конь, каня́; мн. ко́ні (з ліч. 2, 3, 4 кані́), ‑ей; м.

1. Буйная свойская аднакапытная жывёліна, якая выкарыстоўваецца для перавозкі людзей і грузаў, а таксама для верхавой язды. Запрагаць каня. Верхавы конь. Ехаць на кані. // Пакладаны самец гэтай жывёліны.

2. Шахматная фігура з галавой каня. Хадзіць канём.

3. Абабіты скурай брус на чатырох ножках для гімнастычных практыкаванняў. Практыкаванні на кані.

•••

Арабскі конь — адна з лепшых парод верхавых коней.

Быў конь, ды з’ездзіўся — тое, што і была кабылка, ды з’ездзілася (гл. кабылка).

На кані і пад канём — у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць, пабываць і пад.).

Ні па кані, ні па аглоблях — не так, як хацелася (выйшла, атрымалася і пад.).

Па конях! — кавалерыйская каманда для пасадкі на коней.

Траянскі конь — ашуканства, падманныя дзеянні (са старажытнагрэчаскага падання аб узяцці Троі з дапамогай вялікага драўлянага каня, у сярэдзіне якога былі схаваны воіны).

Ход канём гл. ход.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скат 1, ‑а, М скаце, м.

Спец. Камплект кол для воза, вагона, паравоза. — Давай работу, давай! — жартаўліва кінуў .. [Багуцкі] групе рабочых, якія мянялі паравозныя скаты. Лынькоў. // Кола аўтамабіля, а таксама камплект гумавых дэталей аўтамабільнага кола. Машына была нібы і цэлая, але на ёй не было капота, радыятара і стаяла яна значна ніжэй, чым раней, бо скаты былі прастрэлены. Кулакоўскі. Шафёр .. паказаў на задні скат — ён асеў: спусціла камера. Сачанка.

скат 2, ‑а, М скаце, м.

Буйная драпежная марская рыба атрада акулападобных з пляскатым целам і вострым хвастом.

•••

Электрычны скат — скат, у якога на галаве размешчаны органы, што ўтвараюць электрычным разрады.

[Скандынаўскае skata.]

скат 3, ‑а, М скаце, м.

1. Разм. Пакаты спуск. Па скатах пясчаных узгоркаў На Нарачы бераг ідуць рыбакі. Танк. Назва Высокі Бераг добра перадае выгляд берага Нёмана з высокім пясчаныя, скатам. С. Александровіч.

2. Спец. Нахільная падземная горкая выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску руды або пустой пароды самацёкам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э́ра, ‑ы, ж.

1. Рэальная або легендарная падзея, ад якой вядзецца летазлічэнне, а таксама адпаведная сістэма летазлічэння. Новая, або наша, эра ўмоўна пачынаецца з даты нараджэння міфічнага Ісуса Хрыста. □ [Андрэй Міхайлавіч:] — Ужо ў V веку да нашай эры пісаў пра Калхіду Гіпакрат. Самуйлёнак.

2. Вялікі гістарычны перыяд, які карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдняга. І на трыбуну — насцеж дзверы! — Пад грамавы гвардзейскі кліч Жаданым сонцам новай эры Упэўнена ўзышоў Ільіч. Смагаровіч. Гэта [паэзія Маякоўскага] вялікая скарбніца ідэй, вобразаў і пачуццяў, сацыяльная і мастацкая прырода якіх звязана з новай эрай гісторыі чалавецтва — эрай сацыялістычнай рэвалюцыі і будаўніцтва камунізма. «Беларусь».

3. Буйная адзінка храналагічнага падзелу геалагічнай гісторыі Зямлі. Эры падзяляюцца на перыяды, а перыяды — на эпохі.

•••

Архейская (азойская) эра — самая старажытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Кайназойская эра — навейшая эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Мезазойская эра — сярэдняя эра між палеазойскай і кайназойскай у геалагічнай гісторыі Зямлі.

Палеазойская эра — эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая папярэднічае мезазойскай.

Эазойская эра — другая найстаражытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

[Лац. aera.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Конь1буйная свойская аднакапытная жывёліна’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк.), ’здаровы высокі мужчына’ (Мат. Маг.). Укр. кінь, рус. конь, ст.-рус. конь ’тс’, ст.-слав. конь, балг. кон, серб.-харв. ко̏њ, славен. kònj ’тс’, польск. koń, чэш. kuň, славац. koň, в.-луж. kóń, н.-луж. koń ’тс’. Прасл. konь. Мы выводзім у адпаведнасці з этымалогіяй Левянталя (KZ, 47, 146) з прасл. komonь (ст.-рус. комонь ’баявы конь’), які адносіцца разам з ст.-прус. camnet ’тс’ да аднаго гнязда з літ. kãmanas ’аброць’, kamanuóti ’кілзаць’. Такім чынам, можна рэканструяваць *kamanas asvas ’закілзаны конь’ (= прасл. *komonъ osъ). Апошні ў выніку семантычнай кандэнсацыі даў komonь (Мартынаў, Изоглоссы, 21; Мартынаў, Язык, 71). Аналагічна тлумачыцца ст.-прус. camnet, які ад *kamnētas russis ’закілзаны конь’ (Тапароў, I–K, 193). Суфіксацыя старажытнарускага слова, яго супастаўленне з прасл. komonь даюць падставы для рэканструкцыі зыходнай формы *kamn‑, як супастаўленне komonь з літ. kãmanas для *kaman‑. Ад гэтых асноў рэгулярна ўтвараецца адыменны назоўнік якасці на ‑is *kamnis/*kamanis (як літ. júodas ’чорны’ > júodis ’вараны конь’). Форма *kamanis дала на славянскай моўнай глебе рэфлексацыю komonь, форма *kamnis*komnь > konь. Іншыя этымалагічныя версіі неверагодныя: konь < *kobnь (Фасмер, ZfSlPh, 9, 111; Брукнер, 253–254), konь < *skopnь (Машынскі, Pierw., 235), konь < кельт. *konkos ’скакун’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 197). Параўн. яшчэ Баль, SPKOK PAN, 20, 2, 334–335.

Конь2 ’слуп, драўляная апора’ (Хар., Нік. Очерки). Гл. конь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цудо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца цудам (у 1 знач.), робіць цуды (у 1 знач.). І стаў Іванка.. на цудоўнай дудцы іграць. Якімовіч.

2. Вельмі добры; выдатны, адмысловы. Цудоўны будынак. Цудоўнае надвор’е. □ На дварэ была цудоўная летняя ноч. Чарнышэвіч. // Які вылучаецца высокім майстэрствам, незвычайным талентам. [Клава:] — Я ўпэўнена, што .. [Праменны] цудоўны паэт, а вы [Язва] яму зайздросціць. Крапіва. // Вельмі добры па характару, паводзінах і пад. (пра чалавека). — Дарэчы, яна не раўнуе, што ты бываеш... у мяне? — Здаецца, не. — Мне таксама здаецца, што не. Твая Люся — цудоўная жанчына. Разумніца. Светлая галава. Васілёнак. [Аня:] — Каб вы [Казанцаў] ведалі, які цудоўны чалавек мой муж! Васілевіч.

3. Незвычайна прыгожы; маляўнічы. У Веры Засуліч цудоўныя пышныя валасы цёмна-каштанавага колеру. Зарэцкі. Струменьчык вады.. пераліваецца цудоўнай вясёлкай. Даніленка. // Цікавы, захапляючы. Цудоўная казка зноў захапіла ўяўленне хлопчыка. Шыловіч.

4. Прыемны; дзіўны. Цудоўны водар. □ Цудоўны пах расцвітаючых ліп ліўся з парку. Чарнышэвіч. // Мілагучны (пра голас, гукі). Цудоўны голас. Цудоўныя спевы. □ Я сяджу на высокім узгорку і слухаю гэтую цудоўную сімфонію вясны. Ігнаценка.

5. Небывалы, нябачаны. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

6. Жыватворны, цудадзейны. Хто спеў хоча скласці такі, Каб песня душу акрыляла, — Напіся з цудоўнай ракі: Рака гэта Янка Купала. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.

2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.

3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.

4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скаці́на ‘чатырохногая сельскагаспадарчая жывёла’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘свойская жывёла’ (ЛА, 1; Нас., Касп., Бяльк., Сержп. Прык.), скоці́на ‘жывёла’, ‘грубы, бяздушны чалавек’ (ТС), скот ‘тс’ (Мат., Бяльк.; в.-дзв., лід., пух., Сл. ПЗБ; Ян.), скаці́на, скот лаянк. ‘погань, падла, хамула’ (Ласт.). Ст.-бел. скотина (XVI ст., Скарына), скоть кравїи и ѡсвечьи (Альтбаўэр); апошняе, паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 213), было карэлятам слова быдло, гл. укр., рус. скот, скоти́на, ст.-рус. скотъ ‘скаціна; маёмасць’, ‘грошы, падатак’, скотьніца ‘казна’, ст.-польск. skot ‘скаціна’, в.-луж., н.-луж. skót ‘тс’, чэш. skotбуйная рагатая жывёла’, серб.-харв. ско̏т, славен. skòt ‘дзіцяня жывёліны, прыплод’ і skotína ‘гной, кал жывёлы’, балг. скот ‘скаціна’, ст.-слав. скотъ, ‘скаціна, маёмасць, грошы; жывая істота’. Прасл. *skotъ. Адна з асноўных версій — запазычанне з германскіх моў з прычыны адсутнасці, як лічылі, надзейных сувязей на славянскай глебе. Параўноўвалі з гоц. skatts ‘манета’, ст.-ісл. stattz ‘падатак’, ст.-сакс. skot ‘манета; маёмасць’, ст.-в.-ням. scaz ‘манета’, нова-в.-ням. Schatz ‘скарб’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 186 і наст.; Фасмер, 3, 655. Аднак германская лексічная група таксама не мае надзейнай этымалогіі; да таго ж славянскае слова захавала больш старое значэнне ‘статак’, у герм. толькі ст.-фрыз. sket ‘грошы, статак’, што дало падставы бачыць у германскіх мовах запазычанне з славянскага, гл., напр., Праабражэнскі, 2, 310; Брукнер, AfslPh, 23, 626; таксама Ільінскі (РФВ, 73, 283 і наст.), які звязваў *skotъ чаргаваннем галосных з шчацінне (гл.). Супраць па фанетычных прычынах Фасмер (там жа) з-за немагчымасці вытлумачыць герм. tt у гэтым выпадку. Пераважаюць версіі славянскага паходжання: Мартынаў (Лекс. взаим., 183 і наст.: славянскае пранікненне ў прагерманскую); Жураўлёў (Этимология–1981, 38–44), Шустар-Шэўц (1297) — ад *kotiti se ‘нараджаць (аб жывёлах)’ з s‑рухомым або прыставачным з развіццём значэння ‘нараджаць (дзіцянят)’ — ‘дзіцяня’ — ‘маладая жывёліна’ — ‘скаціна’. Агляд версій гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 99 і наст. Станкевіч (Зб. Унбегаўну, 222) прапанаваў вывядзенне *skotъ < *skop‑tъ, што да *skopiti (гл. скапец2) і тлумачыць гемінацыю t у прагерманскім skatta ‘статак, маёмасць’. Крытыку гэтай этымалогіі гл. Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 18 (“сохранение узкой технической конкретики в обобщенном наименовании не представляется вероятным”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

я́драны, ‑ая, ‑ае.

1. З буйным спелым ядром. У старых хвоях ёсць такія ўтульныя дуплы, што можна назапасіць сухіх ядраных арэхаў на дзве зімы. Кандрусевіч.

2. Буйны, пруткі, сакавіты (пра зелень, плады і пад.). Такароўшчына славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным. Бядуля. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

3. Здаровы, моцны, мажны (пра чалавека). Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі. Гартны.

4. Свежы, халаднаваты, падбадзёрлівы (пра паветра, надвор’е). У пакой рынула ядранае марознае паветра — на дварэ панавала зіма, быў пачатак снежня. Васілёнак. / Пра ноч, раніцу і пад. Ноч была халодная, ядраная, як заўсёды бывае пасля жніва. Лынькоў. А жнівеньскія ночы былі ўжо ядраныя, асабліва пад раніцу. Сабаленка.

5. Грубаваты, але яркі і выразны; салёны (пра слова, мову і пад.). Лаянка яго [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю, рассыпаецца круглымі ядранымі словамі пад парасонамі высозных вязаў і ліп. Колас. Лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з .. [дзедавых] вуснаў. Бядуля. // Чысты, гучны (пра голас, гукі і пад.). — Во, во, — ядраным смехам падхапіў Мяжэнны. Гроднеў. У гэтым месцы і днём і вечарам было рэха — ядранае і чыстае. Пташнікаў.

6. Вельмі моцны, надзвычайны (па ступені праяўлення сваіх якасцей). Вось паволі ўсплывала ў памяці аблітая месячным святлом таполя, а вось нібыта Марына схілілася да Васіля, і такі яркі за вуліцай выган у маладым і ядраным бляску. М. Стральцоў. Яму прыемна было тут гэтак, як некалі, піць ядранае пітво, мелькам праглядаць газету. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Недастаткова густы, вадзяністы. Рэдкі кісель. Рэдкая страва. Рэдкая смятана.

2. Які складаецца з аднародных прадметаў, часцінак, размешчаных не блізка адзін ад другога. На кіламетраў шэсць цягнуўся .. рэдкі лес, у якім хвоя ад хвоі стаяла на метраў пяцьдзесят ці часам сто. Чорны. Трохі .. [барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў. // Размешчаны далёка адзін ад другога. Рэдкія ліхтары асвятлялі вуліцу. Гартны. [Азорыч:] З табою мы прайшлі З Барысава семнаццаць кіламетраў — І хоць бы дзе адна буйная часць! Разведка толькі, рэдкія заставы... Глебка. Нейкі час ехалі моўчкі. Лес парадзеў, стала святлей. У прасветліны відаць было неба з рэдкімі зоркамі. Асіпенка. // Не шчыльна сатканы або сплецены. Рэдкі невад. Рэдкі кошык. □ Праз рэдкую тканіну на вокнах пранізваецца ранішні водсвет. Бядуля.

3. Не густы (пра туман і пад.). Першы туман, лёгкі і рэдкі, як пара над гаршком, пачаў ўздымацца над рэчкаю, гусцець і большаць. Мурашка. // Не насычаны, разрэджаны (пра паветра, святло і пад.). Рэдкае святло. □ Мацей прынёс з-пад паветкі бярэмца дроў, пакідаў іх у рэдкі душок астылай печы. М. Стральцоў.

4. Які адбываецца праз вялікія прамежкі часу, бывае не часта. Цімох не любіў кампаніі і стараўся меней стыкацца з пастухамі. А калі і бывалі спатканні з імі, то вельмі рэдкія і выпадковыя. Колас. Недзе чуваць былі рэдкія выбухі. Дамашэвіч.

5. Які не часта сустракаецца, незвычайны. Там ужо заўважылі .. [кітоў] і згуртаваліся ля варта, каб падзівіцца на такіх рэдкіх, незвычайных марскіх жыхароў. Маўр. [Мікалай] добра разумеў, што гэта вельмі рэдкая выпадковасць — сустрэць таго, каго шукаеш на такім фронце, у мільённым натоўпе палонных. Шамякін. // Выдатны, выключны па сваіх якасцях. — Дык пан добра знае пана Турсевіча? — спытала пані падлоўчая: — Ах, які гэта быў рэдкі чалавек! — Зад на яна. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

край 1, ‑ю, м.

1. Канечная лінія, якая абмяжоўвае якую‑н. паверхню, а таксама частка паверхні, што прылягае да гэтай лініі. Край стала. Край неба. □ Маша падышла, села на край ложка, палажыла руку на яго [Васілёву] галаву. Шамякін. Сымон Карызна выйшаў наперад, на самы край сцэны. Зарэцкі. / Пра канечную частку адзення, матэрыі і пад. Абрубіць краі хусцінкі. □ Даўгі бабчын андарак цягнуўся краем па падлозе. Мележ. // Самая аддаленая ад цэнтра частка чаго‑н.; ускраіна. Дом, дзе жыў Міхалка, стаяў на краі горада. Колас. Будынак урачэбнага ўчастка стаяў на краі вёскі. Шамякін. // Верхні абрэз сценак пасудзіны; верх якога‑н. паглыблення. Да самых краёў сырадой Запеніцца ў звонкай даёнцы. Аўрамчык. Калі [Зося] пачала піць, зубы дробна застукалі аб край шклянкі. Хомчанка.

2. Вобласць, мясцовасць, што вылучаюцца па якой‑н. характэрнай прымеце. Палескі край. Партызанскі край. Родны край. □ Паўночную частку Беларусі .. называюць краем блакітных азёр. В. Вольскі.

3. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Краснаярскі край, Прыморскі край.

•••

Пярэдні край — першая лінія размяшчэння агнявых пазіцый пяхоты ў раёне баявых дзеянняў.

Біць (ліцца) цераз край гл. біць.

З краю ў край; з краю да краю; ад краю да краю — па ўсіх напрамках, з канца ў канец.

Канца-краю не відаць (няма) гл. відаць.

Краем вока — мімаходам, вельмі кароткі час (бачыць каго‑, што‑н.).

Краем вуха — а) выпадкова, мімаходам (чуць пра каго‑, што‑н.); б) няўважліва, урыўкамі (слухаць каго‑н.).

Край свету — вельмі далёка.

Мая хата з краю гл. хата.

На краі гібелі (магілы) — у непасрэднай блізкасці са смяртэльнай небяспекай (быць, знаходзіцца і пад.).

На краі свету (зямлі) — дзе‑н. вельмі далёка.

На край свету — куды‑н. вельмі далёка, абы-куды (пайсці, пабегчы і пад.).

Непачаты край чаго — вельмі многа, без ліку. Непачаты край работы.

Хапіць цераз край гл. хапіць.

Цераз край — у вялікай колькасці, з лішкам. А хараства, а пекнаты — аж цераз самы край бывала. Дубоўка.

край 2, прыназ. з Р.

Разм. Каля, ускрай. Сядзець край стала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)