то́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Частка печы або катла, дзе спальваюць паліва. Топка паравоза. □ Сюды [у залу] выходзілі топкі ўсіх трох грубак, што абагравалі спальню. Асіпенка. Васіль памагаў машыністу, паліў топку, — качагар з яго быў вельмі ўвішны і неспакойны. Мележ.

то́пка 2,

1. Прысл. да топкі ​2.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць балоцістага, багністага месца. На балоце вельмі топка, можна загрузнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

часо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які цягнецца, існуе ці з’яўляецца сапраўдным на працягу пэўнага перыяду; проціл. пастаянны. Часовы ўрад. Часовая работа. □ Падышоўшы да самага доміка, Васіль заўважыў, што гэтая часовая збудова ўсё ж намнога большая за Сымонаву кузню. Кулакоўскі. // Непастаянны, які хутка праходзіць, мінае. У апавяданнях Коласа бунты не выходзяць за межы адной вёскі, згуртаванасць сялян бывае часовай, як настрой, а не сталай і прадуманай, як арганізацыя. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсе́яцца, ‑сеюся, ‑сеемся, ‑сеецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аддзяліцца шляхам прасейвання. Вотруб’е адсеялася ад мукі.

2. Кончыць сяўбу. Платон усміхаецца: «Во адсеемся, тады на цэлы тыдзень вазьму адгул». Асіпенка. // Перастаць сеяць па якой‑н. прычыне. [Корбут:] — Адсеяўся я, Васіль... Цяпер буду сядзець тут на беразе з вудаю... Савіцкі.

3. перан. Выбыць з ліку, складу чаго‑н. [Кавалеўскі:] — Я праглядаў вашы зводкі. У вас адсеялася тысяча семсот чалавек. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкусі́ць, ‑купіў, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што. Прышчаміць, наравіць зубамі (сваю губу, язык, шчаку). [Міхалючок] сцішыўся на Мікуцёвых руках, але Мікуць убачыў, як ён ад гэтага моцна сцяў зубы, аж прыкусіў губу. Чорны. // Заціснуць зубамі. Прыкусіўшы папяросу, маўчаў і Васіль. Шашкоў. Наташа пакрыўджана прыкусіла губу, на вачах у яе выступілі слёзы. Краўчанка.

2. чаго і без дап. Разм. Закусіць. [Лабыш:] — Пня, паглядзі прыкусіць чаго. Козел.

•••

Прыкусіць язык — раптоўна замаўчаць, устрымацца ад выказвання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шляхе́цтва, ‑а, н.

1. Тое, што і шляхта. Не толькі ў Віркуцці, але і шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей. Колас. // Прыналежнасць да шляхты. [Сяргей:] — Эх, Васіль! Шляхецтва гэтае і бацькоў нашых атруціла і ў нас атруты ўліло... Чарнышэвіч.

2. Назва дваранства, пашыраная ў Расіі першай паловы 18 ст.

[Польск. szlachectwo.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эгаісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эгаізму, да эгаіста, уласцівы ім. [Веля:] — Жорсткі ты [Яўген], эгаістычны... Малыя дзеці ў хаце, а ты такое кажаш. Пасаромся!.. Савіцкі. // Прасякнуты эгаізмам. [Ісцец:] — Гэта чалавек, які пакалечыў маё жыццё з эгаістычнымі мэтамі. «Маладосць». [Надзя:] — Васіль... Зразумей, трэба знайсці нейкі выхад. Нельга быць такім эгаістам... Ты зусім не думаеш, што будзе са мной... — Эгаістам?.. Гэта было больш, чым недарэчна. Што эгаістычнага вынікала з маіх паводзін?.. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

Разм. Сварыцца, лаяцца, спрачацца з кім‑н. Хоць віном, а не вадзіцай Поіш мяне, сваціца, — Не хачу з табой вадзіцца, Бо ты любіш вадзіцца. Гілевіч.

вадзі́цца, ваджу́ся, во́дзішся, во́дзіцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць, жыць (пра жывёл, птушак і пад.). Вадзіліся ў гэтым лесе мядзведзі, ласі і нават такі драпежны звер, як рысь. Лупсякоў. На гарышчы валаснога будынка вадзілася многа кажаноў. Лобан. // Быць у наяўнасці. У хаце не толькі не вадзіўся хлеб, але гадамі не было солі. Дуброўскі.

2. безас. Быць звычаем, правілам. [Суседка] прынесла паўбохана.. хлеба і для прыстойнасці, як гэта водзіцца ў час праводзін, засталася ў хаце. Ракітны.

3. з кім. Разм. Мець справу, сябраваць. [Маці:] — Васіль абы каго не пашле. Васіль абы з кім вадзіцца не будзе... Няхай.

4. Разм. Доўга і беспаспяхова змагацца з кім‑н. Вось-вось-вось ён ляжа, здэцца, Але пнецца — не здаецца. Так вадзіліся яны Цэлу ноч, як певуны. Крапіва. [Пятрок і Кузьма] браліся загрудкі, доўга вадзіліся, саплі і, нарэшце, так і разыходзіліся. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыглу́хнуць, ‑не; пр. прыглух, ‑ла; зак.

1. Стаць менш чутным, прыціхнуць. Гоман прыглух. □ Макарка і Лёнік пастаялі яшчэ трохі, пакуль адышоўся трактар і прыглух яго шум. Колас. // Спыніць дзеянне (пра матор). Васіль ужо быў павярнуўся і хацеў ісці, як раптам матор экскаватара зноў прыглух, і ён пачуў голас Алеся: — Гэй, Вася! Краўчанка.

2. перан. Аслабець, зменшыцца. [Зыбін] адчуваў сябе добра, і думкі пра зварот у Тагіл зноў адышлі кудысьці далей, прыціхлі, прыглухлі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыцмо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Цмокнуць губамі, языком, звычайна выказваючы якое‑н. пачуццё (здзіўленне, задавальненне, злосць і інш.). Апранаючыся, .. [Чыжык] агледзеў свае гамашы, здзіўлена прыцмокнуў языком. Лупсякоў. — Ты праўду кажаш. З Рыгора можа быць талковы брыгадзір, але... — тут Васіль прыцмокнуў языком. Арочка.

2. Цмокнуць, прымушаючы каня ісці. Старшыня ўзяўся за лейцы, зычна прыцмокнуў. Якімовіч. І я тут не адгаварыўся, усе разам кінулі мяне ў вазок на гарохавінне, і Алесь прыцмокнуў на каня. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смуткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

1. Гараваць з прычыны чыёй‑н. смерці. Мы б хацелі, Каб чулі яны [загінуўшыя героі], Як смуткуе радзіма над імі! Броўка.

2. Перажываць смутак; сумаваць, журыцца. Сохне і смуткуе хлопец лета, Неспакой, трывога на душы: — Разлюбіла? Не, не веру ў гэта, Шле лісты і просіць: — Адкажы. Прануза. // Засмучацца, бедаваць. Думаючы пра ўсё гэта, Васіль хоць і смуткаваў у душы, што Усцю не застаў дома.., аднак іншы раз адчуваў задавальненне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)