стая́к, ‑а, м.

1. Вертыкальны брус, слуп і пад. у якім‑н. збудаванні, прыстасаванне якія служаць для апоры або злучэння чаго‑н. Цяпер і клічкі .. [коням] далі, і шыльдачкі пры кожным стаяку прыбілі. Брыль. З той самай ночы, калі не вярнуўся Сяргей, Ліпа амаль кожны дзень выходзіла да парапета. Там была ўтульная лава з чыгуннымі стаякамі. Хомчанка. // Вертыкальная труба збудаванняў. Работнікі сантэхмантажу абавязаны ў новых дамах .. паклапаціцца, каб стаякі і радыятары ў дастатковай ступені награваліся. «Звязда». // Комін ад столі да страхі.

2. Абл. Галандская печ. Вялікую печ, што займала калісьці амаль чвэрць хаты, замяніў стаяк. Пальчэўскі. Ралан .. загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.

3. у знач. прысл. стаяко́м. Разм. У вертыкальным становішчы. Паставіць бервяно стаяком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́бель, ‑я, м.

1. Паслядоўны спіс, пералік чаго‑н. з указаннем даных адносна таго, што пералічваецца. На сцяне ў рамцы вісеў табель уліку надояў малака. Марціновіч. Дачка ўдалася ў матку: Працадзён адхапіла — Аж мала ў табелі месца. Панчанка. // Лісток паспяховасці вучняў. Зачыталі табель паспяховасці — адны тройкі [у Бельскага], толькі пяцёрка па рускай літаратуры, якую вяла сама Вера Адамаўна. Ермаловіч.

2. Спецыяльная дошка (або кніга) для ўліку прыходу на работу і адыходу з работы рабочых і служачых. [Зіна:] — У чалавека жонка хворая, спазніўся, ну я і не адзначыла ў табелі. Шыцік.

•••

Табель аб рангах — у дарэвалюцыйнай Расіі — суадносіны чыноў воінскага, цывільнага і прыдворнага ведамстваў па старшынству (рангах, класах), уведзеныя Пятром I.

Табель-каляндар — ліст, табліца, у якой па графах распісаны ўсе дні тыдня, месяцы і чыслы года.

[Ад ням. Tabelle — табліца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туз ​1, ‑а; мн. тузы, ‑оў; м.

1. Старшая ў сваёй масці ігральная карта з адным ачком пасярэдзіне. Піковы туз. □ Шаірка паклаў перад Бандарэнкам карту, сказаўшы: — Табе, як начальніку, туга. Асіпенка.

2. перан.; чаго або які. Разм. Багаты чалавек, высокапастаўленая, уплывовая асоба. Фінансавыя тузы Амерыкі. □ Нью-Йорк не знаў такіх падзей. Тузы глядзяць з пагардай: ідуць натоўпы цэлы дзень у Мэдзісан Сквер-Гардэн. Вялюгін. У зале было паўнютка. На пярэдніх радах сядзелі гарадскія тузы, афіцэры з жонкамі, настаўнікі. С. Александровіч. // Пра вядомага, праслаўленага ў якой‑н. галіне дзейнасці чалавека. Літаратурныя тузы. Тэатральныя тузы. // Таўстун, накормлены, напоены да адвалу. Наеўся, як туз. П’янюсенек — туз тузам.

[Польск. tuz ад ням. Daus.]

туз ​2, ‑а, м.

Невялікая лёгкая двухвёславая шлюпка для аднаго весляра.

[Ад англ. two — два.]

туз ​3, ‑а, м.

У выразе: даць туза каму — моцна ўдарыць кулаком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́сяча, ‑ы, ж.; ліч. і наз.

1. Ліч. кольк. Лік і лічба 1000. Тысяча дзеліцца на 5. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 1000. Тысяча рублёў. Тысяча кіламетраў. □ У гэтым клубе было тысяча дзвесце месц для сядзення. Чорны. // Разм. Сума грошай, якая адпавядае гэтай лічбе. Нічыпар дастаў адкладзеную на падарункі тысячу, схаваў яе ў хкрыню. Асіпенка. Паддалася нарэшце ўгаворам. Прадала хату. Усяго і далі за яе якую тысячу. Але і тысяча на сяле немалыя грошы. Б. Стральцоў.

2. звычайна мн. (ты́сячы, ‑сяч). Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Тысячы рознагалосых птушак напоўнілі паветра свістам, шчэбетам і спевамі. Колас. Пахі тысяч кветак перамяшаліся ў гарачым паветры. Шашкоў. // Разм. Вялікія грошы, капітал. [Арцём:] — Цэгла — гэта нашы тысячы і пашана ў прыдачу! Ракітны.

3. У Старажытнай Русі — апалчэнне, якое дзялілася на сотні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цаліна́, ‑ы, ж.

1. Некранутая, ніколі не араная, але прыгодная для апрацоўкі зямля. На ўзаранай і шчодра ўгноенай попелам цаліне закаласілася жыта, проса, авёс, ячмень. В. Вольскі. // Разм. Цалінныя землі, пераважна Сібіры і Казахстана, якія пачалі інтэнсіўна асвойвацца ў 50‑я гады 20 ст. Ідуць шафёры і шахцёры, Геолагі свідруюць горы, Гідролагі шукаюць брод, І кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкі і сыны нам пішуць пісьмы з цаліны. Грахоўскі.

2. Тое, што і цалік. Снежная цаліна. □ Праваднік вядзе іх [партызан] патаемнымі мясцінамі, дзе малапрыкметнай сцежкай, а дзе проста цаліной. Кулакоўскі. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль.

3. перан. Недаследаваная, нявывучаная справа, галіна чаго‑н. Аўтар [Карпаў У.] узняў вельмі важную і некранутую ў беларускай літаратуры цаліну горадабудаўніцтва. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліс ’драпежная жывёла з сямейства сабачых, Vulpes vulpes’, ліса́ ’самка ліса’, ’футра гэтай жывёлы’, лісіца, лісіцка ’ліс, ліса’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.); ліс, ліса — ’пра хітрага, ліслівага чалавека’, ’падліза’ (Нас., ТСБМ). Укр. лис, лиса́, лиси́ця, рус. лис, лиса, лиси́ца, арханг. лиса́ва; польск. lis, lisiec, lisa, lisica, liszka, ст.-польск. liszyca, палаб. laiskə; н.- і в.-луж. liška, чэш., славац. liška, lišiak, ст.-чэш. lisa, славен. lisíca, lisják, lȉs, серб.-харв. ли̑с, лѝсица, лиси̏ца, lesica, ли̏ска, ли́сац, лѝсјак, liśȃk, лиса і з XVIII ст. ли́ха > ли́ја, ли̑х, ли̑ј, макед. лиса, лисица, лисец, лишʼица (та) ’тс’, лишка ’звер’; балг. лиса, лисица, ст.-слав. лиса ’ліс, ліса’. Прасл. lisъ, lisica; для зах.-слав. варыянта liš‑ъka Слаўскі (4, 292) не выключае праформу lixa, паралельную да lisa (супраць чаго Трубачоў (Этимология–73, 179)). Відаць, прасл. lisa генетычна звязана з літ. lãpė, лат. lapsa, ст.-прус. lape, лац. volpēs, vulpēs (< *u̯ləps), ст.-грэч. ἀλώπηξ ’ліс (а)’, ст.-інд. lōpāśá‑, ’шакал’, с.-перс. rōpās, брэтон. louara, арм. ałues ’ліс’, літ. vilpišỹs ’дзікі кот’, якія можна аднесці да і.-е. асновы *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 139), а для прасл. выводзіцца *u̯leipk̑‑ > lisa або *u̯leip‑soi/‑sā ў аўтараў: Бернекер, 1, 724; Фасмер, 2, 500; Скок, 2, 306; Бязлай, 2, 143–144. У гэтай праформе *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, там жа) з’яўляецца верагодным удзел двух семантычна блізкіх каранёў: і.-е. *u̯el‑ ’драць, ірваць’ (> ’красці’, ’хітрыць’ і pek̑‑ ’драць, шчыпаць’ — такім чынам, праформа магла б абазначаць ’хітрая драпежніца’ (ліса і дзікі кот). Мартынаў (Регион. особенности…, Гомель, 1985, 135) прасл. lisъ — lisiti (параўн. каш. lësëc ’ісці па следу’) суадносіць з прагерм. *leis — leisan ’трапіць на след’ і з прасл. lьstь ’хітрасць’; семантычны пераход lisъ ’хітры’ > ’ліс’ адбыўся на слав. моўнай глебе. Сюды ж ліс‑мікіта (гульня), лісава́нік ’воз’ (мін., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́маразень ’падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *sъtǫga да тугі́, ця́га, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑а ’сцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у стужень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг‑, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́ца ’морда, пыса’ (Ян.), ’твар з поўнымі шчокамі’ (шчуч., З нар. сл.), пу́цы ’шчокі’: набіваць пуцы (астрав., Сл. ПЗБ; шчуч., Даніл. Сл.), пу́цка ’шчака, шчочка’ (Сцяшк. Сл.; маладз., Янк. Мат.; мядз., Жд. 3), пу́цкі ’адутлаватыя шчокі’ (Мядзв.), ’ружовыя плямы на твары’ (ЛА, 3; навагр., Нар. сл.); ’губы’: падуць пуцкі (рас., Сл. ПЗБ), ’костачкі пальцаў’ (шчуч., там жа), пу́цькі ’тс’ (дзятл., там жа), пу́цкаць ’размазваць па твары’ (Цых.); гоцкала ’мурза’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пуцайла ’таўстаморды чалавек’ (Нас.), сюды ж пуцаты ’мардаты, паўнашчокі’ (шчуч., З нар. сл.; драг., Нар. лекс.; шальч., Сл. ПЗБ), пуцаваты ’тс’ (Сцяшк. Сл.), пуцкаваты (пуцковатый) ’з адутлаватымі шчокамі’ (Мядзв.), пуцкуваты ’з вялікімі губамі’ (полац., Нар. лекс.), пучкаваты (, пуцуковатый) ’таўставаты, мускулісты’ (Нас.); параўн. укр. пу́г(ка ’membrum virile’, рус. ласк. пу́цыпький ’кароценькі’, польск. риса ’тоўсты, надуты твар; выцягнутыя вусны для пацалунку’, рис ’шчака, губа, рот; пучка (у пальцы); мардаты або губа™ чалавек; вялікі кавалак чаго-небудзь тоўстага’, pucka ’паўнатварая дзяўчына; цяльпук; таўкач’, чэш. pucek ’тоўстая шчака ці іншая тоўстая дэталь ці прадмет’, pucka ’паўнатварая дзяўчына’, мар. дыял. ’шар; гула’, славац. дыял. pucka ’вялікі молат з тоўстым канцом; таўсташчокае дзіця; кулак’, в.-луж. риск ’клубок’, н.-луж. риск риска ’пупышка, бутон’. Адносна беларускіх слоў, у якіх можна бачыць заходнеславянскі рэфлекс ‑с‑ (замест ‑c‑), Цвяткоў (Запіскі, 2, 75), параўнаўшы з польскімі словамі, выказаў меркаванне, што ў аснове разгледжаны* формаў ляжыць “перайманьне гуку, які ўтвараецца ад надзіманьня шчок і выпускання потым паветра з роту”; гукапераймальнае паходжанне прымаецца і для іншых слоў, параўн. Махэк₂, 74 (паралельныя экспрэсныя ўтварэнні да bucati < выкл. Ъи(п)с) > Шустар-Шэўц, 2, 1187 (аснова *puc‑/*pęc‑ на базе гукапераймальнага pu‑, пры готам ‑с‑ мае старажытнае паходжанне, як у рус. бацать/ботать); Скок, 3, 67 (экспрэсіўная метафара näpucati se ’наесціся, нарэзацца’, што ўзыходзіць да *рок‑). Звязана з пу́чыць, пу́каць 9 параўн. пуцалаваты (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. каго-што. Успрымаць зрокам. А Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Колас.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. [Люба:] — Таварыша Іванчанку дзе мне тут бачыць? Кучар. [Лабановіч:] — Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз начыстую сілу? Колас. // Трапляцца на вочы, сустракаць у жыцці. А сосны! Сосен ты такіх не бачыў, дружа любы! Свірка.

3. Уяўляць у думках. У нас у жылах творчы сок, Мы ўперад на стагоддзі бачым. Таўбін. Лесавод у думках бачыць перад сабой магутны лес з лістоўніц, дзе кожнае дрэва — волат. Мяжэвіч.

4. каго-што і чаго. Звяртаць увагу, заўважаць. На.. схуднелых бледных тварах [хлапцоў] можна было бачыць сляды глыбокіх чалавечых пакут. «ЛіМ». [Пніцкі:] — Мы не прывыклі да акуратнасці. Мы яе, сказаць, ніколі і не мелі.. У нас часта пад нагамі прападае, а мы не бачым гэтага. Чорны.

5. без дап. Валодаць пачуццём зроку. [Вася:] — Паступова да мяне вярнулася здольнасць бачыць. Шамякін.

6. што і з дадан. сказам. Усведамляць, разумець, адчуваць. Костусь бачыў, што праўду кажа Іллюк. Чорны. // Знаёміцца з кім‑, чым‑н., асабіста набыўшы дзе‑н. І Волгу бачыў я і Дон, багата рэк сібірскіх бачыў. Дубоўка. // Перажываць, зазнаваць, адчуваць на сабе. [Дзед:] — Добра табе [Міколку] так разважаць, калі ты ўсяго старога жыцця не бачыў. Лынькоў. [Лясніцкі] ніколі да гэтага не бачыў вайны. Шамякін. Ніколі ў жыцці нічыёй Не бачыла ласкі дзяўчынка. Смагаровіч. // Карыстацца, мець, валодаць. А цяпер, калі за гэту справу ўзяўся Рыгор і камсамольская ячэйка — не бачыць Грамабою гэтай зямлі. Крапіва.

7. каго-што. Выяўляць у кім‑, чым‑н. каго‑, што‑н. [Крушынскі:] — Цяпер бачу ў вас [Іван Мацвеевіч] свайго старога прыяцеля. Бядуля. Я чытаў і быў рад,.. што ў гэтым мужыку бацька бачыць самога сябе. Скрыган. З гэтага моманту Валя пачала бачыць у Любе не тое, што бачыла раней. Чорны. // Знаходзіць, успрымаць. Лічачы сябе пакрыўджаная. [Лёдзя] ва ўсім бачыла крыўднае для сябе, а ў кожным свайго крыўдзіцеля. Карпаў. Хтось бачыць музыку ў сасне, А хтосьці — новае карыта. Пысін.

8. што. Разм. Мець, атрымліваць. Што мы ад яго бачым — адны непрыемнасці.

9. у знач. пабочн. Падкрэслівае якую‑н. акалічнасць, які‑н. факт. [Пракурор:] — Ім, бачыце, цесна, ім мала Прастору, нямецкай зямлі. Колас. [Маёр:] — У нас тут, бачыце, чарніц вельмі многа. Брыль.

•••

Бачыць (навылёт) навылет, бачыць наскрозь — вельмі добра ведаць каго‑н.

Бачыць не магу (не можа) — ненавідзець, не пераносіць, не цярпець каго‑н.

Бачыць (на тры аршыны, на тры сажні) пад зямлёю — вызначацца праніклівасцю.

Бачыць саву смаляную — нічога не бачыць.

Бачыш ты! — пры выказванні здзіўлення.

Бог бачыць гл. бог.

Вось бачыш (бачыце)! — гаворыцца для пацвярджэння правільнасці чыіх‑н. слоў, вывадаў; ужываецца пры выказванні папроку і інш.

Вочы б мае не бачылі гл. вока.

Дай бог чутае бачыць гл. бог.

Далей свайго носа не бачыць — не бачыць таго, што робіцца навокал.

Дзе ты бачыў, дзе вы бачылі — ніколі, нізашто.

За дрэвамі не бачыць лесу — за чым‑н. дробным не заўважаць значнага, вялікага.

Зроду не бачыць — ніколі не бачыць каго‑, чаго‑н.

І бачыць не бачыў — поўнае адмаўленне ад чаго-небудзь.

Каб (мае) вочы не бачылі гл. вока.

Каб жа чутае бачыць — каб здзейснілася тое, што паабяцана.

Каго я бачу! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, радасці ад сустрэчы з кім‑н.

На свае (уласныя) вочы бачыць — быць сведкам чаго‑н.

Не бачыць прасвету — быць вельмі занятым справамі, працай; доўгі час пакутаваць ад чаго‑н.

Не бачыць у вочы каго — зусім не бачыць.

Не бачыць, як сваіх вушэй — не быць таму, чаго хто‑н. жадае.

Па вачах бачыць — даведвацца аб унутраным стане, учынках каго‑н. па абліччы, па выразе твару.

Рад бачыць (вас) — форма ветлівага звароту пры сустрэчы са знаёмымі.

Свет не бачыў — надзвычай, незвычайна.

Свету белага (божага) не бачыць — быць вельмі занятым.

Спаць і курэй бачыць гл. спаць.

Толькі і бачылі — пра раптоўнае бясследнае знікненне каго‑н.

У вочы не бачыць — а) не сустракаць каго‑, чаго‑н.; б) не мець чаго‑н.

Як бачыш — а) хутка, скора. Конь добры, як бачыш заехалі; б) як пацвярджэнне пры адказе — так, але.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

там, прысл. і часціца.

1. прысл. У тым месцы, не тут. Вось гуляе багач, Аж палац той дрыжыць, А пад брамаю плач — Там сіротка стаіць. Купала. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — раіць дзед [Міколку]. Лынькоў. // Пры паўтарэнні (там... там...) у пачатку двух або некалькіх сказаў, частак яго абазначае «у адным месцы...», «у іншым месцы». Там абгрызен ствол, а там галінка, То макушка з’едзена асінкі. Бялевіч. Там панаваў страшэнны ўціск, Там часта чуцен быў жалобны піск Бязвіннае ахвяры. І вось паўстаў крылаты пралетарый. Крапіва. // Ужываецца пры паведамленне каб паказаць (але пе дакладна), дзе што‑н. адбылося, дзе штосьці ляжыць, знаходзіцца. — Дзе ты быў? — Там і там, кажа.

2. прысл. Потым, затым, далей. Там відаць будзе. □ [Людзі] найбольш думалі пра дзённы свой заработак, а там хай сабе .. хоць спыняць зусім гэтую работу. Чорны.

3. часціца. Разм. Выкарыстоўваецца ва ўступальных зваротах: «хто б там ні», «што б там ні» і пад., узмацняючы ўяўленне пра любую магчымасць (разумення, тлумачэння чаго‑н.). Таварышу Беразоўскаму што б там ні было трэба было скампраметаваць Шэмета як начальніка палітаддзела. Лобан. Як бы там ні было, а праседзець цэлы дзень на возе нялёгка. Якімовіч.

4. часціца. Разм. У спалучэнні з займеннікам «які» і прыслоўямі «дзе», «калі», «куды» выкарыстоўваецца для ўзмацнення адмаўлення чаго‑н., указання на немагчымасць здзейсніць што‑н. Алена коса зірнула на яе. Міхаліна тым часам нагнулася, узяла жменьку льну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Не рвецца. Чарнышэвіч. [Мікола:] Мы яшчэ пагаворым .. — [Пытляваны:] Куды там! Пуд солі з’ясі, не дагаворышся. Крапіва. [Грыша:] — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці... Капыловіч.

5. часціца. Разм. Выкарыстоўваецца ў пабуджальных сказах для ўзмацнення пабуджальнасці. — Эй, на бок там, бо вось па вушах! — замахнуўся .. [дзядзька] пугай. Брыль. [Цётка:] Любачка, пакладзі там у торбачку мне сала, хлеба, мядку... Кучар.

•••

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Там і тут; там і сям; тут і там — у розных месцах, усюды.

То там, то тут; то тут, то там; то там, то сям — то ў адным месцы, то ў іншым. У лесе — лістапад. То тут, то там бясшумна падае з дрэў рознакаляровае лісце. Ігнаценка.

Што там і чаго там — нічога, не варта турбавацца, саромецца.

Што я (ты, ён) там забыў? гл. я.

Як бы там (што б там) ні было гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)