цемната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

1. Адсутнасць святла, асвятлення; цемра. Пад сховай цемнаты Нам даставілі пасылкі, Тэлеграмы і лісты. Глебка. За цемнатою цяжка было разглядзець, колькі зараз часу. Гартны. // Пра цёмнае, неасветленае месца, прастору. За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Колас.

2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Наша маладосць Не ведае ніякай цемнаты, Бо ёй Кастрычнік асвятліў шляхі, Высока ўзняўшы палымяны сцяг. Смагаровіч. І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася! Мележ. Нашы дзед і бабуля так і памерлі ў цемнаце, а я атрымаў асвету і працую за станком. Гарбук. // Разм. Пра недасведчанага або малаадукаванага чалавека. — Няўжо вы дагэтуль нічога не ведаеце?.. От жа цемната, ну што ты скажаш! — незласліва засмяяўся чалавек. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Немалы, значны, досыць вялікі. Сімон завярнуў у завулак, зрабіўшы ладны крук. Самуйлёнак. [Гаспадыня] паставіла на стол ладны чыгунок гарачай бульбы і гліняную міску кіслага малака. Грахоўскі. // Вялікі па колькасці. За бацькавым сталом збіралася ладная сямейка, ажно адзінаццаць душ. С. Александровіч.

2. Зграбны, стройны, прыгожы. Шарсцяная армейская гімнасцёрка і брыджы .. добра аблягалі ладную постаць. Мележ. У пакой увайшоў старшыня сельсавета Іван Сямёнавіч Андруш, высокі, ладны мужчына з цёмнымі вачамі. В. Вольскі.

3. Зусім здавальняючы, добры; спраўны. Сапраўды, хата ладная, чыстая, прыбраная, усё вакол дагледжана. В. Вольскі. — Мы работы не баімся, абы харч ладны, — асцярожна ўставіў [слова] нізкарослы чарнявы лейтэнант Гусараў. Алешка. У войта і ў Вруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас.

4. Дружны, зладжаны. З барханаў Турксіба, З Каўказскіх вышынь, З палёў ільняной Беларусі Цякуць эшалоны сырцу і машын У цёплым і ладным хаўрусе. Лявонны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стаць1 ‘спыніцца’, ‘заняць вертыкальнае становішча’, ‘з’явіцца’, ‘застыць на месцы’, ‘адбыцца, здарыцца, зрабіцца’, ‘пачаць’, безас. ‘хапіць’, ста́цца ‘адбыцца, здарыцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Бяльк., ТС, Федар. 4, Ян.). Укр. ста́ти, рус. стать, ст.-рус. стати, польск. stać, чэш. státi se ‘здарыцца, стаць’, славац. stať, серб.-харв. ста̏ти, славен. státi, ст.-слав. стати. Прасл. *stati ад і.-е. *stā‑ ‘стаць’; адпаведнікі ў літ. stàti ‘прыступаць, станавіцца’, лат. stât ‘станавіцца’, ст.-прус. postāt ‘стаць’, ст.-інд. asthāt аор. ‘устаў, стаў’, лац. stō ‘стаяць’ і г. д. Гл. Фасмер, 3, 748 з літ-рай; Борысь, 574; Махэк₂, 575; Сной₁, 605. Параўн. ставаць, стаяць.

Стаць2 ‘справа, прычына’, ‘прыстойнасць, гожасць’ (Нас., ТС), стаццё ‘здарэнне, прыгода; незвычайны выпадак’ (Нас., Гарэц.), ста́цце ‘хвароба’ (Мат. Гом.), стаццо́ ‘здарэнне’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. стать ‘полавая прыналежнасць; постаць’, рус. стать ‘будова цела’, ‘прычына, выпадак’, прыставачныя ўтварэнні: польск. postać ‘фігура, пастава’, ст.-польск. postać ‘род’, ст.-чэш. podstať ‘сутнасць’, славен. póstȃt ‘шэраг рабочых у полі ці ў вінаградніку’, серб.-харв. по̀стат ‘шэраг (у час жніва)’, балг. по̀стат ‘паласа, якую жнуць адна ці некалькі жней’, ц.-слав. постать ‘вызначэнне, загад, пастанова; прызначэнне’. Прасл. *statь, абстрактны назоўнік ад *stati, гл. стаць. Роднасны лат. stātis ‘стойка’, авест. stāiti‑ ‘стойка, стаянне, устанаўленне’, ст.-ісл. stód ‘месца, стан’ (Фасмер, 3, 748; БВР, 5, 549; ЕСУМ, 5, 402; Бязлай, 3, 92).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́я1 ‘чарада птушак’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘касяк рыб’ (Сцяшк.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 584), з рус. стая́ ‘тс’, што патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. ста́я ‘загарадка ў хляве, дзе стаяць коні’ (брэсц., Нар. сл.), ста́я, ста́і ‘загон’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *staja; параўн. таксама ўкр. ста́я ‘курэнь пастухоў; загон; рад сціртаў сена’, рус. ‘хлеў; адрына, загон’, стараж.-рус. стая ‘хлеў’, ‘прыстанішча; ложак; шацёр’, чэш. stáj, stáje ‘стойла’, серб.-харв. ста̏ја ‘стойла; загон’, славен. stája ‘хаціна пастухоў; прыстанішча’, балг. ста́я ‘пакой’, макед. стаја ‘канюшня’. Да стаць, стаяць, першаснае значэнне ‘стойла; месца, дзе стаіць жывёла’, ‘стаянка’. Гл. Фасмер, 3, 749; Махэк₂, 574; Сной₁, 603; гл. спецыяльна Лучыц–Федарэц, Лекс. Палесся, 193–194. Трубачоў (Этногенез₂, 212) лічыць кур’ёзным, аднак цалкам рэальным, што назва “рухлівай” групы жывёл утворана ад і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Няма падстаў разглядаць як магчымы субстратны балтызм рус. падмаск. ста́йка ‘хлеў’ (Тапароў, Балтийские яз., 46), параўн. Анікін, Опыт, 283.

Ста́я2 ‘парода, гатунак’ (Бяльк.). Відаць, да стая1 (< ‘з адной стаі, з аднаго гнязда’).

Ста́я3 ‘загон, участак зямлі’ (іўеў., трак., воран., шальч., беласт., Сл. ПЗБ), ‘мера даўжыні ў 100 м’ (Сцяшк.), ст.-бел. стая ‘мера даўжыні, роўная прыблізна 80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. ста́я ‘дзялянка зямлі, загон’, польск. staja ‘пэўная мера даўжыні поля’. Прасл. *stajaпостаць; паласа поля, занятая пры апрацоўцы’, што да *stati, гл. стаць. Параўн. ЕСУМ, 5, 403.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., каго-што.

1. Закрыць, загарадзіць сабою або чым‑н. Нізкія і вузкія дзверы зямлянкі засланіла вялікая постаць чалавека. Шамякін. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу. Мележ. // Закрыць засланкай (печ). [Люба] загарнула жар, засланіла печ, дастала штосьці з-пад прыпека і пачала вячэраць. Чорны. // перан. Пазбавіць магчымасці чуць, бачыць, разумець і пад. (пра органы пачуццяў). Усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла. Колас.

2. перан. Адсунуць на задні план. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Колас. Іншае, моцнае і радаснае пачуццё засланіла на момант усё астатняе. Якімовіч.

•••

(Увесь) свет засланіць — а) зрабіць жыццё пакутным, бязрадасным. Вайна, як гром, абарвала добрыя надзеі, засланіла цемрай свет. Кавалёў; б) прымусіць забыць пра ўсё на свеце. Дзіця засланіла Клаўдзіі Аляксееўны ўвесь свет. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Засланіцца, прыкрыцца чым‑н. [Сотнікаў] захінуўся рукавом, але ад таго кашаль стаў і яшчэ больш нястрымным. Быкаў. / у перан. ужыв. Пакрывалам бялёсых туманаў захінуўся шырокі прастор. Машара. // Пасунуўшыся, закрыцца. Нават пасля таго, як захінулася заслона, гледачы ніяк не маглі суняцца ад смеху. Ус.

2. Ахінуць сябе чым‑н., закруціцца ў што‑н. Міхаліна захінулася кажушком і пайшла. Грамовіч. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі. // Разм. Захінуць на сабе краі вопраткі. — Халат расшпіліўся, захініся.

3. Схавацца дзе‑н., за што‑н. Захінуцца за вугал. □ Я захінуўся за куст, насцярожыўся — у цемры расла, набліжалася да лазняку чыясьці постаць. Сачанка. А як жа.. [Танечку] не знайсці, калі яна стаіць побач з табой, рукой дастанеш! Нават не здагадаецца захінуцца куды-небудзь пад ложак ці пад канапу. Рылько. Куды ў пануры гэткі дзень ісці? Дзе захінешся, куды дзенешся? Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варо́ты, ‑аў; адз. няма.

1. Шырокі праезд у сцяне, плоце, які закрываецца створкамі або закладваецца жардзінамі. У варотах мільганулася жаночая постаць з вёдрамі. Колас. Гумно на двое варот — не гумно, а гмах. Чарнышэвіч. // Створкі, якімі закрываецца такі праезд. Вароты ў двор ужо былі насцеж адчынены. Краўчанка. Падышлі [браты] да сцяны, а ў ёй жалезныя вароты на замку. Якімовіч.

2. У спартыўных гульнях — строга акрэсленая і вылучаная частка прасторы на полі, якая абараняецца кожнай камандай. Футбольныя вароты. □ Пачалася гульня. Мы перадавалі мяч адзін аднаму, потым білі па варотах. Васілёнак. // Вузкі праход паміж скаламі (на моры, у гарах). Царскія вароты. Байдарскія вароты.

3. перан. Пункт, праз які ажыццяўляецца інтэнсіўная сувязь з навакольныя светам. Марскія вароты. □ Брэсцкі вакзал вобразна называюць варотамі нашай Радзімы. «Звязда».

4. Спец. Месца ўваходу ў які‑н. орган ці выхаду з яго крывяносных і лімфатычных сасудаў. Вароты печані.

•••

Ад варот паварот гл. паварот.

Вароты пірагамі падпёрты дзе, у каго — пра багатае прывабнае месца.

Не лезці ні ў якія вароты гл. лезці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслу́га, ‑і, ДМ ‑лузе, ж.

1. Дзеянне, учынак, які прыносіць карысць, дапамогу каму‑н. Сяброўская паслуга. Прапанаваць свае паслугі. □ І выраз твару і ўся постаць селяніна сведчылі аб тым, што ён гатовы зрабіць паслугу добраму чалавеку. Колас. Сяброўкі хацелі ўхутаць яе трэцяй коўдрай, але Юля адмаўлялася ад усялякіх паслуг. Грамовіч. Кладучыся, .. [Карызна] заўважае на сваім ложку свежую, чыстую бялізну: апошняя сямейная паслуга Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Паслугу ўсе прымаюць, ды часта яе забываюць. Прыказка.

2. толькі мн. (паслу́гі, ‑слуг). Работа, што выконваецца для задавальнення чыіх‑н. патрэб. — Разведчыца з’явілася са сваімі паслугамі да Рыбіна сама. Пестрак. Чалавек для паслуг яму [Ліндэ] быў патрэбны. Бядуля. // Гаспадарча-бытавыя або іншыя выгоды. Камунальныя паслугі. Паслугі бібліятэк.

•••

Бюро добрых паслуг гл. бюро.

Да вашых (тваіх) паслуг — выражэнне ветлівасці, якое паказвае гатоўнасць да чаго‑н.

Да яго (нашых, іх і пад.) паслуг — хто (што) можа быць у чыім‑н. распараджэнне.

Мядзведжая паслуга — няўмелая паслуга, якая замест дапамогі прыносіць цяжкасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убра́нне, ‑я, н.

1. Адзенне, убор; строі. Васіль .. стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні. Колас. Вось і шыльда майстэрні .. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. // Спецыяльнае адзенне, убор. — Я ўжо не ў арміі, — дадаў .. [Андрыян], заўважыўшы, што бабуля пазірае на яго вайсковае ўбранне. Марціновіч. [Даўгулевіч:] — Потым я пачуў нечыя крокі і ўбачыў жаночую постаць у падвянечным убранні. Гурскі. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (пра снег, лісце і пад.). Прыгадаўся адзін залаты ў асеннім убранні дзень. Асіпенка. І тут зусім нечакана паваліў снег. Ціхі такі, спорны. Неўзабаве ўся зямля была ў белым убранні. Ігнаценка. Парк заціхаў, убранне яго жоўкла, асыпалася. Ракітны.

2. Аддзелка, абсталяванне памяшкання. — Усё сам парабіў, — зазначыў Хмялеўскі, заўважыўшы, што Андрэй з цікавасцю аглядае ўбранне яго хаты. Чарнышэвіч. // Убор, аздабленне чаго‑н. Будаўнікі здымалі рыштаванні з гатовых дамоў, і горад прыгажэў на вачах, апранаючыся ў святочнае ўбранне — транспаранты, плакаты, лозунгі, сцягі... Карпаў. Бацька прынёс зялёную густую елачку, і Тоня па вечарах пасля ўрокаў рыхтуе для яе ўбранне. Ус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увішны́, ‑ая, ‑ое.

1. Жвавы, спрытны ў рухах, у дзеянні. Увішны ў рабоце. □ Мая гаспадыня была ўвішная, рухавая кабета, нягледзячы на свае пяць дзесяткаў год. М. Стральцоў. Ішла [Ліда] чамусьці занадта павольна, хоць звычайна была вельмі порсткая, увішная. Кулакоўскі. У новай Тэклінай хаце ўвішныя жанчыны ўжо расстаўлялі на сталах пачастункі. Краўчанка. / Пра жывёл, птушак. Зрэдку папісквалі, пырхаючы з галінкі на галінку, увішныя каралькі. Паслядовіч. // Уласцівы такому чалавеку; спрытны. [Хлопец] так быў заняты працай, што, здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Ваданосаў. Увішная постаць .. [Анатоля] мільганула ў праёме дзвярэй. Хадкевіч. Аксеня аж здзівілася: «Хутка робіш, хутка... Рукі твае ўвішныя...» Пестрак. // Хуткі, спорны. Пайшла работа — ціхая, увішная, без адзінага слова. Шухаюць рыдлёўкі, скрыгочуць каменнем. Ракітны. Увішная хада адбірала сілы. Пад цяжарам гнулася галава, і Тышкевіч амаль не бачыў, куды ідзе. Асіпенка. // Паваротлівы, вёрткі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі. Мележ.

2. перан. Вынаходлівы, хітры. Хусейн праявіў сябе хітрым, выкрутлівым і ўвішным палітыкам. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)