пераста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак., звычайна з інф.

Спыніць якое‑н. дзеянне, выйсці з якога‑н. стану. Аркестр перастаў іграць, і пары пачалі выходзіць у парк. Скрыпка. Спіць хлопчык, як забіты, і кашляць перастаў. Гарэцкі. Камунізм перастаў быць толькі навуковай тэорыяй, ён выйшаў на прасторы рэвалюцыйнай практыкі. «Звязда». // Спыніцца, кончыцца (пра дождж, снег, вецер). Дождж перастаў на світанні, і хлопцы зараз жа пачалі рыхтавацца ў дарогу. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́дзед, ‑а, М ‑дзедзе, м.

1. Бацька дзеда або бабулі. Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Гарэцкі.

2. звычайна мн. (пра́дзеды, ‑аў). Продкі. Ад прадзедаў спакон вякоў Мне засталася спадчына; Паміж сваіх і чужакоў Яна мне ласкай матчынай. Купала. На вялікдзень звычайна ў госці не запрашалі, хто хацеў, прыходзіў сам. Такі быў звычай, заведзены дзядамі і прадзедамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Уздыхнуць на поўныя грудзі.

•••

Не прадыхнуць — а) пра духату, дрэнны пах, ад чаго цяжка дыхаць. Узімку — сцюжа дзьме, а ўлетку — ад духаты і смуроду не прадыхнуць. Гарэцкі; б) перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н. [Галя:] — Ведаеце, ён так не ў пару захварэў. Вось дома трэба сядзець, бюлетэнь выпісалі, а ў нас жа год канчаецца, работы гэтулькі, што не прадыхнуць. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скамаро́х, ‑а, м.

1. У Старажытнай Русі і ў пазнейшы час — вандроўны акцёр. Першае ўпамінанне аб скамарохах на Беларусі мы знаходзім у пропаведзях Кірылы Тураўскага (XIII стагоддзе). «Беларусь». Бацька, дзед і прадзед умелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Гарэцкі. Адна з найбольш маляўнічых карцін спектакля паказвае выступленне вандроўных скамарохаў. Няфёд.

2. Разм. зневаж. Пра чалавека, які пацяшае другіх сваімі камедыянцкімі, штукарскімі выхадкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спажы́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для яды, для спажывання. Спажыўныя расліны. □ Партызаны і насельніцтва невялічкага ўзвышша-вострава выбіралі ў балотах усё спажыўнае. Кавалёў.

2. Які змяшчае неабходныя для жыццядзейнасці арганізма рэчывы; пажыўны. Тры разы за гэты час малая гаспадыня клапатліва рыхліла зямлю, часта паіла сваю градку вадою і карміла ўсялякімі спажыўнымі харчамі. Якімовіч. Суп быў на касцях, з бульбаю і крупкаю, вельмі спажыўны і смачны. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шост, шаста, М шасце, м.

1. У спорце — спецыяльная бамбукавая ці пластмасавая жэрдка, якая выкарыстоўваецца ў якасці апоры для скачкоў у вышыню.

2. Доўгая тонкая палка ці жэрдка. На беразе нас ужо чакалі чаўны. На іх стаялі хлопцы з вёсламі і шастамі. Няхай. У зямлю быў уваткнут высокі шост, а на ім вісеў вялікі чырвоны сцяг. Гарэцкі.

•••

Шастом галавы (носа) не дастаць гл. дастаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ускідваць нагамі. З двароў выбягалі жарабкі, люта ржалі, выбіліся, брыкалі маладымі дужымі нагамі, нястрымна гойсалі па вуліцы. Хомчанка. // Бегаць, пабрыкваючы. Конь брыкае па агародзе. // Рабіць рэзкія рухі, дрыгаць нагамі. Пад палком брыкала ў саломцы цялё. Гарэцкі.

брыка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго.

Разм. Біць, удараць задняй нагой, заднімі нагамі (пра капытных жывёлін). Карова вельмі дачку любіла: Не брыкала яе, хвастом не біла. Бічэль-Загнетава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лямантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Моцна і працягла крычаць. — Ура, Таня! Ура! — лямантавалі дзяўчынкі, бегаючы па беразе. Скрыпка. — Лаві, лаві яго [зайца]! — лямантавалі хлопчыкі. Рылько. /Пра жывёл, птушак. Раз’юшаны сабака лямантаваў на падворку. Арочка.

2. Галасіць па кім‑н., над кім‑н.; моцна плакаць. Уся ў слязах, маці білася галавою аб падушку і лямантавала, як па нябожчыку. Карпаў. Бацька мой — у слёзы, крычаць гвалту, выбег на вуліцу, лямантуе. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́цце, ‑я, н.

1. Тое, што і сукенка. Як толькі падняліся ў паветра, танклявая сцюардэса ў чорным плацці з белым каўнерыкам абвясціла, што ляцець мы будзем высока. Скрыган. Вышэй сярэдняга росту, статная, яна была ў просценькім, але з добрым густам пашытым плацці. Васілевіч.

2. зб. Разм. Бялізна. [Бацька] пайшоў у званары за паўтраця рубля на месяц, званіў і вартаваў царкву.. Маці плацце людзям мыла і гароднае насенне прадавала. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Прывыкнуць да якога‑н. паху. Ад смуроду нельга было прадыхнуць, нягледзячы на сцюдзёную пару. Гэта варылі касцяную муку.. А людзі ўжо прынюхаліся, пахла ім талеркаю смачнага супу. Гарэцкі.

2. Старанна, уважліва панюхаць, імкнучыся распазнаць які‑н. пах. Пахла смажанай цыбуляй, гарачым салам і, калі добра прынюхацца, нават і рыбай. Брыль. — Прынюхайся. Ты нічога не чуеш? — запытаўся ў Васіля, які вадзіў коней. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)