падма́н, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падмануць (у 1 знач.). — А пані вядома, — запытаў яе старшыня суда, — што за лжывае паказанні‑, за падман суда сведка павінен быць цяжка пакараны? Машара. // Мана, хлусня, ашуканства. І хоць.. [Горбікаў] ведаў, што хворыя месцы зарубцаваліся, прыкінуўся сухотным. Гэты яго падман выкрыла Наталля Максімаўна. Дудо. [Хамутоўскі:] — Хлусня ў вас, а не праўда! Падман адзін! Курто.
2. чаго. Памылковае, ілюзорнае ўяўленне; абман. Падман пачуццяў. □ [Федзя:] — Учора [фатаграфія на Дошцы гонару] сам бачыў — была. А сёння іду міма, зірнуў — няма... Галюцынацыя, думаю, падман зроку. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падстро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак.
1. Паставіць, пастроіць у адзін строй з кім‑, чым‑н. Падстроіць роту да левага фланга.
2. Настроіць (музычны інструмент) больш дакладна або ў адпаведнасці з ладам, строем чаго‑н. Падстроіць гітару пад раяль. // Прыстасаваць, устанавіць для прыёму якіх‑н. хваль (радыё, магнітных).
3. перан. Разм. Тайком устроіць, учыніць што‑н. (звычайна непрыемнае). Падстроіць пастку. □ Чамадан яе нясе ззаду сам старшыня. Нясе і чагосьці ўсміхаецца, як бы ён смешнае падстроіў, што вось зараз саб’е з панталыку пасажырку. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пама́рыць, ‑ма́ру, ‑ма́рыш, ‑ма́рыць; зак.
Марыць некаторы час. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Добра згубіцца ў шырокім стэпе, паляжаць на мяккай зямлі, памарыць. Няхай.
памары́ць, ‑мару́, ‑мо́рыш, ‑мо́рыць; зак., каго-што.
Разм.
1. Патруціць, атруціць усіх, многіх. Памарыць мышэй.
2. перан. Замучыць, замарыць усіх, многіх. [Міхал:] — Ну, сядай, расказвай, старшыня, як верхаводзіла. Людзей голадам не паморыш, хлеб ёсць на працадні? Васілевіч.
3. Спец. Апрацаваць спецыяльным растворам або марылкай усё, многае.
4. і без дап. Марыць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бліжэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. блізкі (у 1, 3, 4 і 5 знач.). Бліжэйшы грукат заглушае грукат далёкі. Брыль. З бліжэйшай хваіны, да якой была прымацавана шпакоўня, лілася вясёлая птушыная песня. Кулакоўскі.
2. Які надыходзіць раней за астатнія. І вось у бліжэйшы выхадны дзень краязнаўчая экспедыцыя на чале з Віктарам Сяргеевічам рушыла ў Забалоцце. Якімовіч.
3. Першачарговы. Усе бліжэйшыя задачы прадуманы і абмеркаваны, і цяпер старшыня са спакойнай душой ішоў дадому. Васілевіч.
4. Самы пільны, непасрэдны. Пры бліжэйшым разглядзе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паварушы́цца, ‑рушуся, ‑рушышся, ‑рушыцца; зак.
1. Зрабіць некалькі рухаў; пашавяліцца. Усе трое сядзелі хвіліну нерухома, баючыся дыхнуць, не тое што паварушыцца. Шашкоў. Старшыня рэўкома папярэдзіў: без яго каманды ніхто не мае права нават паварушыцца. Грахоўскі.
2. перан. Заняцца чым‑н., праявіць актыўнасць у чым‑н. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць .. [Савіча] ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя, як рэабілітаваны імёны тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. Шамякін. Тады толькі паварушыўся стараста і вызваліў з балота а. Мадэста. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
галі́на, ‑ы, ж.
1. Бакавы адростак на ствале дрэва; сук з веццем. Тонкаю галінай Трэцца дуб аб дуб. Бядуля. Свае галіны Чаромха млосна зварухне, І раскалыша звон пчаліны. Гаўрусёў.
2. Адгалінаванне ад чаго‑н. галоўнага, асноўнага. Што датычыць Мінскага ўзвышша, то яно ў паўночна-ўсходнім напрамку паніжаецца, расшчапляючыся на дзве галіны. Прырода Беларусі.
галіна́, ‑ы́, ж.
Асобная вобласць навукі, вытворчасці і пад.; пэўная сфера заняткаў, дзейнасці. Працаваць у галіне фізікі. Новыя галіны прамысловасці. □ Старшыня.. калгаса Сямён Антонавіч Крыжачэнка паказваў гасцям жывёлагадоўчыя фермы, грамадскае будаўніцтва, знаёміў з усімі галінамі вялікай.. гаспадаркі. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́раз 1, ‑а, м.
Выразанае месца; выемка; пройма. Выраз для рукавоў. □ Сукенка мела вялікі выраз на грудзях. Карпюк. Старшыня спыняўся ля некаторых магіл і падоўгу разглядаў здымкі, што былі ўстаўлены ў выразы крыжоў. Сачанка.
вы́раз 2, ‑у, м.
1. Характэрны знешні выгляд, які адлюстроўвае ўнутраны стан чалавека. Выраз вачэй. □ Пятым завознікам была жанчына з выразам нейкай суровай стомленасці ў вачах. Брыль.
2. Слова, моўны зварот. Вобразны, метафарычны, трапны выраз. □ [Сымон] перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.
3. Сукупнасць знакаў, формула, якія адлюстроўваюць пэўныя матэматычныя адносіны. Алгебраічны выраз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлефо́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэлефона; служыць, прызначаны для тэлефона. Тэлефонная станцыя. □ Сам старшыня, каржакаваты і рухавы Адам Вухавец, стаяў у пустой яшчэ кватэры, каля тэлефоннага апарата. Брыль. Апошнія словы Перагуда былі заглушаны тэлефонным званком. М. Ткачоў.
2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлефона; перадаецца па тэлефоне. Тэлефонная сувязь. □ У мяне а трэцяй гадзіне тэлефонная размова з сакратаром крайкома. Пальчэўскі. Мы пераглянуліся і скіраваліся сваёй дарогай — да будынка васьмігадовай школы, дзе па тэлефоннай дамоўленасці дэкана з дырэктарам нам абяцалі дах над галавой на гэтыя экспедыцыйныя дні. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парты́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да партыі (у 1 знач.). Партыйны апарат. Партыйная дысцыпліна. // Які мае адносіны да членаў партыі. [Паланевіч:] Калі ваш старшыня не хоча вучыцца, паклічце яго на партыйны сход ды растлумачце як след. Крапіва. Недарэмна ён дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Які з’яўляецца членам партыі. [Бумажкоў] быў грамадскім дзеячам, работнікам савецкім і партыйным. Чорны. // у знач. наз. парты́йны, ‑ага, м., парты́йная, ‑ай, ж. Той, хто з’яўляецца членам партыі.
2. Які адпавядае прынцыпам і задачам пэўнай партыі, пэўнага класа. Высока партыйную годнасць Павінен трымаць камуніст. Глебка.
3. Які мае адносіны да партыі (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пло́шча, ‑ы, ж.
1. Вялікая незабудаваная тэрыторыя ў горадзе або вёсцы. З вышыні бачны вуліцы, плошчы, запоўненыя машынамі і людскімі патокамі. Гамолка. Да заводскай плошчы, дзе прызначылі мітынг, было далёка. Карпаў.
2. Месца, прызначанае пад што‑н. або занятае чым‑н. Лясная плошча, патрэбная для нармальнага існавання зуброў, няўхільна змяншалася. В. Вольскі. Каля шырокіх плошчаў азіміны старшыня прасіў шафёра спыняць машыну. Кулакоўскі.
3. Спец. Частка плоскасці, заключаная ўнутры плоскай замкнутай геаметрычнай фігуры.
4. Памяшканне, прызначанае для якой‑н. мэты. Жылая плошча. □ З кожным годам пашыраюцца вытворчыя плошчы камбіната, вырастаюць новыя цэхі, завозіцца новае, больш дасканалае абсталяванне. Рунец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)