эксперымента́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эксперыменту (у 1 знач); з’яўляецца эксперыментам. Эксперыментальны метад даследавання. □ Першыя палёты да Венеры ў многім мелі пошукавы і эксперыментальны характар. «Звязда». // Прызначаны для правядзення эксперыментаў. Эксперыментальны цэх. □ Зжаты і абмалочаны апошні загон эксперыментальнага ўчастка. Дуброўскі. // Вопытны, пробны. Марына Міхайлаўна першая і жорстка раскрытыкавала іх [вынаходнікаў] эксперыментальны агрэгат і параіла пачаць работу нанава. Паслядовіч.

2. Які заснаваны, грунтуецца на эксперыменце. Эксперыментальная фанетыка. Эксперыментальная медыцына.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́мпел, ‑а, м.

1. Раздвоены на канцы, доўгі і вузкі флаг, які паднімаецца на ваенных суднах у часе плавання як адзнака іх дзяржаўнай прыналежнасці. // Вузкі прадаўгаваты або трохвугольны флажок. У Тані быў пераходны вымпел лепшай даяркі раёна, маленькі чырвоны сцяжок на кароценькім дрэўку. Дуброўскі.

2. Невялікі цыліндр з доўгай яркай стужкай, прызначаны для скідвання з самалётаў ці верталётаў данясенняў, карэспандэнцыі і пад. // Металічны дыск з малюнкам, адбіткам як сімвал чаго‑н. Вымпел на Месяцы.

[Гал. wimpel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крэ́пасць 1, ‑і, ж.

Умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой абароны і доўгай барацьбы ва ўмовах асады. Марская крэпасць. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. Узяць крэпасць. // Месца зняволення людзей, якім прад’яўляліся асабліва цяжкія абвінавачванні. Петрапаўлаўская крэпасць. □ Газету затрымлівалі, штрафавалі, канфіскавалі і, нарэшце, зусім забаранілі, а рэдактара засудзілі на год .. ў крэпасць. Колас.

крэ́пасць 2, ‑і, ж.

У выразе: купчая крэпасць — дакумент аб куплі і продажы нерухомай маёмасці ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лу́гавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лугу ​2.

лугавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лугу ​1. Лугавыя глебы. □ Эх, прасторы лугавыя, Пакланіцеся касцам. Парахневіч. // Які расце і жыве на лузе. Лугавы матыль. □ Ледзь улоўны пах лугавых красак і траў далятаў адтуль з зарэчных прастораў. Лынькоў. // Які знаходзіцца, размешчаны на лузе. Лугавая дарога.

2. Звязаны з выкарыстаннем ці вывучэннем лугоў. Лугавая гаспадарка. Лугавая доследная станцыя. // Прызначаны для работы на лузе. Лугавая веялка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жано́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да жанчыны, жанчын. Жаночая праца. // Які належыць жанчыне. Жаночы твар. Жаночыя рукі. // Прызначаны для жанчын. Жаночы абутак. // Уласцівы жанчыне, які адрознівае жанчыну. Жаночы пол. Жаночая пяшчотнасць. // Які складаецца з жанчын. Жаночая брыгада.

2. Які адносіцца да асобіны, асобы жаночага полу, характарызуе яго. Жаночая палавая клетка. Жаночыя кветкі ў раслін.

•••

Жаночае пытанне гл. пытанне.

Жаночая рыфма гл. рыфма.

Жаночы род гл. род.

Жаночыя хваробы гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спарты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да спорту, звязаны з ім. Спартыўнае спаборніцтва. Спартыўныя гульні. □ Сёння мы слухалі пытанне аб пастаноўцы спартыўнай работы ў калгасах раёна. Пянкрат. // Прызначаны для заняткаў спортам. Спартыўная пляцоўка. Спартыўная форма. □ Скуратаў быў ужо не ў белым гарнітуры, а ў шэрым спартыўным касцюме. Шашкоў. Пры клубе павінна быць і спартыўная зала. Лыжы, гарнітуры, валейбольная сетка, мячы. Ваданосаў.

2. Разм. Які мае якасці, знешні выгляд спартсмена. Спартыўны хлопец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стало́вая, ‑ай, ж.

1. Асобны пакой з абедзенным сталом, прызначаны для яды. Шырокія дарожкі-даматканкі, паложаныя ў сталовай і ад сталовай у спальню, сведчылі аб тым, як дбаюць тут аб чыстаце і акуратнасці. Колас. Сайка ў момант выпраг каня, падапрануў чысцейшы .. пінжачок і з’явіўся ў час. Зняў бравэрку, выткнуўся ў дзверы сталовай, якраз калі госці пачалі садзіцца. Сташэўскі.

2. Прадпрыемства грамадскага харчавання. Студэнцкая сталовая. □ У сталовай кардоннай фабрыкі .. [Маруся] мела шырокія магчымасці зносін з рабочымі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад судзіць (у 3, 5 знач.).

2. у знач. прым. Прызначаны лёсам; абумоўлены чым‑н. Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі. Гілевіч. Ужо даўнавата ў Якава пачало выспяваць перакананне, што тэхніка — яго суджаная дарожка. Кулакоўскі.

3. у знач. наз. су́джаны, ‑ага, м.; су́джаная, ‑ай, ж. Жаніх (нявеста). Ажаніўся суджаны, Шлюб узяў з другой... Куляшоў. Нявесты на радзіме горка плакалі, не прычакаўшы суджаных сваіх. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які сядзіць. Страляць у сядзячую птушку. / у знач. наз. сядзя́чы, ‑ага, м. // Разм. Пра хворага, раненага, які можа сядзець. Сядзячы ранены. // Такі, які бывае, калі сядзяць. Сядзячая поза. Заснуць у сядзячым становішчы. // Разм. Прызначаны для сядзення. Сядзячыя месцы ў вагоне.

2. Звязаны са знаходжаннем на адным месцы; маларухомы. Сядзячае жыццё. □ — Давай падсілкуемся, — запрасіў да сябе Алеся дзядзька Язэп. — Дарма, што работа ў нас сядзячая, апетыт і яна наганяе. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фрукто́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фрукта, фруктаў (у 1 знач.); уласцівы фрукту. Фруктовы сезон. Фруктовы пах. // Прызначаны для гандлю фруктамі. Фруктовы магазін.

2. Які дае фрукты, з фруктамі. Фруктовыя дрэвы. // Які складаецца з дрэў або кустоў, што даюць плады. Фруктовы сад.

3. Прыгатаваны з фруктаў. Фруктовае марожанае. □ На століках — фруктовая вада, яблыкі ў вазах, цукеркі. Савіцкі. А яшчэ ўсіх пачаставала [маці] цукеркамі-падушачкамі з фруктовай начынкай, якія вельмі любіла Васілінка. Ус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)