рабро́, ‑а; мн. рэбры, ‑аў; н.

1. Дугападобная вузкая косць, якая ідзе ад хрыбетніка да грудной косці. Конь раней угнуў галаву, рэбры пад яго скурай захадзілі ходырам. Чорны.

2. Частка каркаса якога‑н. збудавання, прадмета, часцей выгнутая. Мужчыны звязвалі з жэрдак рэбры лодкі. Маўр. На рацэ ляжалі ў вадзе разадраныя выбухам фермы чыгуначнага моста і побач з імі прыгожа свяціліся рэбры новых пралётаў. Савіцкі.

3. Лінія перасячэння дзвюх плоскасцей. Рабро куба. Рабро піраміды. // Вузкі востры край чаго‑н. То прыгладзіць [муляр] гліну, то рабром [кельмы] зрэжа гурбяк на атынкаванай сцяне, то вострым кончыкам падчэпіць і адкіне кавалак старога тынку. Нядзведскі. // Вузкая старана якога‑н. прадмета (па яго даўжыні). Рабро цагліны. Рабро далоні. Ставіць дошку на рабро.

•••

Адны рэбры — вельмі худы, благі.

Палічыць рэбры гл. палічыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грама́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Што‑н. вельмі вялікае, масіўнае. Над прытоеным змрокам, над цёмнай грамадай лесу ўзнялася песня. Лынькоў. А паміж воблакаў-грамад І белай ад снягоў зямлёю — Закуты сцюжай вадаспад Застыў струною ледзяною. Танк. // Мноства чаго‑н., сабранага ў адным месцы. Грамада камяніц, раскінутых на вялікіх прасторах, вельмі прыгожа спускалася да даліны Свіслачы. Колас.

грамада́, ы́, ДМ ‑дзе́, ж.

1. Група людзей, натоўп. [Настаўніца] гуляе ў лесе з вясёлай грамадой школьнікаў. Бядуля. Усёй сваёй невялічкай грамадой хлопцы пайшлі па вуліцы. Кулакоўскі. / Пра дрэвы, прадметы і пад. Я моўчкі вітаю дзень многагалосы, Дубоў грамаду, красу лугавую. Колас. // у знач. прысл. грамадо́й. Усе разам, гуртам. Падводамі прывозілі з горада тавар; грамадою хадзілі дзівіцца, аглядаць. Каваль.

2. Пазямельная абшчына ў Беларусі і на Украіне да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама сход членаў гэтай абшчыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухі́л, ‑у, м.

1. Пэўны напрамак дзейнасці, інтарэсаў, спецыялізацыі. Лазарэт будзе мець хірургічны ўхіл. Алешка. Кожная навучальная ўстанова з будаўнічым ухілам пасылала.. [на будаўніцтва магістралі] некалькі сваіх выпускнікоў. Пальчэўскі. // Наяўнасць здольнасці да чаго‑н. Гаварыў ён па-беларуску прыгожа, нават, я сказаў бы, з літаратурны ўхілам. Дубоўка.

2. Адхіленне, адыход ад генеральнай лініі партыі. Асабліва актыўную дзейнасць праявілі .. [Я. Купала і Я. Колас] у часы барацьбы з рознымі нацыяналістычнымі скажэннямі і ўхіламі. Шакун.

3. Нахіленая, пакатая паверхня; схіл, адхон. Было ясней за яснае: вагоны, пакінутыя на ўхіле незатарможанымі, скрануліся з месца і пакаціліся самі па сабе... Васілёнак.

•••

Левы ўхіл — чужая марксізму-ленінізму псеўдарэвалюцыйная, авантурыстычная палітыка, якая прыкрывае рэвалюцыйнай фразай апартуністычную, згодніцкую сутнасць.

Правы ўхіл (у ВКП (б) — апартуністычная плынь у 1928–30 гг., якая адмаўляла неабходнасць і магчымасць паскоранай індустрыялізацыі краіны, правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі і прапаведвала «тэорыю» затухання класавай барацьбы і мірнага ўрастання кулака ў сацыялізм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лад ’згода, дружба’, ’узорны парадак’, ’спосаб, манера, узор’, ’уклад жыцця’, ’дзяржаўная ці грамадская сістэма’, ’настрой, гумор, тон’ (Нас., Бяльк., Яруш., Шат., КЭС, лаг.), ’звычай’ (Сл. паўн.-зах.), ’змовіны сватоў’ (Шат.), (бабскі) лад ’распараджэнне’ (Нас.), ла́дампрыгожа, у згодзе, у лад’ (Нас.), лады́ ’згода’ (Юрч. Вытв.), ’змовіны’ (Сл. паўн.-зах.), не з лада мужык, не з лада жонка ’без кахання’ (паўд.-усх., КЭС). Укр. лад ’парадак, упарадкаванне’, ’звычай, агульнапрынятыя правілы прыстойнасці’, ’спосаб, манера’, ’такт’, ’распараджэнне’, ’узаемная згода’; рус. лад ’торг, дамаўленне’, ’змовіны’, ’згода, мір’, ’парадак’; польск. ład ’гарманічны ўклад, парадак’. Чэш. lad ’гармонія, прыгажосць’ < рус. лад; славац. lad ’упарадкаванне, спосаб’ < чэш. lad; в.-луж. ład ’парадак, планавасць’ < чэш. ці з польск.; літ. lõdas ’сужыццё, згода’ < польск., бел. ці з рус. моў. Існуючыя слав. лексемы можна ўзвесці да паўн.-слав. ladъ ’парадак, гармонія, урэгуляванасць’, якое не мае надзейнай этымалогіі. Так, Мікала (UG, 3, 24) звязвае яго з гоц. lētan ’пускаць, дазваляць’ < і.-е. *lēd‑. Міклашыч (159), Младэнаў (268), Праабражэнскі (1, 426) суадносяць са слав. lagoda. Зубаты (AfslPh, 16, 397; Studie, 1 (2), 102) рэканструюе аснову *lā‑. Фасмер (2, 447) рашуча адмаўляе меркаванне Бернекера (1, 683) аб сувязі ladъ з ірл. laaim ’кідаю, кладу, пасылаю, стаўлю’ і ст.-грэч. ἐλάω і інш. ’ганю’, які выводзіў з гэтага агульнае значэнне ’парадак, гармонія, слой, каханне’ і збліжаў гэта з польск. skład, składny. Бел. лад як музычны тэрмін — сэнсавая калька з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 151).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сядзе́ць, сяджу́, сядзі́ш, сядзі́ць; сядзі́м, сядзіце́, сядзя́ць; сядзі́; незак.

1. Займаць такое становішча, пры якім тулава апіраецца на што-н. сваёй ніжняй часткай.

С. на лаўцы.

С. вярхом (на кані).

2. Знаходзіцца на якім-н. месцы, не рухаючыся (пра птушак, насякомых).

Ластаўкі сядзяць на правадах.

3. Знаходзіцца, быць дзе-н., у якім-н. месцы (пра жывых істот і прадметы).

С. цэлы дзень дома.

Куры сядзяць запёртыя.

Хлеб сядзіць у печы.

4. Знаходзіцца ў якім-н. стане або займацца чым-н.

С. без работы.

С. за камп’ютарам.

С. за чарцяжамі.

С. з хворым дзіцем.

С. за вязаннем.

5. Быць у зняволенні; быць пазбаўленым свабоды.

С. у турме.

С. на гаўптвахце.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Знаходзіцца, размяшчацца дзе-н.

Шыбы ў вокнах сядзяць няшчыльна.

Пад сасной сядзіць баравік.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Глыбока ўпіўшыся куды-н., аставацца там.

Стрэмка сядзіць у пальцы.

Куля сядзела вельмі глыбока ў назе.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра адзенне: добра аблягаць фігуру.

Сукенка сядзіць прыгожа.

Вось дзе сядзіць хто-што ў каго (разм., неадабр.) — пра каго-, што-н., што прычыняе вялікія клопаты, непрыемнасці.

Сядзець у дзеўках (разм.) — доўга не выходзіць замуж.

|| наз. сядзе́нне, -я, н. (да 1, 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыбра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. прыбяры; зак.

1. каго-што. Адзець прыгожа, лепш, чым звычайна. Прыбраць да шлюбу. □ — Прыбраць бы іх прыгожа, — сумна ўсміхаецца Люська, — якраз як сёстры Фёдаравы... Ракітны. // Пакрыць чым‑н. для ўпрыгожвання; упрыгожыць. Сцены прыбралі самымі прыгожымі дыванамі, якія ўмелі ткаць бярозаўскія жанкі. Васілевіч. З іх [дзяўчат] адна вянком удала Галаву сабе прыбрала. Танк. Мароз прыбраў, як майскай квеценню, Сады, палеткі і дамы. Астрэйка.

2. што і без дап. Прывесці ў парадак што‑н., навесці чысціню дзе‑н. Прыбраць у хаце. □ Старанна прыбрала.. [Ганна] кухню, змяла, выцерла кожную пылінку. Колас. Собіч даўно прыбраў стол, але чакаў, глянуўшы на Марыну: яна стаяла каля акна задумаўшыся. Скрыган.

3. што. Прыняць, зняць, знесці адкуль‑н. Прыбраць посуд са стала. Прыбраць камень з дарогі. □ Вясной перад іхнім домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар, прыбралі хлуд. Лось. [Аканом] паклікаў усіх, хто забудаваўся з Гальвасавага лесу, і сказаў за лес заплаціць, а за самаўпраўства даць штраф. А хаты прыбраць з Гальвасавага поля. Чорны. // каго. Разм. Зняць, вызваліць. [Антон Васільевіч], відаць, дабіваецца, каб мяне прыбралі з пасады старшыні. Паслядовіч.

4. каго-што. Разм. Знішчыць, забіць. — Самі ведаеце, як тады жыццё наша калгаснае ішлося. Пабудовы спалены, зямля запушчана, ні цяпла, ні людзей... Усё вайна прыбрала. Сачанка. [Вінцук:] — Так то яно так, але поўзаюць жа па свеце такія гады. І не прыбярэ такую поскудзь ніхто. Машара. [Мікола-падпольшчык:] — Ваня, ты заставайся ў горадзе, прыбяры гада як мага хутчэй, пакуль ён не нарабіў бяды. Новікаў.

5. каго-што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць каго‑, што‑н. Зямлю ж гектараў паўтара Прыбраў вясковы абдзірала, Прыслужнік панскага двара. Колас.

6. што. Разм. Сабраць (ураджай з поля, сена і пад.). — Збожжа прыбралі, азіміну пасеялі — чаму ж не пагасцяваць крыху ў добрага чалавека? Пянкрат. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта. Чорны. // Канчаткова зрабіць што‑н. на якой‑н. тэрыторыі. — Балота прыбралі ўжо? — Учора касілі ўсім сялом — скончылі! Краўчанка.

•••

Прыбраць да рук — а) захапіць сабе, прысвоіць; б) прымусіць каго‑н. быць паслухмяным. Вялая думка стала больш акрэсленай і перарасла ў рашэнне: прыбраць да рук гэтага.. ветрагона. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

о 1, нескл., н.

1. Шаснаццатая літара беларускага алфавіта. Вялікае О.

2. Галосны гук задняга рада сярэдняга пад’ёму, які вымаўляецца з удзелам губ.

о 2, выкл.

1. Вокліч, пры дапамозе якога выказваецца пачуццё здзіўлення, захаплення, абурэння, дакору і пад. — О, дык у цябе, браце мой, кватэра нішто сабе, — сказаў Кузьма Чорны. Скрыган. О-о-о, непедагогі не ведаюць, што такое няўрымслівасць маладога настаўніка перад навучальным годам! Лобан. // Ускрык, стогн, які выражае боль, адчай. Зноў [Чыжык] пачуў цяжкое, як стогн, «О!», потым ціхі шэпт «Ваня!», які чамусьці прывёў яго ў жудасць. Лупсякоў.

2. Ужываецца для ўзмацнення эмацыянальнай экспрэсіўнасці выказвання ў рытарычных сказах і рытарычных зваротах. О, як прыгожа з вышыні Акінуць вокам лес і поле... Чарот. Дзеці нягоды, о слёзы людскія! Колас. О, як бы нам хацелася забыць І войны ўсе, і стогны, і руіны! Панчанка.

3. Ужываецца для ўзмацнення сцвярджэння або адмаўлення. Жыта цячэ з рукавоў-латкоў машыны па гатунках. Іх аж тры. О, такое [жыта] можна сеяць! Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́жа 1, ‑ы, ж.

1. Месца ў глядзельнай зале, аддзеленае перагародкаю для невялікай колькасці асоб. У ложы паблісквалі маноклі і ордэнскія крыжы генералаў. Мехаў. Увечары .. [Эльга], нібы цень, прашмыгнула ў артыстычную ложу, забілася ў кут, каб не ўбачылі яе з залы. Мікуліч.

2. Уст. Аддзяленне масонскай арганізацыі.

[Фр. loge.]

ло́жа 2, ‑ы, ж.

Драўляная частка ружжа ці аўтамата, да якой прымацаваны ствол. Падняў я стрэльбу. Снег абцёр з рулі і ложы. Сачанка. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.

ло́жа 3, ‑а, н.

1. Паглыбленне ў грунце, па якім цячэ водны паток; рэчышча. Вось як цяпер, перада мною Устае куточак той прыгожа, Крынічкі вузенькае ложа. Колас.

2. Уст., паэт. Пасцель.

•••

Пракрустава ложа (кніжн.) — мерка, пад якую сілком падганяюць, прыстасоўваюць што‑н. (Ад імя міфічнага грэчаскага разбойніка Пракруста, які клаў захопленыя ім ахвяры на сваё ложа і абсякаў ногі тым, хто быў даўжэй ложа, а тым, хто карацей, выцягваў іх.)

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дар, ‑у; мн. дары; м.

1. Тое, што даецца ва ўласнасць дарма; падарунак. А гэта скрыня — дар ад мужа, Як быў яшчэ ён жаніхом. Колас. // часцей мн. (дары́, ‑оў). Ахвяраванні. Не памыліўся поп, — прыход У храм быў паўнаводны; На багамолле плыў народ, Вязлі дары падводы. Жычка.

2. Плён працы, якой‑н. дзейнасці; тое, што дае прырода. Дары лесу. □ Кажуць, ураджай — дар зямлі. На самай справе, гэта дар людской працы. Гроднеў. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.

3. Здольнасць, талент. Дар музыканта. Паэтычны дар. □ Гэта быў мужчына гадоў за трыццаць, адукаваны, вопытны арганізатар з прыродным дарам красамоўства. Машара.

•••

Божы дар (уст.) — усё, што даецца ад прыроды.

Дар данайцаў — каварная паслуга з мэтай прычыніць зло, загубіць.

Дар за дар — паслуга за паслугу. — Вось што, браце Даніла, — сказаў.. [Мікола], — Дар за дар, а дарма нічога. Я цябе выручыў, і ты мяне выруч. Брыль.

Дар слова — а) здольнасць гаварыць; б) здольнасць гаварыць свабодна, прыгожа, вобразна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́бка 1, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Памянш.-ласк. да губа ​1.

•••

Губкі банцікам — пра невялікі, звычайна жаночы, рот з крыху ўзнятай і прыгожа выгнутай верхняй губой.

гу́бка 2, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Мнагаклетачная беспазваночная марская жывёліна тыпу прасцейшых, якая вядзе сядзячы спосаб жыцця.

2. Мяккі, порысты касцяк некаторых відаў гэтых жывёлін, які добра ўбірае вільгаць і выкарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы. // Порыстая мачалка з гумы або іншых матэрыялаў. Мыцца губкай.

гу́бка 3, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Высушанае цела губы-грыба, якое служыць для здабывання агню. Сымон, як злодзей, мех знімае, У хлеў падпал кладзе ў куток, Па скалцы крэсівам чок! чок! І іскру ў губцы раздзімае. Колас.

гу́бка 4, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Уст. Мера асновы, палатна даўжынёй на хатнюю сцяну. Рукі ўжо вядуць несканчона доўгую нітку па бярвенчатай сцяне: на хвіліну спыніўшыся, яны палічаць пасмы і зноў снуюць і снуюць — губка за губкай, губка за губкай. Палтаран. Ішла.. [Хіса] пазычыць у сястры бёрда — скора трэба выткаць кросны губак на восем. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)