нядо́ўгі, ‑ая, ‑ае.
1. Які цягнецца кароткі час; кароткачасовы. Пасля нядоўгай .. артылерыйскай падрыхтоўкі падраздзяленне чырвонаармейцаў пайшло ў атаку. Колас.
2. Даволі кароткі. Уздоўж паўднёвага вала, пад навіссю рабін, якія густа пунсавелі гронкамі ягад, нядоўгім радком стаялі клеткі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нядо́шлы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Слабы, кволы. Народ у маёнтку быў дробны, нядошлы. Колас. Кандрат Назарэўскі ўжо ніяк не памятаў бацькаўскага нядошлага каня і разгатай сахі. Чорны. // Які дрэнна расце; чахлы. Брыдуць [людзі] па рыхлай дарозе, паміж нядошлага зарасніку. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няпэ́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан няпэўнага. Няпэўнасць рухаў. Няпэўнасць чутак.
2. Няпэўнае становішча. [Хадкевіч:] — Дрэнны канец, кажуць, лепш за прыемную няпэўнасць... Васілевіч. Аднаму і другому трэба было на нешта наважыцца, выясніць сваё становішча, пазбавіцца гэтай няпэўнасці. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натамі́ць, ‑тамлю, ‑томіш, ‑томіць; зак., каго-што.
Утаміць, змарыць; змучыць. Шчупак, брат, ёмкі: на паўпуда, Але сарваўся. Ах, паскуда! І натаміў, як мае быць. Колас. Першы знямогся хранаметражыст. Ён добра натаміў ногі і апоўдні прылёг пад сасной. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́шласць, ‑і, ж.
Мінулы час, мінулыя падзеі; мінулае. Гэй, адвечныя курганы, Сведкі прошласці глухой! Кім вы тут панасыпаны? Колас. Постаць і хада гэтай жанчыны непрыемна нагадалі Сафрону Дзядзюлю адну асобу, раптоўная думка пра якую разварушыла даўнюю прошласць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
піўну́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Тое, што і піўная. Недалёка ад воласці ёсць піўнушка. Трымае яе Максім Гулейка. Колас. Танненькі гарнітур, і штаны блішчаць, як наваксаваныя, ад частай седні ў парыжскіх піўнушках. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папро́к, ‑у, м.
Дакор, незадавальненне, абвінавачанне, выказаныя словамі, позіркам і пад. — Вы, Поля, зноў вяртаецеся да старога! — прамовіў Карніцкі з нейкім папрокам у голасе. Паслядовіч. — Ну, вядома, — чалавек шукае, дзе яму лепей, — тонам лёгкага папроку адказаў Раман. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачапля́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑яецеся, ‑яюцца; зак.
Учапіцца, зачапіцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Пятрок і Грышка кінуліся з плачам да маткі і таксама пачапляліся ручкамі за яе адзежу. Колас. Шматкі .. [паперы] пачапляліся за вядро і папрыліпалі. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старчма́, прысл.
Тое, што і старчаком. Лодку падкідвала, куляла з боку на бок, ставіла старчма, залівала вадой, але яна зноў і зноў усплывала на паверхню. Дуброўскі. Колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страле́ц, ‑льца, м.
1. Ваеннаслужачы асобага пастаяннага войска ў Рускай дзяржаве 16 — пачатку 18 стст.
2. Разм. Тое, што і стралок (у 1 знач.). Усе .. [палешукі] былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы і былі выдатнымі стральцамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)