асы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.

1. Абсыпаць з усіх бакоў чым‑н.; пакрыць усяго слоем чаго‑н. сыпучага. Тут вясна асыпала ўсё цветам. Танк.

2. Скінуць лісце, пялёсткі, іголкі і пад.; агаліцца. Асыпаў сад свае пялёсткі.

3. перан.; чым. Шчодра, багата абдарыць чым‑н.; накіраваць на каго‑н. што‑н. у мностве. Асыпаць пахваламі. □ — Тады... я не пайду. Зусім не пайду! — Сказала [Макрына], мяркуючы асыпаць Яўгена іскрамі злосці. Баранавых.

4. безас. Разм. Пакрыць высыпкай, абкідаць (губы, рот, цела).

асыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да асы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

добраахво́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які робіцца па ўласнаму жаданню, па сваёй воля, без прымусу. Добраахвотная згода. Добраахвотная справа. □ Лукаш, зразумела, праходзіўся па дварах, збіраў статак і браў добраахвотныя падаткі. Колас. Варакса даглядала курэй. Гэта была яе добраахвотная праца, бо была Варакса па-за сваімі рабочымі гадамі. Баранавых. // Які прыняў на сябе якія‑н. абавязкі па ўласнаму жаданню, без прымусу. [Маша] была не толькі лепшай аперацыйнай сястрой, але і яго [Яраша] добраахвотным сакратаром. Шамякін.

2. Заснаваны на прынцыпе самадзейнасці мас. Добраахвотная народная дружына. Добраахвотнае спартыўнае таварыства. Добраахвотная пажарная ахова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разрасці́ся, ‑расцецца; пр. разросся, ‑раслася, ‑лося; зак.

1. У выніку росту стаць большым, гусцейшым, захапіць больш месца. Цяпер ліпы разрасліся так густа, што здалёку здаваліся адным суцэльным гаем. Якімовіч. [Макрына:] — А надвячоркам пасадзім капусту. Пара садзіць — разраслася расада, пачынае старэць. Баранавых.

2. Стаць большым па велічыні, па колькасці. Увесь пасёлак разросся, абзеляніўся і нагадвае далекаваты прыгарад. Кулакоўскі. За апошнія гады горад разросся, і былая ўскраіна ўпрыгожылася вялізнымі шматпавярховымі дамамі. Пальчэўскі. // Стаць мацнейшым па праяўленню. Гучаў недзе і голас сумнення, але Мікалай не даваў яму разрасціся. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стог, ‑а, м.

1. Вялікая капа сена, саломы. Вось збяром мы травы Сонечнымі днямі І лугі заставім Свежымі стагамі. Астрэйка. На .. [сенажаці] там-сям стаялі ўжо стагі, густа былі раскіданы копы і ляжала яшчэ не згрэбенае, але ўжо парыжэлае сена. Чарнышэвіч. Нібыта шлем зялёны волата, За рэчкай адзінокі стог. Смагаровіч. [Косцік] зрабіў пару ў стозе сена на Белай градзе і там начуе. Баранавых.

2. Разм. Тое, што і стос (у 2 знач.). Стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар. Бядуля.

•••

Як іголка ў стозе сена гл. іголка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. Натачыць, навастрыць. А каса пад мянташкаю просіцца: «Патачы ты мяне, паганы. Заблішчу я навостранай просінню. І цябе не змару да начы». Свірка.

2. Натачыць, навастрыць усё, многае. Патачыць усе нажы.

3. і без дап. Тачыць некаторы час. Патачыць мінут дзесяць.

патачы́ць 2, ‑точыць; зак., што.

1. Пагрызці, падзіравіць усё, многае (пра моль, чарвякоў і пад.). Дзверы ў шафе патачыў шашаль... Баранавых. Дрэва патачыў чарвяк, на хаты яно лонаўцам не згадзілася. Пташнікаў.

2. Тачыць некаторы час (пра моль, чарвякоў і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́рчыць і ко́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. звычайна безас. Балюча зводзіць мышцы цела. Яго ўсяго курчыць. □ Будзе хвароба іх цела корчыць. Куляшоў. // перан. Разм. Выклікаць вельмі непрыемныя пачуцці. Калі .. [Сцяпан] чуў у хаце слова «млын» — яго адразу пачынала курчыць. Ракітны.

2. Згінаць, падгінаць. Ногі мае босыя, і я ад роснай золкасці, ідучы, курчу на нагах пальцы. Баранавых.

3. (корчыць); каго. Разм. Прыкідвацца кім‑н., строіць з сябе каго‑н. Уладусь корчыў з сябе шляхціца. Чарнышэвіч. [Арэхаў] быў мацнейшы, больш загартаваны і ўвесь час стараўся корчыць з сябе інтэлігента. Няхай.

•••

Лодара корчыць — гуляць, бяздзейнічаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гру́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Масіўны, цяжкі. Грузны стол. □ Пыл шэраю хмараю валіць З-пад грузных машын у бакі. Калачынскі. Нівы пладавітыя Шэпчуць грузным коласам. Глебка. // Тоўсты, непаваротлівы (часцей пра чалавека, яго цела). Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з бледным прыпухлым.. тварам. Ракітны. Грузны, камлюкаваты Валак, па-старэчы цяжка перавальваючыся, тупае да грубкі. Васілевіч. // Цяжкі, марудны (пра крок, паходку і пад.).

2. Цяжка нагружаны. Я ўбачыў здалёк два вокі, і гэта быў поезд. Ён соп, калі падыходзіў, вельмі ж сярдзіта. І такі ж грузны, чорны ўвесь, як тоўстая вужака. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапята́цца, ‑пячуся, ‑печашся, ‑пачацца; незак.

1. Тое, што і трапятаць (у 1, 2 знач.). Пушысты звярок трапятаўся ў яго руках, бо хлапец, мусіць, душыў яго за горла. Самуйлёнак. У руках [Нічыпар] нёс кацялок з плоткамі. Яны трапяталіся ў вадзе, плёхаліся, як малыя дзеці. Баранавых.

2. перан. Старацца, намагацца рабіць што‑н. [Карызна] трапечацца, напінаецца ў адчайных патугах, і яму часам нібы ўдаецца на момант расхінуць праклятае вязьмо. Зарэцкі. // Супраціўляцца. Глядзіць Грамабой, як нудзіцца Яначка .. Няхай натоміцца Яначка, лягчэй тады Грамабою будзе ўзяць яго сваімі заграбастымі рукамі. Не так трапятацца будзе. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымайстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разм.

1. Прымацаваць да чаго‑н., злучыць з чым‑н. [Джвучка] прымайстраваў сам у кузні да перадка бочку і праклаў ад кароўніка ля плота дарогу да моста. Пташнікаў. Нешта, відаць, перашкодзіла Даміру прымайстраваць партрэт да сцяны! Асіпенка.

2. Размясціць, палажыць, паставіць дзе‑н. Я на выпадак бою ямчэй прымайстраваў за плячамі рацыю. Няхай. Звязаўшы ўсё гэта [адзежу], прымайстраваў за плечы і асцярожна ўвайшоў у ваду. Скрыпка.

3. Прыладзіць, прыстасаваць якім‑н. чынам. Мне здаецца, калі б прымайстраваць нашы калёсы на гэткія гладкія рэйкі, яны б каціліся. Баранавых. [Сабяга] ніяк не мог прымайстраваць, каб толькі да сябе.. [дзверы] адчыняць. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пісто́н, ‑а, м.

1. Невялікі металічны каўпачок у ружэйных патронах або снарадах з выбуховым рэчывам, якое ўзрываецца ад удару. Развязаўшы дрот і дастаўшы капшук з порахам і пістонамі, дзед з Міколкам рушылі ў паход. Лынькоў. // Склееныя па краях два невялікія кружочкі паперы з порахам унутры для цацачных ружжаў і пісталетаў. Агульнымі сродкамі мы здабывалі порах, папяровыя пістоны. Бядуля.

2. Круглая металічная аправа, механічна прымацаваная да дзірачак у скуры, картоне і пад., якія зроблены для зацягвання шнуркоў. На левай назе парваны шнурок: ён звязаны, і яго вузел тырчыць паміж пістонаў вялікаю бародаўкаю. Баранавых.

3. Спец. Клапан у музычным медным духавым інструменце.

[Фр. piston.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)