само́та, ‑ы, ДМ самоце, ж.

1. Адзінота, знаходжанне ў адзіноцтве. Пісар Васількевіч сядзеў у сваім запаветным пакойчыку, дзе ён часта любіў заставацца ў самоце. Колас.

2. Стан, самаадчуванне самотнага; смутак, туга. У роспачы і самоце, Аляксей ішоў сам не ведаючы куды. Вітка. Не плач, шматпакутная маці! Мы прыйдзем і ласкай сагрэем тваё набалелае сэрца, І знікне самота з вачэй. Панчанка. / у вобразным ужыв. Самота выльецца слязамі, Як хмара цёмная — дажджом. Лось. Нылі тэлефонныя правады, выплаквалі ў адвечны прастор сваю самоту. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; заг. задаволь; зак., каго-што.

1. Выканаць, ажыццявіць чыё‑н. патрабаванне, жаданне і пад. Задаволіць попыт спажыўцоў. □ Нікіфаровіч ахвотна задаволіў .. просьбу [Шавейкі]. Броўка. // Заспакоіць, наталіць. Хлопцы ж, сярод іх і Барыс, мелі добры апетыт, але не заўсёды мелі чым яго задаволіць. Лось. Я застаюся адна. І ніяк не магу задаволіць сваю прафесійную цікавасць: з кім я еду, хто мой сусед... Васілевіч.

2. Даць, прынесці каму‑н. задавальненне чым‑н. Адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад церці.

2. у знач. прым. Размяты, растоўчаны на парашок, у дробную аднародную масу. Цёртыя фарбы. Цёртая салома. □ А маці ўсё чакала, перасыпала цёртым самасадам сынавы кашулі і цёмна-сіні касцюм. Б. Стральцоў.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Які многа бачыў у жыцці; бывалы, вопытны. Многія з выхаванцаў, што паступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі. Як чалавек цёрты, развіты, садоўнік разбіраўся ў людзях, меў падыход да іх. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Прыносіць шкоду ​1 (у 1 знач.), наносіць урон, страту. [Слаўка:] — Мы павінны прыстасавацца да новых умоў і як мага больш шкодзіць ворагу. Новікаў. Але на практыцы выходзіць, Што і цялятам часта шкодзіць Залішне многа малака. Крапіва. // Перашкаджаць, замінаць. Хацеў садоўнік што-небудзь зманіць, які-небудзь незвычайны камплімент чалавеку сказаць, — не выйшла. Слоў не знайшлося, і шкодзіла пачуццё няёмкасці, якога ён даўно не адчуваў. Лось.

•••

Не шкодзіць (не шкодзіла б) каму з інф. — патрэбна, неабходна; нядрэнна б зрабіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кукуру́знік 1, ‑а, м.

Разм.

1. Поле, засеянае кукурузай. Працаваць у кукурузніку. // Сцёблы кукурузы. З галін расы скаціўся гузік, Гарыць, трымаючы прамень. Настроіў вушы кукурузнік: Мо набліжаецца сухмень? Калачынскі.

2. Чалавек, які займаецца вырошчваннем кукурузы. Ульяна змоўчала і пра нядбайных кукурузнікаў, і пра іншае. Лось.

кукуру́знік 2, ‑а, м.

Разм. Пра лёгкі вучэбна-трэніровачны самалёт, прыстасаваны для начнога бомбакідання ў час Вялікай Айчыннай вайны. Упершыню за некалькі дзён у небе паказаліся нашы знішчальнікі, «кукурузнік» шугануў нам на галаву лістоўкі з заклікам: «Трымайцеся»! С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рулявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да руля (у 1 знач.). Рулявое кола. Рулявое вясло. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак.

2. у знач. наз. рулявы́, ‑ога, м. Чалавек, які кіруе рулём на судне. Жвавы падлетак прабягае па палубе. Каля капітанскай рубкі яго спыняе рулявы. Каршукоў. Моўчкі глядзяць вартавыя, Дазорныя і рулявыя. Лось. // перан. Пра кіраўніка, правадыра. У баях цяжкіх, на барыкадах ты ішла пад сцягам баявым. Слаўная ўдарная брыгада — нашага народа рулявы. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́хня, ‑і; Р мн. ‑хань; ж.

1. Памяшканне з печчу або плітой для гатавання ежы. // Павозка або машына з катламі і плітой для гатавання ежы ў паходных умовах. Палкавая кухня. □ У вёсцы палалі кастры, дымілі паходныя кухні — гатавалася агульная вячэра. Лось. // Разм. Гатаванне ежы. Займацца кухняй. // перан.; чаго або якая. Разм. Скрыты, закулісны бок якой‑н. дзейнасці. Дыпламатычная кухня.

2. Падбор страў, характар ежы. Польская кухня. Французская кухня.

•••

Малочная кухня — а) стравы, прыгатаваныя на малацэ, з малака; б) установа, якая гатуе сумесі розных адвараў з малаком для грудных дзяцей.

[Ад ням. Küche.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгажу́н, ‑а, м.

1. Прыгожы мужчына. Невядома адкуль прыблукаў у нашу вёску Сашка Трой. Чорны, як смоль, прыгажун і весяльчак. Пянкрат. [Сатараў] выдатнік вучобы і паэт, жыццярадасны і дасціпны прыгажун, высокі і тонкі, як чарацінка. Лось.

2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Па падаконніку апынуўся чырвоны, як полымя, прыгажун-певень. Шамякін. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. Стаіць такі прыгажун [паравоз] ля дэпо, калёсы высокія, чырвоныя, не раўнуючы, як ногі ў бусла балотнага. Лынькоў.

•••

Пісаны прыгажун — вельмі прыгожы, такі, як на малюнку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкра́са, ‑ы, ж.

1. часцей мн. (прыкра́сы, ‑рас). Аздоба, упрыгожанне. У архітэктуры будынкаў, што ўзведзены каля станцыі, нам падабаецца прастата, — ніякіх непатрэбных прыкрас. Мележ. Яны [старэйшыя] за працай грамадзянскай самі, Яны ўмеюць бачыць не прыкрасы, А прыгажосць сапраўднейшую часу. Лось. // перан. Перабольшанне, выдумка ў апавяданні, пераказванні. [Косцік] расказваў без лішняй прыкрасы, Як мост узрывалі яны, Як з копкаю разам прыпасы Стаўлялі на плыт патайны. Колас. — Пра бізун я так, для прыкрасы, — кінуў Збан. Шашкоў.

2. Тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.); закраса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прырэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. каго. Перарэзаўшы горла, дабіць, паскорыць смерць. Каб скаціна доўга не мучылася, маці збегала па суседа дзядзьку Марку, і той прырэзаў яе. Лось. // Забіць на мяса (пра некаторых свойскіх жывёл). Было два выпадкі, калі Антось лічыў справу ўладжанай і нават збіраўся прырэзаць цялё на вясельную закуску. Нядзведскі.

2. што і чаго. Прыбавіць зямлі, зямельны ўчастак шляхам межавання, дадатковага размеркавання. Людзі ведалі, што каля дрэў збожжа расце меншае і радзейшае і згадзіліся прырэзаць на цень. Пальчэўскі. [Анісіму] прырэзалі зямлі, і цяпер ён адчувае сябе як бы і не прымаком. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)