тапта́ць, тапчу, топчаш, топча; незак.

1. што. Прымінаць нагамі, ходзячы, бегаючы па чым‑н. Толя крадком, міжвольна зірнуў ёй [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль. А колькі травінак і кветак тапталі .. [хлопцы] за лета, не ведаючы, як яны называюцца. Чарнышэвіч. // Псаваць, глуміць; знішчаць, дратаваць. Таптаць пасевы. Таптаць грады. □ Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў. [Мужчына:] — Ты што гэта, Андрэй, траву топчаш, а не ідзеш касіць! Чарот. // Заціраць, раўнаваць, рабіць непрыкметным. Андрэй пераступаў з нагі на нагу — таптаў па пяску сляды ад веласіпеда. Пташнікаў. // каго. Катаваць, біць нагамі. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Колас. // Разм. Ступаючы, пэцкаць нагамі. Таптаць падлогу.

2. перан.; што. Наўмысна знішчаць, разбураць, часова заняўшы, акупіраваўшы тэрыторыю. Люты вораг топча нашы палі, паліць гарады і сёлы, забівае савецкіх людзей, знішчае наша дабро, здабытае ў працы. Сяргейчык. [Алешын:] А сёння вораг топча край шчаслівы, Зямля ў пажарах нішчыцца мая. Бачыла. // Топчучы, тушыць, затоптваць. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча. Бядуля.

3. што. Збіваць, зношваць абутак. [Полька Корзун:] — Я хадзіў бы дадому па суботах, але тата сварыцца, нашто, кажа, боты таптаць. Чарнышэвіч.

4. што. Пракладваць хадзьбою, пратоптваць; хадзіць. Таптаць сцежку. □ Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка. Зарастаюць дарожкі імхом, што тапталі калісь партызаны. Машара.

5. перан.; што. Пагарджаючы, груба зневажаць, уніжаць. Мабыць, і .. [жанчына] звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць... Скрыган.

6. што. Шчыльна ўтоптваць нагамі. — Трэба добра пад сцяну ды пад страху запіхаць, — кажа бацька і, учапіўшыся аберуч за лаціну, топча сена, глыбока лезучы нагамі пад застрэшша. Брыль. Прыйшоў [Маеўскі] туды [у адрыну] і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць. Караткевіч. // Топчучы, складаць сена, салому (у стог, сцірту). — Цябе, Халімон, не паставяць. Гаворыць чалавек... — Дык яго, — ківае на мяне тата. — А ты, калі ўпраўны, стог пойдзеш таптаць. Мыслівец.

7. што. Разм. Неакуратна, наспех упіхваць, складваць што‑н. Таптаць рэчы ў чамадан.

8. каго. Разм. Апладняць самку (пра птушак).

•••

Таптаць у гразь каго — уніжаць чыю‑н. годнасць; узводзіць паклёп на каго‑н., знеслаўляць каго‑н.

Таптаць чые сцежкі — ісці па чыіх‑н. слядах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́ра ’тое, што створана фантазіяй’, ’жаданне, імкненне’, ’нешта нерэальнае, неіснуючае’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр. мара ’сон, мара; мары’, польск. mara ’сон з марамі’, ’тое, што мроіцца ў сне’, ’тое, аб чым марыцца’. Бел.-укр.-польск. ізалекса. Узнікла ў выніку абстрагавання аднаго са значэнняў мара́1 — ’сон, тое, што здаецца’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 127), ст.-бел. мара ’соннае відовішча’ (пач. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. mara.

Мара́1 ’прывід, страшыдла, нячыстая сіла, пачвара, здань, насланнё’ (Мал., Бес., Федар. 1, Багд., Яруш., Некр., Касп., Бяльк., Шат., ТС; слуц., мазыр., Сержп., Казкі; усх.-гом., паўн.-зах., КЭС; брэсц., пін., Нар. лекс.); ма́ра, марана ’тс’ (Клім., Др.-Падб.; Крывіч, 4; Нас., Растарг.), ’нешта брыдкае, неадчэпнае’ (Нікан.), ’нікчэмнасць’ (драг., Нар. лекс.); мара́ ’пагібель’ (Растарг.), ’прыгода, незразумелая перашкода’ (Нас.), ’чорная, страшэнная масіўная істота на кароткіх лапах, якой вельмі баяцца дзеці’, ’пудзіла з саломы, апранутае ў рыззё’ (Рам. 8), ’істота, якая давіць хлопцаў і дзяўчат у час іх сну’ (Кольб.), ’нячысцік, д’ябал’ (Ян.; нараўл., Мат. Гом.), стол. ’нягоднік, паганец’, драг. ’неахайная, непрычасаная жанчына’ (Нар. лекс.), ’жартаўнік, штукар’ (ТС), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ і дэрываты да яго (Нас., ТСБМ). Укр. мара́ ’прывід, здань’, ’нячысцік, які затуманьвае людзям розум, каб завесці іх у небяспечнае месца’, марний, марний ’дарэмны’; рус. ма́ра, мара́ ’прывід, мары, нячысцік, які дапрадае ноччу тое, што пакінута на ноч недапрадзеным, рве кудзелю і пражу’, кур. ’смерць’, ленінгр. ’неахайная жанчына’, урал., сіб. ’каханы’, ’дзяўчына’, рус. ц.-слав. мара ’страта свядомасці’; ст.-рус. мара ’зацямненне свядомасці’, ’забыццё’, ’сны’, ’насланнё’, ’прывід’. Польск. mara, marzydło ’прывід, цень нябожчыка, дух, страшыдла, вампір’; mara, mora ’начны дух, кашмар, які нападае на коней і сонных людзей’, ’начны матыль’, marzyć ’марыць’, marnować, marnotrawić ’марнатравіць’, marzanna ’саламянае чучала, якое сімвалізавала сонца’, н.- і в.-луж. marny ’марны’, в.-луж. marota ’капрыз, выдумка’, mara ’дух, прывід смерці’, чэш. marniti ’дарма траціць, марнатравіць’, mařitiпсаваць, губіць, разбіваць (надзеі)’, чэш., славац. marný ’марны’, славац. mara ’хвароба’ slepa mara ’начны матыль’, mariť sa ’здавацца’, славен. márǝn ’марны’. Прасл. mara ’мары’, ’прывід, здань’ утворана ад асновы *ma‑ (гл. мані́ць) пры дапамозе суфікса ‑ra. (Бернекер, 2, 18; Фасмер, 2, 571; Брукнер, 322; Шустар-Шэўц, 12, 886; Голамб, Зб. Якабсону, 1, 779–780; Власт, Крывіч, 4, 1923, 30).

Мара́2 ’назола, дакучлівы’ (Нас., Шат.; Нар. лекс.). Да мара́1 (гл.). Насовіч (289), аднак, адносіць да мары́ць, якое ад прасл. mōra. Няма падстаў.

Мара́3 ’павольны’ (Нас.). Рус. калуж., арл. мара́ ’слабы чалавек малога росту’, сіб. ’няўклюда’. Паводле Насовіча (289), запазычана з лац. mora ’запаволенасць’. Сюды ж марава́ты ’спакойны, вялы гон па следу звера’ (Інстр. II). Параўн. рус. вяц. морова́ть ’рабіць што-небудзь паволі, спакваля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́ць ’выказваць у вуснай форме якія-небудзь думкі, меркаванні, расказваць, гаварыць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; міёр., З нар. сл.; Гарэц., Касп.; палес., КЭС; Мал., Нас., Нік. Напаў., Сержп., Радч., Сцяшк., Шат., Яруш.), ’абавязваць, загадваць’ (БРС, ТСБМ, Нас.), ’паказваць’ (ТСБМ). Крыніцы, на жаль, вельмі неаб’ектыўна паказваюць геаграфію слова; гэта зразумела, таму што дыферэнцыяльныя слоўнікі не ўключаюць лексіку такога тыпу. У іншых слав. мовах: укр. казати ’гаварыць, абавязваць’, казатися ’паказвацца, яўляцца’, рус. казать ’паказваць’, ’гаварыць’, ’абавязваць’, ’даваць параду, вучыць’, казаться ’паяўляцца’ і інш., польск. kazać ’расказваць, настаўляць’, ’прапаведаваць’, ’абавязваць’, ’патрабаваць’, славін. kȧ̃zăc ’прапаведаваць’, каш. kazac ’прапаведаваць’, ’загадваць, абавязваць’, н.-луж. kazaś ’загадваць’, ’запрашаць’ і інш., в.-луж. kazać ’загадваць, патрабаваць’, чэш. kázati ’прапаведаваць’, ’загадваць’, славац. kázať ’загадваць’, ’чытаць пропаведзь’, славен. kázati ’паказваць’, серб.-харв. kázati ’выказаць, паказаць’, макед. каже ’выказаць’, ’паказаць’, балг. кажа ’выказаць’, ’назваць’, ’загадаць’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 9, 169, прасл. форма гэтых слоў kazati дуратыўны дзеяслоў на ‑ati з падоўжаным каранёвым галосным а < ō. Слоўнік дапускае, што ў аснове kazati ляжыць, такім чынам, *koz‑, якое непасрэдна ў слав. мовах не зафіксавана. Магчыма, існаванне такой формы ўскосна пацвярджае быццам бы роднаснае čeznǫti, дзе, як нейкі эквівалент нулявой ступені, рэгулярнай для дзеясловаў на ‑nǫti, прысутнічае апафанічна зыходная ступень ‑e‑. Адносна семантыкі Слаўскі (2, 110) мяркуе, што зыходным значэннем было ’даць магчымасць бачыць, аглядаць’ (’даць бачыць’, ’паказаць’). Развіццё гэтага — з’яўленне значэння ’гаварыць’ (⩾ ’расказваць, загадваць’) і інш. Агульная семантыка ’звяртаць нечым увагу на што-н. (з дапамогай жэста або слоў)’. У якасці паралелі прыводзіцца лац. dīcō ’кажу’ пры грэч. δείκνῡμι, ’паказаць’ (так яшчэ ў Патабні, РФВ, III, 1880, 102–103). Трубачоў (Эт. сл., 9, 169), прымаючы такую версію, мяркуе, што на гэтай жа падставе сюды неабходна аднесці і каўзатыўнае kaziti, уласна ’меціць’ → ’псаваць’, нягледзячы на тое што kazati і kaziti звычайна разглядаюцца асобна. Ніжэй Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што для гнязда kazati, kaziti, čeznǫti дамінуючымі і зыходнымі былі значэнні ’паказваць, рабіць знак, меціць’, па гэтай прычыне некаторыя з і.-е. паралелей нельга лічыць надзейнымі. Для слав. kazati мяркуецца сувязь з і.-е. *k​ek̑, *k​ok̑‑ ’блішчаць, паказвацца; бачыць’ (Слаўскі, 2, 110). З лексемных адпаведнікаў можна прывесці ст.-інд. kā́śate ’з’яўляецца, блішчыць’, ст.-іран. čašte ’ён вучыць’, ākasat ’(ён) пабачыў’, грэч. τέχμαρ ’знак, прыкмета’. Што ж датычыцца адзначаных у славянскіх мовах значэнняў, то пры іх аналізе, на думку Слаўскага (там жа), неабходна лічыцца з магчымым уплывам прыставачных утварэнняў. Параўн. яшчэ Махэк₂, 246, дзе прапануецца выводзіць слав. kazati з і.-е. *kās, аб чым можна меркаваць, параўноўваючы слав. kazati са ст.-інд. śās‑ti ’паказвае, папракае, павучае і інш.’ Аднак гэта версія мала пераканаўчая па прычыне неадэкватнасці фанетыкі слав. і ст.-інд. слоў. Няясныя магчымыя трансфармацыі фанетыкі і для Махэка, і таму ён дапускае адваротны ўплыў на kazati прасл. kaznь (гл. Махэк₂, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)