*Рапе́ха, рэпе́ха ’маруда’ (пін., Нар. лекс.), рэпэ́ха ’неахайная жанчына’ (івац., Жыв. сл.). Няясна; магчыма, экспрэсіўны фанематычны варыянт рапу́ха лаянк. ’рабая альбо брыдкая жанчына, асабліва злая’ (Нас.), разм. ’марудная, гультаяватая жанчына’, якое, у сваю чаргу, з’яўляецца метафарычным пераносам з рапуха ’палявая жаба’ (гл.), аднак у гэтым выпадку ў палескіх гаворках было б іншае фанетычнае афармленне пачатку слова (з ро‑). Параўн. рус. разан. рапо́ха ’подлы, нізкі чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапча́ннізкі ложак з дошак на козлах’, ’пакаёвая шырокая лаўка са спінкай’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт.), ’шырокая лава’ (Касп., Гарэц., Сержп. Прымхі), ’простая шырокая лава для качання бялізны’ (Нас., Байк. і Некр.), ’канапа’ (Сцяшк., Вруб., Сл. ПЗБ), топча́н ’тс’ (ТС). Укр. тапча́н, топча́н, рус. топча́н, польск. tapczan ’тс’. Цюркізм, з тат. tapčan ’узвышэнне, трон; ляжанка’. Анікін (554) мяркуе, што значэнне ’канапа’ сведчыць пра польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 517.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падшы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падшыць.

•••

Ветрам падшыты (падбіты) — а) пра верхняе адзенне, якое не засцерагае ад холаду. Імкліва ішла восень, і мы ў сваіх апранахах, падшытых ветрам, моцна адчувалі яе крокі, асабліва халоднымі начамі. С. Александровіч; б) легкадумны; нясталы.

Чортам падшыты — непаседлівы, вяртлявы. Мікіта быў нізкі і вяртлявы, быццам чортам падшыты, мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызе́місты, ‑ая, ‑ае.

Нізкі на выгляд; прысадзісты. З двух бакоў разлягаліся лагодныя, светлыя прасторы палёў, пясчаныя ўзгоркі, на якіх асталяваліся .. разложыстыя прыземістыя хвойкі. Колас. [Мужчыны] падышлі да гаража — доўгага прыземістага будынка, разлічанага машын на дзесяць. Хадкевіч. Танкі, прыземістыя, злавесныя, упарта набліжаліся. Мележ. // Невысокі, але моцнага целаскладу; каржакаваты (пра чалавека). Наперадзе цвёрдай паходкай з аўтаматам напагатове крочыў прыземісты і плячысты дзяцюк. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сві́нства, ‑а, н.

Разм.

1. Пра што‑н. неахайнае, бруднае.

2. Нізкі ўчынак, грубасць, непрыстойнасць. — Гэта — свінства! — адклікнуўся Турсевіч і плюнуў з нейкаю агідаю. — Баяўся мужыком здацца і выявіў сваё поўнае хамства. Колас. Сёй-той перад свіннёй гатоў падціснуць хвост. Калі яна займае значны пост, Ільва ж, хоць той і свінства вырабляе, Не можа абарваць, бо смеласці не мае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́мы, ‑ая, ‑ае.

Вельмі круты. Скалісты, ззаду асветлены прам[янямі] бераг быў стромы, як сцяна, высокі — больш за дзвесце метраў. Брыль. Рака ўвесь час пятляе, па абодва бакі яе шырокія заліўныя лугі. На заваротах — адзін бераг нізкі, пясчаны, другі — стромы, круты. Сачанка. [Дзеці] павольна абышлі ўжо тры бакі будыніны і цяпер павінны былі выйсці на чацвёрты бок, што выходзіў на стромы адхон. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́длынізкі ў маральных адносінах; несумленны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’шкодны (пра дзіця)’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́длий, рус. подлый, польск. podły, чэш., славац. podlý, славен. podel, серб.-харв. по̏дао, балг. по́дъл ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 61), у беларускай мове ’барбарызм” замест нягодны. Прасл. *podьlъ, *podьlъjь ад *podъ (гл. под) і суф. ‑ьl‑, як у *svět‑ьl‑ъ (Чарных, 2, 49); першакрыніца ў польск. podłyнізкі, подлы, дрэнны’, ’убогі’, дыял. і арх. ’дробны, нязначны’, ’просты, грубы, простанародны’ (параўн. рус. подлый ’халопскага паходжання; бедны’). Версія Шанскага і інш. (КЭСРЯ, 347) пра вытворчасць podły ад podlec, podlegać ’падпарадкоўвацца’ (гл. падлеглы) неімаверная як фармальна, гэтак і семантычна. Паводле іншай распаўсюджанай версіі, польск. podły — другаснае ўтварэнне ад прыметніка podlejszy ’абы-які, збочны, нізкага гатунку’, чэш. podlejší ’тс’, вытворнага ад podle, але зразуметага як форма параўнальнай ступені (Махэк, 467; Банькоўскі, 2, 660); развіццё значэння ’які знаходзіцца побач, з краю’ > ’другасны’ > ’дрэнны’, але гэтая версія пры ўсёй яе пераканаўчасці не вычэрпвае разнастайнасці гэтай лексічнай групы (гл. таксама Брукнер, 424; Праабражэнскі, 2, 87; БЕР, 5, 473). Шэраг лексем у славянскіх мовах (рус. подлёнок ’ніжняя галінка дрэва’, по́длина ’падкладка’, чэш. podlina, серб.-харв. pódla ’падшыўка ў спадніцы’) сведчаць пра паходжанне прасл. *podьlъjь ад *podъ ’ніз, аснова’ (Варбат, Этимология–1994–1996, 283–286). Параўн., аднак, па́длы (па́длый) рус. ’падший’ і ’нізкі ў маральным плане’ (Нас.), што магло быць зыходным для подлый, дзе адбылася фанетычная і семантычная змена (пеяратывізацыя), і адкуль гэтая форма распаўсюдзілася ў іншых славянскіх мовах (Цыхун, Супр. чыт. III, 129). Вытворнае по́длость ’подласць’ (ТС), по́дласць ’тс’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няпэ́ўны ’недабраякасны (пра насенне)’ (Сл. ЦРБ), ’ненадзейны, нявызначаны’ (Касп.), няпе́ўны (непевний) ’неверагодны, ненадзейны’ (Нас., Юрч. НВС), няпеўны, ніпе́ўны ’няякасны (пра расліны і насенне); слабасільны (пра дзіця)’ (Мат. Гом.), ніпеўны ’кволы, хваравіты, слабы; нядобры, няўдалы’ (магіл., Нар. словатв.; глус., парыц., Янк. Мат.). Як і літаратурная няпэ́ўны ’нявызначаны, неакрэслены, ненадзейны’ (ТСБМ), ад пэ́ўны (гл.). Фантастычна Фёдарава (Вопросы диалектологии и истории языка. Душанбе, 1984, 91) — з комі нюп ’пакаты, нізкі (пра плечы)’, нюпусьны ’спасці (пра бакі), падвесці (жывот)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

альт, ‑а, М альце; мн. альты, ‑оў, м.

1. Нізкі дзіцячы або жаночы голас. Вучань звонкім альтам адказваў, а.. [настаўніца] папраўляла яго меладычным галаском. Ермаловіч. Гэтыя начныя хоры складаліся галоўным чынам з дзявочых альтоў і дыскантоў. Васілевіч. // Той, хто спявае такім голасам. Малады зычны альт выводзіў пявучыя мелодыі арыі. Гартны.

2. Другая па вышыні партыя шматгалосага музычнага твора.

3. Музычны смычковы або медны духавы інструмент нізкага рэгістру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́гель ‘пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ты́гель, ты́глік ‘гаршчок для плаўкі металаў’ (Ласт.), тыге́лік, тыде́лёк ‘тыгель (патэльня)’ (Сл. Брэсц.), тыгелёк ‘каструля’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. tygiel, tyglik, tygielek, tegiel, якія з с.-в.-ням. tigel, tëgel ‘гаршчок, слоік’ (Махэк₂, 663; Брукнер, 567), нова-в.-ням. Tiegelнізкі гаршчок, патэльня’, апошняе ўзыходзіць да італ. старога teglia ‘патэльня’ < позналац. tēganum < ст.-грэч. τήγανον ‘тс’ (Фасмер, 4, 56; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)