспець (пра плады, злакі). Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Дуброўскі. // Страціць зялёную афарбоўку, завяць (пра лісце, траву). Сям-там пажаўцела ўжо лісце. Скрыган. З клёнаў, яшчэ не паспеўшых добра пажаўцець, пасыпалася восеньская пацяруха. Савіцкі. // Набыць нездаровы колер. Твар пажаўцеў. □ Бабініч зусім асалавеў, вочы яго Пажаўцелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)