пазна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Паставіць на чым‑н. знак, лічбу або надпіс; пранумараваць. Па вёсцы паўзуць пушчаныя ворагам чуткі, быццам калгаснікаў будуць таўраваць, .. каб пазначыць. Лужанін. Калі б пазначыць на геаграфічнай карце ўсе мясціны, куды кідаў лёс Я. Купалу ў дарэвалюцыйны час, то яна была б усеяна кружочкамі. Шкраба. Найбольш важкія эстэтычныя думкі паэта кожны можа выпісаць ці пазначыць у кнізе. «Полымя».

2. Вызначыць, акрэсліць. Янка Брыль не назначыў жанру свайго новага твора «Птушкі і гнёзды». Юрэвіч. Я .. на бой падымаўся, каб краю здабыць перамогу, душой загараўся, каб другу пазначыць дарогу. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўздаго́н, прысл. і прыназ.

1. прысл. Услед за тым, хто (што) аддаляецца, адыходзіць. Апошні вагон вухнуў ветрам у твар Андрэю і ўцёк наўздагон. Пестрак. Бяжыш ты насустрач кулям з страшэнным бязгучным крыкам І тупат пяхотных дывізій спяшыць за табой наўздагон. Панчанка.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўздагон» вырашае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якія аддаляюцца і ўслед за якімі хто‑, што‑н. пасылаецца. Генадзь падняўся і шпарка пашыбаваў прэч. — Куды ж ты? — кідае наўздагон яму Мікола. Васілёнак. Косця выскачыў на ганак і доўга глядзеў .. [Наташы] наўздагон, аж пакуль яна не схавалася за хатамі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́тасць, ‑і, ж.

Добрыя, велікадушныя адносіны. Давалі людзі ёй дарады, Куды схадзіць, каго спытаць. Хадзіла, мер[а]ла прысады, Каб літасць, праўду напаткаць. Колас. // Жаласць, спагада. Вялікія светлыя вочы [дзяўчыны] глянулі на мяне з мальбой і страхам, нібы прасілі літасці. Ваданосаў. Вядома, праўленне не дасць ніякай літасці гультаям, раскрадальнікам грамадскага дабра. Паслядовіч. // Памілаванне; міласць. [Сцяпан Іванавіч:] — Пападзешся — літасці не чакай, вораг люты і небяспечны. Новікаў.

•••

Без літасці — а) жорстка, строга, сурова; б) неміласэрна, не шкадуючы. Мучыць кашаль, загрызаюць да смерці камары, без літасці пячэ сонца... Васілевіч.

Здацца на літасць каго гл. здацца.

Мець літасць гл. мець.

Не даваць літасці гл. даваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасачы́ць, ‑сачу, ‑сочыш, ‑сочыць; зак., каго-што.

1. Наглядаючы, сочачы, выявіць, высветліць. Войту трэба прасачыць і выведаць, куды прапаў дзед Талаш і што ў яго на думках. Колас. Дзяўчынка паспрабавала прасачыць вачыма, у які бок часцей лятаюць пчолы. Кулакоўскі.

2. Даследаваць, паслядоўна вывучыць працэс развіцця чаго‑н. Важна паказаць у слоўніку не толькі свае ўласныя словы, але і запазычанні, бо, вывучаючы слоўнікавае багацце мовы, можна прасачыць увесь шлях гістарычнага і культурнага развіцця народа, а таксама яго ўзаемаадносіны з іншымі народамі. Гіст. бел. літ. мовы. У апавяданні «Песня» мы прасачылі разам з аўтарам, як чалавек пачынае разумець роднае слова і родную песню. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Засунуць куды‑н., праз што‑н.; высунуць. Прасунуць нітку ў іголку. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно. Корбан. Не заходзячы ў хату, я прасунула галаву ў акно, паклікала Вольку. Савіцкі.

2. Сунучы, перамясціць на нейкую адлегласць. Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Маўр.

3. перан. Накіраваць у бок паляпшэння чаго‑н. Аб другім перыядзе.. Багдановіч пісаў, што ён прасунуў беларускае пісьменства значна наперад. Лойка.

4. перан. Разм. Паскорыць ажыццяўленне, рашэнне чаго‑н. несумленным спосабам. Прасунуць кнігу ў друк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. прывёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; заг. прывязі; зак., каго-што.

Везучы, даставіць куды‑н. Вясёлы паравічок прывёз неўзабаве на ваганетках.. новых людзей. Чорны. — Кацярынка!.. Запражы каня і прывязі мне доктара... Нікановіч. Андрэй не помніў, як наклаў і прывёз у гумно першыя два вазы. Чарнышэвіч. // Прыехаўшы адкуль‑н., даставіць што‑н. узятае, купленае і пад. Часам прывязе [бацька] звычайны кавалак каменнага вугалю, падае Міколку: — Вось табе новая цацка! Лынькоў. [Люба:] Не ведала, што ты ўмееш чытаць, а то прывезла б кніжак. Мурашка. / у перан. ужыв. Бародзіч прывёз навіну пра Гаруса. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. размёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., каго-што.

1. Метучы ў розныя бакі, расчысціць. Выйду, выйду хутчэй за вароты я І на вуліцы снег размяту. Ставер. // перан. Ачысціць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Радасць і шчасце дагонім сваё, шторм рэвалюцыі шлях нам размёў! Дубоўка.

2. перан. Разагнаць, раскідаць. Вайна размяла нас па беламу свету. Звонак. Ад дотаў Волгі да Берліна ты [армія] зброд фашысцкі размяла. Машара.

3. перан. Расхапаць, разабраць. Але немцы размялі і свякрусіну хату. Засталося ўсяго некалькі вянкоў, што ніжэй акон. Сяркоў. Словам не стала ансамбля. Спевакоў, .. [танцораў] маіх каго куды, усіх да аднаго размялі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Сватаючы, атрымаць згоду на шлюб; паспяхова завяршыць сватаўство. [Мацей:] — Даўней не гэтак жаніліся. Не. Хто іх, маладых, сасватае цяпер? Пальчэўскі. // перан. Разм. Зблізіць, з’яднаць. Задача ў нас [людзей] была адна, І лёс адзіны нас сасватаў. Астрэйка.

2. перан. Разм. Прапанаваць, уладкаваць каго‑н. куды‑н. Год назад, можа і сам не здагадваючыся, сасватаў.. [Глушко] на двайную службу начальнік дыстанцыі. Навуменка. [Дзернушкоў:] — Колькі ўжо старшынь калгаса тым Хатлянам сасваталі! З райактыву пасылалі таварышаў, і ніхто не мог замацавацца там. Бялевіч. // Угаварыць, схіліць каго‑н. на што‑н. Ці не здагадваўся [дзед], што яго хочуць сасватаць на рызыкоўную справу — асаджваць пчол? Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сунуцца (у 1, 2 знач.).

2. Хадзіць з месца на месца, мітусіцца. — Ах, матухны, — зноў пляснула рукамі Аўгеня: — Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. Колас. [Даўгулевіч:] Я ўвесь дзень соваўся з кутка ў куток, не знаходзячы сабе месца. Гурскі.

3. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. [Манг] падышоў да вады, паказаў, як соваецца па вадзе човен. Маўр. // Плысці, пасоўвацца (пра туман, хмары і пад.). На небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Бядуля.

4. Зал. да соваць (гл. сунуць у 1–3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ўгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.

Разм.

1. Перасоўваць што‑н. з месца на месца. Соўгаць крэслы з кута ў кут.

2. Рухаць, соваць чым‑н. у розных кірунках (звычайна па паверхні). Соўгаць шуфляды. □ — Слабая і хворая, а працуй, — Марфа пачала соўгаць граблямі па сцежцы. Савіцкі. Два падстрэленыя кані сударгава соўгаюць нагамі. Навуменка.

3. Тыкаць, соваць куды‑н. у што‑н. Соўгаць палкай у гразь. □ Вараціла соўгаў рукамі зверху, Косця ж, лоўка парыруючы ўдары, трапляў праціўніку то ў твар, то ў грудзі. Карпюк. Перад тым, як начапіць нажыўку на кручок, дзядзька соўгаў пальцамі ў камячкі ваты. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)