Калаба́ны ’абутак на драўлянай падэшве’ (Сержп. Грам., Сцяшк.). Рус. валаг. колобан ’прадаўгаваты ячменны хлябок з завостранымі канцамі (у форме лодкі)’. Звяртае на сябе ўвагу падабенства формы, параўн. яшчэ рус. іркуц. (з запісаў Равінскага) колобан ’горка або сопка выцягнутай, мысападобнай формы’. Не выключана, што некалькі праясняе справу рус. дыял. колобашка, якое, як і колобан, суадносіцца з колоб, аднак, адзначае яшчэ і валаг. ’драўляная міска, чашка’, ’груба зробленая міска і інш.’, ’маленькая драўляная пасудзіна’, пск. ’невялікая драўляная дошчачка авальнай формы ў рыбалоўнай снасці’ і інш. Семантыка, аднак, далёкая; апрача таго, ці можна тут меркаваць аб нейкай суаднесенасці назвы абутку і назвы булачкі (параўн. празрысты перанос з назвы абутку на блін: рус. дыял. лапоть ’лапаць’ і ’тоўсты блін’), або больш перспектыўна суадносіць бел. семему з рус. ’невялікая драўляная дошчачка…’, для колобашка параўн. рус. варонеж., уладз., калуж. і інш. колодка ’драўляная дошчачка/падэшва, якая прымацоўваецца да лапцей у час дажджу’, ніжнегар. колодки ’абцасы’ і інш. Калі сканцэнтраваць увагу на такіх значэннях рус. слоў (дэрыватаў ад колоб або ад асновы колб‑, збліжаных з папярэднімі), як у пск. колобашка ’корань, які застаецца пасля абпальвання дрэва і ідзе на дровы’, ’абрубак дрэва, цурбан’ і пад., можна думаць і аб пераносе падобнай назвы на грубы драўляны абутак. Надзейнасць як апошняга, так і папярэдніх меркаванняў невялікая па прычыне таго, што першаснай лексемы ў бел. мове не зафіксавана. Параўн. яшчэ калабок (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́лка 1 ’галка, птушка Corvus monedula’ (слонім., Арх. Бяльк.; Сцяшк. Сл. паўн.-зах.). Польск. kawka ’тс’. Фанетыка бел. слова сведчыць аб больш складаным працэсе, хоць сам факт запазычання або ўплыву польск. формы выключыць нельга, аб чым сведчыць і лінгвагеаграфія. Ёсць і іншая магчымасць тлумачэння: калка < галка (апошняя форма адзначана па галоўнай тэрыторыі, Сл. паўн.-зах.) у выніку існавання дублетаў к‑ і г‑ у запазычаных словах, калі форма з к‑ успрымаецца або як адаптаваная, або як спрадвечная. Гэта, аднак, менш верагодна.
Ка́лка 2, у Доўн.-Зап., 3, 39: «Кидайса, метайса, завиваты не давайса! Кинь калку (кибалку?) хочъ пидъ лаўку, Сама выбежъ на вулоньку!». Далей аўтар адзначае калка кибалка ’жаночы галаўны ўбор’ і спасылаецца на аналагічныя кантэксты ў Янчука і Чубінскага; паводле гэтага можна меркаваць, што слова было вядома на зах. Палессі дастаткова шырока. Этымалогія няясная; можна суаднесці з калка 1, паколькі ў шэрагу назваў сустракаюцца падобныя намінацыі; параўн. рус. дыял. тэрміны для жаночага галаўнога ўбору кокошка і сорока. Па розных прычынах гэта меркаванне маланадзейнае; магчыма, неабходна параўноўваць з бел. галка ’круглы, гладкі камень, якім таўкуць перац, гарчыцу’, галкі ’галушкі, клёцкі; печыва з мукі і тоўчанай бульбы’, аб першаснай семантыцы якіх сведчаць бел. галы ’ягадзіцы’, славац. hálka ’шарык’, польск. galka ’шар, булдавешка’ і інш. Падобная семантыка дапускае параўнанне гэтых лексем з разглядаемым словам; аднак паводле фактычнага крытэрыю такое збліжэнне недакладнае.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
сказа́ць сов., в разн. знач. сказа́ть;
◊ дарэ́чы с. — кста́ти сказа́ть;
каб ~за́ў... — добро́ бы...;
лёгка с. — легко́ сказа́ть;
скажы́(це), калі́ ла́ска! — скажи́(те), пожа́луйста!; скажи́(те) на ми́лость!;
ця́жка с. — тру́дно сказа́ть;
мо́жна с. — вводн. сл. мо́жно сказа́ть;
так с. — вводн. сл. так сказа́ть;
няма́ чаго́ с.! — не́чего сказа́ть!;
с. сваё сло́ва — сказа́ть своё сло́во;
смех с. — смешно́ сказа́ть;
язы́к не паваро́чваецца с. — язы́к не повора́чивается сказа́ть;
ні ў ка́зцы с., ні пяро́м апіса́ць — нар.-поэт. ни в ска́зке сказа́ть, ни перо́м описа́ть;
як сказа́ць — как сказа́ть
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ёсць 1,
1. Форма цяпер. часу ўсіх асоб адз. і мн. ліку дзеяслова «быць». Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі. Шамякін. [Хлопцы] не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карты і компас ёсць. Мележ.
2. Служыць звязкай у састаўным іменным выказніку. — Як не пазнаць! — сказаў стары. — Ты ёсць Наш стараста... З. Астапенка.
3. Ужываецца як вокліч радасці, задаволенасці з прычыны якой‑н. удачы. Ёсць! Трапіў якраз у цэль.
•••
Так і ёсць гл. так.
Што (колькі) ёсць духу гл. дух.
Як ёсць — усё, поўнасцю, цалкам. Ці добра мне, ці кепска мне, Я ўсё, як ёсць, перажыву. Астрэйка.
ёсць 2, выкл.
Адказ падначаленага камандзіру, які абазначае: зразумела, будзе выканана. — Адно аддзяленне накіруй праводзіць абоз, а тры — да мінёраў.. Сам, вядзі аддзяленне. — Ёсць! Можна ісці выконваць? М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апо́ра, ‑ы, ж.
1. Тое, на што апіраюцца. на што можна абаперціся. [Мірон і Віктар] чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Маўр. // перан. Тое, што бяруць як зыходны пункт; тое, што з’яўляецца асновай чаго‑н. Вопыт папярэднікаў — апора для далейшых даследаванняў. «Полымя».
2. Частка збудавання, на якую апіраюцца іншыя часткі і якая служыць для іх асновай. Плошча апоры.
3. перан. Сіла, якая падтрымлівае каго‑н., садзейнічае ўмацаванню чаго‑н. У працы, ва ўсведамленні сябе галоўнай фігурай жыцця знаходзіць лірычны герой духоўную і матэрыяльную апору свайго існавання. Навуменка. Савецкі Саюз — магутная апора ў барацьбе за далейшае ўмацаванне пазіцый сацыялізма. «Звязда». // Падтрымка, дапамога; той, хто аказвае іх. Галоўнай.. апорай.. былі тыя прадукты, што прывозіў з Курганішча Крушынскі. Бядуля. Ні ў жонцы, ні ў сыне не знаходзіў.. [Пракоп] апоры ў сваіх адносінах да калгаса. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.
Разм.
1. Страціць валасы, поўсць, пер’е. Аблез [Ігнат].., чэрап свеціцца голы. Мележ. // Выпасці, вылезці (пра валасы, поўсць). — Адна [жонка] свайму ж гаспадару чыгун кіпню на галаву выліла. Добра, што вада ўжо трохі выйшла парай, дык валасы ў чалавека аблезлі, скура за вушамі спяклася, а сам жыў астаўся. Кулакоўскі.
2. Страціць першапачатковую афарбоўку, выліняць, выцвісці. [Млынар Шэлегу:] — Калі можна, дарагі, то я яшчэ пару баначак фарбы прыхвачу. Аканіцы зусім аблезлі. Навуменка.
3. Змяніць скуру, абгарэўшы на сонцы. [Стафанковіч:] — Гэта ж трэба мець нечалавечую галаву, каб выседзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там скура, разам з валасамі, не аблезе?.. Чорны.
4. Страціць верхні слой; аблупіцца; выцерціся. Бур’ян быў і на самім папялішчы — зялёны, густы, ён падыходзіў аж да печы, якая аблезла, завалілася ад дажджоў і снегу зусім. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што і чаго.
1. Навіць, наматаць на што‑н. Накруціць нітак на шпульку. □ [Саньку] чамусьці то хацелася накруціць на палец і выскубнуць з галавы пасму сваіх саламяных валасоў, то адарваць сабе чырвонае вуха. Сяркоў.
2. Навінціць на што‑н. Накруціць гайку на болт.
3. Насвідраваць адтулін, дзірак.
4. перан. Разм. Вельмі ўскладніць што‑н., нарабіць чаго‑н. лішняга, непатрэбнага. Накруцілі калідораў — Навасельцам проста гора: У пакой пакуль прабіўся — Разоў восем заблудзіўся. Гілевіч. Тут, адным словам, вельмі трэба падумаць .., бо ў гарачцы такога можна накруціць, што потым.. ніякае рады не дасі. Савіцкі.
5. Разм. Прывесці ў дзеянне спружыну якога‑н. механізма. Ігнась накруціў гадзіннік, навёў званок, каб не праспаць, і таксама лёг. Пальчэўскі.
•••
Накруціць вушы — пакараць каго‑н., пацягаўшы за вушы.
Накруціць хвост — даць наганяй, прабраць каго‑н. за што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карыкату́ра, ‑ы, ж.
1. Малюнак, на якім хто‑н. або што‑н. намаляваны ў скажоным выглядзе для высмейвання. Моладзь тоўпілася перад газетай, жартавала з трапных карыкатур на Івана Гомана, на Радніка, на Гольдзіна. Шамякін. Пад карыкатурай, на якой быў намаляваны дзябёлы хлопец і каля яго малы, худзенькі юнак, стаяў подпіс: «Адгукнуўся на заклік». Арабей. // Пра сатырычны наказ з’яў рэчаіснасці ў іншых відах мастацтва, а таксама аб творах такога характару. Залішняя схільнасць да пераўвелічэння нарадзіла тут гратэск, які часам даходзіць аж да карыкатуры. Кучар.
2. перан. Смешнае, недасканалае падабенства да каго‑, чаго‑н. Можна і трэба даваць партыі тактычныя ўказанні і на выпадак перамогі, і на выпадак паражэння паўстання, і на выпадак склікання сапраўды ўстаноўчага схода рэвалюцыйным шляхам, і на выпадак склікання царом якой-небудзь карыкатуры на народнае прадстаўніцтва. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.
1. Рассыпаючы, укінуць зерне, насенне ў зямлю для вырошчвання. У суботу зранку выехала [Зося] з бацькам пасеяць грэчку. Гартны. Тут мяркуецца пасеяць травы і стварыць культурную пашу. Дуброўскі. // Засеяць зернем, насеннем. — Мы раім людзям прыязджаць лепш увесну, насупраць цяпла. Адразу можна пасеяць лапік які пшаніцы і мець свой хлеб. Пальчэўскі. // Спец. Змясціць мікраарганізмы ў пажыўнае асяроддзе для размнажэння.
2. перан. Выклікаць, узбудзіць у кім‑н. якое‑н. пачуццё, перажыванне. Язэпу трэба было ісці. Але неяк цяжка было зрабіць першы крок, асабліва цяпер, калі гэты доўгі, цыбаты чалавек пасеяў у душы трывогу... Асіпенка. Алесь разгубіўся. Макар Сяргеевіч не тое, што пераканаў яго, а пасеяў сумненні. Шыцік.
3. перан. Разм. Згубіць. Хаця б.. Валынец шапку дзе па дарозе не пасеяў? Лобан.
4. Разм. Пачаць ісці, сеяць (пра дробны дождж, снег).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяско́нцы, ‑ая, ‑ае.
1. Бязмежны, бяскрайні, без канца і пачатку. Недзе ў бясконцым блакіце неба курлыкалі жураўлі. Гамолка.
2. Надзвычай доўгі, працяглы. Бясконцая прамова. Бясконцы шлях. Бясконцая ноч. □ [Вася:] — Я не спаў, добра памятаю, што не спаў, але сніў сны, бясконцыя, цяжкія, жудасныя. Шамякін. // Бесперапынны, няспынны. Бясконцым патокам у гумны Снапы залатыя плылі... Панчанка. // Які ніколі не канчаецца, не змаўкае, працяглы. З вышыні на зямлю лілася бясконцая песня нябачных жаваранкаў. Алешка.
3. Вельмі моцны, нязмерны па сіле праяўлення, па велічыні. У яго [Ляткоўскага] голасе была тая бясконцая радасць жыцця, якую толькі і можна выказаць песняй. Вітка.
4. Які маецца ў вялікай колькасці; шматлікі. Дзе б гэта магло быць? У Мінску? Ці ў адной з гэтых бясконцых вёсак, у якіх пабываў.. [Павел], крочачы па доўгіх франтавых дарогах? Васілёнак. Школа акуналася ў новае жыццё, поўнае бясконцых цікавых таямніц. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)