Лось 1/56—57 (укл.). 243; 2/205, 529; 4/412; 6/426; 12/45 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ, саркадон чарапіцавы (Sarcodon imbricatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. тэлефоравых. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі — усюды. Трапляецца вял. групамі ў сухіх, пераважна хваёвых, лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жн. — лістападзе.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 3—20 см, плоскапукатая або шырокаўвагнутая, бураватая, сухая, густа ўкрыта буйнымі завостранымі лускавінкамі. Шыпападобны спараносны слой на ніжняй паверхні шапкі. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру з шапкай. Мякаць шчыльная, брудна-шараватая, са спецыфічным пахам, пры выспяванні гаркаватая. Споры шарападобныя, шыпаватыя, бураватыя. Ядомы.

С.І.Бельская.

Лось.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ (Alces alces),

млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі.і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды, больш шматлікі на ПнУ. Трымаецца статкамі па 3—8 (зрэдку да 20) асобін.

Самы буйны з аленяў: даўж. да 3 м, выш. ў карку да 2,3 м, маса да 825 кг, самкі драбнейшыя. Шэрсць грубая, на спіне цёмна-бурая, на бруху і нагах белаватая. Рогі (толькі ў самцоў) вял., пераважна лапатападобныя, масай да 20 кг, на зіму спадаюць. Галава вял., шыя кароткая, тоўстая. На горле скурны выраст. Тулава масіўнае, кароткае. Ногі доўгія, з вузкімі вострымі капытамі. Корміцца травой, парасткамі і карой дрэў. Нараджае 1—2 цялят. Аб’ект спарт. і прамысл. палявання.

Э.Р.Самусенка.

Лось.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ (Алена Георгіеўна) (н. 22.1.1933, Вільнюс),

бел. графік. Скончыла Дзярж. маст. ін-т Літвы (1955). Творам уласцівы сувязь з бел. нар. традыцыямі, прастата і яскравасць выяўл. мовы. Вядома як мастак дзіцячай кнігі («Вераб’ёвы госці» А.Якімовіча, 1960; «Дударык», 1964, і «Ладачкі-ладкі», 1977, В.Віткі; «Скарб» З.Бядулі, 1965, 1975; «Кую-кую ножку», 1967, «Азбукі», 1997, А.Дзеружынскага; «Калыханкі», 1995; «Грыбок, грыбок, выстаў лабок» У.Ягоўдзіка 1997; бел. казкі «З рога ўсяго многа», 1968, «Залатая яблынька», 1974, «Разумная дачка», 1988; «Канёк-гарбунок» П.Яршова, «Крылаты цэх» В.Лукшы, абедзве 1982; «Слова пра паход Ігаравы», 1986). Сярод станковых твораў серыі «Дзеці Белавежы» (1966), «Песні заходніх славян» (1974), «Партрэты беларускіх пісьменнікаў» (1979), «Пад палескімі дубамі» (1981), на ляўкоўскія вершы Я.Купалы (1982), «Людзі на Прыпяці» (1984—89), «Ружанскія паданні» (1991), «Народныя беларускія калыханкі» (1992—93), цыкл малюнкаў да твораў Я.Коласа «Казкі жыцця» (1998). Некаторыя творы стылістычна пераклікаюцца з нар. лубком. Працуе таксама ў жывапісе.

Тв.:

Дзесяць дзён у Барку. Мн., 1984.

Літ.:

Латун З.І. Алена Лось. Мн., 1977.

А.Лось. Ілюстрацыя да «Слова пра паход Ігаравы». 1986.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ (Алена Уладзіміраўна) (н. 4.2.1957, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка Л.М.Лось. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Творы вылучаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, цікавасцю да бел. нар. традыцый. Працуе ў тэхніках саломапляцення («40 год Перамогі», «Павукі», 1980—86; пано, дробная пластыка, упрыгожанні, 1986—97), аплікацыі (серыя «Народны каляндар», 1984), батыку (серыі «Кветкі...», 1992, «Хрызантэмы», 1994; «Касмічная», «Вясна», «Супрацьстаянне», усе 1997) і інш. Аўтар мадэляў дзіцячага і трыкат. адзення, трыкат. палотнаў і інш. Удзельнічала ў рэстаўрацыі царскіх варот 18 ст. з в. Лемяшэвічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.

Г.А.Фатыхава.

А.У.Лось. Кветкі... Батык. 1997.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ (Ларыса Мікалаеўна) (н. 22.7.1928, в. Княжыцы Магілёўскага р-на),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1952). У 1954—68 мастак у газ. «Зорька», у 1965—77 — на Мінскай скургалантарэйнай фабрыцы. Працуе пераважна ў галіне маст. пляцення з саломкі. Рэстаўрыравала ўцалелыя шэдэўры бел. саломапляцення — царскія вароты 18—19 ст. у в. Раўбічы Мінскага р-на і Гродне, зрабіла копію царскіх варот 18 ст. ў в. Лемяшэвічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Сярод інш. работ: анімалістычныя фігуры (птушкі, коні), дэкар. пано «Сонейка», «Кветкі», «Пралескі», «Зоркі», «Павы», «Галубы», «Каляда», а таксама размаляваныя тканіны, батыкі, жывапісныя пейзажы.

Г.А.Фатыхава.

Л.Лось. Пано «Сонейка». 1998.

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ (Еўдакія Якаўлеўна) (1.3.1929, в. Старына Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 3.7.1977),

бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед. ін-т (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1960). Працавала ў Вучэбна-пед. выдавецтве Беларусі, у рэдакцыях газет і часопісаў. Друкавалася з 1948. Першы зб. паэзіі «Сакавік» (1958). Выдала кнігі паэзіі «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка ліпеня» (1977). Тонкі лірызм, шчырасць і непасрэднасць, арыентацыя на перажытае — рысы яе творчасці. Аўтар паэм «Гавораць несмяротныя» (1961), «Мой свет» (1962), «Мая Хатынь» (1971), «Высакосны год» (1973), «Мінчанка» (1974), «Матчына трывога» (1975) і інш.

У зб-ках прозы «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1970) актуальныя маральна-этычныя праблемы жыцця сучаснікаў. Пісала для дзяцей (кн. «Абутая ёлачка», 1961; «Казка пра Ласку», 1963; «Вяселікі», 1964; «Зайчык-выхваляйчык», 1970; «Дванаццаць загадак», 1974). Творы для дзяцей вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу. Яе імем названа Ушацкая раённая б-ка, у Віцебску ёй пастаўлены помнік.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Вянцы зруба: Выбранае. Мн., 1969;

Лірыка. Мн., 1975;

Смачныя літары. Мн., 1978;

Валошка на мяжы. Мн., 1984.

Літ.:

Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

У.В.Гніламёдаў.

Е.Я.Лось.

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лось Я. 5/444

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Лось Л. 7/71; 9/333

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Лось Г. Ф. 8/79

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)