Апры́склівы (априскливый) ’запальчывы, капрызны, упарты’ (Яруш., Нас.); апры́сак ’упарты, капрызны’ (Гарэц., Нас.); апры́скліва (Др.-Падб., Гарэц.), апры́склівасць ’запальчывасць’ (Яруш.). Рус. дыял. зах. опрыснуть ’ускіпець’ (пераноснае), опрыскливый ’запальчывы’, укр. оприскливый ’тс’, з оприском ’запальчыва’, польск. opryskliwy ’запальчывы’. Для ўзнікнення пераноснага значэння дзеяслова (суф. ‑лів‑ звычайна далучаецца да дзеяслоўных асноў) важна польск. pryskać ламацца, разлятацца, лопацца на дробныя кавалкі’ і перан. ’лопнуць’ (аб надзеі, настроі і г. д.), адкуль недалёка і да ’лопнуць’ (аб спакоі, цярпенні), ’ускіпець’. Наяўнасць заходнерускага дзеяслова опрыснуть, беларускіх, украінскіх бяссуфіксных назоўнікаў робіць непатрэбным, хаця і не выключае дапушчэнне аб запазычанні з польскай мовы. Словы маглі ўтварыцца на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)