дыбы́,
У выразе: на дыбы — тое, што і на дыбкі (гл. дыбкі). Хлопец ад нечаканасці так тузануў закілзанага каня, што ён узняўся на дыбы. П. Ткачоў. Вялізны вогненны слуп паставіў паравоз на дыбы, залязгалі, затрашчалі вагоны. Шчарбатаў. Мікола ўсё нешта станавіўся на дыбы, гарачыўся, а потым здаўся. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пта́ства, ‑а, н., зб.
Птушкі. Птаства тут [у лесе] было многа: былі тут вераб’і, ластавачкі, плісачкі, галубы, качкі і іншыя. Колас. Ля буславага гнязда не змаўкаў вясёлы птушыны шчэбет: у шчылінах буславага гнязда заўсёды знаходзіла прытулак дробнае птаства. Лынькоў. Дзяўчына таропка гнала да рэчкі сваё крыклівае белае птаства. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падраздзяле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падраздзяляць — падраздзяліць.
2. Вайсковая адзінка ў большай вайсковай часці (батальён у палку, рота ў батальёне, узвод у роце і пад.). Падабраў [Шутаў] усе рэзервы, усе дапаможныя падраздзяленні і ўмацаваў батальён. Мележ. Пераважную.. большасць падраздзяленняў брыгады.. [Злобіч] адцягнуў сюды, на бальшак. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́сціцца, пешчуся, песцішся, песціцца; незак.
Аддавацца пяшчотам, цешыцца спакоем, бестурботнасцю. — Уставай, хопіць табе песціцца ў пасцелі! Шахавец. Сам [Ваўчок] вудзіць рыбу, дзеці купаюцца і загараюць, жонка песціцца ля рэчкі ў цяньку. Хадкевіч. У дзяцінстве, помніцца, было такое: бацька і ён [Эфір] ляжаць на канапе, песцяцца, жартуюць. Асілак і карапуз. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пла́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Палавіна расколатага ўздоўж бервяна. Партызаны ўвішна накладалі на сані сухія бярозавыя плашкі. М. Ткачоў. Гаспадар павесіў на сценку лямку, прымасціўся на плашцы дроў, а Лену запрасіў сесці на зэдлік. Галавач.
2. Інструмент, якім наносяць разьбу на металічныя дэталі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссы́льны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў ссылцы. Ссыльнае насельніцтва. □ [Рыгор Васільевіч:] — Спытаў у стрэчнага селяніна, дзе жыве ссыльны Ульянаў. П. Ткачоў. / у знач. наз. ссы́льны, ‑ага, м.; ссы́льная, ‑ай, ж. З Краснаярска адыходзіў параход, Штурхаўся, спяшаўся з клункамі народ. І з усмешкай з’едлівай жандар Ссыльным шчасця і дабра жадаў. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узаця́жку, прысл.
Зацягваючыся, удыхаючы на ўсе грудзі (курыць, дыхаць і пад.). Курыў [стары] доўга, узацяжку, думаў. Надзя таксама не спала. М. Ткачоў. Першы раз Міхась смаліў узацяжку. Чэрня. Дождж прайшоў — І з сэрцам гладзіць цяжка: Птушкай рвецца ў чыстае раздолле! І на грудзі поўныя, узацяжку, Не надыхацца ніяк уволю. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упако́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. упакоўваць — упакаваць; вынік такога дзеяння. Упакоўка рэчаў у чамаданы. Упакоўка гатовых вырабаў.
2. Р мн. ‑ковак. Матэрыял, у які што‑н. упакавана; тара. Упакоўка з цэлафану. Кардонная ўпакоўка. □ На ўпакоўцы — белай шурпатай паперы — красавалася слова «Казбек». М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ірвану́цца і рвану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак. і аднакр.
Зрабіць рэзкі рух, кінуцца, памкнуцца куды‑н. Конь адразу скочыў, ірвануўся і, дзіка храпучы, паляцеў па вуліцы. Мележ. Сабраўшы ўсю сваю сілу, Генадзь ірвануўся і ўгледзеў, што адна нага яго правалілася пад мост. Сабаленка. Партызанскія ўзводы рвануліся наперад. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дане́сціся, ‑нясецца; пр. данёсся, ‑неслася; зак.
Пашырыўшыся, наблізіўшыся, зрабіцца чутным (пра гукі, пахі і пад.). Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся.. шчэбет дзіцячых галасоў. Колас. Да Злобіча данеслася конскае тупанне, парыпванне драбінак — ехаў абоз. М. Ткачоў. // Зрабіцца вядомым (пра чуткі, весткі і пад.). Да людзей данеслася радасная вестка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)