Стача́ць ‘дастаўляць’ (ТС), сінонім достача́ць, достарча́ць ‘прывозіць, знаходзіць’ (там жа). Параўн. польск. dostarczać ‘дастаўляць’ з ранейшага dostatczać ‘тс’, што ў выніку распадабнення з ст.-польск. statek ‘стан, набытак, маёмасць’ (Брукнер, 514). Формы з ‑р‑, магчыма, запазычанне з польскай або ў выніку паралельнага развіцця. Да статак (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сто́пень ‘ступень, крок’, ‘ступень (мера якасці)’ (Нас., Байк. і Некр.), сто́пэнь ‘адзнака’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стопень ‘ступень, этап’ (Ст.-бел. лексікон). Звязана чаргаваннем галосных з ступень (гл.). Паводак націску, магчыма, запазычана з польск. stopień ‘ступень, прыступка, мера якасці’ (тое ж — Сл. ПЗБ, 4, 590).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяго́лка, сцягоўка ’бочкі розных памераў для засолу агуркоў, капусты, а таксама для ссыпкі збожжа’ (малар., З нар. сл.). Няясна. Магчыма, да стуга (гл.) ’бочка’, але таксама ’вузкая палоска’, параўн. укр. стяго́ль ’стужань’, стяге́ль ’перакладзіна’, апошняе Махэк₂ (590) узводзіць да *vъs‑tęga ад *tęgnǫti, гл. сцягваць, сцягнуць < цягнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сякі́ла ’сякач для крэсіва’ (паўн.-віц., Нар. лекс.). Дэрыват ад сек‑, параўн. рэдкае каранёвае се́каць ’сячы? (ПСл), гл. сячы, секці з інструментальным суф. ‑іла, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42. Таго ж паходжання сяка́ла (сіка́ла) ’тс’, магчыма, пад уплывам краса́ла ’тс’ (гл.) або дзеяслова высяка́ць (агонь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіры́чка ‘нейкая птушка’ (хойн., Мат. Гом.). Няясна; магчыма, з сі́рын ‘невялікая птушка сямейства соў’ (ТСБМ), якую Ластоўскі тлумачыць словам пуга́ч і атаясамлівае з рус. си́рин ‘баечная птушка з жаночай галавой і грудзямі’ (Ласт.), што да лац. Sīrēn(a) ад грэч. Σειρήν ‘міфічная істота, сірэна’ без пэўнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танана́ ’гурт, натоўп, чарада’ (Растарг.). Цёмнае слова. Магчыма, гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. укр. танана́ ’выгук здзіўлення’, рус. дыял. тана́кать, тананы́кать ’прыпяваць’, польск. tana ’прыпеў у песні’, балг. танани́кам, макед. танани́ка ’прыпяваць, спяваць сабе пад нос’, параўн. талалой ’шум, гам’ і талалойства ’зборышча, натоўп’, гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 513.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туно́к, мн. л. тунцы́ ‘глінянкі, грузілы на ніз сеткі’ (Ласт.). Відаць, праз польск. tunka ‘бочка’ (з ням. Tonne ‘тс’, Брукнер, 584) па форме дэталі, якая напамінае бочачку, або вытворнае ад ням. tunken ‘мачаць, акунаць’, магчыма, праз ідыш, гл. tunken ‘тс’, tun ‘бочка’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 808).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туўка́ць ‘таўхаць, піхаць’, туўкануць ‘піхнуць’ (Бяльк.), ту́вкаты ‘штурхаць’, ту́вкатысь ‘штурхацца’ (брэсц., ЛА, 2). Фанетычныя варыянты дзеясловаў шматразовага дзеяння, утвораныя ад агульнаславянскай асновы *tъlk‑, гл. таўкаць. Заднеязычны ‑х‑ у паралельных формах туўхану́ць ‘штурхнуць’ (Бяльк.), туўха́ць ‘штурхаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ), магчыма, пад уплывам лексем піха́ць, штурха́ць ‘тс’. Гл. таўхаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адазва́цца, адзавуся, адзавешся, адзавецца; адзавёмся, адзавяцеся; зак.

1. Адказаць на кліч, адгукнуцца. — Ці ты помніш той бор, Дзе я клікаў цябе, А ты моўчкі пайшла, Адазвацца, хоць блізка была, Не змагла? Куляшоў. Сеўшы ў човен хісткі, Я ізноў гукаю: — Дзе ты? Адзавіся! Я даўно шукаю. Гілевіч. // перан.; на што і без дап. Аднесціся спачувальна да чаго‑н.; адказаць якім‑н. пачуццём на што‑н. Адазвацца на заклік. Адазвацца на просьбу. □ Сэрца яго [Мікалая] адазвалася радасным стукам. Дамашэвіч.

2. Падаць голас, абазвацца. Патапчык ехаў сабе наперадзе і нават ні разу не адазваўся. Чарнышэвіч.

3. Прагучаць у адказ на які‑н. гук, удар. Ледзь чутным трымценнем яму [матору] адазвалася ў вокнах шыбы. Карпаў. // Адбіцца (пра гукі). Уздоўж ракі імклівым віхрам пракацілася рэха і адазвалася недзе далёка ў лесе. Кулакоўскі.

4. чым, у кім-чым. Выклікаць сабою якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад. Смерць Хвядоса Шынклера адазвалася вялікім болем у сэрцах тых, хто асабіста ведаў яго, хто быў звязаны з ім ніцямі дружбы. Арабей.

5. Выказаць сваю думку аб кім‑, чым‑н., даць ацэнку каму‑, чаму‑н. Мікола, каб неяк выклікаць юнака на шчырую гутарку, сам пачаў расказваць пра сябе. Пра сваю працу, пра сваю вышэйшую адукацыю, аб якой, магчыма, знарок адазваўся зняважліва, — гэта і запомніў Вадзім. Гаўрылкін.

6. Даць сябе адчуць, выявіцца. Адчувала.. [Люба] сябе, як разарваная на кавалкі.. Вельмі можа быць, што гэта адазвалася спрацаванасць. Чорны. [Паўлінка:] Памагаў [бацька], пакуль не ўбачыў, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхецкая фанабэрыя. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рэзкім рухам, рыўком (рыўкамі) раздзяліць на часткі; разадраць. Я .. зняў кашулю, разарваў яе і пачаў ладаваць перавязку. Якімовіч. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда. // Прарваць што‑н. у адным або некалькіх месцах. [Аксане] мог на ўвесь дзень сапсаваць настрой няўдала звараны боршч ці тое, што Галя ўпала і разарвала сукенку. Васілевіч. // Парваўшы, распячатаць. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка. // перан. Раптоўна і рэзка парушыць (цішыню, змрок і пад. — пра рэзкія гукі, яркае святло і пад.). Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Лынькоў. Слупы агню і дыму разарвалі начную цемру... «Маладосць». // Утварыць разрыў або разрывы ў чым‑н., паміж чым‑н. Прыляцелі ветры, разарвалі хмары, разагналі іх па небе. Галавач.

2. Парваўшы на часткі, кавалкі, забіць; задраць. Рэдка сюды [у лес] хто заглядаў.. Магчыма, прычынаю гэтаму было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Шамякін. Жанчыны накінуліся на .. [паліцая] з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б па месцы. Мележ.

3. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Узрывам разнесці на часткі, асколкі. Жалезнымі аскабалкамі прасвісталі ў паветры часткі разарванага катла і платформы. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Снарадам разарвала чалавека.

4. перан. Спыніць, парваць (адносіны, сувязь і пад.). Разарваць дыпламатычныя адносіны. □ Няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Шамякін.

•••

Каб цябе (яго, яе) разарвала (лаянк.) — ужываецца як нежаданне непрыемнасці, няшчасця каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)