нішчы́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Не прыпраўлены скаромным, без скаромнага; посны. Мы атрымлівалі толькі агульную норму хлеба і два разы на дзень у сталоўцы нішчымны .. крупнік. Сяргейчык. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай. Якімовіч.

2. Без нічога, без якіх‑н. дабавак. [Хана] такая худая, што мне робіцца шкада яе, і я аддаю ёй усе грушы, а на перапынку елі нішчымны хлеб. Каліна. // Пусты. Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насла́нне, ‑я, і насланнё, ‑я, н.

Напасць, няшчасце. [Рыгору] успомнілася, як адзін год яшчэ пры нябожчыку-бацьку гэтакае насланнё на іх было: з пушчы панадзіўся воўк і ўсіх авечак перацягаў. Сабаленка. [Маці:] — І вось скажы, дачушка, насланнё на нашу хату. Ніяк хвароба нас не пакідае. Я ўстала — хлопец злёг. Пташнікаў. Дзецям Ганна нічога не сказала, а сама затужыла. За што на яе такое пасланне? Лобан. // Паводле забабонных уяўленняў: тое, што наслана нібы «нячыстай сілай»; прывід. [Алесь:] А калі апамятаўся, то нічога не знайшоў... Не ведаю, братачка, што і падумаць, быццам насланнё нейкае, д’ябальская праява, не іначай... Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пала́ц, ‑а, м.

1. Вялікі, раскошны, багаты будынак. То не дом, а палац, шмат акон, шмат калон. Бядуля. Вось ён, Пецярбург! Горад палацаў ды фабрык. Гартны. Над Віліяй у цэнтры горада стаяў вялізны палац Урублеўскіх. Карпюк. // Тое, што і замак (у 1, 2 знач.). Рукамі нявольнікаў насыпаны [замкавы] высокі вал, выкапаны глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч. // Будынак, дзе пастаянна жыве і знаходзіцца цар, кароль, кіраўнік дзяржавы.

2. У складзе назваў некаторых будынкаў грамадскага прызначэння, якія звычайна выдзяляюцца сваёй архітэктурай. Палац піянераў. □ У Палацы будаўнікоў меўся быць вялікі самадзейны канцэрт. Ракітны.

[Іт. palazzo, ад лац. palatium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́іць, ‑раю, ‑раіш, ‑раіць; зак., каго-што.

Даць параду, падказаць, як дзейнічаць; парадзіць. Людзі чакалі парад, а параіць Шалюта нічога не мог, бо сам не меў нічога за душою. Дуброўскі. [Міколка] перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. — Бацька благога табе не параіць. Савіцкі. // Даўшы добры водзыў, прапанаваць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Сяргей пачаў прыкідваць, каго можна было б параіць на яго цяперашнюю пасаду. Шахавец. Зубру патрэбен быў памочнік дзелавіты. І вось на гэты пост яму параілі Каня. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

параскіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Раскідаць усё, многае або ўсіх, многіх; раскінуць усё, многае. Цяпер гэтыя лістоўкі трэба было параскідаць нам па горадзе. Карпюк. Чарнявы сын Параскідае цацкі, На рукі просіцца, Ну, і пайшла гульня. Чарот. [Маці:] — Вайна нямногім так мінулася. І ў кожнага сваё гора. Можа, і яго гняздо параскідала. Чыгрынаў. [Міхаіл Фёдаравіч:] — Калі братоў лёс параскідаў па свеце — адзін служыў на Сахаліне, другі быў у ссылцы, трэці ўцёк у Турцыю, то ў іх была яшчэ сястра... «Полымя». Дрэвы выраслі, параскідалі ўбакі голле, закрылі дарогу пад сабою. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.

2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бычо́к, ‑чка, м.

1. Памянш.-ласк. да бык ​1; малады бык. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. Прыказка.

2. Род дробнай марской рыбы сямейства бычковых. Бычкі ў тамаце.

3. Народная назва бугая (у 2 знач.). [Язэп:] — Гэта ёсць такія маленькія птушкі — бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад — адразу з’яўляюцца каля будынкаў... Чорны.

4. Разм. Недакурак. Палашка дакурвала бычок і мармытала: — Саломы я яму не палажыла, то на голых драбінах паехаў. Лобан.

5. Старажытны беларускі народны танец.

•••

Казка пра белага бычка гл. казка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іна́чай, прысл. і злучн.

1. прысл. Іншым спосабам, па-другому, не так. Справа пайшла іначай. □ — Жывы пра жывое думае, а як жа іначай! Іначай нельга. Чарнышэвіч. А яшчэ зусім нядаўна ўсё выглядала іначай. Кулакоўскі.

2. злучн. супраціўны. У адваротным выпадку, а то. — Тыл арміі павінен быць надзейны, Іначай мы не зможам наступаць. Глебка. — Павінна кожная рэч сваё месца ведаць, іначай, голуб мой, не парадак. Лынькоў.

•••

Не іначай (як) — падобна, што; іменна. Адкуль.. [Зелянюк] ведае? Не іначай вымудрае ўсё гэта яго маладая жвавая фантазія. Зарэцкі.

Так ці іначай гл. так.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інстыту́т, ‑а, М ‑туце, м.

1. Навучальная ўстанова, якая дае вышэйшую адукацыю ў якой‑н. галіне. Медыцынскі інстытут. Педагагічны інстытут. Паступіць у інстытут. Займацца ў інстытуце.

2. Навукова-даследчая ўстанова. Інстытут кібернетыкі. Інстытут ядзернай фізікі. Інстытут мовазнаўства.

3. Сярэдняя навучальная ўстанова закрытага тыпу для жанчын у дарэвалюцыйнай Расіі. Інстытут шляхетных дзяўчат.

4. Сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны; пэўная форма грамадскае арганізацыі. А калі Калумб потым адкрыў гэту Амерыку, то ён не ведаў, што ён гэтым прабудзіў да новага жыцця інстытут рабства, які даўно знік у Еўропе, і паклаў пачатак гандлю неграмі. Энгельс.

[Ад лац. institutum — установа, устанаўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачва́ра, ‑ы, ж.

1. Казачная, страшная істота, звычайна вялікіх памераў. З высокага трысця каля затокі выходзіць нейкая цёмная валасатая пачвара і спыняецца на адкрытым месцы. В. Вольскі.

2. Пра надта непрыгожага чалавека. Шаройка даўно марыў, каб жаніць .. [Максіма] [з дачкой], і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках.. Была б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Шамякін. // перан. Пра жорсткага, з нізкімі маральнымі якасцямі чалавека, вырадка. [Шэмет:] — Ты акружыў сябе падхалімамі, як сцяною, і сядзеў, што ў дупле, нічога не бачачы, акрамя гэтых пачвар. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)