Касы́нка, ’касынка, хустачка’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк.). Слова, вядомае толькі ва ўсх.-слав. мовах. Акрамя бел. мовы, гэта лексема ёсць у рус. і ўкр. Параўн. рус. косы́нка ’хустачка трохвугольнай формы на галаву, па шыю’ (зафіксавана ўжо ў Ганчарова, Ляскова і іншых пісьменнікаў). Укр. коси́нка, якое прыводзіць Шанскі без указання крыніц, можа быць русізмам. Паводле Бернекера, I, 585, звязана з прыметнікам *kosъ ’косы’. Шанскі (2, К, 356) удакладняе, што касы́нка — гэта непасрэднае вытворнае ад іменніка рус. косыня ’касынка, хустачка’, якое яшчэ сустракаецца ў дыялектах і з’яўляецца дэрыватам ад прыметніка косой суфіксам ‑ын‑я. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 11, 179–180.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касі́р ’касір’ (ТСБМ). Рус. касси́р, укр. каси́р. Бел. і ўкр. лексемы, здаецца, запазычаны з рус. мовы. У рус. мове гэта слова было запазычана з ням. у Пятроўскую эпоху. Гл. Фасмер, 2, 207; Шанскі, 2, К, 86. Зыходнай ням. формай было спачатку Kassierer, адкуль узята рус. касирер (у паперах Пятра I). Сучасная форма касси́р упершыню ў рус. мове фіксуецца ў Слоўніку Нордстэта 1780 г. (Шанскі, там жа). Усё ж такі не вельмі ясным, у высвятленні Шанскага, застаецца пытанне аб узаемадзеянні форм ням. і італ. паходжання. Паводле Шанскага атрымліваецца, што ням. Kassier (< італ. cassiere) не адлюстроўваецца ў старых рус. паперах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́чар ’самец качкі’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.), таксама ка́чур. Зафіксавалі ўжо ў ст.-бел. мове ў форме качоръ (XVI ст.); гл. Булыка, Запазыч., 144. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы. Зыходным з’яўляецца польск. kaczor ’самец качкі’, вядомае ў помніках з XV ст. З польск. крыніцы ўзяты таксама рус. дыял. качу́р, укр. качур. У аснове ляжыць мяркуемае зах.-слав. *kača ’качка’, расшыранае суфіксам ‑erъ (параўн. прасл. *goserъ). Гл. Слаўскі, 2, 15; Кюнэ, Poln., 61, Фасмер, 2, 214 (Фасмер адзначае, што зах.-слав. слова ўтворана ад памяшнальнай формы ўласнага польск. імя Katarzyna); Брукнер, 216; Бернекер, 1, 465.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кашчу́нства ’адзін з відаў злачынства супраць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні’; ’зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць і інш.’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кощу́нство, укр. кощу́нство. Бел. слова, здаецца, не мае даўняй гісторыі, таму можна меркаваць, што яно запазычана з рус. мовы. Параўн. у ст.-рус. мове: кощуна, коштюна, косщуна ’забаронены грэх’ (XII ст.), ’блазенства, кпіны’ (XV ст.), рус. кощу́н ’хто блюзнерыць’ (Даль), укр. кощу́н. Параўн. Фасмер, 2, 362; Трубачоў, Эт. сл., 11, 187. Прасл. *koščunъ, *košcuna з’яўляецца вытворным пры дапамозе суф. ‑junъ ад дзеяслова *kostiti ’лаяць, ганьбіць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апры́склівы (априскливый) ’запальчывы, капрызны, упарты’ (Яруш., Нас.); апры́сак ’упарты, капрызны’ (Гарэц., Нас.); апры́скліва (Др.-Падб., Гарэц.), апры́склівасць ’запальчывасць’ (Яруш.). Рус. дыял. зах. опрыснуть ’ускіпець’ (пераноснае), опрыскливый ’запальчывы’, укр. оприскливый ’тс’, з оприском ’запальчыва’, польск. opryskliwy ’запальчывы’. Для ўзнікнення пераноснага значэння дзеяслова (суф. ‑лів‑ звычайна далучаецца да дзеяслоўных асноў) важна польск. pryskać ламацца, разлятацца, лопацца на дробныя кавалкі’ і перан. ’лопнуць’ (аб надзеі, настроі і г. д.), адкуль недалёка і да ’лопнуць’ (аб спакоі, цярпенні), ’ускіпець’. Наяўнасць заходнерускага дзеяслова опрыснуть, беларускіх, украінскіх бяссуфіксных назоўнікаў робіць непатрэбным, хаця і не выключае дапушчэнне аб запазычанні з польскай мовы. Словы маглі ўтварыцца на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Армя́к ’даўгаполая вопратка з тоўстага сукна’ (БРС, Касп., Бяльк.; карту рэаліі гл. Малчанава, Мат. культ., 153), дыял. гармя́к. Рус. армя́к, укр. армʼя́к. Ст.-польск. giermak. Ст.-бел. з 1574 ермяк, ормяк, кгермак (Булыка, Запазыч.). Сучаснае беларускае з XIX ст. (Гіст. мовы, 2, 26), улічваючы пашырэнне на паўночным усходзе, з рускай. Рускае (у XVI ст. ормяк, ормячек), магчыма, з тат. əрмак: Фасмер, 1, 88. Старабеларускае, стараўкраінскае, старапольскае (адкуль кгермак у старабеларускай) запазычаны без рускага пасрэдніцтва. У цюркскіх слова паходзіць ад кораня ӧр ’віць’ плясці, вязаць’, адкуль ӧрмӓк гатунак сукна’ (Радлаў, Опыт, 1, 801, Др. Тюрк.). Супрун, Зб. Крымскаму, 127–128.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ахве́с (аргат.) ’бог, абраз’ (Рам.), вядома таксама ў формах ахвэс, яхвес, охвіс, охвесь, ахвесь, хвесь і фес у сацыяльных дыялектах на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Польшчы, параўн. Бандалетаў, Бел.-укр. ізал., 101. Згодна з Арапавым (Этимология, 1964, 125 і наст.), запазычана з мовы ідыш, дзе ад ст.-яўр. Jahveh, што ўяўляе традыцыйнае чытанне найбольш ужывальнага імені іудзейскага бога IHWH; ад ахвес адна з назваў тайных моў — ахвесніцкая, параўн. польск. język ochweśnicki, а таксама, магчыма, назва гандляроў-разносчыкаў у Расіі офени. Адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 174; Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 135. Інакш Раманаў, 9, 5 (з грэчаскай), Бандалетаў, ЭИРЯ, 7, 1972, 38.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Баламу́т ’прайдоха, ашуканец і да т. п.’ (Шат., Касп., Нас., Інстр. III, Мал., БРС), баламу́ціць. Ст.-бел. баламут, баломут, боламут, баламутити і г. д. (гл. Булыка, Запазыч.). Рус. баламу́т, баламу́тить, укр. баламу́т ’баламут; знахар’, польск. bałamącić, bałamucić, чэш. balamutiti. Здаецца, прасл. bala‑mǫtiti, bala‑mǫtъ (гл. Махэк₁, 23), дзе другая частка складанага слова да mǫtiti ’муціць’. Першая частка (bala‑) тлумачыцца па-рознаму. Агляд версій гл. Бернекер, 40; Фасмер, 1, 113; Слаўскі, 1, 26. Ідэя запазычання з манг. мовы, здаецца, зусім неабгрунтаваная. Кноблах (JČ, 1969 (2), 141) бачыць тут (як і ў слове балагу́р) экспрэсіўны прэфікс bala‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мале́нства 1, мале́нство ’маленькае, ласкавае дзіця’ (Жд. 1), ’малеча’ (ТС). Укр. маленьство ’малое дзіця’, польск. maleństwo ’тс’. Відавочна, паланізм. Чэкман (Baltistica, 8 (2), 151) мяркуе, што ашм. маленства ’дзіцё’ з’яўляецца наватворам, які ўзнік пад уплывам суседняй літ. мовы, параўн. (tokià) mazumà ’(такая) маласць, малеча’. Сюды ж бел. маленскі ’ўласцівы дзіцяці’, ’малы, невялікі’ (Нас.).
Мале́нства 2, мале́нство, мыле́нства, мале́ства (< малале́ства пад уплывам народнай этымалогіі), малале́сцвія (параўн. ст.-рус. малолѣтствие) ’дзяцінства, дзіцячыя гады; малалецтва’ (Шат., Бяльк., Нас., Яруш., ТС; бялын., Янк. Мат.; віл., паст., шальч., Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. словатв.), рус. паўд.-пск., асташк. с маленства ’тс’. Паланізм, польск. maleństwo ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́лка 1 ’невялікая колькасць’ (Інстр. III), ’малютка’ (Нас., Шат.), ’малая дзяўчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’нізкарослая дзяўчына’ (драг., КЭС), ’малая булачка з рэшткаў цеста ў дзяжы’ (паўд.-усх., КЭС). Рус. ма́лка ’меншы брат ці сястра’, ’эй, малец!’, пск., цвяр. ’маларослая дзяўчына’; серб.-харв. малка ’імя курыцы’, балг. ма̀лката ’эй, дзяўчынка!’ Відаць, з прасл. malъka. Да малы́ (гл.).
Ма́лка 2 ’навугольнік рухомы, які можна ставіць пад любым вуглом’ (Інстр. II), рус. алан. ма́лка ’мерка ў сталяроў’. Запазычана з рус. мовы, у якую прыйшло з галан. mal ’вымяральны інструмент’ (Фасмер, 2, 563). Параўн. таксама швед. mall ’шаблон, контур’, ’лякала’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)