каму́на, ‑ы, ж.
1. Калектыў, група людзей, якія аб’ядналіся для супольнага жыцця пры абагуленні працы і ўсіх сродкаў вытворчасці. Працоўная камуна. Уступіць у камуну.
2. Грамадскі лад, заснаваны на прынцыпах камунізма. Мы будуем жыццё, да камуны ідзём. Журба.
3. Тып гарадскога самакіравання ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе.
4. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў сучаснай Францыі і некаторых іншых краінах.
•••
Парыжская камуна — рэвалюцыйны ўрад паўстанцкіх працоўных маc у Парыжы ў 1871 г., які з’яўляўся першай спробай устанаўлення дыктатуры пралетарыяту.
Сельскагаспадарчая камуна — у першыя гады Савецкай улады — адна з форм калектыўнай сельскай гаспадаркі з поўным абагуленнем сродкаў вытворчасці, спажывання і бытавога абслугоўвання.
[Ад фр. commune — абшчына.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заклі́каць, ‑клі́чу, ‑клі́чаш, ‑клі́ча; зак., каго-што.
1. Паклікаць, запрасіць прыйсці куды‑н. Заклікаць у госці. □ Алесь, спаткаўшы Алёнку, заклікаў яе ў хату і паказаў ёй Сцёпкаву фатаграфію. Колас.
2. да чаго, на што. Звярнуцца з заклікам да каго‑н., прапанаваць прыняць удзел у якой‑н. важнай справе, зрабіць што‑н. Давераная асоба падрабязна расказала аб жыццёвым шляху кандыдата ў дэпутаты, заклікала ўсіх выбаршчыкаў акругі ў дзень выбараў аднадушна аддаць за яго свае галасы. «Звязда». Хочацца [Сымону] заклікаць людзей на вялікую новую працу. Колас. // Запатрабаваць ад каго‑н. весці сябе належным чынам. Заклікаць да парадку.
закліка́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да заклі́каць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нястры́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Якога немагчыма стрымаць, утрымаць. Натоўп рынуўся да вагонаў нястрымнай дзікаватай лавінай. Кулакоўскі. Смех — гучны, нястрымны смех — так і падхапіў.. [Сілівона]. Лынькоў.
2. Такі, якога цяжка ўтаймаваць; які з цяжкасцю стрымліваецца. У такіх выпадках [калі статку пагражае небяспека] зубры заўсёды становяцца асабліва злымі, лютымі і нястрымнымі ў нападзе. В. Вольскі. [Сцяпан] разважлівы, калі што-небудзь абдумвае, нястрымны і лаканічны, калі спрачаецца. Ярош.
3. Такі, што цяжка вытрымаць; нясцерпны, невыносны. Арлоўскі рвануўся, каб устаць. Першае, што ён адчуў ад гэтага руху, быў нястрымны боль, які працяў яго навылёт. Паслядовіч. У духоўцы ў нястрымнай гарачыні пяклося прыгатаванае па ўсіх правілах пячэнне. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., што.
1. Сагнуць, пакарабаціць усё, многае або што‑н. у многіх месцах. Аднойчы я сам бачыў, як .. [парабкі].. выплюхнулі з цабэрка ваду, а рыдлёўкі пагнулі і закінулі ў крапіву. Бажко. Алёша, закасаўшыся, сам стаяў у размешанай гразі, глядзеў, каб чаго не пагнуць у машыне. Лобан. // Схіліць, нахіліць — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. На .. [ стале] у гладышы з адбітым горлам пагнулі галовы прывялыя чырвоныя вяргіні. Пташнікаў.
2. і без дап. Гнуць некаторы час. Узяў дзед кусок скуры, так падэшвы на дзве, пагнуў-пагнуў яго ў руках і пытае: — Колькі за гэта? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Забраць, узяць з сабой, да сябе ўсё, многае або ўсіх, многіх. Пачынаўся вечар.. Змрокам ужо выйшаў .. [Тамаш] за гумно на агароды, пазабіраць калкі з разгароджанага плоту. Чорны.
2. Забраць сілай, канфіскаваць усё, многае. — Ад такарнага [цэха] нічога амаль не засталося. Верстакі палякі пазабіралі пры адыходзе, не было тут каму перашкодзіць ім. Галавач. Нічога [гарадавыя] не знайшлі. Ротмістр пазабіраў пісьмы, аркушы спісанай паперы, некалькі рукапісных вершаў. Усё гэта ён запісаў у пратакол. Колас. // Арыштаваць або прызваць усіх, многіх. [Марылька:] — А пасля [пільня] зусім была стала, як фронт падышоў. Дый людзей, сказаць, не было. У войска рабочых пазабіралі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазно́сіць, ‑зношу, ‑зносіш, ‑зносіць; зак., каго-што.
1. Знесці — пра ўсё, многае. Пазносіць каменне з поля. □ На гародзе была пакапана бульба, а на голым месцы, з якога пазносілі бульбоўнік на плот, ляжаў вялікі гарбуз. Чыгрынаў. // Знесці ў адно месца ўсіх, многіх або ўсё, многае. Прыйшла машына. У яе пазносілі раненых, і Івін паехаў у шпіталь. Алешка. Пчаляр пазносіў на зіму У сховішча ўсе вуллі. Корбан.
2. Спусціць уніз усё, многае. Пазносіць сена з вышак.
3. Сарваўшы, разбурыўшы, знесці з месца ўсё, многае. Пазносіць масты. □ [Язэп:] — Усё паламалі і пазносілі, каб іх хвароба паламала. Колас.
4. Пайшоўшы, узяць з сабой усё, многае. Пазносіць чужыя рэчы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́іць, ра́ю, ра́іш, ра́іць; незак.
1. каго-што і з інф. Даваць якую‑н. параду, рэкамендаваць, як зрабіць што‑н., як паступіць. Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езду і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча. Колас. «Трапляй за мной, а то нос разаб’еш», — раіў ляснік, ідучы спераду. Якімовіч. Сцяпан прымаў толькі тых, хто прыходзіў са зброяй і каго раілі разведчыкі. Пестрак.
2. з інф. (з адмоўем). Разм. Перасцерагаць ад чаго‑н., не рэкамендаваць рабіць што‑н. — Дзённік? — .. [Сеня] здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік. Шамякін.
раі́ць, раю́, раі́ш, раі́ць; незак., каго-што.
Збіраць у рой. Раіць пчол.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
франта́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Накіраваны ў бок фронту; лабавы. Франтальны ўдар. Франтальны агонь. // Які ажыццяўляецца па ўсяму фронту (у 2 знач.); агульны. Франтальнае наступленне.
2. Які знаходзіцца ў пярэдняй частцы чаго‑н. Франтальная сцяна. // У выяўленчым мастацтве — звернуты тварам да гледача. Франтальная пастава фігуры. // У архітэктуры — сіметрычна размешчаны (пра фасад).
3. Спец. Размешчаны пярэднім бокам паралельна чаму‑н. Франтальная турбінная камера.
4. У метэаралогіі — звязаны з фронтам (у 6 знач.). Франтальная воблачнасць.
5. перан. Які распаўсюджваецца на ўсіх, адбываецца адначасова; агульны. Франтальная праверка дамашняга задання. □ Асноўны метадычны прынцып на ўроку, як і раней, франтальная работа з класам. Барсток.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халту́ра, ‑ы, ж.
Разм. зневаж.
1. Пабочны, звычайна лёгкі заработак звыш асноўнага. У людзей як у людзей — ва ўсіх па два выхадных ужо, а ў .. [Аўсяніка] вечна гэта «налева», вечна халтура... Васілевіч.
2. Нядобрасумленная, неахайная, выкапаная без ведання справы работа. [Мікола:] — Халтура хутчэй за ўсё, а не вецер... Калі б мы так будавалі, што вецер, няхай і штармавы, у дзевяць балаў, можа бурыць, — грош нам цана была б. Хадкевіч. // Тое, што зроблена такім чынам, прадукт такой работы. Хаджу, разглядаю скульптуры. Мастак быў праўдзівы, Ні спешкі нідзе, ні халтуры! Гілевіч. «Бо пішаш, — заявіў Сівы, — халтуру. Што толку з колькасці, браток, Калі слабы любы радок». Корбан.
[Ад лац. chartularium — спіс нябожчыкаў, які чытаўся свяшчэннікам на дзень памінання памёршых.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго-што.
1. Забаўляць, пацяшаць. [Невядома] каго елка больш цешыла: дзяцей ці дарослых! Таўлай.
2. Прыносіць асалоду, задавальненне; радаваць. Настрой быў ва ўсіх узняты, і гэта цешыла членаў камітэта. Пестрак. // Песціць (зрок, слых і пад.). Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха. Маўр. [Тапурыя:] — Няхай жыве ўсё жывое і прыгожае, што чалавечае сэрца цешыць! Самуйлёнак.
3. Суцяшаць, супакойваць; абнадзейваць. Што з таго — слязой скупой Цешыць смутак над магілай брата. Кірэенка. Мінуў тыдзень, другі, і я ўсё цешыў сябе надзеяй, што Мухтару не спадабаецца там, сярод тых прышлых людзей. Васілёнак.
•••
Цешыць (пацяшаць) вока — радаваць, даваць асалоду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)