Гарэць ’гарэць’ (ужываецца таксама ў значэнні ’цвісці’ — Шат., Жд. 2, Сл. паўн.-зах.). Рус. горе́ть, укр. горі́ти, польск. gorzeć, серб.-харв. го̀рети, ст.-слав. горѣти і г. д. Прасл. *gorěti, *gorʼǫ ’гарэць’ (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 42) звязана з прасл. *grěti, *gъrnъ, *žarъ. У аснове ляжыць і.-е. *g​uher‑: *g​uhor‑ ’гарачы, паліць і да т. п.’ Параўн. літ. garė́ti ’гарэць’, ст.-інд. háras ’жар’, ghṛṇóti ’гарыць, свеціць’, ст.-грэч. θέρομαι ’рабіцца гарачым’. Трубачоў, Эт. сл., 7, 42–43; Слаўскі, 1, 322–323; Фасмер, 1, 441; Траўтман, 79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ґе́ґа1 ’крэмень’ (гродз., таксама ў бел. гаворках Польшчы; гл. Лекс. балтызмы, 40–41), ’камень’ (Сцяшк.). Мяркуюць, што гэта магчымае запазычанне (з варыянтам дзе́га) з літ. мовы. Параўн. літ. dẽgti, dẽgintiпаліць’, dẽgas, dẽgalas ’галавешка, кнот’ (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 40–41; Смулкова, Z polsk. stud. slawist., ser. 2, 1963, 215–221). Параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах., 439.

Ґе́ґа2 ’парода гусей’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. gẽgalas ’нырок’, gẽgė ’зязюлька’. Але, магчыма, і самастойнае ўтварэнне (ад ге́гаць, ґе́ґаць, гл.). Параўн. польск. gęga ’гусь’ (< gęgać ’гегаць’). Гл. Слаўскі, 1, 272.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апалька ’перапечка’ (Сцяшк. МГ), рус. уладз. пале́нка, пали́ха, паленик ’тс’, паўдн. паленица ’хлеб’; укр. опалянок, каляниця ’тс’, польск. дыял. apalonek, apaloniec ’печаны хлеб’; чэш. opelka ’калач з рэшткі цеста’; славен. páljenek ’гатунак кукурузнага пірага’. Няясна. Прасцейшае — звядзенне да кораня паліць (Бірыла аб прозвішчы Апалька — Бел. антр. 2, 22; Вештарт, Лекс. Палесся, 112–115, Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 127); магчыма, вынік народнаэтымалагізуючых працэсаў; наўрад ці роднасна з літ. apalus ’круглы’ (Арашонкава і інш., там жа). Генетычная сувязь адзначаных форм таксама няпэўная: магчыма, гэта паралельныя новатворы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гар, ‑у, м.

1. Едкі пах ад няпоўнага згарання чаго‑н. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў.

2. Рэшткі ад згарання якога‑н. рэчыва; нагар. На каменне падаў чорны гар. Вядомы Настачцы свет канчаўся і тлеў. Чорны.

3. Выпаленае месца ў лесе; пажарышча. Так і стаяць у мяне перад вачамі тая далёкая Палеская зямля, шырокія лясныя гары з абвугленымі стваламі і адзінокае.. печышча сярод кучы попелу. Хомчанка.

4. Адходы, рэшткі перагарэлага каменнага вугалю, якія скарыстоўваюцца пры будаўніцтве дарог і інш.

•••

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць гл. гарэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што, чым і без дап.

1. Падмацаваць сілы, здароўе, даючы дадатковую яду. Падкарміць галадаючых. □ Змарнелых дзяцей, якія ўжо два месяцы нічога, акрамя шчаўя, не бачылі, рашылі падкарміць. Чыгрынаў. [Вясніна:] Такіх людзей, як Бондар і Рымша, трэба берагчы, іначай яны хутка згараць. Людзі з вайны, трэба падкарміць, а тут нястача. Гурскі. // Дадаць корму. Падкарміць цялят. Падкарміць рыбу.

2. Дабавіць у глебу мінеральнага ўгнаення для паляпшэння росту раслін. Падкарміць салетрай кукурузу. □ [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба прапалоць [гародніну], дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.

3. Разм. Укарміць, выкарміць. [Антось:] — Зараблю.., падкармлю кабанчыкаў. А там, зімой, будзе відаць. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Разаўрэ́ць (разовре́ць) ’разапрэць, моцна ўспацець’, разовре́лый ’моцна ўспацелы, разапрэлы’ (Нас.). Да урэць (гл.), врець [врѣць] ’аблівацца потам’, ’вянуць’ (Нас.), врэць ’кіпець’ (КЭС), рус. дыял. вреть ’моцна пацець’, укр. врі́ти ’кіпець’, польск. wrzeć, чэш. vřiti, славац. vrieť, славен. vréti, серб.-харв. вре̏ти, балг. вря, ст.-рус. вьрѣти ’кіпець’, ст.-слав. вьрѣти. Да прасл. *vrěti, звязанага з *vīrъ (> вір1, гл.), *variti (> бел. вары́ць). Роднасныя да літ. vérdu, vìrti ’кіпець, бурліць’, versmẽ крыніца’, лат. vir̂t, vęr̂du, virags ’вір’ (Фасмер, 1, 362). Да і.-е. *u̯er‑/*u̯or‑, *u̯ṛ‑ ’гарэць’, ’паліць’ (ЕСУМ, 1, 433; Махэк₂, 702–703; БЕР 1, 193; Скок, 3, 622–624).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падпалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Паднёсшы агонь да чаго‑н., прымусіць гарэць; выклікаць гарэнне. Падпаліць дровы. Падпаліць салому.

2. Наўмысна знішчыць агнём што‑н., учыніць пажар. Гадзін за дзве да захаду сонца, адыходзячы, салдаты з двух канцоў падпалілі вёску, а самі зніклі. Чорны. А ў гэтую самую ноч на Пасеках было відна, хоць іголкі збірай... Нехта падпаліў новыя будовы Ліпніцкага. Чарот.

3. Даць падгарэць чаму‑н., падсмаліць што‑н. Падпаліць хлеб. Падпаліць сала.

4. і ў чым. Раскласці агонь (у печы, пліце і пад.), каб згатаваць ежу або ацяпліць памяшканне. Падпаліць печ. Падпаліць пліту. □ Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць гарэць, загарэцца. Запаліць лямпу. □ Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да кнота Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей. // Наўмысля падпаліць. — Нашу вёску запалілі! — заплакаў хлопец. Чорны. // таксама без дап. Падпаліць паліва (у печы). Запаліць у печы.

2. перан. Выклікаць у каго‑н. уздым пачуццяў, энергіі і пад.; натхніць. Расказаць пра.. [Кліма] трэба з пачуццём, каб запаліць сэрцы ўсіх салдат. Жычка.

3. перан. Прымусіць з’явіцца, узнікнуць (пра пачуццё, настрой і пад.). Жывы, новы, яскравы агеньчык запаліла вясна ў сэрцы хлебароба. Бялевіч. Выкрасаць каменем іскры патрэбен спрыт, а запаліць агонь у сэрцы чалавека паэтычнымі творамі — спрыту мала, патрэбна гарэнне самога паэта. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Раздзяліць што‑н. напалам, на часткі агнём, едкім рэчывам. Перапаліць вяроўку. Перапаліць дроцік.

2. Сапсаваць празмерным абпальваннем, награваннем. Перапаліць цэглу. Перапаліць каву. // Пашкодзіць перагрузкай або кароткім замыканнем (пра электрычныя прыборы). Перапаліць электрычную лямпачку.

3. Спаліць усё, многае. Перапаліць усе дровы. □ [Палашка:] — Учора, што вы думаеце, надумаўся [дзед Аўсей] аладкі пячы: колькі мукі перапсаваў, сала перапаліў... Лынькоў.

4. і чаго. Расходаваць вельмі многа або больш, чым трэба (паліва, гаручага). Не так гэта лёгка — з дня на дзень сляпіцца над чужым шытвом (о, гэты страх ускраіннай краўчыхі, што дзяўчаты-памочніцы перапаляць газы!). Мехаў.

5. Спец. Перапрацаваць што‑н. з дапамогай агню; падвергнуць тэрмічнай апрацоўцы. Перапаліць руду. Перапаліць вапняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.

1. Гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.). Раскладалі вялікі агонь, на ражнах смажылі сала. Чарнышэвіч. Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў: — Смаж яечню! Колас.

2. безас. Пра сухасць у роце, выкліканую смагай, жаданнем піць. Ад селядца смажыць. □ Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Пташнікаў. На другім ад Ланска прыпынку.. [Мікалай] сказаў Данілу, што ідзе напіцца халоднай вады — смажыла надта пасля сала, — і выйшаў. Пальчэўскі.

3. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Сонца не пякло, а смажыла зямлю. Капыловіч. Калі ўспыхвае пунсовы ранак, сонца неміласэрна пачынае смажыць стэп. Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)