падкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. падкінь; зак., каго-што.

1. Кінуць уверх. Падкінуць мяч. □ Нехта падкінуў угару кіну лістовак. Гурскі. [Люба] хапіла на рукі сына, падкінула яго ўгару, паставіла назад на падлогу і ўзялася грэць ваду. Чорны. // Штуршком узняць уверх. Грымнулі ўзрывы. Зямля колькі разоў падкінула Смірына. Алешка. / у безас. ужыв. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў. Задрамаў ён ці не, дзед не памятаў. Раптам яго нібы спружынай падкінула. Курто. // Узняць уверх рэзкім рухам (рукі, ногі і інш.). Тут як падскочыць конь, як падкіне ўгору заднія ногі, не ўтрымаўся дзед і лёгкай птахай узвіўся ў паветра. Лынькоў.

2. Закінуць пад што‑н. Падкінуць сякеру пад лаву.

3. і чаго. Кідаючы, дадаць да чаго‑н. Падкінуць вугалю ў топку. Падкінуць гною ў глебу. □ Уладзік памаўчаў, падкінуў у агонь кавалак смаліны. Краўчанка. // перан. Разм. Даць, паслаць дадаткова. Падкінуць грошай. Падкінуць воз дроў. □ Нам няма як паветрам ці сушай Падмогу падкінуць. Куляшоў. [Лясніцкі:] — Дні праз два.. прадуктаў нам на лодках падкінуць. Шамякін. / безас. Падбавіць. — Цяпер [Андрэй] чакае, каб добра падмарозіла ды пабольш сняжку падкінула, каб вывезці калоды з лесу. Машара. // перан. Разм. Сказаць у дадатак. — Няхай курыць, .. [Валодзя] да панскага курыва прывычны, — падкінуў з’едлівае слаўцо Кастусь. Машара.

4. і чаго. Разм. Даць корму жывёле. Падкінуць карове канюшыны. □ На хаду [фурманшчык] скубянуў пярэбірак сена з чужых саней і падкінуў свайму каню. Чорны.

5. Кідаючы, наблізіць. Ахрэменка падкінуў .. [Карагу] бліжэй кісет з махоркаю. Колас.

6. Употай, тайком падлажыць. Падкінуць лістоўку. // Употай пакінуць (пра дзіця). І цёмнай восеньскай ноччу, баючыся, каб не загінуў Томі на яе руках галоднай смерцю, .. [Роза] падкінула яго на ганак аднаго прытулку для бяздомных дзяцей. Лынькоў.

7. Разм. Падвезці куды‑н. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў .. [шафёр] машыну. Васілевіч. «Падкінуць» на мове шафёра значыць падвезці. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церабі́ць, цераблю, цярэбіш, цярэбіць; незак., каго-што.

1. Прасякаць, прачышчаць лес. [Дзед Бадыль:].. ельнік такі густы, што і барсук не пралезе. Церабіць трэба. Крапіва. // Абсякаць галіны, сучча з паваленых дрэў. Лес валілі і церабілі незнаёмыя людзі. Дуброўскі. // Пракладаць, расчышчаць (дарогу, шлях), высякаючы кусты, дрэвы. Як ісці ды ісці — зайшлі [браты] ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з карэннямі выварочваюцца. Якімовіч. / у перан. ужыв. Будуем мартэны і домны, Будуем гіганты-заводы. Будуем, няволі не знаем, Цярэбім да шчасця дарогі. Купала. Ваяўнічая паэзія [П. Панчанкі] ідзе ў авангардзе часу, яна смела цярэбіць шлях наперад. Бялевіч. // Абчышчаць гародніну ад бацвіння, карэньчыкаў і пад. Церабіць буракі. □ Юстына церабіла цыбулю. Баранавых.

2. Чысціць дзюбай пер’е (пра птушак). Самотна бусел даўганогі Крыло цярэбіць на гняздзе. Калачынскі. // Вытрасаць, вылузваць, выкалупваць што‑н. з сярэдзіны чаго‑н. Нават вавёрка, што зусім блізка церабіла яловую шышку, і тая, відаць, не заўважала пагранічніка. Шыловіч. Мясцовы гаспадар крумкач хваёвых шышак церабіць не дазваляе. Корбан. // Разм. Хапаючы, прагна есці. Госці церабілі кілбасу з капустаю. Колас. [Мікуць] доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны. / у перан. ужыв. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды... Мележ.

3. Тузаць, торгаць, перабіраць пальцамі што‑н. [Аўсянік] нервова цярэбіць махры на шаліку, якім абвязана шыя, нібы яму займае дыханне. Навуменка. Дзяўчына церабіла канцы цёплай хусткі. Карпюк. // перан. Разм. Надакучаць пытаннямі, просьбамі, справамі. — А паштоўку цяжка было напісаць? Мы б ведалі. А то з камітэта мяне цярэбяць: дзе Шукан ваша? А што я магла адказаць? Савіцкі.

4. Вырываючы з коранем, убіраць машынай з поля (лён). Церабіць лён.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пакласці так, каб нельга было знайсці; змясціць у патаемным месцы. На эмтээсаўскі двор прыгналі першы і пакуль што адзіны трактар, які ў пачатку вайны схаваў у лесе Кастусь Серада. Шахавец. У гэты ж дзень я схадзіў у лес, нарэзаў арэхавых вудзільнаў і схаваў іх за варыўнёй. Ляўданскі. // Прыкрыць што‑н. Адвярнуўшыся, моцна плакала Зіна. Яна схавала твар у хустку, каб не чуваць было рыданняў. Няхай. // перан. Не даць магчымасці каму‑н. заўважыць што‑н.; утаіць што‑н. (пачуцці, думкі і пад.). Схаваць радасць. Схаваць трывогу. Схаваць хваляванне. □ Употайку горка ён [Мікітка] плакаў, Каб слёзы схаваць ад людзей. Колас. Чаго ж маўчыш, сыночак? Што з табою? Ад маці не схаваеш дум сваіх. Прыходзька.

2. Пакласці, прыбраць куды‑н. для захаванасці. [Данік] узяў залатоўку, схаваў яе ў сумцы, тады ўжо сеў за стол і падсунуў да сябе місу з крупнікам. Брыль. [Арына] схавала ў шафу падарунак і заспяшалася на кухню. Карпаў. Сцёпка акуратненька злажыў Аленчын ліст і схаваў. Колас. // Даць чаму‑н. належнае месца. Дзед .. схаваў зброю за пояс. Лынькоў. — Маўчы, распусніца! — пані схавала ў сумачку люстэрка. Бажко.

3. Зрабіць нябачным, засланіўшы сабой. Дажджлівая заслона схавала ўсе горы. Маўр. Я нам няма ні шляхоў, ні дарог, Асака іх схавала і мох. Астрэйка. У паветры стаяла парнасць, хоць сонца ўжо схавалі хмары. Марціновіч. Хутка паварот дарогі схаваў постаці лыжнікаў ад вачэй настаўнікаў. Шыловіч.

4. Даць прыстанішча таму, хто хаваецца ад праследавання. Іх [разведчыкаў] .. шукалі ды так і не знайшлі толькі таму, што іх схавала старая жанчына. Брыль. Цяжка параненага Зыгмунта сябры схавалі ў маёнтку пані Касцялоўскай. Якімовіч.

5. Прыкрыць, засцерагчы ад чаго‑н. Схаваць ад рэзкага ветру. □ Як хутка дождж прагрымеў! Я не паспеў дабегчы нават — Цябе схаваць пад кроны дрэў, Пад іх аховаю ласкавай. Танк.

•••

Схаваць пад крыло — акружыць увагай, праявіць клопат аб кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Учапіўшыся за што‑н. рукамі, нагамі і пад., вісець у паветры (пра чалавека, жывёл, насякомых). Звісаць з турніка на выцягнутых руках. □ Намалёваны [малпы] так, быццам яны звісаюць, пачапіўшыся хвастом за галінку дрэва. Грамовіч. Звісаюць пад кожнаю кветкай На лапках касматых чмялі. Калачынскі. // Спускацца ўніз, вісець, трымаючыся на чым‑н. адным канцом або канцамі (аб прадметах). Лямпа нізка звісала на дроце — старая, закураная гаспабарова лямпа, да таго яшчэ спавітая тытунёвым дымам. Пестрак. З плота па тоўстых, як канат, сцёблах звісалі жоўтыя гарбузы. Аляхновіч. // Быць апушчаныя ўніз (пра канечнасці, галаву і пад.). Маленькая загарэлая рука Андрэйкі амаль да локця звісае з ложка. Кавалёў. Шчаня нічым не нагадвала аўчарку: ні вушамі, што звісалі ўніз, ні танюсенькім хвосцікам. Шыловіч. // Абвісаць, не аблягаючы плячэй, стану (пра вельмі шырокую вопратку). Адзенне звісала з.. [Чыжыка], відаць былі голыя рубцаватыя лапаткі. Лупсякоў. // Спадаць уніз пасмамі, косамі і пад. (пра доўгую поўсць, валасы). І мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.

2. Нахіляцца, перагінаючыся цераз што‑н. (пра людзей). Маці звісае над калыскай. Дзеці звісаюць з поручняў галовамі ўніз. □ [Крамарэвіч] ціха гаварыў з Колем, які трымаўся за яго шыю і звісаў тварам з пляча. Чорны. // Згінаючыся, нахіляцца ўніз; павісаць (пра вецце, галіны і пад.). Гнуткія галіны, што звісалі ледзь не да самай зямлі, пры лёгкім ветрыку ціха шумелі. Даніленка. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць размешчаным, навісаць над кім‑, чым‑н. Пасівелыя яліны, гнілое карэнне ды вялізныя камяні звісалі над чорным бяздоннем. Шашкоў. Нізка звісала свінцовае неба. Ракітны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трымацца ў паветры нерухліва або расплываючыся, ахінаючы што‑н. Над возерам слаўся туман. Доўгія пасмы яго кудзеляй звісалі над вадой. Сіняўскі.

5. перан. Узнікаць, пагражаючы каму‑н. (пра небяспеку, бяду і пад.). Чуе Цімох — і над ім Звісае няўхільная кара. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саўлада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Перамагчы, узяць верх у бойцы, сутычцы, бітве і пад. [Лёнька да Сцёпы:] — Калі ты сказаў, што незнаёмы мае пісталет, я адразу зразумеў, што нам нават са стрэльбай утраіх з ім не саўладаць. Гамолка. — Ціха, дзядзька, ціха! — сказаў.. [Алёша] спакойна, вырываючы ў Вавілы колік, і Вавіла зразумеў, што з двума яму не саўладаць, аслаб, абмяк. Кудравец. // Адолець, асіліць каго‑, што‑н. Казімір хоча выцягнуць рыбіну на сухое, але не можа саўладаць з ёю, цягне з усяе моцы і раптам падае. Савіцкі. Сонца ўжо мела сілу, мароз не мог саўладаць з ім. Чорны. // Прымусіць слухацца, падпарадкаваць сабе каго‑н., справіцца з кім‑, чым‑н. Дарэмна палітработнікі і радавыя камуністы стараліся саўладаць з гэтай анархіяй і навесці парадак для абароны. Машара. Сева адбіўся ад рук, і з ім цяжка было саўладаць. Карпаў. Бунтуюць героі і не слухаюцца аўтара вельмі часта. Так было ў «Развітанні», з якім я доўга не мог саўладаць. Скрыган. І трэба сказаць, што пісьменнік не адразу саўладаў з новым моўным матэрыялам. Адамовіч. // Змагчы выкарыстаць (які‑н. інструмент, прадмет); справіцца з чым‑н. Пальцы пляскатыя і нягнуткія, нібыта сухое сучча, і не ўяўляеш, як яны саўладаюць з далікатным інструментам. Карамазаў. І тут Венька не разлічыў, не саўладаў са сцізорыкам, той сарваўся з панцыра і шарахнуў лязом па руцэ. Шыловіч. // Пераадолець, перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Клімчанка трохі саўладаў са сваёю слабасцю. Быкаў. Вэнеў супрацоўнік перасмыкнуў усімі рысамі свайго твару, і заядлая задзірыстасць бліснула ў яго вачах, але адразу ж ён саўладаў з сабою, выклаў на свой твар пячаць далікатнасці. Чорны. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.

2. Справіцца з якой‑н. работай і пад.; змагчы ажыццявіць што‑н. — Як не саўладаў з работаю, дык чаго ж пытаць? — Букаты прыкусіў губу, але тут жа неяк пастражэў з твару. — Калі перадаваць брыгаду? Савіцкі.

саўлада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Уладаць чым‑н. сумесна з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі патрабавальны. Строгі настаўнік. □ А Парамон Пісанец разгублены стаяў і не ведаў, куды цяпер падацца. Ці ў рэдакцыю, дзе яго чакае строгі рэдактар і спаткае Хвёдка з пытаннем: «Ну што, прынёс нарасць?», ці дадому? Грамовіч. [Гарлахвацкі:] У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага. Крапіва. // Які выражае патрабавальнасць; сур’ёзны да суровасці. — Партызаны?! — спалохана схапіўся .. [Жаўрыд] за сваю забруджаную сярмягу і тут жа, сустрэўшыся з .. строгім дапытлівым позіркам [Ліды], рвануў руку назад. Васілевіч. Часам успомніць Хіма гарадскую жанчыну са строгім сур’ёзным тварам. Каваль.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае паблажак. Строгі нагляд. Строгія звычаі. □ Забыліся .. [хлапчукі] і на абед і на строгі наказ — не адлучацца за межы лагера. Пальчэўскі. // Жорсткі (пра меры спагнання, уздзеяння). Строгая вымова. Прыняць строгія меры.

3. Які не дапускае ніякіх адхіленняў ад нормы, правіл. Строгая дыета. Строгая эканомія. Строгі ўлік. □ Адам вёў строгую канспірацыю і прывучыў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Лынькоў. // Дакладны, канкрэтны; прадуманы, устаноўлены. Строгая паслядоўнасць. □ Кожная хвіліна мела ў .. [Мінкіна] сваё строгае прызначэнне. Бядуля. Хлопчык прабіраўся следам, асцярожна, каб не зачапіць якую-небудзь кніжку, не парушыць строгі парадак на паліцах. Шыловіч.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм. Ціхон Седрачук — вельмі строгіх правіл у жыцці чалавек. Ракітны. // Стрыманы ў абыходжанні з кім‑н., які ўмее сабою валодаць. Ніна была строгая з хлопцамі, не любіла знаёміцца так — абы-дзе, абы з кім. Арабей. Ты жанчына — і можаш ты многае. .. Будзь са мною і добрай, і строгаю, Ды ніколі халоднай, малю! Тармола. Ларыса стаяла строгая, з выразнай трывогай на твары. Асіпенка.

5. Правільны, які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, класічнага стылю. Збудаванні захоўвалі строгія лініі. □ Стыль [дэкарацый] быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармуру Атэны. Бядуля. Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам. Караткевіч. // Без упрыгожанняў; з вытрыманасцю прамых ліній. Але тут да паравоза падыходзіць высокі чалавек у строгім чыгуначным гарнітуры. Васілёнак. І любіш ты, як ён, як я, Жанчыну ў строгім плацці. Яна — настаўніца твая. Твая другая маці. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узо́р, ‑у, м.

1. Малюнак, у якім спалучаюцца ў поўным парадку лініі, колеры, фігуры і пад. На стале, засланым абрусам з адмысловымі ўзорамі, роўнымі слупкамі ляжалі кнігі. Шамякін. [Дзед] замыславатымі тоненькімі інструментамі выбіваў на медзі разнастайныя ўзоры. Бядуля. Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Пра перапляценне, размяшчэнне чаго‑н. (святла, ценю, ліній і пад.), якое ўтварае ці нагадвае такі малюнак. Узоры маршчынак на твары. □ Цені ад .. [дрэў] клаліся на густую траву дзіўным узорам. Чарнышэвіч. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Валя з уздыхам загортвае вокладку, доўга ў задуменні глядзіць у расшытае срэбнымі марознымі ўзорамі акно... Васілевіч.

2. Паказальны або пробны экземпляр якога‑н. вырабу, прадмета і пад. Узоры тканін. Узоры паперы. □ Вось і шыльда майстэрні з залатымі літарамі на цёмна-зялёным шкле. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. Мінеральныя злучэнні, узоры якіх Бурмакоў і Павел прынеслі з сабой, аказаліся падобнымі да зямных. Шыцік. Вёз бацькавага пісьма, без узору яго почырку нельга было рабіць якія-небудзь вывады. Шыловіч.

3. Паказальны прыклад чаго‑н. (якіх‑н. якасцей, дзеянняў і пад.). І вось зноў Крамлёўскі палац. На гэты раз яго запоўнілі жанчыны. Іх было многа-многа, з усяе краіны. Гэта ўсе тыя, хто паказвае ўзоры працы. Сабаленка. Я. Колас напамінаў .. пра «вялікі моўны запас, які незаслужана забыты намі». Сваёй пісьменніцкай практыкай ён паказаў узор творчага падыходу да скарыстання гэтага запасу. Юрэвіч. // Што‑н. дасканалае, вартае пераймання. І. Мележ шырока абапіраецца на традыцыі класічнага і савецкага раманаў, на лепшыя ўзоры нацыянальнай прозы. Гіст. бел. сав. літ. А. Александровіч бярэ за ўзор вершы Купалы. «Полымя». // Увасабленне якой‑н. якасці, уласцівасці. Але ў цэху ведаюць: калі Галя ставіць кляймо моўчкі, — гэта значыць, што дэталь з’яўляецца ўзорам дакладнасці. Васілёнак. Новы манеўр .. [Пацяроба] мог быць за ўзор геніяльнае прастаты і рашучасці. Зарэцкі.

4. Форма, від якога‑н. прадмета. Паміж сучасных архітэктурных ансамбляў, .. дзе пануе шкло і бетон, раптам праглядвае невялікі дом дарэвалюцыйнага ўзору. «Маладосць». Ішлі немаладыя ўжо дзядзькі з вінтоўкамі самых розных узораў, ішлі разведчыкі з аўтаматамі, медыцынскія сёстры з сумкамі цераз плячо. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. за што. Браць, хапаць рукой (рукамі) каго‑, што‑н. Варанецкі хапаецца за вілы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт апраметных коней. Дуброўскі. Дунаеў учэпіста хапаецца за бервяно, падцягваецца і спрабуе нагой намацаць апору. Шыловіч. // Паспешліва прыкладаць руку (рукі) да чаго‑н., да якога‑н. месца. Мужчыны прысядалі і хапаліся за балючае, рассечанае плёткай месца. Крапіва. Раз-пораз я хапаўся за левую кішэньку, дзе ляжаў партыйны білет — як бы правяраў, ці не згубіў. Сабаленка.

2. за што. Паспешліва брацца за які‑н. інструмент, зброю і пад., каб выконваць адпаведную работу, дзеянне. Аднак усё адно дзяўчаты адставалі, і Максім зноў хапаўся за лапату. Шамякін. Хлопцы разгубіліся. Адны кінуліся ўцякаць. Другія хапаліся за калы. Якімовіч. [Гаспадар:] — Вайна то вайна, але і да вайны такіх гарачых шмат было. А ты раскажы, сумненні развей. За наган хапацца прасцей простага. Асіпенка. // перан. Ахвотна прымаць што‑н., згаджацца з чым‑н., выкарыстоўваць што‑н. Хапацца за новыя ідэі.

3. перан.; за што і з інф. З жаданнем брацца за якую‑н. справу, старацца зрабіць што‑н. — І чаго вам так хапацца за гэту гаспадарку? — пачаў Юрка: — усё ж роўна нас адгэтуль выпруць. Колас. [Пяхота:] — Я хапаюся толькі за зямлю і хачу, каб яна мяне ўзнагародзіла. Пестрак. // з інф. Паспешліва пачынаць рабіць што‑н. Хапацца распрагаць коней. // Старацца рабіць усё без разбору. [Чычын:] — Ён [Чмаруцька] і вёдры ладзіць, і запальнічкі майструе, і за што толькі не хапаецца, але каму патрэбны яго запальнічкі? Лынькоў.

4. Разм. Кляваць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). [Казімір:] — Шчупакі тады на белую блешню добра хапаліся. Савіцкі.

5. Абл. Спяшацца рабіць што‑н. Кожны зручны момант хапаліся з лугу, з поля ў лес і жанкі і мужчыны, працаўнікі, — у лесе цяпер была важная праца. Мележ. Хомка і сам хапаецца, каб не спазніцца. Не рана ўжо... Гарэцкі.

•••

Хапацца за бокі (за жывот) — тое, што і брацца за бокі (за жывот) (гл. брацца).

Хапацца за галаву — праяўляць вялікую заклапочанасць, здзіўленне, глыбокае хваляванне. Некаторыя [выхаванцы] і падурэць любяць, і двойкі атрымліваюць, і часам такія штукі адпальваюць, што выхавацелі за галаву хапаюцца. Рунец.

Хапацца загрудкі (за чубы) — тое, што і брацца загрудкі (за чубы) (гл. брацца).

Хапацца за саломінку — спрабаваць выратаваць сябе ці якую‑н. справу, ускладаючы надзею на сродкі, што дапамагчы не могуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць у якім‑н. напрамку або на якую‑н. адлегласць. Працягнулі трохі валы дубовыя сані па пяску ды сталі, як укапаныя. Якімовіч. / у безас. ужыв. І ўсё ж удар быў нечаканы — Мікола адразу ж паваліўся і яго трохі працягнула па глыбокім снезе. Новікаў.

2. што. Выцягнуць, выпрастаць (руку, нагу і пад.). Ладуцька працягнуў руку і лёгка тузануў Зайцава за край гімнасцёркі. Кулакоўскі. // Паднесці, падаць выцягнутай рукой. — Вось, вазьмі, Андрэйка, — працягнула мне дзяўчына невялікі пакунак. Даніленка. А праз некалькі дзён, у нядзелю, прыйшоўшы з мястэчка, бацька паклікаў мяне з двара і працягнуў новенькі жоўты буквар. Ляўданскі.

3. што. Пацягнуць, расцягнуць упоперак чаго‑н. або ў якім‑н. напрамку. Мітынг адкрыў Васіль Лазавенка.. Дзяніс Гоман і Максім у гэты момант працягнулі на мастку істужку. Шамякін. // Правесці, пракласці. Працягнуць тэлефонную лінію. Працягнуць дарогу. □ Намаганні Максіма хутчэй працягнуць лінію да Лядцаў былі дарэмныя. Шамякін. Мікола зрабіў столік пад бачкі і ванначкі, выпрасіў у мамы і перанёс туды невялічкі куфэрак, працягнуў электраправодку. Шыловіч.

4. каго-што. Прапусціць, правесці праз што-н; уцягнуць у што‑н. Працягнуць нітку ў іголку. □ Не заўсёды ўдавалася працягнуць лодку цераз гэтыя заломы. Прыходзілася рассякаць бярвенні, што збіліся тут у кучу, або з дапамогай агню прапальваць у іх праходы. Гавеман. // што. Дамагчыся прыняцця недазволенымі метадамі (пастановы, рашэння і пад.). Працягнуць рэзалюцыю на сходзе. // Спец. Вырабіць, прапускаючы метал праз адтуліну патрэбнага памеру. Працягнуць дрот.

5. што. Спец. Апрацаваць дэталь працяжкай (у 2 знач.).

6. чым. Правесці чым‑н. па якой‑н. паверхні. Хомчык устаў. Па салдацкай звычцы працягнуў пальцамі па поясу і паправіў гімнасцёрку. Пестрак. Сыпаліся слёзы, Беглі над прыполам, Быццам хто па сэрцу Працягнуў нажом. Броўка.

7. што. Прымусіць доўга гучаць. Працягнуць ноту. // Працяжна вымавіць, сказаць што‑н. — Тпру-у, — працягнула Вера. Кулакоўскі. — Я хачу сма-а-ч-нага-а — працягнула .. [дзяўчынка]. Васілевіч.

8. што. Прадоўжыць, узнавіць пасля перапынку. [Ладынін:] — Таварышы, аб усім іншым пасля. Працягнем наш сход. Шамякін. Ну дык зноў працягнем наш паядынак, яшчэ і яшчэ раз уп’ёмся радасцю барацьбы. Гарбук.

9. каго-што. Разм. Раскрытыкаваць, абсмяяць (звычайна ў друку). — Кабеты, Чаго стаім? Не час, У вусную газету Яшчэ працягнуць нас. Калачынскі.

10. Пражыць, праіснаваць некаторы час. «Не працягне бацька больш дня», — падумаў Васіль і адчуў, што на вачах закіпелі слёзы. Даніленка. — На нішчымніцы доўга не працягне, ды пры такой яшчэ цяжкай рабоце... Пальчэўскі.

•••

Ногі працягнуць (выцягнуць, выпруціць, выпрастаць) — памерці.

Працягнуць руку дапамогі каму — тое, што і падаць руку дапамогі каму (гл. падаць).

Як руку працягнуць — вельмі блізка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)