Зубе́ль, зубля́, зу́блэнь, зубы́ло ’яловае галлё ці рыззё на палцы для падкурвання пчол’ (Анох.), зубе́ль, зу́бяль ’дымар для падкурвання пчол’ (чачэр., Жыв. сл.; рагач., З нар. сл.). Славен. zúbelj ’полымя’, zúblja ’факел’, серб.-харв. зу̏бља ’тс’. Міклашыч (404) звязваў з літ. žiburỹs ’святло, полымя’ (якое звязана з žibė́ti ’блішчаць, прамянець’, на што ўказаў Безлай (IX seminar slovenskega jezika…, 1973, 12). Фрэнкель (1304), аднак, іх не спалучае, а этымалогію літ. слова лічыць няяснай). Скок (3, 664) параўноўвае са ст.-ісл. kafli ’палена’, ням. Kabel ’падрыхтаванае дрэва’ і ўзводзіць да і.-е. *gʼebh‑ ’кавалак дрэва’ (Покарны, 1, 353, без слав. прыкладаў). Але слав. і балт. вакалізм у гэтым выпадку не тлумачыцца; спасылка на варыянт *gʼombh‑, апрача гіпатэтычнасці такой сувязі, не тлумачыць славен. ‑u‑ (замест чаканага ‑o‑). Безлай рэканструюе для балт. *gʼōibh‑ (зыходзячы з формы, дадзенай Міклашычам, žiuburỹs), а для слав. *gʼoubh‑; такой формы Покарны не дае. І.‑е. праформа патрабуе далейшага вывучэння. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зяле́паць ’ціўкаць, пішчаць (пра куранят)’ (ашмян., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. желіпнути ’гучна закрычаць’, желіпати ’есці’. Магчыма, прасл. дыялектызм zelp‑a‑ti. Параўн. літ. želpùoti ’балбатаць’, якое, паводле Бугі (Фрэнкель, 1296), роднаснае санскр. jálpati ’мармытаць, гаварыць’. Параўн. у Покарнага (1, 428) і.-е. корань *ghel‑ з падаўжэннем ‑b‑, ‑bh‑: с.-в.-ням. gelpfen ’крычаць, спяваць, прасіць’. Махэк₂ (200) адносіў сюды чэш. chlubiti se, польск. chlubić się ’ганарыцца’, дзе дапускаў змену ch < g; паводле Покарнага, сюды літ. gulbinti ’хваліць’, рус. (без падаўжэння ‑b‑) галиться ’высмейваць’. Калі дапусціць, што корань меў варыянт gʼhel‑ (як *gʼhel‑ ’блішчаць’, прадстаўлены ў зялены, зала, золата, магчыма, меў варыянт *ghel‑, што даў жоўты), ён мог быць падоўжаны ‑p‑ і даць *gʼhel‑p, адкуль зялепаць і інш. Іншая магчымасць — дапушчэнне старажытнага сінкрэтызму свячэння і гучання ў значэнні кораня gʼhel‑ ’блішчаць’ (гл. зялёны), да гэтага схіляюць словы зялепуха, зеляпан (гл.), што захоўваюць, відаць, сувязь з зялёны. Супрун, Baltistica XX (1), 1984, 65–67. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́па ’ўзорыстае пакрывала на ложак’ (ТСБМ, Сцяшк., Клім., Нас.), ’скураное пакрыццё хамута’ (в.-дзвін., свісл., Шатал.; Масл.; Клім., Сл. паўн.-зах.; КЭС, лаг.). З польск. kapa ’тс’, якое з познелац. cappa ’пакрыццё галавы’, ’плашч з капюшонам’ (Слаўскі, 2, 49–50; Фасмер, 2, 183).

Капа́ ’куча сена, саломы, складзеная конусам, невялікі стажок’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк., Сержп., Грам., Яруш., Мал.; КЭС, лаг.); драг. копняк (З нар. сл.), міёр. къпяшка ’тс’ (Нар. сл.), капіца, капешка (Інстр. I); капа ’пяцьдзесят адзінак, штук’ (Шпіл.; усх.-бел., КЭС), ’мера ў 60 адзінак, штук’ (Мал., Гарэц., Сцяшк.; слуц. Лекс. і грам.; Зяп., Сержп. Грам., Бяльк., Нік. Очерки; КЭС, лаг.; ТСБМ); ’сход сялян’ (ТСБМ), ’сельскі правінцыяльны з’езд у Вялікім княстве Літоўскім’ (Яшк.). Прасл. kopa ўтворана ад kopati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 10–12; там жа і літаратура). Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. kãpas ’капец (магіла)’, kapaĩ ’могілкі’ (параўн. бел. капцы́ ’курганы’), лат. kaps ’магіла’, ’60 штук’, літ. kopà ’пясчаная дзюна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ртуць ’хімічны элемент, вадкі цяжкі метал’ (ТСБМ), народная назва — жыво́е серабро́ (Ласт.). Рус., укр. ртуть, чэш. rtuť, славац. ortuť, польск. rtęć. Стараж.-рус. рътуть (Сразн., 3, 206) — разглядаецца як праславянскі дзеепрыметнік цяперашняга часу незалежнага стану *rьtǫtь (як могуть, словуть), звязаны з літ. rìsti, 1 ас. адз. л. ristù ’каціць, качаць’, лат. rist, 1 ас. адз. л. ritu ’каціць, каціцца’, а таксама літ. riēsti ’гнуць; скручваць; скурчваць; згортваць’, rietė́ti ’каціцца’, лат. riest ’адпадаць, аддзяляцца’, што ўзыходзяць, магчыма, да і.-е. *ret(h)‑ ’бегчы, каціцца’ (Фасмер, 3, 509; Чарных, 2, 124–125). Паводле больш ранняй версіі Міклашыча (285) якая, аднак, сутыкаецца з цяжкасцямі ў фанетычных адносінах, назва элемента паходзіць з араб. `utārid ’ртуць’ пры пасрэдніцтве тур. utaryd ’тс’. Першапачаткова араб. `utārid — назва планеты Меркурый, якая перайшла на хімічны элемент дзякуючы яго “лятучасці”, рухомасці. Параўн. франц. mercure, іт., ісп. mercurio, англ. mercury ’ртуць’. Назва планеты — паводле імені старажытнага рымскага бога гандлю і абаронцы вандроўнікаў Меркурыя — Mercurius (Чарных, 2, 124–125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́жы ’чырвона-жоўты’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’чырвона-чорны’ (воран., віл., шальч., астрав., свісл., Сл. ПЗБ), ’руды’ (ЛА, 4; шчуч., Сл. ПЗБ; Бяльк.), худы (пра мяса) (ст.-дар., Нар. сл.), ’з праслойкамі мяса (пра сала)’ (ст.-дар., чэрв., Сл. ПЗБ), ’рыжы, светла-карычневы’, ’з рабаціннем на твары’ (ТС), ’чырвонашчокі’ (ПСл), ры́жае, рыжо́віна ’нятлустае мяса’ (ЛА, 4), рыжо́віны ’сала з праслойкамі’ (ст.-дар., ЛА, 4), рус. рыжий, укр. ри́жий, польск. rydzy ’рыжы’, славац. rýdzi ’чысты’, ’дабротны’, чэш. ryzí ’рыжаваты’, в.-луж., н.-луж. ryzy ’рыжы’, славен. rȋdž ’буры’, серб.-харв. rȋđ ’рыжы’, балг. ридж ’жоўта-чырвоны’, ст.-слав. рыждь. Прасл. *rydjь (корань *ryd‑: *rъd‑: *rud‑). І.‑е. корань *reudh ’чырвоны’, ’руды’ (Покарны, 1, 872–873). Звязана з руда́, рдзець, іржа, параўн. літ. rudìs ’іржа’, жам. rudéti ’ржавець’, літ. rudýnas, rudijà ’балота з іржавай, жалезістай вадой’, rùdis ’руды конь’ (Фасмер, 3, 527; Брукнер, 471; Махэк₂, 528; Скок, 3, 138–139; БЕР, 6, 252; Чарных, 2, 130).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́ры ‘які адбываецца з вялікай хуткасцю; хуткі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ‘хуткі (у рабоце)’ (ЛА, 3), ‘хуткі, нецярплівы’ (Сл. ПЗБ), ско́ра ‘хутка, жвава’ (Варл.). Укр. ско́рий, рус. ско́рый, стараж.-рус. скоръ, польск. skory ‘скоры’, skoro ‘як толькі, амаль’, в.-луж. skerje, н.-луж. skóro ‘скора; амаль’, чэш. skorý ‘скоры’, skoro ‘амаль’, славац. skorý, серб.-харв. ско́ро ‘нядаўна’, славен. skóro, skȏraj ‘скора; амаль’, балг. ско́ра ‘скора, хутка’, макед. скоро ‘хутка; нядаўна; у хуткім часе; амаль’, ст.-слав. скоръ ‘хуткі, раптоўны; лёгкі’. Прасл. *skorъ, *skoro. Роднасныя літ. skėrỹs ‘саранча’, лат. šķir̃gata, šķirgālis ‘яшчарыца’, грэч. σκιρτάω ‘скачу’, ст.-ісл. skári ‘маладая чайка’, с.-н.-ням. scheren ‘спяшацца’. Гл. Покарны, 934; Фасмер, 3, 654 (там жа і літ-pa); Младэнаў, 585. Ад і.-е. кораня *sker‑ ‘рэзаць’ > ‘хуткі рух’; гл. БЕР, 6, 781–782. Сной₁ (574) выводзіць ад і.-е. *skoro‑ < *sker‑ і параўноўвае з ст.-ням. scerōn ‘разбэшчаны, нахабны’ і роднаснымі. Роднасць з ст.-в.-ням. rasc, ням. rasch, мяркуемая Махэкам₂ (547), па фанетычных прычынах адмаўляецца Шустарам-Шэўцам, 1295.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сто ‘лік і лічба 100’, ‘шмат, вельмі, многа’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. сто ‘тс’. Параўн. укр., рус. сто, стараж.-рус. съто, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. sto, серб.-харв. сто̑, славен. stó, балг., макед. сто, ст.-слав. съто. Прасл. *sъto ‘сто’ роднаснае літ. šim̃tas, лат. sìmts, ст.-інд. śatám, авест. satəm, лац. centum, грэч. έκατόν, гоц. hund ‘тс’, якія працягваюць і.-е. *ḱm̥tom ‘сто’. Большасць даследчыкаў лічыць слова спрадвечнаславянскім, але наяўнасць ‑ъ‑ замест ‑ę‑ як вынікае з пазаславянскіх паралеляў, застаецца няяснай. Параўн. прасл. *tysętʼa ‘1000’, з рэгулярным ‑ę‑. Паводле Шахматава (гл. агляд літ-ры ў Фасмера, 3, 761–762), ‑ъ‑ мог развіцца ў алегравых формах тыпу *dъvě stъtě ‘200’. Праславянскую форму тлумачылі таксама запазычаннем з іранскай, дзе праформу ўзнаўлялі як *sutəm ‘сто’. Гл. яшчэ Борысь (578), які спробы разглядаць слова ў якасці запазычання лічыць неабгрунтаванымі. І.‑е. ḱm̥tóm паходзіць ад *deḱm̥ ‘дзесяць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1358; Глухак, 585.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбло́, трэбло́ ‘жывот, страўнік (жывёлы)’ (Рэг. сл. Віц.), ‘пуза, трыбух’ (ТС), трэбло́ ‘тоўсты, няўклюдны і прагны да яды’ (Растарг.), тры́бло ‘пузаты’ (Зайка Кос.), ‘трыбух’ (пін., ЖНС), трабло́ ‘жывот, чэрава’ (Мат. Гом.), трубло́ ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1), трыбла́ты, трэбла́ты ‘чэраваты’ (лун., стол., лельч., ЛА, 1; лельч., Нар. лекс.; шуміл., Сл. ПЗБ), ‘тоўсты’ (Сцяшк. Сл., ТС), ‘трыбухаты, з вялікім чэравам’ (кам., Сл. ПЗБ), трыбла́тый ‘тс’ (лун., Шатал.; кам., Жыв. НС), трібластый ‘тс’ (сен., ЛА, 1), трубла́ты ‘тс’ (ельск., там жа). Укр. три́бло ‘вялікі ненасытны жывот’, ‘чалавек, які шмат есць’, рус. пск., смал. требло́ ‘вялікі жывот; тоўсты чалавек, прагны да яды’. Няясна. На сувязь з требух (гл. трыбух) указвае ЕСУМ, 5, 626. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 135), слова запазычана з літ. driblà ‘той, хто вялікі’, ‘тое, што вялікае’, параўн. і літ. tribuliúoti ‘мяць’. Як праславянскі дыялектызм разглядае *treb(ъ)lo Трубачоў (Труды, 1, 284), роднасны лац. strebula ‘мяса на бёдрах ахвярнай жывёлы’. Гл. таксама трубло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́га1 ’ярмо для запрагання валоў’ (мін., Жыв. сл., 42). Рус. и́го ’прыгнёт’, уст. ’ярмо’, укр. і́го ’ярмо’, польск. jugo ’ярмо, перакладзіна ў санях’, палаб. jaiďü ’прыгнёт, ярмо’, чэш. jho ’тс’, славен. igȏ ’прыгнёт, валоўе ярмо’, серб.-харв. уст. иго ’прыгнёт, ярмо’, балг. и́го ’прыгнёт’, макед. иго ’прыгнёт, ярмо’. Ст.-слав., ст.-рус. иго ’прыгнёт, ярмо’. Прасл. *jьgo < *i̯ŭgom узыходзіць да і.-е. *i̯eu̯‑g‑ ’звязваць’; параўн. і.-е. матэрыял: літ. jùngas ’ярмо’ (n — пад уплывам дзеяслова jùngti ’злучаць, запрагаць’), ст.-інд. yugám ’ярмо’, junákti ’запрагаць, спалучаць’, лац. iugum ’ярмо’, iungō ’звязваць, злучаць’, грэч. ζυγόν ’ярмо’, ζεύγνῡμι ’запрагаць, спалучаць’, хец. i̯ukan ’ярмо’, гоц. juk ’тс’, арм. luc ’тс’, авест. yaog‑ ’запрагаць’. Бернекер, 1, 421–422; Покарны, 1, 508–509; Фасмер, 2, 115–116; Слаўскі, 1, 445–446; Безлай, 1, 208; Трубачоў, Эт. сл., 206–208, там жа падрабязны агляд літ-ры. Этнаграфічны бок гл. Машынскі, Kultura, 647–656.

Іга́2 ’злая жанчына’ (Нас.). Гл. яга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разгарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.

1. Расправіцца, раскаціцца (пра што‑н. згорнутае). Абрус разгарнуўся. □ Яшчэ праз момант галава .. [цецерука] прыгнулася, хвост разгарнуўся шырокім веерам. Паслядовіч. // Вызваліцца ад абгорткі, расхінуцца (пра што‑н. загорнутае). Пакунак разгарнуўся. Цукерка разгарнулася.

2. Раскрыцца (пра што‑н. складзенае). Кніга разгарнулася.

3. Разагнуць спіну; распрастацца. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуўся сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жаўнеры паадляталі ад яго, як шчэпкі. Колас. // Раскрыцца, распусціцца (пра кветкі, лісты). У восень, пад поўдзень, .. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны.

4. перан. Раскінуцца, працягнуцца на вялікую адлегласць. Цяпер там буйным коласам долу нікне жыта, зялёным шоўкам разгарнуліся травы, густым лесам буяе кукуруза. Дуброўскі. // Адкрыцца вачам. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас.

5. перан. Свабодна, у поўнай меры праявіць свае сілы і здольнасці. Думаючы сваё, Мікіта Мікітавіч больш маўчаў: ён ведаў сябе — паўмер у яго не было, і Юркава прысутнасць перашкаджала яму разгарнуцца. Карпаў. З танкамі тут не было дзе разгарнуцца — лінія фронту праходзіла па балотах. Мележ. // Праявіцца, выявіцца ў шырокім маштабе. Асабліва каларытна разгарнулася творчая індывідуальнасць Максіма Танка. Багатая эмацыянальнасць і мужны характар, высакароднасць натуры і сіла волі, прыродны розум і развіты светапогляд — усё гэта аб’ядноўвалася ў непаўторна прывабнай асобе мастака. Гіст. бел. сав. літ. // Развіцца ў пэўнай паслядоўнасці. Перад вамі разгорнецца просты сюжэт: закахаўся Хазэ ў Карменсіту. Глебка.

6. перан. Прыняць шырокі размах. У пачатку XVI ст. разгарнулася друкарская дзейнасць Георгія Скарыны. □ Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі.

7. Падрыхтавацца да дзеяння, выканання якіх‑н. функцый. // Спец. Размясціцца ў шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак. Пакуль тут вялася перастрэлка, нямецкая часць разгарнулася, пачаўся няроўны бой, — гітлераўцы пусцілі ў ход нават артылерыю. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)