скрэ́пер, ‑а, м.

Землярыйна-транспартная машына, якая выкарыстоўваецца ў горнай справе і на будаўніцтве. Адзін за адным прыбывала скрэперы, бульдозеры, экскаватары з шыраказубымі сківіцамі. Паслядовіч. Поўзалі бульдозеры, скрэперы, кідалі і высока ўздымалі свае каўшы экскаватары. Карпаў.

[Англ. scraper.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзі́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сядзібы. [Курловіч] выйшаў за сядзібныя будынкі, трымаючы кірунак на агароды. Дуброўскі.

2. Звязаны з жыццём дваранскіх сядзіб. Цікавы помнік беларускай сядзібнай архітэктуры — палац памешчыка Шырына ў Германовічах (1782). «Помнікі».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таўстары́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З тоўстым рылам. Таўстарылая свіння. / Лаянк. Пра чалавека. О, каб яму [Данілу] ды воля, сіла! Як адплаціў бы ён за здзек Панам, іх [сялян] катам таўстарылым! Без жалю б рэзаў іх і сек. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укры́цце, ‑я, н.

Месца або збудаванне, якое ўкрывае, абараняе ад каго‑, чаго‑н. Дванаццаць гаўбіц і палкавая батарэя з укрыцця пазіралі па дарогу. Няхай. Хаваючыся за ўкрыцці, кароткімі перабежкамі, Мірановіч дабраўся да пазіцый першага ўзвода. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырванакры́лы, ‑ая, ‑ае.

З чырвонымі крыламі. Над калонамі ўзляцелі галубы — белыя, чырванакрылыя, жаўтахвостыя. Карпаў. // Які мае чырвоную зорку на крылах (пра савецкія самалёты). Чырванакрылы бамбавоз Расплатаю навіс... Гарыць адзін, за ім другі І трэці эшалон. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматгра́ннік, ‑а, м.

Геаметрычнае цела, якое абмежавана з усіх бакоў плоскімі многавугольнікамі. Правільны шматграннік. // Прадмет, які мае выгляд такога цела. Фрэзероўшчыца наспявае за адну змену забяспечыць сутачную патрэбу цэха ў шматгранніках, шліцах і іншых дэталях. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далёка,

1. Прысл. да далёкі (у 1, 2 знач.).

2. у знач. вык. Пра значную адлегласць да каго‑, чаго‑н. Да горада яшчэ далёка.

3. у знач. вык. Пра няскоры надыход якога‑н. часу, пары. Да змены было яшчэ далёка. □ Жураўлі ляцяць высока — зіма яшчэ далёка. З нар.

4. безас. у знач. вык., каму-чаму, да каго-чаго. Шмат чаго не хапае ў параўнанні з кім‑, чым‑н. Да вялікіх мне далёка, я за імі не цягнуся. Панчанка.

•••

Далёка за... — а) праз доўгі час пасля чаго‑н. Мікола заснуў далёка за поўнач. Краўчанка; б) многа больш, чым... Яму ўжо далёка за пяцьдзесят.

Далёка зайсці гл. зайсці.

Далёка не... — зусім не... [Шпунцік] далёка не стары яшчэ, — толькі што пайшоў сорак трэці год. Корбан.

Далёка не заедзеш гл. заехаць.

Далёка пайсці гл. пайсці.

Далёка хадзіць не трэба гл. трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́паць, ‑пця; мн. шчопці, ‑яў; м.

Разм.

1. Тры пальцы рукі (вялікі, указальны, сярэдні), складзеныя канцамі разам. [Іванка] запусціў руку ў падраную кішэню світы і шчопцем грэбаў там за падкладкай, спадзеючыся хоць што-кольвек знайсці на падман голаду. М. Стральцоў.

2. Колькасць якога‑н. сыпучага рэчыва, якую можна ўзяць складзенымі такім чынам пальцамі. А тыя, хто да ворага пайшоў За баланду, за шчопаць сахарын[у], Бясследна знікнуць — іх зямля адрыне! — Згніюць без могілак і без крыжоў! Гаўрусёў. Мікола дастаў з кішэні капшук з тытунём. Сыпнуў шчопаць у кавалак адарванай газеты, падаў Уллянінаму бацьку. Паўлаў. // Невялікая купка, пучок чаго‑н. (валасоў, поўсці, шчаціння). На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, ад каўняра да вачэй зарослы густой каштанавай атавай барады; другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, але свяжэйшы, паголены, са шчопцямі рыжых вусікаў пад носам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́свіст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Гук свісту, які суправаджае асноўны гук або наогул якое‑н. дзеянне. За сценкай па-ранейшаму чуўся храп з прысвістам, прыглушанае мармытанне. Даніленка. [Юлій] прыкметна пастарэў, кашляе глуха, з прысвістам. Жычка. Над дубамі нізка праляцеў бусел, напружана, з прысвістам, махаючы крыламі. Дуброўскі.

2. Свіст, які суправаджае спевы, танцы і пад. Самы спрытны і фарсісты [хлопец] Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. Думаў Вася мо хвіліну. Потым з прысвістам, з прыпевам Кінуўся і сам На дрэва. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

але́й, алею, м.

1. Тлушч з расліннага насення: канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад. Канапляны алей. Какосавы алей. □ Пасля наварыстай капусты і гарачых дранікаў з алеем Юрка вабраўся на палаткі. Курто. [Барановічаў кум:] — Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсць, дык ён выцісне якую бутэльку алею і ў Тадулічах. Чорны.

2. Аліўкавы тлушч, які выкарыстоўваецца ў царкоўным абыходку; ялей. Самы просты, звычайны пачатак: нарадзіўся адзін чалавек. Першым поп за яго ўзяў падатак, мазануў алеем па галаве. Дубоўка. // перан. Прытворная ласкавасць, празмерная ліслівасць. Сочыцца мірны алей з языкоў У лорда Сесіля і Поля Банкура І ў тых, што за імі ў цяньку стаяць. Крапіва. Ухмылка крывіць яго пыскі, З іх чуць не капае алей. Марына кланяецца нізка, І Богут зорыць весялей. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)