урадзі́цца, ураджуся, уродзішся, уродзіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вырасці, паспець (пра плады, злакавыя расліны і пад.). А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Колас.

2. Разм. Нарадзіцца, з’явіцца на свет (пра чалавека). [Жонка:] Я ведаю, што гавару. Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Або Марыльчына дзіця ўрадзілася на вялікае шчасце? Чорны. // Аказацца з якімі‑н. якасцямі, асаблівасцямі ад нараджэння. [Адам] прывык да сваёй адзіноты. Апраўдваўся: такі ён ужо ўрадзіўся. Замкнуты, нелюдзімы. Вышынскі. // у каго. Нарадзіцца падобным на каго‑н. Урадзіцца ў бацьку. □ — Дзіва што, — казала [Кліменту] Анісева маці. — Месца табе трэба шмат... І ў каго ты ўрадзіўся такі гмах? Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрэн, ‑у, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.

2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.

•••

Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. — Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаго́ 1, прысл.

1. пытальнае. З якой прычыны?, чаму?, навошта? Але чаго яна [Мальвіна] марудзіць? Чаму не выйдзе да стала? Колас. Чаго хмурыцца неба сіняе? Купала. [Міколу] рабілася млосна і ён злаваўся: чаго.. [Зося] маўчыць ды сумуе? Гартны.

2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучнікавага слова ў даданых дапаўняльных сказах і адпавядае словам: а) з якой прычыны, чаму. Стаіць дзед і на іх [Міколку з бацькам] глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі. Лынькоў. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я такі худы. Маляўка; б) навошта, з якой мэтай. Расказаў.. [Андрэй] сонцу, чаго прыйшоў. Якімовіч.

чаго́ 2,

гл. што ​1 (у 1, 6, 8, 9 і 13 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужані́ца, ‑ы, м. і ж.

1. Чужы, нетутэйшы чалавек. [Арцём:] — Я — нетутэйшы. Я, можна сказаць, чужаніца гэтаму сялу. Бажко. // Іншаземны захопнік, вораг. Чужаніцы з далёкай ішлі стараны То крыжовым паходам, то лютай вайною. Грахоўскі. Але не, не тая гэта Хата з смольнай сталяніцай, Тую хату грозным летам Падпалілі чужаніцы. Кірэенка.

2. Не родны, не сваяк. [Цыпруян:] — Ты мне чужая-чужаніца, а лепш за родную дачку. Калюга. Так і жыў Мацей чужаніцай у хаце: ні госць, ні гаспадар. Пальчэўскі.

3. Чалавек, які па духу, поглядах і пад. чужы якому‑н. асяроддзю. Ён [Цімох] быў у калгасе гультай, Калгасу заўжды чужаніца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарава́ць 1, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Правесці (праводзіць) рыхленне міжрадкоўяў прапашных культур.

шарава́ць 2, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. каго-што. Чысцячы, церці, вадзіць чым‑н. узад і ўперад па якой‑н. паверхні. Шараваць падлогу. □ Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Аднойчы .. [Эрна] мыла і шаравала ля павеці бочку. Бочка высокая, дубовая. Ракітны.

2. што аб што, па чым і чым. Церці паверхняй аднаго прадмета аб паверхню другога. Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Але тут цесна, вады мала, І дно аб землю шаравала. Колас. Не страшыдла там, а сом Дно шаруе жыватом. Дзеружынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́расны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Разлютаваны, які знаходзіцца ў стане моцнага гневу. Як пчолы з разбітага вулля Бароняцца ярасным роем, Так помсцяць за кроў, за разгулле Фашысцкім бандытам героі. Колас. // Які выражае гнеў, азлабленне. Яўген нахіліўся, згорбіўся, і шыя ў яго зрабілася барвовай, а ў чорных вачах запалаў ярасны бляск. Савіцкі. / у перан. ужыв. Пажылыя мужчыны, Угінаючы дол, Носяць палкія міны, Грузяць ярасны тол. Глебка.

2. Вельмі моцны, празмерны ў сваім праяўленні. Ішлі мы ў бой і яраснымі ўдарамі Крышылі інтэрвенцкія палкі. Гаўрусёў. Цераз Лявона бегалі сюды і туды людзі, ён чуў лаянку, удары, ярасныя выкрыкі і звон выбітых шыбаў. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няха́й, часціца і злучнік.

1. часціца. У спалучэнні з дзеясл. 3 асобы адз. і мн. ліку цяпер. і буд. простага часу абвеснага ладу ўтварае загадны лад са значэннем: а) загаду, пабуджэння, неабходнасці. — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам глядзець. Карпаў. А ён адказваў мне: — Няхай Стаяць [курганы] на страх варожай сіле. Кірэенка; б) дазволу, згоды, уступкі. А мы.. [крыніцы] выпусцім на прастор, — няхай бягуць, няхай звіняць, няхай працуюць на нас! Брыль. — Няхай будзе так, — згадзіўся Янка. Якімовіч; в) урачыстага закліку, пажадання. Няхай наша дружба цвіце. Колас. [Дзямід Сыч:] — Няхай іржавеюць сабе дапатопныя сярпы, і няхай звініць на нашых палетках гартаваная сталь камбайнаў. Паслядовіч. [Дзед:] — Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў.

2. часціца. У спалучэнні з часціцай «бы» (з дзеясловамі ўмоўнага ладу) выражае дапушчэнне з адценнем пажадання магчымасці дзеяння, якое не адбылося. [Стралец:] — Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць. Якімовіч. Вось і сама я пашкадавала чалавека. А няхай бы на прыкладзе гэтага ўчастковага навучыліся іншыя. Асіпенка.

3. часціца. Разм. У сказах з дзеясловамі загаднага ладу ўзмацняе нежаданне. Няхай ты згары! □ — Ай, няхай ты запаветрай, ты ўсё жартуеш. Чорны.

4. злучнік уступальны. а) Ужываецца ў даданых сказах з уступальным дапушчэннем у значэнні «хоць», «нягледзячы на тое», «што». Няхай імя яго Было нам невядома — Мы неслі ўсе яму Свой лепшы шчыры дар. Глебка. // У даданых сказах з уступальным дапушчэннем, толькі з адценнем проціпастаўлення. Няхай сабе пясчаны гэты кут, Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай, Ды мілы ён. Колас. Няхай усё гэта песня нагадала, Але я веру: будзе горад мой Такім, куды Скарына і Купала З плеядай слаўных прыдуць грамадой. Танк. б) Далучае ўступальныя звароты з абмежавальным значэннем. [Уладзіміру] было прыемна ўсведамляць, што ў гэтай вялікай творчасці мільёнаў прымае ўдзел ён, няхай на першы час хоць вучнем. Данілевіч.

•••

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) гл. бог.

Няхай ведаюць (знаюць) нашых гл. ведаць.

Няхай жыве! гл. жыць.

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць) гл. качка.

Няхай яго, (яе, іх, цябе, вас) немач гл. немач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Праўдзівы, чыстасардэчны, адкрыты. Шчыры, добрасумленны, ён [Тарас] захапляўся камсамольскаю работаю і аддаваў ёй шмат часу. Якімовіч. [Баляслаў:] — Я з вамі заўсёды быў шчыры, бо і вы да мяне гэтакі былі. Чорны. І Віктар ганарыўся, што яго сябра такі шчыры. Гроднеў. // Які выражае сапраўдныя, непадробныя пачуцці, думкі. Гулкая вясна, зямля крынічная, Шчырая сляза і звонкі смех. Кірэенка. Што на свеце роўнага па сіле знойдзецца да шчырай дружбы? Дубоўка. Я чытаў гонкім соснам Просты, шчыры свой верш. Броўка.

2. Задушэўны; інтымны. І гэта размова была такая простая, шчырая, бо ішла ад сэрца! Колас. А за Днястром лавілі далі Гамонку шчырую сяброў. А. Вольскі.

3. Сардэчны, душэўны. У тую хвіліну .. [Нявада] больш, як калі, углядаўся ў сваю Волечку: рослая, мажная, шчырая сяброўка Кастуся. Чорны.

4. Натуральны, пазбаўлены прытворства. Шчырая ўпэўненасць чулася ў голасе Настачкі. Бядуля. Васілёк з такім шчырым захапленнем глядзеў на немчука, што той нават спыніўся перад ім і з цікавасцю стаў аглядаць яго. Маўр. — Не, брат, у нашай кузні іх [ветракоў] не зробіш! — паўтараў .. [бацька] з самым шчырым шкадаваннем. Якімовіч.

5. Старанны. Будзем усім пакаленнем Дружна да мэты збліжацца І камунізм сустрэнем Шчырай, натхнёнаю працай! Тарас. // Верны, адданы. [Месія:] — Будзьце шчырымі змагарамі. Змагайцеся, а не скарайцеся. Мікуліч. [Стары:] — Комлік таксама за гэты прынцып. Можа, самы шчыры прыхільнік яго. Карпаў. // Заўзяты, заядлы. Ляжалі Васі — дружбакі, Музыкі, спевакі, І Янка, шчыры следапыт, І Цімка, стырнавы. Кірэенка. Гэтая стараннасць, гэтае шчырае адданне навуцы, а таксама і здольнасць да навукі вывелі .. [Алёнку] і тут на першае месца ў класе. Колас.

6. Просты, даверлівы. [Захар Іванавіч:] — Палікарпаўна — чалавек шчыры: што ёсць, тое і гаворыць. Кулакоўскі.

7. Які складаецца з аднолькавых народ дрэў (пра лес, бор і пад.). — Расстаюся я з табой, шчыры бор. Багдановіч. // Чысты, без дамешкаў, прымесей. Шчырае золата.

•••

Ад шчырага сэрца гл. сэрца.

Шчырая праўда — сама праўда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пісьмо́, а; мн. пісьмы, пісьмаў і пісем; н.

1. Папера з напісаным тэкстам, якая пасылаецца каму‑н., каб паведаміць аб чым‑н.; ліст. — Сынок, ад каго гэта табе пісьмо? — спытала маці, уваходзячы ў пакой і паказваючы Мішу ружовы вузенькі канверт. Арабей. // Сам гэты тэкст. У .. [Сцяпана] раптам з’явілася жаданне напісаць аб падзеях гэтага дня Людміле, і ён пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо. Шамякін. // Від паштовага адпраўлення. Цэннае пісьмо. Заказное пісьмо.

2. толькі адз. Уменне пісаць, а таксама само пісанне. — Ды ты, брат, малайчына! — пасля некалькіх пытанняў сказаў настаўнік. — Ну, а з пісьмом як твая справа? Колас.

3. толькі адз. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Арабскае пісьмо. Славянскае пісьмо. // Почырк, знешні выгляд напісанага. [Карызна] падумаў адразу, што ад дачкі, але ўбачыў на канверце зусім незнаёмае непрыветна крывое пісьмо. Зарэцкі.

4. толькі адз. Стыль, манера мастацкага адлюстравання. Зразумела, што тут [у вершы] няма стрыманасці і строгасці рэалістычнага пісьма, але ёсць досыць канкрэтная прадметная фактура, ёсць паэзія. Бугаёў.

•••

Адкрытае пісьмоа) незапячатаная паштовая картка, на адным баку якой пішацца адрас, а на другім — пісьмо; б) пісьмо да каго‑н., якое друкуецца ў газеце, часопісе.

Вузлавое пісьмо — пэўная сістэма шнуроў з вузламі для ліку, уліку і пад. у некаторых народаў, якія не маюць пісьменнасці.

Даплатное пісьмо — пісьмо, за дасылку якога бярэцца плата з адрасата.

Закрытае пісьмо — пісьмо, якое пасылаецца ў канверце.

Іератычнае пісьмо (спец.) — скорапіс старажытных егіпцян, які развіўся з іерагліфічнага пісьма.

Складовае пісьмо — сістэма пісьма, знакі якога перадаюць склады, а не асобныя гукі.

Сошнае пісьмо — у Расіі 15–17 стст. — межавыя кнігі, у якіх давалася апісанне земляў для пазямельнага абкладання, што выяўлялася ва ўмоўнай адзінцы — сасе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаце́ць, хачу, хочаш, хоча; незак.

1. чаго, каго-што, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Мець жаданне, ахвоту да чаго‑н., адчуваць патрэбу ў кім‑, чым‑н. Хацець вады. Хацець есці. □ — Ну, дык хочаш вучыцца? Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў: — Ыгы. Брыль. [Жлукта:] Дык вы хочаце, каб я пайшоў да вас за бухгалтара? [2‑гі кліент:] Ды не, што вы! Крапіва. Гарохам дзедаў смех якоча, А сэрца руху, шуму хоча. Колас. // Мець жаданне зведаць, пазнаць што‑н. Ён хоча хімію вывучаць. // Разм. Адчуваць любоўную цягу да каго‑н. Хачу пацалаваць вас.

2. каго-чаго, чаго ад каго і са злучн. «каб». Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. Хацець шчасця. □ [Эмілія:] — Калі яшчэ не было гэтага агульнага руху за мір, я ўсё роўна не хацела вайны і баялася смерці. Маўр. Аднаго хачу на гэтым свеце: Так наладзіць з доляю зямной, Каб ніколі не прыйшлося дзецям Чырванець за зробленае мной. Гілевіч.

3. з інф. Мець намер зрабіць што‑н. [Партызаны] хацелі перасекчы чыгунку і выйсці да горада Іўе, у вольны ад блакады раён. Брыль. — Я хацеў ракаў налавіць, — нясмела адказаў Казік. Чарнышэвіч. // у спалучэнні з адмоўем. Адказацца што‑н. рабіць. [Русаковіч:] А я не хачу паступацца сваімі ідэаламі. Крапіва. Не хачу я гуляць, дзе народ Толькі гора цярпіць на вяку, Дзе сіротка стаіць ля варот, Есці просіць, падняўшы руку. Купала.

4. з інф. Разм. Ужываецца для абазначэння магчымасці, імавернасці ажыццяўлення чаго‑н. Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў: — Вот-бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Хочаш сесці на хвою, сеў на хвою, на дуба — на дуба, а то і на хату высокую можна сесці. Лынькоў.

5. З адноснымі займеннікамі і прыслоўямі ўтварае спалучэнні са значэннем азначальнасці: кожны, усякі (прадмет, месца, час і пад.). Я прабыў у «Барацьбіце» да вечара — блукаў, дзе хацеў, і гутарыў, з кім хацеў. Хадкевіч. [Рак:] — Не чапай мяне, Іван Світанік.. Я табе за гэта, што хочаш, зраблю. Якімовіч.

•••

Еш не хачу гл. есці.

Калі хочаш (хочаце) гл. калі ​2.

Хочаш не хочаш — незалежна ад чыйго‑н. жадання.

Як левая нага хоча гл. нага.

Як (сабе) хочаце (хочаш)а) як вам падабаецца. — Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала! Колас; б) нягледзячы на любую думку. Як хочаце, а ён вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)