цаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. у каго-што, па кім-чым. Накіроўваць стрэл, удар у пэўную цэль. Паліцай цаляў у Андрыяна, але папаў у яго таварыша. Марціновіч. Спачатку немцы спрабавалі агрызацца, цалялі па самалётах з зенітак. Сачанка. // у што. Імкнуцца папасці (рукой, нагой і пад.) куды‑н., у што‑н. Усе яшчэ спалі, толькі Вара, пазяхаючы, цаляла рукой у рукаў ватоўкі і ніяк не магла патрапіць. Сабаленка. Не адставай, сынок, не адставай, — раз-пораз падахвочваў тата мяне. — Ты ў мае сляды цаляй — лягчэй будзе ісці. Пальчэўскі. // перан.; у каго-што. Разм. Мець каго‑н. на ўвазе. Каб не было памылкі, у каго ён цаляе, Чорны зрабіў сугучнымі прозвішчы прататыпа і героя. Лужанін. // да каго-чаго, на каго-што. Разм. Ісці, кіравацца ў пэўным напрамку. Адзін цаляў да Валодзі, другі накіраваўся да Івана. Новікаў.

2. Пападаць, трапляць. Кулі сыпаліся градам, а .. [Андрэй] не адчуваў, не заўважаў, куды яны цалялі. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, месца. Гаспадар крыху замяшаўся, бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сцяміўшы, куды цаляе яго сусед. Колас. — Эге, весела сёння ў народнай! — гукнуў ад парога Мальчэўскі. — Хто тут сёння ў завадатары цаляе? Васілёнак. // з інф. Імкнуцца зрабіць што‑н. пэўным чынам, у пэўны час або ў пэўным месцы. [Валодзя], відаць, цаляў выходзіць з дому і прыходзіць так, каб не трапляцца мне на вочы. Сабаленка. Як толькі малыя з заняткаў, дык.. [жанчыны] ў школу. І ўсё цаляюць заходзіць па адной. Кавалёў.

•••

Зуб на зуб не цаляе — тое, што і зуб на зуб не пападае (гл. зуб).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шмыгнуць, пабегчы, кінуцца куды‑н. Адзін толькі Кандрат заўважыў, як Андрушка шуснуў за дзверы. Лобан. Сымон.. шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай. Караткевіч. // Хутка залезці куды‑н., схавацца пад чым‑н., дзе‑н. Шуснуць у ложак. □ Тут якраз за дзвярыма пачуўся дзедаў голас, і Косцік шуснуў назад пад дзяружку. С. Александровіч.

2. Саскочыць, зваліцца адкуль‑н. — Я зноў скачу першым! — крыкнуў Юзік і шуснуў уніз. Даніленка. Бондар не бачыў, як шуснула ў адхон Надзя, як упаў, зрашэчаны кулямі, машыніст. Навуменка.

3. Нечакана, імгненна праваліцца, упасці куды‑н. Кінуў я сваю вуду і бягом на выручку. Але пакуль дабег, мой сябар спатыкнуўся і шуснуў амаль па самыя пахі ў ваду. Ляўданскі. Лёд праламаўся, і я шуснуў пад яго. Скрыган.

4. Хутка, з сілай выліць што‑н. вадкае. Ухапіў [Віктар] у сенцах вядро халоднае вадзіцы, выскачыў на двор, азірнуўся і шуснуў на сябе. Сташэўскі. // Раптам паліцца, выліцца, пасыпацца. У тую ж секунду на .. [Віцю] шуснула гарачая вада. Яна заліла нос, вушы, вочы. Нядзведскі. Шуснуў дождж, серабро ручаінаў Зазвінела на сотні ладоў. Лойка.

5. Імкліва, хутка ўзняцца, падняцца; узляцець уверх. Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук і пакацілася гамана. Грахоўскі.

6. Утварыць лёгкі шум, шолах. Раз толькі, далёка недзе, шуснулі галіны, быццам нехта аступіўся. Караткевіч. У гэты момант нешта шуснула ў каноплях і над самымі галовамі Бегуна і Хацяноўскага празвінела важкая і замашная жалезіна. Кулакоўскі.

7. што. З размаху, з сілай высыпаць што‑н. [Галя] набрала ў лапату пяску і, як толькі вогненны коўш апусціўся, шуснула ў яго пясок. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

якра́з,

1. прысл. У гэты час, у гэты момант. Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось. С. Александровіч.

2. прысл. У поўнай адпаведнасці, дакладна, у самы раз. Кузня стаяла якраз насупраць бацькавай хаты. Каваленка. Порткі яго [Алега] прыйшліся палоннаму амаль якраз. Брыль. Уля памерала тады — лодачкі былі якраз па назе. Паўлаў.

3. прысл. Іменна, менавіта. Новыя доследы якраз больш цікавяць юных натуралістаў, заахвочваюць іх да працы. Дубоўка. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка.

4. прысл. (у спалучэнні са словам «як»). Кропля ў кроплю. Сын — якраз як бацька. □ Зрабілася ад ліўняў і ад сонца [вушанка] Якраз як сівагракава крыло... Барадулін. Якраз як і ў аўтобусе Гуд зыбкі ў галаве. Смагаровіч.

5. у знач. вык. Як па мерцы, як на мяне (на яго, на яе). Аднойчы прымераў [світар]. Якраз на мае плечы. І ўзор наш, мой. Янкоўскі.

6. у знач. часціцы. Ужываецца для большай канкрэтызацыі, удакладнення асобы ці прадмета, для ўзмацнення якасці каго‑, чаго‑н. [Макар Белкін:] — Вось... Начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Якраз кандыдатура ў сатырычную газету. Шымук. Шмат год назад сказаў выдатна Маркс: Жыццё для чалавека — барацьба. Відаць, праблема першая якраз Перамагчы ў самім сабе раба. Семашкевіч. А Грышка тым часам бегаў каля ракі. Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак. Колас. // Ужываецца для падкрэслівання і азначэння таго, што маецца на ўвазе; сапраўды, так, праўда. Анежка, якраз як дзіця, сарамліва апусціла вочы. Броўка. А Рыгор якраз падыходзіць да мясцовых умоў: селянін і гэткі верны сацыялізму. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прасе́сць, про́сесць, просясць, прасніц, прыссаць, просяць, просість, про́сець, просеет, просіест, пранізаць, прошву ст, протает (Сл. ПЗБ, Бяльк., Шатал., Улада., ТС, З нар. сл., Ян., Мат. Маг., Нар. сл.). Асноўныя значэнні: ’адлегласць на ткацкім станку ад пярэдняга навоя да бёрдаў (нітоў) і кавалак палатна, вытканы на гэтым участку асновы’; ’частка намотанай на станок асновы, якая адпускаецца ддя ткання на адзін раз’; ’верхняя ці ніжняя частка асновы (або прамежак паміж імі), праз якія праходзіць чаўнок’; ’палатно, сатканае за I прыём; кавалак саматканага палатна каля 30 см’; ’вытканае, але яшчэ не адрэзанае ад кроснаў палатно’. Рус. прошесть ’палатно ў станку ад калоды або прышвы да бёрда’ (Даль), просесть, просесть, прошесъ ’мера даўжыні палатна або асновы ў працэсе ткання, роўная адлегласці паміж навоем і бёрдамі’, укр. палес. просэсць ’даўжыня палатна, роўная аднаму абароту нітак асновы вакол навоя’. Чумакова (ЭИРЯ, 1968, 181 і наст.) прыводзіць яшчэ польск. абл. (без дакладнай фіксацыі) proszejść ’палатно, якое знаходзіцца ў рабоце на ткацкім станку’, але яго фанетычная форма ўказвае, хутчэй, на запазычанне з усходнеславянскіх моў. У спецыялізаваным слоўніку Фаліньскай (Słown., 1) яно не адзначана. Складанае слова, у якім цяжка вызначыць як галосную, так і першую зычную кораня. Чумакова (там жа) на рускай тэрыторыі асноўнай лічыць форму прошесть і ўзводзіць яе да кораня *xod‑ у ступені рэдукцыі: *pro‑xbd‑tь, г. зн. першапачаткова назва дзеяння ’ход чаўнака’, якое потым перайшло ў сферу канкрэтных назваў. На беларускай тэрыторыі форма з шыпячым адзначана толькі ў магілёўскіх гаворках. На нашу думку, суаднесенасць гэтых формаў у рускай мове аналагічна пары насесть, насест / нашесть, нашест ’седала’. Адсутнасць Ъ ў Даля ў формах з шыпячымі, магчыма, тлумачыцца тым, што ён супастаўляе іх з шест. Мена с/ш можа быць абумоўлена як вядомым чаргаваннем у рускіх говарках свісцячых і шыпячых (гл. Філін, Происх., 267), так і проста дысіміляцыяй свісцячых у гэтым слове; на аснове беларускіх формаў галосную ў корані можна ўзнавіць як ь. Тады зыходная форма — *pro‑sed‑tь, г. зн. месца, дзе атпушчаная аснова прасядае, каб утварыўся зеў і можна было б прасоўваць чаўнок. Параўн.: Лтпусьце прасееш, бо малыя зявэ (Шатал., 139). Словаўтварэнне аналагічна, як у слоў прапасі^ і інш. З пункту погляду вызначэння галоснага ў корані выклікае сумненні ўкраінскі прыклад. Але параўн. укр. палес. ссдат ’сядаць’, ссдушка ’лавачка’, дзе галосны ў корані, несумненна, з 1 > . Улічваючы старажытнасць словаўтварэння, можна рэканструяваць прасл. *prosestь. Паводле Смулковай (Балто-слав. иссл.–1980, 208), дыял. prasʼėsʼc’ — балтызм, што выводзіцца з prasiskėti ’рассунуцца, рассоўвацца, раскрыцца’; Смачынскі (там жа) адносіць да sieti ’вязаць’, на думку Смулковай — сумніўна

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́яць, ка́іць ’караць’ (Нас.). Магчыма, ’лаяць’, параўн.: «Сам покай его, а я скольки раз каив, да каиння мойго не слухаець» (Нас., 227), параўн., каіне ’пакаранне, кара’: «Бог пошласць нам каинне», «Ниякога каиння не слухаець гетый человек» (Нас., там жа), і каінне ’раскаянне’, гл. яшчэ каята і інш. Другая форма дзеяслова — каяцца ’прызнаваць сваю віну, памылку перад кім-н., усвядоміўшы сваю памылку, шкадаваць аб зробленым; спавядацца’ (БРС, ТСБМ), ’шкадаваць аб зробленым’ (Чач.), ’наракаць на самога сябе’ (КЭС, лаг.). З новых слоўнікаў: каяцца (ТС) і каяцца ’раскайвацца’ (лід., круп., Сл. паўн.-зах.). Статус слова не вельмі ясны; што датычыцца зваротных форм, неабходна мець на ўвазе, што ў некалькіх выпадках дзеяслоў сустрэўся ў прыказцы, адзначанай на вялікай тэрыторыі, па гэтай прычыне невядома, якой канкрэтна мове або храналагічнаму зрэзу належыць слова. Параўн. круп.: «Не будзе каяцца чалавек, рана ўстаўшы і молад ажаніўшыся» (Сл. паўн.-зах., 2, 450), «Не кайса, шо молоды жэніўса і рано ўстаў» (ТС, 2, 187), «Не кайся, рано вставши, молодо оженившись» (Грынчанка, 2, 229). Улічваючы рад вытворных і некаторыя самабытныя значэнні ў бел. мове, можна думаць, што тут не было (выключаючы некаторыя даныя ў асноўным у літаратурнай мове) запазычання са сферы царкоўнай лексікі. Слова вядома большасці славянскіх моў: укр. каятися ’каяцца, раскайвацца’, каяти (кого) ’лаяць, караць (каго)’ (апошняя форма прыводзіцца няясна з якой крыніцы Бернекерам), рус. каять, каяться вядома ў розных значэннях (у дыялектах), звяртаюць на сябе ўвагу такія, як ст.-рус., рус.-ц.-слав. каꙗти ’ганіць’, арханг. каять ’лаяць, сварыцца, праклінаць’, аланец. ’біць, караць’. Польск. kajać się ’каяцца, раскайвацца’, в.-луж. kać so ’раскайвацца’, чэш. káti ’шкадаваць, загладжваць віну’, káti se ’раскайвацца, каяцца’, славац. kajať sa ’раскайвацца, каяцца’, славен. kájati ’ганіць, асуджаць’ і інш., kájati se ’каяцца, раскайвацца’, серб.-харв. ка̏јаті, ка̏јати се ’раскайвацца’, ’шкадаваць’ (вельмі цікавае значэнне ’помсціць (аб кроўнай помсце)’, kȁjati se ’раскайвацца’, макед. кае се ’каяцца, раскайвацца’, балг. ка́я се ’каяцца, раскайвацца, шкадаваць’, ст.-слав. каꙗти сѧ ’каяцца’. Значэнне ’караць, ганіць’, верагодна, неабходна лічыць асноўным для прасл. kajati. Апошняе — другасны дзеяслоў (дуратыўны, на ‑ati, з падоўжаным вакалізмам кораня, магчыма, з і. -е. *k​ōi. Бліжэйшай і.-е. адпаведнай формай з’яўляецца ст.-іран. (авест.) kāy‑ ’каяцца’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 115–116; Фасмер, 2, 216 (дзе прыводзяцца як адпаведнасці таксама ст.-інд. cáyatē ’ён помсціць, карае’ і далейшыя вытворныя). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 499; вельмі падрабязна Слаўскі, 2, 22–23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гарэ́ць несов.

1. в разн. знач. горе́ть;

дро́вы гара́ць — дрова́ горя́т;

печ гары́ць — пе́чка гори́т;

ля́мпа гары́ць — ла́мпа гори́т;

мо́крае се́на гары́ць у стага́х — мо́крое се́но гори́т в стога́х;

галава́ гары́ць — голова́ гори́т;

шчо́кі гара́ць ад маро́зу — щёки горя́т от моро́за;

вы́чышчаны самава́р гарэ́ў на со́нцы — вы́чищенный самова́р горе́л на со́лнце;

во́пратка на ім так і гары́ць — оде́жда на нём так и гори́т;

2. разг. (о погорельцах) погора́ть;

яны́ гарэ́лі не́калькі разо́ў — они́ погора́ли не́сколько раз;

не гары́ць — не гори́т;

во́чы гара́ць — глаза́ горя́т;

ску́ра гары́ць — (на кім) упра́вы нет (на кого);

душа́ гары́ць — душа́ гори́т;

г. жада́ннем — горе́ть жела́нием;

рабо́та гары́ць у рука́х — рабо́та гори́т в рука́х;

зямля́ гары́ць пад нага́мі — земля́ гори́т под нога́ми;

як мо́крае гары́ць — как мо́крое гори́т; из рук ва́лится;

гары́ яно́ га́рам! — пропади́ оно́ про́падом!;

во́ка гары́ць — (на што) глаза́ горя́т (на что);

на зло́дзеі ша́пка гары́цьпогов. на во́ре ша́пка гори́т

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пераказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; пр. пераказаў, ‑зала; заг. перакажы; зак., што.

1. Расказаць, выкласці сваімі словамі што‑н. прачытанае, пачутае. Пераказаць змест паэмы. □ — У атрад, скажыце, яму яшчэ рана. Там ён больш патрэбны. Запомнілі ўсё? — Здаецца, усё. — Паўтарыце. — Сокалаў амаль слова ў слова пераказаў іх гутарку. Новікаў. Я выбраў два цяжкія пераклады .. у сэнсе вяліка[й] цяжкасці пераказаць тое самае ў іх рускім тэксце тэкстам беларускім. Чорны. // Разм. Прачытаць, расказаць што‑н. вывучанае на памяць. Сарамліва, але добра пераказаў.. [Ігнась] вывучаны верш. Мурашка.

2. Паўтарыць сказанае яшчэ раз. Таццяна з смяшлівым націскам пераказала яго калішнія словы: — Нашто верыць, калі можна знаць... Зарэцкі.

3. і з дадан. сказам. Давесці да ведама, паведаміць каму‑н. пра што‑н. вусна. Сашка, Ніна і Каця дабраліся да Мінска і адтуль пераказалі, што пайшлі на вайну. Мікуліч. Радасна было, што з любым чалавекам адзін на адзін сядзіць, не баіцца яго, але сполах бярэ, як хто падгледзіць іх ды бацькам тады перакажа. Нікановіч. // Перадаць каму‑н. на словах чыю‑н. просьбу, даручэнне і пад. — Захар прасіў пераказаць табе, Васька, што ў Пашукоўскі лес паехалі немцы. Паслядовіч. — Перакажыце тату, каб у тую сераду прыехаў па мяне. Мурашка.

4. Перадаць словамі, расказаць пра ўсё, многае. Хлопец прысеў, вывучае спеў тэлеграфных слупоў. Мо перакажа калісьці гэты чароўны напеў... Машара. — На маіх вачах тут адбыліся такія змены, што і не перакажаш. Прокша. Стары пражыў такое жыццё, што аб ім і за дзень не перакажаш. Сабаленка.

5. Расказаць усё, многае. Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэвалюцыйнага жыцця. Гартны.

6. Абл. Назваць, пералічыць. — Камсамолкі, у ячэйку ідуць на заняткі! Тутэйшыя! — і я пераказаў па парадку чые яны. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́пець, ‑пця, м.

Разм. Тое, што і кіпцюр.

кіпе́ць, ‑плю́, ‑пі́ш, ‑пі́ць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці). У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны. / Пра пасудзіну, у якой кіпіць вадкасць. Чайнік кіпіць. Кіпіць самавар. // Даходзіць да стану кіпення; закіпаць. Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; ад чаго і без дап. Бурліць, віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане). Вада аж кіпела ад рыбы. Хомчанка. Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. // Іскрыцца, пеніцца (пра віно, піва).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Мітусліва рухацца, кішэць (пра мноства жывёл, насякомых і пад.). У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Бядуля. / у безас. ужыв. Чаек навокал аж кіпела. Карпаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праяўляцца, развівацца бурна, з сілай (пра пачуцці, перажыванні, думкі і пад.). Злосць кіпела. □ Думкі кіпяць, блытаюцца. Пянкрат. // Адбывацца, працякаць ажыўлена, імкліва, бурна (пра якую‑н. дзейнасць, падзею). Вой кіпеў. □ Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Чарнышэвіч. Пасля мітынгу настаўнікі едуць прыгарадным цягніком у горад, дзе яшчэ кіпіць, бушуе вясновае сонечнае свята. Няхай.

5. перан.; чым і без дап. Быць узбуджаным, ахопленым якім‑н. пачуццём. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У Максіма кіпела на душы. Шамякін. // Працаваць многа, напружана, энергічна. — Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Асіпенка.

•••

Кроў (у жылах) кіпіць гл. кроў.

Як у катле (гаршку) кіпець — пра мітуслівы бесперапынны рух каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збор, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. збіраць — сабраць.

2. Тое, што сабрана; агульная колькасць чаго‑н. сабранага. Валавы збор збожжа. □ [Яраш] хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі. Шамякін. // Агульная колькасць людзей, якія сабраліся куды‑н. Зараз на рынку не было і пятай долі звычайнага збору. Якімовіч. // Збіраемыя або сабраныя на што‑н., за што‑н. грошы або іншыя адлічэнні. Страхавы збор. Памольны збор. / Аб даходзе ад тэатральнага прадстаўлення. Чысты збор.

3. Сукупнасць сабраных і выданых разам якіх‑н. тэкстаў. Збор законаў. Збор твораў пісьменніка.

4. Дзеянне паводле дзеясл. збірацца — сабрацца (у 1 знач.). Збор на дэманстрацыю. Месца збору. // Сігнал да такога дзеяння. Зайграць збор.

5. Сход членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву. Піянерскі збор. □ [Саша] першы раз ідзе на збор падпольнай групы. Шамякін.

6. звычайна мн. (збо́ры, ‑аў). Кароткачасовае знаходжанне ваеннаабавязаных на вайсковай службе для абучэння. І калі на зборы Клічуць ваенкомы, Мы заўсёды рады Выкліку такому. Нядзведскі. Летам у Віктара былі вайсковыя зборы. Дакладней, перападрыхтоўка. Паўлаў. // Кароткачасовае знаходжанне дзе‑н. з мэтай трэніроўкі. Трэніровачныя зборы.

7. толькі мн. (збо́ры, ‑аў). Падрыхтоўка да якога‑н. дзеяння (ад’езду, адпраўлення куды‑н.). Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком, калі да хаты падышла машына і пачаліся зборы да выезду. Чарнышэвіч. — Правільна, — згадзіўся Сцяпан. — Пяць мінут на зборы. Гамолка.

•••

Гарцавы збор (уст.) — плата за памол і апрацоўку зерня на крупы.

Гербавы збор — асобы дзяржаўны збор пры афармленні дакументаў па грамадзянска-прававых справах (рэалізуецца шляхам продажу марак пэўнай цаны (у СССР з 1930 г. заменен дзяржаўнай пошлінай).

У зборы — аб поўнай яўцы, прысутнасці каго‑н. дзе‑н. Было без чвэрткі восем, а людзі амаль усе былі ў зборы. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стук 1, ‑у, м.

1. Кароткі адрывісты гук ад удару або падзення цвёрдых прадметаў. А сёння падвечар пад самымі вокнамі свайго дома .. [Макар] пачуў ажыўлены гоман, вясёлы смех і стук абуха аб сухое дрэва. Дуброўскі. Прыгадвалася [Сяргею] рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы — вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной. М. Стральцоў. / Пра гукі, якія ўтвараюцца машынай, рознымі механізмамі. Стук цягніка аддаляўся, заціхаў, пакідаючы тут цішыню і пустэчу невялічкай станцыі. Арабей. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч. / Пра гук выстралу (выстралаў). Замоўк той кулямёты стук, Вось-вось яшчэ паўторыцца, баюся. Я пад нагамі згледзеў сук І першы раз цябе спалохаў, бусел. Маляўка. // Шум, які ўтвараецца рытмічнымі скарачэннямі сэрца. [Андрэй] пачуў стук сэрца і адчуў цеплыню ў грудзях. Шамякін.

2. Удар (у дзверы, акно і пад.), які апавяшчае аб прыходзе або просьбе дазволіць зайсці. Не бачыла [настаўніца], як аднаго разу ў клас зайшоў кіраўнік школы, нізенькі, даўганосы. Зайшоў без стуку, не зачыніўшы за сабою дзверы. Адамчык. Да матулі заехаў — пабыць у гасцях. І калі яна выйшла на стук нецярплівы, — Колькі радасці стрэціў у родных вачах! Колькі ўцехі!.. І быў я бясконца шчаслівы. Гілевіч. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Колас.

•••

Ні стуку ні груку — ціха, без шуму.

стук 2, выкл.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! Якімовіч. І ён [Дрозд] забракаваў Вавёрчыну работу, Матывы падабраў і не пусціў у друк. Бяжыць Вавёрка ў рэдакцыю. «Стук, стук!» Да Дзятла. Корбан.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. стукаць — стукнуць. [Уладзік:] — Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! ды на дол. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)