гро́шы, ‑ай, Д грашам, Т грашамі; адз. няма.

1. Металічныя або папяровыя знакі, якія служаць мерай вартасці пры куплі-продажы. Папяровыя грошы. Размяняць грошы. □ Праўда даражэй за грошы. З нар.

2. Сродкі, капітал. Адпусціць грошы на будаўніцтва школ. □ І пайшоў дзед па рынку хадзіць; ходзіць, па сваіх грашах тавар выглядае. Колас.

•••

Кішэнныя грошы — грошы на дробныя расходы.

Грошы не пахнуць — не мае значэння, якім чынам грошы атрыманы.

Грэбці грошы лапатай гл. грэбці.

Кідаць грошы на вецер гл. кідаць.

Ні за якія грошы — ні за што, ні пры якой умове.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заду́ма, ‑ы, ж.

1. Тое, што задумана, намечана зрабіць; намеры, план. Здзяйсненне задумы заўсёды радуе, хвалюе. Дадзіёмаў. — Ёсць у мяне сякія-такія задумы, як палепшыць работу цэха, — Булай загаварыў ужо спакойным дзелавым тонам. Шыцік.

2. Асноўная думка, ідэя мастацкага твора; замысел. У байцы «Варона і чыж» .. няма ніводнай дэталі, якая не служыла б вырашэнню аўтарскай задумы — высмеяць пустую ганарыстасць і ліслівую ўгодлівасць. Казека. [Герой твора] часта выступае як носьбіт пэўнай ідэі, задумы пісьменніка. Арабей.

3. Задуменнасць, заклапочанасць. Дзед ляжаў у глыбокай задуме, маўчаў. Лынькоў. Канцавы павярнуў галаву і, як быццам устрапянуўшыся ад задумы, паглядзеў на мяне. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імяні́ны, ‑нін; адз. няма.

У католікаў і праваслаўных — асабістае штогадовае свята каго‑н., якое выпадае на той дзень, калі царква адзначае памяць аднайменнага святога. Ёсель хоць і быў непісьменны, але вёў строгі рэестр імянін і ўсіх сямейных свят у Панямонні. Колас. Сваю любоў і глыбокую пашану да мэтра, настаўніка і дэкана студэнты праявілі на ўсю паўнату маладых сэрцаў, калі адзначалі імяніны прафесара Ф. Рушчыца. Ліс. // Разм. Дзень нараджэння. У мяне, дарэчы, імяніны: Заўтра стукне роўна... дваццаць год! Гілевіч. // Святкаванне, бяседа з гэтай нагоды, у гонар гэтага дня. Справіць імяніны. Запрасіць на імяніны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аджы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад аджыць (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Мінулы, пражыты. Спявае дзед песню, а дзедавы думкі сваю песню спяваюць, невясёлую песню, песню аджытага жыцця. Колас.

3. у знач. прым. Які аджыў сваё; не адпавядае сучаснасці; аджылы. Былі і іншыя вар’яты, Што неслі цемру ў свет і жах. А дзе сягоння тыя каты?.. Не ад зямлі, не ад народу, Не ў іх імя ішлі яны, Аджытай цемры звестуны. Такім няма, не будзе ходу. Колас.

4. у знач. наз. аджы́тае, ‑ага, н. Тое, што аджыло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.

2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.

2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.

3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

1. Адсутнасць жадання працаваць, рабіць што‑н., займацца чым‑н. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце. М. Стральцоў. // Стан вяласці, санлівасці. Лёнька аж прыжмурыў вочы: прыемна грэла ў спіну, цяпло расходзілася па целе і на ўсяго яго стала нагортвацца такая млявасць і нейкая лянота, што хоць пальцам не варушы. Капыловіч.

2. у знач. вык., каму з інф. Разм. Не хочацца, няма ахвоты. [Бондар:] — Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж лянота думаць... Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малі́цца, малюся, молішся, моліцца; незак.

1. Звяртацца з малітвай да бога, святых. Акрамя няньчання дзяцей, у Васількі быў яшчэ адзін цяжкі абавязак — штодзень маліцца богу. Крапіва. А маці ноч бяссонную Малілася, каб бог Ад бед, ад гора чорнага Ёй сына пабярог. Панчанка. // перан. Вельмі моцна прасіцца. — Паночку, даражэнькі, — моліцца Сяргей, — няма ў мяне каня!.. Нікановіч.

2. перан.; на каго-што. Разм. Богатварыць, абагаўляць. [Маргарыта:] — Якія ж бываюць людзі, толькі падумаць! А Барыс жа на .. [Усевалада] маліўся. Скрыган. [Васіль:] — Я не намераны маліцца на лепшых звеннявых і на звенні, як вы робіце ў адносінах да Міхальчук. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажыві́цца, ‑жыўлюся, ‑жывішся, ‑жывіцца; зак.

Разм.

1. Знайсці для сябе якую‑н. ежу, пажыву. Чарада кур, згледзеўшы гаспадыню і спадзеючыся пажывіцца, кінулася да яе з усіх канцоў двара. Колас. Ніхто не арэ стэп, і.. [крумкачам] няма дзе пажывіцца, як раней, ходзячы па барознах за аратым. Няхай.

2. Узяць для сябе што‑н. чужое; атрымаць якую‑н. карысць з чужога. Абмацаўшы чужыя торбы і нічога ў іх не знайшоўшы, чым бы можна было пажывіцца, Суконка зусім засумаваў. Паслядовіч. Калгаснікі пяці вёсак Загальскага сельсавета не далі ворагу пажывіцца грамадскай маёмасцю. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́льга, безас. у знач. вык.

1. Немагчыма; няма магчымасці. Да майго слыху даляталі толькі адны галасы, слоў жа разабраць было нельга. Нікановіч. Пісаць больш нельга, бо ў нас трывога, І я кладу за плечы клунак свой. Астрэйка. Шкадавала маці Ігнася, ой, як шкадавала, — выказаць нельга. Мурашка.

2. Забаронена, не дазваляецца. Курыць тут нельга: побач бензін. // Няможна, не трэба. Нельга ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны [з дому] авёс і .. прылёг каля воза. Гартны. — Глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца. Зарэцкі.

•••

Нельга не адзначыць гл. адзначыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)