Муфлон ’дзікі горны баран, які сустракаецца на астравах Міжземнага мора, Ovis musimon Schreb’. (ТСБМ), ’нязграбны чалавек’ (смарг., Сцяшк. Сл.). Кніжны тэрмін, запазычаны з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88); у гаворках, відаць, з польск. muflon ’муфлон’, якое з франц. mouflon < італ. mufflone ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаха́рдзік ’ласункі’ (Касп.), светлаг. ла́харды ’тс’ (Мат. Гом.), лахардзікі ’прысмакі’ (Мат. Маг.), бялын. ла́хырдзік ’пачастунак’, ла́хырдзіцца ’ласавацца’, ла́хырдна ’прыемна, смачна’, ла́хырднік ’ласун’, ла́хырдніца ’ласуха’, ла́хырдны ’смачны’ (Яўс.). Германізм, пашыраны, відаць, праз ідыш. Параўн. ням. lecker ’апетытны, смачны’, Leckerhaftigkeit ’цяга да пачастункаў’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адваро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вядзе назад; які накіраваны ў супрацьлеглы папярэдняму руху бок. У адваротным кірунку. Адваротнае вярчэнне. □ Відаць, чуючы, што на ўзлессі ірвуцца снарады, людзі кінуліся ў адваротны бок, да дробнага хмызняку. Мележ. // Які прыводзяць да зыходнага выніку. Адваротны хімічны працэс. Адваротнае ператварэнне тавару ў грошы.

2. Супрацьлеглы. Адваротны сэнс. Адыманне ёсць дзеянне адваротнае складанню. Лагарыфм з адваротным значэннем. Адваротная тэарэма. Адваротны дослед.

3. Супрацьлеглы знешняму, вонкаваму, левы бок прадмета. [Ніна] узяла са століка маленькае люстэрка, на адваротным баку якога быў малюнак — дзеці купаюцца ў рэчцы. Мележ.

4. у знач. наз. адваро́тнае, ‑ага, н. Палажэнне, якое з’яўляецца процілеглым дадзенаму або патрэбнаму. Доказ ад адваротнага.

•••

Адваротная сіла закона гл. сіла.

Адваротная прапарцыянальнасць гл. прапарцыянальнасць.

Адваротны бок медаля гл. бок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кача́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Крэсла з выгнутымі палазамі, на якіх яно качаецца. — Ты помніш, Вера, Адэсу, Люсдорф? — гайдануўшыся ў качалцы, спытаўся Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Цёплымі вечарамі, усеўшыся ў качалцы, падоўгу адпачываў [Стальноў] на балконе. Шашкоў.

кача́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Круглая палка для раскачвання цеста або разгладжвання бялізны качаннем. Слаўлю чысты абрус, толькі што пакачаны качалкай, каляны, калі яго маці ў нядзелю раніцай засцілае на стол шырокі. Барадулін. // Прадмет падобнай формы. Сцёпка дастаў з-пад кажуха бляшаную качалку, у якой быў план і ўсякія дакументы. Колас. Усюды былі відаць тоўстыя качалкі пачаткаў. Паслядовіч.

2. толькі мн. (кача́лкі, ‑лак). Прыстасаванне для разгладжвання, качання бялізны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засе́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і засядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Разм. Затрымацца, доўга праседзець дзе‑н. Заседзеліся позна. Перад гаспадарамі паўстала праблема: дзе пакласці гасцей спаць? Корбан. Недзе блізка на суседскім двары раз-пораз маці клікала дачку, якая позна засядзелася, відаць, з хлопцам на прызбе. С. Александровіч. // перан. Доўга пражыць на адным месцы, прабыць у адным стане і пад. І ўсім гэтым неабсяжным прасторам зямель і лясоў валодае адзін старадаўні род польскага князя Радзівіла. Ці не занадта доўга заседзеўся ён у сваім нясвіжскім княжацкім гняздзе? Колас.

•••

Заседзецца ў дзеўках — не выйсці своечасова замуж. [Антаніна] была перастарак, даўно заседзелася ў дзеўках і хоць добры мела пасаг, ніхто не квапіўся на яе багацце. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́ктар, ‑а, м.

1. Частка круга, абмежаваная дугой і двума радыусамі. Плошча сектара.

2. Частка якой‑н. плошчы, абмежаваная радыяльнымі лініямі. Сектар стадыёна. □ Усё відаць: на мушцы аўтамата ўвесь сектар абстрэлу — шэрая брукаваная істужка шаша. Грамовіч.

3. Аддзел установы, арганізацыі, які мае пэўную спецыялізацыю. Сектар дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Бытавы сектар прафкама. □ Лаўрэнцеў узначаліў у камітэце камсамола сектар па абароне правоў моладзі. «Маладосць».

4. Частка народнай гаспадаркі, якая мае пэўныя эканамічныя і сацыяльныя адзнакі. Калгасны сектар у сельскай гаспадарцы.

5. Спец. Участак сістэмы кіравання самалёта, карабля і пад. Капітану здалося, што ён ужо на старце, выруліў на той новай машыне. У навушніках шлема-фона пачулася каманда камандзіра палка. Крануў сектар газу і пайшоў на ўзлёт. Алешка.

[Лац. sector.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бразго́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм.

1. Дзіцячая цацка, пры ўзмахванні якой утвараецца бразгат, шум. Дзікавіцкі, чакаючы абеду, сядзеў на рагу стала з ўнукам на каленях, які прытанцоўваў і стукаў бразготкай то аб стол, то па галаве дзеду. Дуброўскі.

2. толькі мн. (бразго́ткі, ‑так). Бомы, званочкі. Чуецца ржанне коней, звон бразготак і музыка. Козел. Не відаць было зухаватых «братоў», пралятаючых з форсам, з бразготкамі на падбадзёраным цуглямі і пугай кані. Крапіва.

3. Невялікі прадмет, які з’яўляецца аздобай. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў. [Галя:] — А што гэта такое? Бразготкі нейкія? [Міход:] — Добрыя бразготкі. Гэта ж золата... Сабаленка.

4. Спецыяльная прылада для ўтварэння гукаў, падобных на трэск; трашчотка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.

2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.

3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзя́ка, ‑і, ДМ ‑дзяцы, ж.

Пачуццё ўдзячнасці за што‑н. добрае. Выказаць падзяку. □ Відаць, у падзяку за давер Саша хацеў расказаць пра дзяўчыну як можна больш харошага і прыемнага. Кулакоўскі. У .. вялікіх карых вачах [Лазарэўскай] была ціхая падзяка і даверлівасць. Паслядовіч. // Словы або іншы знак выражэння гэтага пачуцця, а таксама што‑н. матэрыяльнае, што даецца ў знак удзячнасці. Адчуўшы ў руках жаданыя кнігі, Ігнась прамармытаў нейкую падзяку і выйшаў. Мурашка. За радасць, шчасце наша Маскве падзяку шлём. Астрэйка. [Міхал:] А прынясеш што — без падзякі Ужо не выпусціць, заплаціць, А на дарэмшчыну не квапіць. Колас. // Афіцыйная высокая ацэнка чыёй‑н. работы. Абвясціць падзяку. □ Алесю Голубу ад мясцовых органаў за пільнасць і аказаную дапамогу ў выяўленні злачынцаў была вынесена падзяка. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспако́й, ‑ю, м.

1. Душэўная трывога, узбуджэнне, выкліканыя чым‑н. (страхам, апаскай, чаканнем і пад.). Я пачынаю хвалявацца, адчуваю, як нараджаецца неспакой. Галавач. У юных сэрцах неспакой — то радасць, то трывога: Як павядзе іх у прастор жыццёвая дарога? Ставер. Шабуня па адзін міг кінуў на камісара быстры адкрыты позірк, у якім, быў відаць неспакой і трывога. Мележ. // Шум, рух, хваляванне. На пероне былі яшчэ большая мітусня, шум і неспакой, і.. [жанчына] разгубілася. Мележ.

2. Масавае хваляванне, узбуджэнне. Тым часам наступаў вялікі неспакой сярод польскіх войскаў. Чарот. Навокал было неспакойна, і Мікодым у гэтым грамадскім неспакоі шукаў сабе рады. Сабаленка.

3. Турботы, клопаты. Благаслаўляю адзіноту, Але такую, за якой Прыходзіць свет тае работы, Якая любіць неспакой... Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)