папа́сціся, ‑падуся, ‑падзешся, ‑падзецца; ‑падзёмся, ‑падзяцеся; пр. папаўся, ‑палася; заг. пападзіся; зак.

1. Апынуцца ў якіх‑н. абставінах, умовах (звычайна непрыемных). — Нічога цяпер не паробіш... — ідучы за Віктарам, вінавата гаварыў Іван. — Прыйдзецца ўсё аднесці дырэктару. Прыходзь вечарам да мяне... — Няма дурных, — сказаў Віктар.. — Сам папаўся, сам і выкручвайся. Васілёнак. — Куды [едзем]? — перапытаў Барыс і ўхмыльнуўся. — Папаўся ты, брат. Едзем мы на свята песні, ведаеш такое? Жычка.

2. Быць схопленым, злоўленым на чым‑н., выкрытым у чым‑н. — Я тут табе лістоўкі перадам, — панізіла голас Алаіза.. — Ты зможаш раздаць рабочым?.. Толькі асцярожна, каб не папаўся. Арабей. — Што, на кражы папаўся? — спытаў [капітан] у паставога міліцыянера. Паставы далажыў аб здарэнні. Капітан слухаў уважліва, сяды-тады паглядаючы на Віцю. Якімовіч. // Быць затрыманым, сустрэтым з намерам выкрыць што‑н., паквітацца за што‑н. і пад. — А-а, фашысты, папаліся! — злосна працадзіў праз зубы Барыс і доўгай чаргой секануў па казарме. М. Ткачоў. // Быць злоўленым (пра жывёл). Мужчыны ціха падводзяць сетку пад бераг і топчуць. Вось папаўся першы шчупак. Невялічкі, але для пачатку няблага. Жычка.

3. Сустрэцца, знайсціся; трапіцца. І зноў папаліся лісічкі — раз, другі, а потым у бярэзніку.. знайшоў я абабак і брылястыя чырвоныя сыраежкі. М. Стральцоў. Нам, што б там ні было, трэба сёння дабрацца да Закружнага. Аўтобус мы празявалі, а выпадковых машын не папалася. Пянкрат.

•••

Папасціся (трапіць) на вочы (вока) каму — з’явіцца ў полі зроку каго‑н., нечакана ўбачыць, сустрэць каго‑н.

Папасціся (трапіць) на вудачку — даць магчымасць падмануць, ашукаць, правесці сябе.

Папасціся на язык каму — стаць прадметам размоў, абмеркавання. Пападзіся цяпер [Марозу] на язык які Шэмет — жартачкамі душу выняў бы. Лобан.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму — апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму — а) апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.; б) быць злоўленым, схопленым кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Штуршком, махам перамясціцца цераз каго‑, што‑н. куды‑н. Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара пана падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Колас. Перакінуліся на той бок высачэзнага плота адзін за другім тры цені. Васілевіч.

2. Хутка перайсці, распаўсюдзіцца на што‑н. Пажар абняў адразу паўсяла. Ён перакінуўся на гумны, на сады. Танк. Але вецер дзьмуў у напрамку дома, і полымя з хвіліны на хвіліну магло перакінуцца і на яго. Васілёнак. У кастрычніку 1905 года пачалася стачка на чыгунцы, пасля перакінулася на фабрыкі і заводы. С. Александровіч.

3. перан. Разм. Перайсці на чый‑н. бок, стаць прыхільнікам каго‑, чаго‑н. іншага. Перакінуцца ў лагер рэакцыі. □ Потым Фабіян перакінуўся да нямецкіх фашыстаў і служыў ім з сабачай адданасцю. Новікаў.

4. Хутка і ў кароткі тэрмін перамясціцца на другое месца. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з.. [Заходняга] фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. // Разм. Перайсці да іншай тэмы гутаркі, размовы. [Вера Андрэеўна] бачыла, што спрэчка перакінулася на іншае, адышла ад галоўнага, што так хвалявала яе. Арабей.

5. Быць пакладзеным упоперак чаго‑н. для праезду, пераходу. Праз ручаёк.. перакінуўся мосцік. Скрыган. // перан. Пралегчы цераз што‑н. Цераз раку перакінуўся доўгі, крывы цень вярбы. Асіпенка.

6. чым. Кінуць што‑н. адзін другому. Перакінуцца мячыкам. // перан. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: адказаць на чый‑н. зварот, дзеянне падобным дзеяннем, абмяняцца (словамі, поглядам і пад.). Перакінуцца жартамі. Перакінуцца словамі. // у што. Разм. Згуляць з кім‑н. (у карты, лато і пад.).

7. Разм. Перакуліцца, перавярнуцца на процілеглы бок. Воз перакінуўся ў канаву. Нахіліўся човен і перакінуўся ўверх дном.

8. у каго-што. У казках — ператварыцца пры дапамозе чараў у каго‑, што‑н.; перавярнуцца. Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́яцца, ба́ецца; незак.

Зал. да баяць (у 1 знач.).

бая́цца, баю́ся, баі́шся, баі́цца; незак.

1. Адчуваць страх; апасацца каго‑, чаго‑н. [Спаткай:] — Сядзелі ў зямлянках, грызлі сухары і носа баяліся вытыркнуць. Навуменка. Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Якімовіч. // Знаходзіцца ў стане трывогі. У Ванды закружылася галава. Яна баялася, каб не страціць прытомнасць. Мяжэвіч. // Непакоіцца за каго‑, што‑н. За Валодзіка.. [Змітрок] менш баяўся. Бажко. // Пазбягаць каго‑, чаго‑н. непрыемнага. Баяцца сустрэчы. □ [Мацей Кулеш:] — Воўкам ты жывеш, кума. Жывых людзей баяцца стала. Шамякін. // Не адважвацца на што‑н.; не хацець узяцца за якую‑н. справу; пасаваць перад цяжкасцямі. [Ігнась] баяўся зрабіць непрыемнае сябру сваімі словамі. Мурашка. На якую хвіліну ў хаце ўсталявалася такая ўрачыстая цішыня, што кожны, здавалася, баяўся парушыць яе сваім дыханнем. Лынькоў. [Заатэхнік:] — Я так і ведала. Значыць, баіцеся паходзіць каля фермы. Сергіевіч. // З цяжкасцю пераносіць што‑н. [Чалавек:] — Гэта далёка, вёрст дваццаць адсюль будзе. Але я дарогі не баюся. Скрыган.

2. чаго. Не пераносіць чаго‑н., адмоўна рэагаваць на што‑н.; псавацца ад чаго‑н. Галава стала, холаду баяцца. Толькі на восень паверне, і Дубель носіць зімовую шапку. Ермаловіч. [Палікарпаўна:] — Любіць, пястуха [расада], каб яе рана сеялі, а калі пачне ўзыходзіць, дык вельмі ж баіцца холаду. Кулакоўскі.

3. (з адмоўем «не»), у знач. пабочн. Разм. Будзь упэўнены, не сумнявайся. [Жлукта:] Не бойся, я ведаю, што раблю. Крапіва. [Дзед:] — О, брат, не бойцеся, — .. [Верачка] ведае, з кім сябраваць. У старшыні не толькі хлеб, — у яго і скварка знойдзецца. Брыль.

•••

Баяцца дыхнуць — трымаць сябе ціха, баязліва.

Баяцца як агню — вельмі баяцца каго‑н.

Баяцца як чорт ладану (крыжа, кадзіла) — вельмі баяцца каго‑, чаго‑н.

Бога ты не баішся! — выражэнне дакору ў сувязі з тым, што хто‑н. робіць нешта недазволенае.

Бойся (ты) бога — май сумленне.

Духу баяцца — адчуваць страх пры адным упамінанні каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́ткі, ‑ая, ‑ае; ‑так, ‑тка.

1. Невялікі, малы па даўжыні; проціл. доўгі. Кароткія валасы. Кароткая дарога. □ Макар узяў папяросу, доўга і старанна круціў яе ў тоўстых кароткіх пальцах. Дуброўскі. // Меншай даўжыні, чым трэба. Паліто хлопчыку кароткае. □ У кузні .. [Вялічка] паварочваўся ў адмысловых шарачковых портках, вузкіх і кароткіх, яны не даходзілі да чаравік. Чорны. // Разм. Невысокі, нізкі ростам. Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят. Кароткі, прысадзісты, шыракаплечы. Бядуля.

2. Непрацяглы, малы па часе; проціл. доўгі. Кароткі адпачынак. Кароткі сон. □ Быў канец чэрвеня і былі самыя кароткія і прыгожыя летнія ночы. Шамякін. Усе гэтыя і хаты, і сады, і фермы раслі і выраслі пры ім, і за такі кароткі час! Якімовіч. // Хуткі, імгненны (пра рух, погляд і пад.). Камісар кінуў на старога кароткі, крыху здзіўлены позірк. Шахавец. На момант Аксіння спыняецца, кароткім рухам цела паддае мех вышэй сабе на плечы, і зноў ёй пад ногі сцелецца дарожка. Ракітны. // Адрывісты, перарывісты. У Базыля .. прарываліся кароткія ўсхліпванні. Багдановіч. Там, ззаду, пракаціўся кароткі смех. Шамякін.

3. Выражаны сцісла; нешматслоўны; лаканічны. Кароткая аўтабіяграфія. □ Я гартаю старонкі блакнота. Кароткія запісы. Знаёмыя прозвішчы. Дадзіёмаў. — На Далёкі Усход? — На Далёкі Усход. — Едзеш? — Еду. З кароткіх адказаў такіх Зразумеў — ёй [Алесі] не трэба Прызнанняў маіх. Куляшоў. // Які гаворыць, выражаецца сцісла, нешматслоўна. Дырэктар сярэдняй школы — камсамолец, кароткі на словы і па-вайсковаму дысцыплінаваны. Гарбук.

4. Рашучы, хуткі, суровы. Прысуд ворагам быў кароткі: кроў за кроў! Лынькоў.

5. Які вымаўляецца хутка, адрывіста (пра гукі, склады); проціл. доўгі.

6. Які характарызуецца кароткай формай канчатка або адсутнасцю яго. Кароткая форма прыметніка. Кароткі дзеепрыметнік. Кароткае скланенне.

•••

«І» кароткае гл. «і».

Кароткае замыканне гл. замыканне.

Кароткая хваля гл. хваля.

Кароткая памяць гл. памяць.

Кароткі завароткі гл. заваротак.

Кароткі розум гл. розум.

(Быць) на кароткай назе з кім гл. нага.

Рукі кароткія гл. рука.

У кароткіх словах гл. слова.

Штаны кароткія гл. штаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́ла, ‑а, н.

1. Суцэльны або са спіцамі круг, які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння (калёс, аўтамашын і пад.). Колы веласіпеда. Колы паравоза. □ Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ.

2. Дэталь механізма або машыны ў выглядзе круга для перадачы або рэгулявання руху. Рулявое кола. Вадзяное кола. □ Зялёная вада падае на рыпучае кола, і яно круціцца без аддухі, разбіваючы ваду ў пырскі. Асіпенка.

3. Пра ўсё, што мае форму круга або кальца. Кола каўбасы. □ Грымнуў аркестр, і ўсё змяшалася ў танцавальным коле. Скрыпка. Па цэментавых сходах бегала цьмяна-жоўтае кола святла. Адамчык.

4. Тое, што акружае, замыкаецца вакол чаго‑н. Хлопцы цесным колам акружылі дзядзьку Рыгора. Якімовіч.

5. перан. Пералік, аб’ём чаго‑н. Кола пытанняў. Кола тэм. Кола праблем. □ Можна, перачытваючы ваенную лірыку Петруся Броўкі, заўважыць, як паступова пашыралася кола выведзеных у ёй чалавечых вобразаў, як яна набывала рысы паэтычнага эпасу. Бярозкін.

6. перан.; чаго. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Кола дзейнасці. Кола гаспадарчых спраў. Кола інтарэсаў.

7. перан.; каго. Група людзей, аб’яднаных якімі‑н. сувязямі. Кола сяброў. Кола знаёмых. □ Калі аркестр трапляў куды-небудзь на сквер або ў парк, кола слухачоў павялічвалася. Лынькоў.

8. звычайна мн. (ко́лы, ‑аў); перан.; каго або якія. Грамадскія, прафесіянальныя групоўкі людзей. Навуковыя колы. Колы савецкай інтэлігенцыі. Рэакцыйныя колы.

9. Карагодны народны танец (асабліва пашыраны сярод паўднёвых славян). Украінскія горцы — гуцулы — і зараз танцуюць свой характэрны танец — кола. «Беларусь». // Фігура ў танцы.

•••

Зачараванае кола — а) пра такі збег абставін, з якога цяжка знайсці выйсце; б) лагічная памылка, якая заключаецца ў тым, што якое‑н. палажэнне даказваецца праз другое, якое само павінна быць даказана праз першае.

Крывое кола — пра ўпартага, капрызнага чалавека.

Ні ў кола ні ў мяла — пра няўмелага, няздатнага чалавека.

Павярнуць кола гісторыі назад гл. павярнуць.

Пятае кола ў возе — пра што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рань, ‑я; мн. карані, ‑ёў; м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы. Галіністы корань. Вырваць дрэва з коранем. □ У глыб зямлі ўвайшлі Карані яго. Крэпка дуб стаіць, Не варушыцца! Колас. // Драўніна або рэчыва гэтай часткі расліны. Дзед кадраў у бары сасновых каранёў і пачаў плесці кош. Якімовіч. // Сцябло тытуню, з якога прыгатаўляюць махорку ​2. Пакрышыць корань. □ Дубовік зноў набіваў піпку, трушчачы ў потнай і цвёрдай руцэ карані самасаду. Сіўцоў.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе. Корань зуба. // Месца злучэння органа з целам. Корань языка.

3. перан. Пачатак, аснова, крыніца чаго‑н. Корань зла. Корань недахопаў. // Разм. Род, пачатак пакалення. — Няхай жа гарыць, выгарае [панскі палац], каб і кораня панскага не засталося... Лынькоў.

4. Асноўная частка слова (без суфікса і прыстаўкі), якая далей не раскладваецца на значымыя састаўныя часткі.

5. Матэматычная велічыня, якая пры ўзвядзенні яе ў пэўную ступень дае даны лік. Здабыць корань. Квадраты корань.

•••

Фіялкавы корань — карнявішча некаторых відаў касачоў, у склад якіх уваходзіць эфірнае масла.

Вырваць з коранем гл. вырваць.

Глядзець у корань гл. глядзець.

Корань жыцця — адна з назваў жэньшэня.

На корані — не зжаты, не скошаны (пра траву, злакі).

Пад корань — а) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што‑н.). Высякаць лазу пад корань; б) зусім, канчаткова (разбураць, падрываць і пад.). Развіццё чыста капіталістычнай наёмнай работы падрывае пад корань сістэму адработкаў. Ленін; в) усіх пагалоўна, нікога не пакідаючы (нішчыць, забіваць і пад.).

Пусціць карані гл. пусціць.

У корані — а) абсалютна, зусім (не згаджацца з чым‑н.). — Не так, Мацвей Пятровіч. У корані не так. Ракітны; б) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.). У выніку перамогі сацыялізма ў корані змянілася аблічча народнай гаспадаркі нашай краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малады́, ‑ая, ‑ое; молад, ‑а.

1. Які не дасягнуў сталага ўзросту; юны; проціл. стары. На ярусах стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках. Колас. Доктар Сільвановіч быў малады, энергічны чалавек, высокі, дужы. Арабей. / у знач. наз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Гэты стары спраўней маладога. // Уласцівы маладому ўзросту, маладым людзям. Малады твар. Маладая душа. Малады задор. □ Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы. Мележ. // Ужываецца для абазначэння дзяцей у адрозненне ад бацькоў (звычайна пры прозвішчах). Пра Нахлябіча старога .. [Пніцкі] не ўспамінаў, нават калі спатыкаў Нахлябіча маладога. Чорны.

2. у знач. вык., з інф. або са злучн. «каб» і інф. Нясталы, малавопытны па маладосці. Малады ты яшчэ мяне вучыць. □ — Ты малады яшчэ, каб са мною сілаю мерацца. Якімовіч.

3. Які нядаўна нарадзіўся, пачаў расці. Малады рой пчол. □ [Балота] пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі. // Які нядаўна ўзнік, утварыўся. Малады горад. □ У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які нядаўна пачаў дзейнічаць у якой‑н. галіне. Малады аўтар. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

4. Які нядаўна вырас, свежы (пра агародніну). Маладая бульба. □ Бацька накроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Брыль.

5. Нядаўна прыгатаваны (аб напітках, прадуктах). Маладое віно. Малады сыр.

6. у знач. наз. малады́я, ‑ых; адз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля. [Дзяўчаты] прывезлі падарункі дня маладых, — заўтра мелася адбыцца камсамольскае вяселле. Корбан. Некалькі саней .. ехала ад касцёла, везлі маладую з маладым. Карпюк.

•••

Маладыя людзі гл. людзі.

Малады век гл. век.

Малады, ды ранні — пра вопытнага, спрактыкаванага не па гадах чалавека.

Малады чалавек гл. чалавек.

Молада-зелена — пра чалавека вельмі маладога, з малым жыццёвым вопытам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́чыць 1, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. Памячаць, ставячы знак, метку і пад. Кастусь нарыхтаваў альховых пруткоў, і яны пачалі адбіраць і значыць кусты. Дубоўка. Авечку латкамі, бывае, значаць, каб распазнаць у табуне лягчэй. Таўлай.

2. Вызначаць, указваць сабой шлях, дарогу і пад. Твой сын болей гора не ўбачыць, Што зведалі маці і бацька, Бо сцяг яму Леніна значыць Дарогу ў заўтра, у вякі. Прыходзька. Дарогу значаць рэк і рэчак Ступені стромкія плацін. Гаўрусёў.

зна́чыць 2, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Мець той ці іншы сэнс, азначаць (пра словы, знакі, жэсты і пад.). Так, звузіла сваё значэнне слова бульба, якое ў лацінскай мове значыла клубень, караняплод (лац. bulbus — «клубень»), а ў беларускай толькі пэўны від караняплодаў. Юргелевіч. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. // Сведчыць аб чым‑н. Цётка маўчала, а гэта значыла: жыць было можна. Ракітны.

2. Мець значэнне, вагу, быць істотным; адыгрываць ролю. Цяпер Бондар рэдка думае пра Гэлю, а яшчэ чатыры, нават тры гады назад яна значыла для яго вельмі многа. Навуменка. У руках сініца значыць Больш за жураўля ў блакіце. Маляўка.

3. у знач. пабочн. Такім чынам, выходзіць. Удзень з дрэў капала. Надвячоркам жа на галінах выраслі тонкія ледзяшы. Значыць, пачало падмарожваць. Бяспалы. Раптам, схамянуўшыся, Максім устае: над галавой чутна тупаніна. Значыць, параход пад’язджае да чарговага прыпынку. Каршукоў.

•••

Нічога не значыць — не мець значэння, быць неістотным; не адыгрываць ролі. Коска для .. [Мікалая] нічога не значыла — нуль, не больш. Якімовіч.

Што значыць хто ці што — пры ўказанні на асаблівасць каго‑, чаго‑н., пры жаданні растлумачыць што‑н. уласцівымі каму‑, чаму‑н. якасцямі. — Вось што значыць Савецкая ўлада, — задаволена гаварыў Лазавік. — Папы і тыя стрыгуцца, ідуць нам служыць. Хомчанка.

значы́ць, ‑чы́ць; незак.

Абл. Паказваць на цельнасць (звычайна пра карову). Наста думае, што карова будзе цяліцца толькі ў канцы месяца, а можа аж пасля каляд, нядаўна значыць пачала. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць (звычайна з сілай), каб прадмет аказаўся ў пэўным месцы. Закінуць мяч у сетку. □ І кажа раз Алесік брату: — Закінем кнігі ў снег, за хату, — Ты «верую», а я «начаткі», І пойдуць іншыя парадкі. Колас. // Рэзкім рухам, узмахам ускінуць, зачапіць за што‑н. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка. Стараста закінуў лейцы на нашы штыкеты, а сам зайшоў на двор. Якімовіч. / у безас. ужыв. Хлопец ішоў з цяжкім грузам на вялікай хуткасці, тармазнуў, і прычэп закінула. Мяжэвіч. // Згубіць, паклаўшы не на месца. Дзеці закінулі недзе нож. // Разм. Даць, пакласці (корм жывёле). — Я ўжо каня адпрог і сена яму ў драбіну закінуў, — азваўся з печы Пеця. Скрыпка. // перан. Прымусіць апынуцца дзе‑н. [Вайна] закінула.. [Салаўёва] ў беларускія лясы, аб якіх ён упершыню пачуў толькі на фронце. Шахавец.

2. Адкінуць, адвесці (частку цела, адзення і пад.) уверх, убок; надаць іншае становішча. Закінуць нагу на нагу. Закінуць рукі за галаву. □ — Калгасы цяпер не тыя, Уладзімір Васільевіч, — паціснуў плячамі Свідраль і закінуў жаўтаваты жмуток валасоў з ілба ўгару. Дуброўскі.

3. Перастаць займацца чым‑н., пакінуць каго‑, што‑н. без догляду; занядбаць. Закінуць вучобу. Закінуць дзяцей. Закінуць гаспадарку. □ Пад вясну ж па школе і ў калгасе было столькі спраў, што нашы з Васілём заняткі па музыцы прыйшлося закінуць. Кавалёў.

4. Разм. Даставіць, пераслаць у якое‑н. месца. Закінуць дэсант. Закінуць разведчыка ў варожы тыл.

•••

Закінуць агонь — неасцярожна карыстаючыся агнём, выклікаць пажар. — Вы не бойцеся, — сказаў Харытон. — Мы не закінем агню, мы ж не дзеці. Баранавых.

Закінуць вуду — асцярожна, намёкам задаць пытанне з мэтай выведаць што‑н.

Закінуць іскру (у душу) — узбудзіць, выклікаць якое‑н. пачуццё; даць падставу для чаго‑н.

Закінуць слова (слоўца) — пахадайнічаць за каго‑н., аказаць падтрымку.

Як за сябе закінуць — хутка і многа з’есці, выпіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што.

1. Пакласці, змясціць куды‑н., за што‑н. Залажыць нагу за нагу. Залажыць рукі ў кішэні. □ — А партрэцік маці выразала з газеты, — працягвала Усця, — залажыла пад шкло ў рамачку. Кулакоўскі. // Закласці куды‑н. з пэўнай мэтай і ў пэўнай колькасці. Залажыць міну. □ Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю. Колас. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч.

2. Адзначыць патрэбнае месца ў кнізе, паклаўшы што‑н. паміж старонкамі. Залажыць старонку ў кнізе.

3. Закрыць, загарадзіць чым‑н. адтуліну, дзірку, праём і пад. Залажыць юшку. □ [Патапчык] нацягаў яловага галля, густа залажыў ім дзірку на страсе і засыпаў зверху зямлёй. Чарнышэвіч. — Залажу пайду разгародку ў плоце, баюся, каб гусі капусты не папсавалі. Чорны. // Паклаўшы што‑н. у вялікай колькасці, заняць усю паверхню чаго‑н. Залажыць стол кнігамі.

4. Пакласці аснову чаго‑н., пачаць будаўніцтва. Залажыць фундамент дома. Залажыць новую ферму. // перан. Даць пачатак чаму‑н., стварыць аснову для развіцця чаго‑н. Нявіднага цікавіць, што сталася з ячэйкай, якую залажыў ён у Паставах і аб якой не мае цяпер ніякіх вестак. Колас.

5. Аддаць што‑н. у заклад за пазычаныя грошы. — Няхай кафтан заложаць драны, а грошы мусяць яны даць. Колас.

6. Заплаціць за каго‑н. пэўную суму грошай пры пакупцы. Казна залежыць тры чвэрці кошту падзелу толькі за таго мужыка, які сам збярэ і заплаціць адну чвэртку. Якімовіч.

7. безас. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў вушах, носе і пад. Самалёт набірае вышыню. Грудную клетку нібы распірае знутры, застукала ў скронях, залажыла вушы. Жычка.

8. Уст. Запрэгчы ў экіпаж. Залажыць тройку. // Прыгатаваць экіпаж, запрэгчы ў яго каня, коней. Залажыць брычку.

•••

Залажыць (заліць) за гальштук (за каўнер) — выпіць спіртнога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)