непрыкме́тна,
1. прысл. Так, што цяжка заўважыць, няўлоўна. Стэфка маўчала. Крушынскі непрыкметна аглядаў яе. Бядуля. Дні мінаюць, запоўненыя работай, час ідзе непрыкметна. Самуйлёнак. Світанне надышло зусім непрыкметна. Анісаў. Непрыкметна падкраўся вечар. Бажко. // Паступова, павольна. Патупчык стала вядомай даяркай. У працы непрыкметна прыходзіць і слава. Кавалёў.
2. безас. у знач. вык. Нельга заўважыць, убачыць. Непрыкметна, каб ён быў усхваляваны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кру́жна,
1. Прысл. да кружны. Не сунімаючы разбегу, Дзе кружна, дзе і напрасткі, Навобмацак бяруць з-пад снегу Разгон вясновы ручайкі. Гаўрусёў.
2. безас. у знач. вык. Далёка, далей, чым па прамой. Краузе надумаў не хадзіць па вуліцы ў камендатуру, бо гэта было крыху кружна, а загадаў прарэзаць дзверы ў агарожы і праз двор выходзіў у каменданцкі будынак. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лаго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Дабрадушны, ласкавы. Вася быў лагодным і не памятлівым на зло чалавекам. Мележ. Помню маму ў дні свят — паружавелую, гаманлівую і бясконца лагодную... Марціновіч.
2. Мяккі, прыемны. Лагодная ўсмешка. Лагодны настрой. □ Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы. Колас. Стаяла ціхае, лагоднае летняе надвор’е. Кавалёў. У пакой улятаў лагодны шум вясковага лесу, наперабой спявалі птушкі. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстру́ніць, ‑струню, ‑струніш, ‑струніць; зак., каго-што.
Разм. Прымусіць весці сябе як належыць; праявіць строгасць у адносінах да каго‑н. Прыструніць распусніка. □ Не толькі маці, але і сам Нічыпар Патупчык угаварылі дачку, нават прыструнілі, што калі не паслухаецца, то будзе кепска... Кавалёў. — Правільна! — падняў руку каваль. — Усып яму па самую пятніцу! Хто ж можа прыструніць Алеся... Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыя́знасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыязнага. Прыязнасць адносін.
2. Сяброўскія, добразычлівыя адносіны. Пры апошніх словах Гурына Кавалёў ажывіўся і ўзняў вочы: у іх блішчалі агеньчыкі добрай хітрынкі і таварыскай цеплыні і прыязнасці. Чарнышэвіч. Алаіза адчула прыязнасць да сястры, а самой раптам зрабілася няёмка. Арабей. Здаецца, .. [Мікульскі] быў трохі мякчэйшы, але ў яго голасе не чулася прыязнасці. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабі́на, ‑ы, ж.
1. Дрэва сямейства ружакветных, на якім гронкамі растуць аранжава-чырвоныя ягады. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.
2. часцей мн. (рабі́ны, ‑ін). Ягады гэтага дрэва. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі, і над намі спелі рабіны. Чорны.
•••
Чарнаплодная рабіна — куст сямейства ружакветных, які дае плады ў выглядзе вялікіх чорных ягад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ратава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.
Пазбаўляцца ад якой‑н. небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчыся. Думка пра тое, што па ім страляюць, .. ускалыхнула [Андрэйку] і прымусіла ратавацца ад небяспекі. Кавалёў. У гэтым вадзяным зарасніку хавалася рыба, адпачывала пасля жыравання ці проста ратавалася ад сваіх заклятых ворагаў, шчупакоў і акунёў. Колас. // Хавацца, засцерагацца ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. Ратавацца ад гарачыні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэгуліро́ўшчык, ‑а, м.
1. Той, хто рэгулюе рух на скрыжаваннях, паваротах дарог, вуліц. Які там ні горад Касаў, але парадак быў у ім гарадскі: у цэнтры, на скрыжаванні, стаяў рэгуліроўшчык. Брыль. Пропуск быў прымацаваны да шкла і на ўсіх пунктах Сяргею і Міколу толькі і паспявалі рэгуліроўшчыкі казыраць. Кавалёў.
2. Той, хто рэгулюе дзеянне якіх‑н. механізмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́пласць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць сціплага. Сапраўдны гераізм сябруе з асабістай сціпласцю героя і ўсведамляецца ім як абавязак. У. Калеснік.
2. Сціплыя паводзіны, сціплы ўклад жыцця. — Сціпласць не псуе чалавека, а дзяўчыну тым больш, — з перакананнем сказаў Раман Дзянісавіч. Хадкевіч. Максім па сціпласці нідзе і слова не прараніў аб сваім партызанстве, аніякай палёгкі ці прывілеі не прасіў. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
глу́пства, ‑а, н.
1. Дурны ўчынак, дурная думка; недарэчнасць, бяссэнсіца. А Казімір гаварыў: — Да чаго ж яшчэ дурныя людзі. Маліцца каменю? Цьфу! Каб ты, Марта, больш гэтага глупства не рабіла. Пестрак. Усе ведалі, што Дзям’ян, працавіты і сумленны чалавек, глупства не скажа, бо мае розум і любіць справядлівасць. Кавалёў.
2. Пра што‑н. нязначнае, дробязнае. З-за глупства не спрачайся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)