Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хоро́ший

1. до́бры;

хоро́шее настрое́ние до́бры настро́й;

хоро́шие ве́сти до́брыя ве́сткі;

хоро́ший знако́мый до́бры знаёмы;

2. (красивый) прыго́жы, харо́шы;

жить по хоро́шему жыць у зго́дзе (до́бра);

хоро́шее де́ло! ирон. до́брая спра́ва!;

хоро́ш, не́чего сказа́ть! ну і ну, няма́ чаго́ каза́ць!;

хоро́шему всю́ду хорошо́ до́браму чалаве́чку до́бра і ў запе́чку, а благаце́ бла́га і на куце́; до́брая душа́ нап’е́цца і з каўша́;

хоро́ш гусь! до́брая ца́ца!

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

заслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., каго-што.

1. Закрыць, загарадзіць сабою або чым‑н. Нізкія і вузкія дзверы зямлянкі засланіла вялікая постаць чалавека. Шамякін. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу. Мележ. // Закрыць засланкай (печ). [Люба] загарнула жар, засланіла печ, дастала штосьці з-пад прыпека і пачала вячэраць. Чорны. // перан. Пазбавіць магчымасці чуць, бачыць, разумець і пад. (пра органы пачуццяў). Усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла. Колас.

2. перан. Адсунуць на задні план. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Колас. Іншае, моцнае і радаснае пачуццё засланіла на момант усё астатняе. Якімовіч.

•••

(Увесь) свет засланіць — а) зрабіць жыццё пакутным, бязрадасным. Вайна, як гром, абарвала добрыя надзеі, засланіла цемрай свет. Кавалёў; б) прымусіць забыць пра ўсё на свеце. Дзіця засланіла Клаўдзіі Аляксееўны ўвесь свет. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

начны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да ночы, уласцівы ёй. Даўно растаў у начным небе след апошняй ракеты, а людзі яшчэ і не думалі разыходзіцца. Гамолка.

2. Такі, які бывае ноччу. Праходжу моўчкі я начную плошчу, І ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Павярнулася [Ларыса] і знікла за маліннікам у гушчыні цёмнага начнога саду. Мурашка. // Які адбываецца ноччу. Начны паход. Начная праца. □ Ішоў.. вялікі начны бой, біла артылерыя, гарэлі вёскі. Шамякін. // Які працуе, дзейнічае ноччу. Вінавата і разгублена спрабаваў апраўдвацца начны вартаўнік Уладзімір Вашэсцік: — Людцы добрыя, хіба ж за ўсімі дагледзіш?.. Шчарбатаў. Начным цягніком, як гэта часта бывала, Кузьма Гартун вяртаўся з дальніх калгасаў у МТС. Дуброўскі. // Які прызначаны для выкарыстання ноччу. Начная кашуля. □ [У бакавым пакойчыку] стаяў чыста прыбраны ложак, начны столік і два крэслы. Новікаў.

3. Такі, актыўнасць якога прыпадае на ноч (аб некаторых жывёлах, насякомых, раслінах). Начны матыль. Начная фіялка. □ Начная птушка абзывалася нясмела. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыць, жыву́, жыве́ш, жыве́; жывём, жывяце́, жыву́ць; жыў, жыла́, -ло́; незак.

1. Быць жывым, існаваць, знаходзіцца ў працэсе жыцця.

Доўга ж.

Расліны не могуць ж. у цемнаце.

2. перан., чым і без дап. Быць ажыўленым, абуджаным чым-н., поўным руху.

Дарога дзень і ноч жыла.

3. Існаваць, мець месца (пра думкі, пачуцці і пад.).

У народзе жыве ўпэўненасць у перамозе справядлівасці.

4. Знаходзіцца, пражываць дзе-н., сярод каго-н.

Ж. у Мінску.

5. чым, з чаго і на чым. Падтрымліваць сваё існаванне чым-н.

Ж. сваёй працай.

Ж. з агарода.

6. перан., кім-чым. Быць захопленым, занятым кім-, чым-н.

Ж. надзеяй.

Ж. тэатрам.

Ж. дзецьмі.

7. кім і з прысл. Весці які-н. спосаб жыцця, знаходзіцца ў тых або іншых умовах.

Ж. багата.

Ж. весела.

Ж. бабылём.

8. Быць у якіх-н. адносінах з кім-н.

Ж. дружна з суседзямі.

Ж. душа ў душу.

Жыць з мазаля (разм.) — здабываць сродкі для жыцця сваёй уласнай працай.

Жыць чужым розумам — прытрымлівацца чужой думкі, не маючы сваёй.

Жыць як набяжыць (прымаўка) — жыць так, як дыктуюць абставіны.

Няхай жыве! — пажаданне поспеху, росквіту.

(Сам) Бог жыве — пра добрыя ўмовы жыцця, працы.

У горы жыць ды з перцам есці (прымаўка; іран.) — пра жаданне мець што-н. пры адсутнасці ўмоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Адпаведны размер чаго‑н. Каб абутак шыць па мерцы: Не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч.

2. Прадмет, які служыць для вымярэння даўжыні. Калі заходзім у другую палавіну хаты нашага калгаснага садоўніка .., у вочы адразу кідаецца двухметровая, з адламаным канцом-нагой, брыгадзірская мерка «каза». Шуцько.

3. Пасудзіна для мерання чаго‑н. вадкага або сыпучага. — Гэты хлапчук без чаргі, не адпускайце, — нібы прачнулася .. [жанчына] ад бразгату літровай меркі аб бітон. Пальчэўскі. Хлеба нам гаспадыня не прыбаўляла, бульбы таксама насыпала адну мерку: хочаш — еш, хочаш — бяры з сабою. Якімовіч.

4. перан. Спосаб ацэнкі, крытэрый. — Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Колас. Кастрычнік, Ні ў чым ты не знаеш стандарту, Нічога не мераеш меркай крывою. Барадулін.

5. Уст. Плата збожжам за памол у млыне. Пакуль прымаць мерку ў новых завознікаў, студэнт паглядзеў на вялікія, як добрыя парсюкі, мяхі Сценкі Мякіша, што хітра прысуседзіліся каля самага каша. Брыль.

•••

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́рбніца, ‑ы, ж.

1. Уст. Месца захоўвання дарагіх рэчаў, каштоўнасцей. Царская скарбніца. □ Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. Караткевіч.

2. Матэрыяльныя каштоўнасці, маёмасць, багацце. Насустрач па шашы імчаліся машыны І з цэглай, і з жалезам, і з рудой, Багаты ўраджай, удой Плылі ўвесь час у скарбніцы краіны. Корбан. // перан. Сукупнасць культурных, духоўных каштоўнасцей. Ленінізм — скарбніца вечна жывога творчага марксізма. «Полымя». Міхась Чарот .. напісаў добрыя паэмы і вершы, якія назаўсёды засталіся ў скарбніцы беларускай літаратуры. Хведаровіч. // перан. Невычэрпная крыніца чаго‑н. У фальклоры паэт [М. Танк] знайшоў для сябе найбагацейшую скарбніцу ідэй, матываў, вобразаў, сюжэтаў. Гіст. бел. сав. літ. Абодва дзяды .. для дапытлівага, цікаўнага ўнука былі цэлай скарбніцай спазнання свету, энцыклапедыяй народнага жыцця. Вітка.

3. Месца сканцэнтравання якіх‑н. каштоўнасцей. [Луўр] — багацейшая скарбніца жывапісу і скульптуры, размешчаных у шасці аддзелах, кожны з якіх па сутнасці з’яўляецца музеем. Філімонаў.

4. Даўней — казна; месца захоўвання казны. Невялікае мураванае памяшканне станцыі мела звычайны .. выгляд: .. направа .. мясцілася багажня, скарбніца і невялічкі першы клас, а налева — другі і трэці класы. Гартны.

[Польск. skarbnica.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цеплыня́, ‑і, ж.

1. Нагрэтасць чаго‑н. Сашка Стафанковіч сядзеў, прыціснуўшыся да Любы.. ён адчуваў цеплыню яе твару. Чорны. Цёплымі аставаліся адны слёзы, ды і іх цеплыню.. [Лёдзя] адчувала не тварам, а далонямі. Карпаў. Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. // Цёплае паветра ад чаго‑н. нагрэтага, гарачага; больш-менш высокая тэмпература, якая выходзіць ад чаго‑н.; цёплае асяроддзе. Ад торбы [з печанай бульбай] ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок. Лынькоў. [Марына] адразу ж падхапілася, бо ўспомніла, што цеплыня — гэта ўжо вораг адмарожаным.. нагам. Лупсякоў. // Цёплае надвор’е; цёплы клімат. Тым часам цеплыня з кожным днём бралася ў большую сілу, вясна наступала напорыста і ўпэўнена. Краўчанка. Бук добра расце ў парнай цеплыні Калхіды. Самуйлёнак.

2. Адчуванне ўнутранага цяпла, унутранай сагрэтасці. Лабановіч чуе, як прыемная цеплыня разыходзіцца па целе, і яму зусім добра тут. Колас. Гарачун адчуў, што па целе ў яго хваляю разлілася цеплыня. Васілёнак.

3. перан. Дабрата, сардэчнасць; добрыя, шчырыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Нам не забыць навечна Цудоўнай дружбы дні, Сяброўскіх слоў сардэчных, Сяброўскай цеплыні. Кірэенка. Стары ветэран друку з цеплынёй успамінае свае сустрэчы з беларускім паэтам [М. Багдановічам]. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Узяць ад каго‑н. што‑н. перададзенае, перасланае. Атрымаць тэлеграму. Атрымаць падарунак. // Узяць грашовую ці якую іншую плату за працу, дзейнасць. Атрымаць зарплату. Атрымаць пенсію. // Аказацца ўзнагароджаным або пакараным. Атрымаць прэмію. Атрымаць ордэн. Атрымаць пяцёрку на экзамене. Атрымаць падзяку. Атрымаць папярэджанне. // Узяць на карыстанне. Атрымаць кватэру. Атрымаць новую машыну. // Пакарыстацца чыімі‑н. паслугамі. Атрымаць медыцынскую дапамогу. Атрымаць кансультацыю. Атрымаць параду. // Набыць якое‑н. званне, годнасць. Атрымаць ступень кандыдата навук. Атрымаць званне народнага паэта. Атрымаць назву. // Узяць на падставе папярэдняй дамоўленасці, згоды. Атрымацца спадчыне. Атрымаць у доўг. // Набыць папулярнасць. Атрымаць прызнанне. Атрымаць шырокую вядомасць. // Набыць якую‑н. якасць у выніку чаго‑н. Атрымаць добрае выхаванне. Атрымаць спецыяльнасць.

2. Прыняць да выканання. Атрымаць загад. Атрымаць заказ. // Набыць права на выкананне чаго‑н. Атрымаць згоду. Атрымаць дазвол. Атрымаць права. Атрымаць слова.

3. Дабіцца, дамагчыся чаго‑н. Атрымаць высокі ўраджай. Атрымаць вялікі надой малака. Атрымаць добрыя вынікі. Атрымаць перамогу. // Аказацца прызначаным куды‑н. Атрымаць пасаду. Атрымаць месца.

4. Здабыць, вынайсці што‑н. у працэсе пошукаў, даследаванняў. Атрымаць бялок хімічным шляхам. Атрымаць новае паліва.

5. Разм. Аказацца пабітым. Атрымаць па заслугах. Атрымаць па шыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца светлым або больш светлым. На шэрым небе цьмяна святлелі затуманеныя, буйныя зоры. Самуйлёнак. Ледзяныя ўзоры, здавалася, былі наліты крывёю — яны то святлелі, пераліваючыся расплаўленым золатам, то наліваліся густым барв[я]нцам. Лынькоў. // перан. Станавіцца радасным, прыветлівым. Але вось я заўважаю — [Вароніч] пачынае святлець, напружанасць яго спала, нарэшце з’явілася здагадлівая ўсмешка, і ён ужо, відаць разабраўшыся ў сім-тым, дачытваў апошнія радкі з выразам агіды і абурэння. Ракітны.

2. безас. Пра надыход раніцы, дня. Навокал святлела, адплывалі кудысьці ўверх апошнія прыцемкі ночы, па зямлі крочыла зімняе світанне. Бураўкін. Добрыя вярсты тры прайшоў Пракоп, калі ў полі пачало святлець, займацца на дзень. Колас. Бярэцца пад дзень. Святлее. Бядуля. // перан. Пра ўзнікненне радаснага, добрага, вясёлага настрою. Прыемна і цікава было бачыць, як за адну ноч усё раптам робіцца не такім, як учора, набывае новы выгляд, нібы аднаўляецца. Не дзіўна, што ад гэтага і ў душы святлее. Шамякін.

3. перан. Станавіцца больш ясным, ураўнаважаным (пра свядомасць, думкі і пад.). Але паступова думкі.. [Максіма] святлелі. Шамякін. / у безас. ужыв. І тут, мусіць ад напружання, у галаве раптам святлее. Карпюк.

4. Выдзяляцца сваім светлым колерам; віднецца. Недзе ўгары слаба святлела невялічкая адтуліна. Лынькоў. Адзенне пакамечанае, забруджанае, толькі дзе-нідзе святлелі жоўтыя кружочкі латаў. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)