схіл, ‑у, м.
1. Нахіленая паверхня чаго‑н.; пакаты спуск. Схіл узвышша. Схіл даху. □ Па крутых схілах рова калісьці рос каржакаваты альшэўнік. Асіпенка. На гару ўзышоў Андрэй пясчанай дарожкай праз малады густы сасоннік, які вырас на схілах за час вайны. Пестрак.
2. перан. Канец. Прыгадаем паэтычны малюнак схілу лета, стылістыка якога вызначаецца вобразнасцю, істотна ўдаленай ад стыхіі чыста сялянскага жыцця, светабачання. Навуменка. З нарады аграном дамоў На схіле дня вяртаўся. Прануза. Гадоў, што скронь мне пабялілі, Жыцця, што йдзе на схіл сягоння, Мне зор гарачых не зацьмілі Туманы, ўзнікшыя на ўлонні. Буйло.
•••
На схіле дзён (гадоў, год) — у старасці, пры набліжэнні старасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угадзі́ць, угаджу, угодзіш, угодзіць; зак.
1. каму. Дагадзіць каму‑н., зрабіўшы што‑н. прыемнае, патрэбнае, жаданае. — Куды ты спяшаешся, сынок? — занепакоілася маці. — Можа, чым табе не ўгадзіла? Грахоўскі.
2. Разм. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Потым аціраўся [здраднік] у Чыжэвічах ля царквы, пры нейкім складзе быў, нарэшце ж, за крадзеж угадзіў у турму. Кулакоўскі.
3. Разм. Кідаючы або ўдараючы чым‑н., папасці ў каго‑, што‑н. — Цаляў у галаву, а ўгадзіў у плячо. І я, пэўна, крыкнуў ад болю. Ракітны. [Пан Булыга] хацеў заехаць Валодзіку па нагах кульбаю, але з гарачкі не пацэліў і ўгадзіў пані Авяліне. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарсі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Прымусіць (прымушаць) развівацца хутчэй, паскораным тэмпам; паскорыць (паскараць). [Максім:] — І няхай фарсіруе распілоўку. Не хапае дошак для насцілу вадабоя. Шамякін. // Паскорыць (паскараць) час наступлення, ажыццяўлення чаго‑н. Фарсіруюць пуск яны [мантажнікі] электрастанцыі — Электрыка ў першы чарод. Зарыцкі.
2. Павысіць (павышаць) сілу гучання (голасу).
3. У тэхніцы — павялічыць (павялічваць) які‑н. паказчык устаноўкі (рухавіка, катла і пад.).
4. Спец. Пераадолець (пераадольваць) якую‑н. перашкоду або рубеж праціўніка. За ноч [партызаны] фарсіравалі шашу і прайшлі кіламетраў пяць у бок вёскі Сёмкава. Новікаў. Камандзір корпуса Краўчанка вырашыў фарсіраваць Дзясну па дну ракі. Мележ.
[Ад фр. forcer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халту́ра, ‑ы, ж.
Разм. зневаж.
1. Пабочны, звычайна лёгкі заработак звыш асноўнага. У людзей як у людзей — ва ўсіх па два выхадных ужо, а ў .. [Аўсяніка] вечна гэта «налева», вечна халтура... Васілевіч.
2. Нядобрасумленная, неахайная, выкапаная без ведання справы работа. [Мікола:] — Халтура хутчэй за ўсё, а не вецер... Калі б мы так будавалі, што вецер, няхай і штармавы, у дзевяць балаў, можа бурыць, — грош нам цана была б. Хадкевіч. // Тое, што зроблена такім чынам, прадукт такой работы. Хаджу, разглядаю скульптуры. Мастак быў праўдзівы, Ні спешкі нідзе, ні халтуры! Гілевіч. «Бо пішаш, — заявіў Сівы, — халтуру. Што толку з колькасці, браток, Калі слабы любы радок». Корбан.
[Ад лац. chartularium — спіс нябожчыкаў, які чытаўся свяшчэннікам на дзень памінання памёршых.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужані́ца, ‑ы, м. і ж.
1. Чужы, нетутэйшы чалавек. [Арцём:] — Я — нетутэйшы. Я, можна сказаць, чужаніца гэтаму сялу. Бажко. // Іншаземны захопнік, вораг. Чужаніцы з далёкай ішлі стараны То крыжовым паходам, то лютай вайною. Грахоўскі. Але не, не тая гэта Хата з смольнай сталяніцай, Тую хату грозным летам Падпалілі чужаніцы. Кірэенка.
2. Не родны, не сваяк. [Цыпруян:] — Ты мне чужая-чужаніца, а лепш за родную дачку. Калюга. Так і жыў Мацей чужаніцай у хаце: ні госць, ні гаспадар. Пальчэўскі.
3. Чалавек, які па духу, поглядах і пад. чужы якому‑н. асяроддзю. Ён [Цімох] быў у калгасе гультай, Калгасу заўжды чужаніца. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпу́ля, ‑і, ж.
1. Тое, што і шпулька (у 1, 2 і 3 знач.). Волька напрадзе за вечар шпулю, а мама дзве ручайкі. Пальчэўскі. Гурчыць паціху самапрадка, Кудзеля — як на каравуле, І спіць памочніца дзіцятка Пад манатонны шорхат шпулі. Гаўрусёў.
2. Пасадка з драўніны ці кардону, якая надзяваецца на верацяно для намотвання на яе пражы. Бабуля сядзіць на тапчане. Худыя, парэпаныя пальцы наўздагад вядуць тонкую кужэльную нітку, пускаючы яе на шпаркую шпулю калаўротка. Брыль.
3. Спец. Стрыжань для намотвання дроту, кабелю і пад., а таксама намотаны сам дрот, кабель і пад. Партызаны захапілі шпулю кабелю і па балоце зайшлі ім [гітлераўцам] наперад. Федасеенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. Аддзяляць па слаях лучыну і пад. А бацька, сівы і яшчэ жвавы клапатун, цюкае непадалёку сякерай — шчапае на калодцы дровы. Ракітны. [Дзед] завіхаўся ля чыгункай печкі, шчапаў лучыну. Лынькоў.
2. Разломваць, разбіваць на кавалкі, часткі. Наступленне, як звычайна, пачалі артылерысты — шчапалі дот за дотам, хавалі пад іх абломкамі ворага. Мележ. Як кладзеш цэглу такую, размякае вапна, набрыняе і шчапае цэглу на кавалкі, псуе сценку. Шынклер. Пасля з грымотамі і звонам Вада шчапала крохкі лёд. Глебка. / у перан. ужыв.; і каго. А ён [вораг] як сыпне з кулямётаў, Так і шчапае нашу роту! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́зы, ‑ая, ‑ае.
1. Цёмна-шэры з сіняватым адлівам; шэра-блакітны. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. На змярканні з-за лесу папаўзлі шызыя, змрочныя хмары. Быкаў. Сонна пакружыўшы над шызым кустом вярбы на лузе,.. [вароны] таксама моўчкі разляцеліся ў розныя бакі. Ігнаценка. // З сіняватым адлівам (пра колер скуры). Чырвоны твар Пачулія стаў шызым. Самуйлёнак. Сашунчык ці «Казлянятка» — гэта Аляксандр Пятровіч Казлоў — франт перадпенсійнага ўзросту з шызым носам. Вірня. Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Шамякін.
2. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шызы голуб. Шызая чайка. Шызая плесень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пане́ль, ‑і, ж.
1. Дарожка для пераходаў па баках вуліцы, пакрытая каменем, асфальтам і пад.; тратуар. На вузенькай, цеснай вуліцы, дзе панель не шырэй метра, бегчы стала яшчэ цяжэй. Новікаў. Касьян вярнуўся па левую панель і павярнуў у завулак, які выводзіў на прыгараднае ўзвышша. Гартны.
2. Драўляная абшыўка або афарбоўка ніжняй часткі сцяны ў памяшканні. Сцены і столь у пакоі.. былі абабіты жоўтым кардонам, бэлькі пафарбаваны ў карынкавы колер, панелі абабіты фанерай, размаляванай пад дуб. Карпаў.
3. Спец. Мармуровая, пластмасавая і пад. дошка, якая з’яўляецца часткай шчыта або пульта кіравання. Асабліва зацікавіў хлопчыка куток, дзе размяшчалася панель кіравання. На чорным шчыце — рады белых круглых акенцаў і там не то гадзіннікі, не то манометры. Гамолка.
4. Спец. У зборным будаўніцтве — гатовы элемент збудавання ў форме вялікай пліты. За некалькі мінут мантажнікі ўмацоўваюць панель — і гатова сцяна яшчэ аднаго пакоя. «Звязда».
5. Спец. Квадратны або прамавугольны ўчастак шахтавага поля, абмежаванага штрэкамі.
[Ням. Paneel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і перасядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. Прасядзець, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым трэба. // Сапсавацца ад доўгага сядзення (у печы і пад.). Хлеб пераседзеў і адпёкся.
2. каго. Прасядзець, пасядзець даўжэй за каго‑н. Неяк, пераседзеўшы ў бібліятэцы ўсіх, нават самых старанных да вучэння, мы спускалася з Трусам па сходах. Лужанін. [Андрэй] бачыць, як яна ходзіць па лазні, нават не сагнецца — Верна не баіцца духу, пераседзела б на палку любога мужчыну з вёскі. Пташнікаў. Закаханых перасядзець было нельга: яны не развітваліся да світання. Навуменка.
3. што і без дап. Праседзець, прабыць дзе‑н. некаторы час, чакаючы канца чаго‑н. Пераседзець ноч каля агню. Пераседзець дождж у хаце. □ Бацька пераседзеў недзе ў людзей вечар. Чорны. — Труслівага смерць і на печы знойдзе, — адрэзаў Сымон Балатніцкі. — У кустах не пераседзіш. Гурскі. [Дзед Мікалай] расказваў, што перасядзеў у Махавым усю страляніну, пакуль нашы не прыйшлі. Сяркоў.
4. што. Адседзець да здранцвення. Пераседзець нагу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)