ару́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

Разм.

1. чым. Дзейнічаць пры дапамозе якой‑н. прылады. Арудаваць сякерай, пяром, пікай. □ [Іван] закручвае на пальцы вузел і пачынае арудаваць іголкай. Лынькоў.

2. Распараджацца, кіраваць чым‑н.; гаспадарыць дзе‑н. [Зіна:] — [Муж] на «анамаліі» арудуе, а.. [Фрося] — дырэктар навукова-даследчай станцыі. Васілевіч. // Праяўляць дзейнасць (звычайна адмоўную); дзейнічаць. [Віхура:] На будаўніцтве не ўсё ў парадку. Відаць, чыясьці рука лоўка арудуе. Гурскі. Уперадзе.. [Галаўнёў] заўважыў Карпенку, які з купкай байцоў арудаваў сярод фашыстаў. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супрацо́ўніцтва, ‑а, н.

1. Удзел у якой‑н. справе, у якой‑н. дзейнасці. Супрацоўніцтва з вядомым вучоным.

2. Сумесныя дзеянні, дзейнасць. Міжнароднае супрацоўніцтва. Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. □ Сузор’е брацкіх рэспублік Краіны Саветаў паказала свету ўзор наладжвання дзяржаўнага і грамадскага жыцця на новых, сацыялістычных асновах, узор супрацоўніцтва і непарушная, дружбы нацый. Машэраў.

3. Работа ў якой‑н. установе; удзел у якасці аўтара ў якім‑н. органе друку. Безумоўна, супрацоўніцтва Беднага ў беларускай «Звезде» адыграла станоўчую ролю для газеты. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

універсітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.

1. Вышэйшая навучальная і навуковая ўстанова з асобнымі аддзяленнямі (факультэтамі) па розных гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных навуках. Рэктар універсітэта. □ [Сцёпка:] — Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва універсітэт. Колас. // Будынак, дзе знаходзіцца гэта ўстанова. // перан. Тое, што дае вопыт, веды без навучальнай установы. [У Лукішках] .. [М. Танк] праходзіў той жыццёвы універсітэт, у якім адбывалася апошняя загартоўка сапраўдных рэвалюцыянераў. Бугаёў.

2. Назва навучальных устаноў па павышэнню агульнаадукацыйных і навукова-палітычных ведаў. Вячэрні універсітэт марксізма-ленінізма. □ [Сакратар партбюро:] — З калгаса прыслалі пісьмо. Універсітэт культуры адкрываюць. Просяць лектара. Марціновіч.

[Ад лац. universitas — сукупнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прафе́сар, ‑а, м.

Вышэйшае вучонае званне выкладчыка навучальных устаноў і супрацоўніка навуковых і лячэбных устаноў, якія кіруюць навукова-даследчай і лячэбнай работай; пасада, якую займае той, хто мае такое званне. // Асоба, якая мае такое званне. У адну і тую ж хвіліну прыходзілі выкладчыка, прафесары. Лынькоў. [Рыгор Пятровіч:] — Яе павінны вылечыць! Яна павінна жыць.. Мы даручым яе лепшым прафесарам!.. Шамякін. // Жарт. Вялікі знаўца чаго‑н. Ёсць сотні самых дробязных спраў, у якіх яна перад ім — прафесар. Лупсякоў. Міхальчук жартоўна заўважыў: — Ды ты ж у нас на гэта [на вылічэнні] прафесар. Якімовіч.

[Ад лац. professor — выкладчык, настаўнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інстыту́т, ‑а, М ‑туце, м.

1. Навучальная ўстанова, якая дае вышэйшую адукацыю ў якой‑н. галіне. Медыцынскі інстытут. Педагагічны інстытут. Паступіць у інстытут. Займацца ў інстытуце.

2. Навукова-даследчая ўстанова. Інстытут кібернетыкі. Інстытут ядзернай фізікі. Інстытут мовазнаўства.

3. Сярэдняя навучальная ўстанова закрытага тыпу для жанчын у дарэвалюцыйнай Расіі. Інстытут шляхетных дзяўчат.

4. Сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны; пэўная форма грамадскае арганізацыі. А калі Калумб потым адкрыў гэту Амерыку, то ён не ведаў, што ён гэтым прабудзіў да новага жыцця інстытут рабства, які даўно знік у Еўропе, і паклаў пачатак гандлю неграмі. Энгельс.

[Ад лац. institutum — установа, устанаўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супрацо́ўнік, ‑а, м.

1. Той, хто працуе разам з кім‑н., дапамагае каму‑н. у выкананні чаго‑н. Працаваць аднаму, без супрацоўнікаў. □ Добра было ў гэтай «Ітацы»: здавалася, што ўсе мы [акцёры] не толькі супрацоўнікі па рабоце, а і блізкая радня сям’і Буйніцкіх. «Полымя».

2. Той, хто працуе ў якой‑н. установе; служачы. Супрацоўнікі музея .. ветліва сустрэлі нас і ахвотна вадзілі па музеі. Пестрак. [Хірурга і хворага] праводзілі ўсе супрацоўнікі шпітал[я] і мясцовыя сяляне. Гурскі. // Асоба, якая прымае ўдзел як аўтар у рабоце перыядычнага або шматтомнага выдання. Супрацоўнік часопіса.

•••

Навуковы супрацоўнік — пасада супрацоўніка навукова-даследчай установы; асоба, якая займае гэтую пасаду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

объедине́ние в разн. знач. аб’ядна́нне, -ння ср.; (товарищество, организация — ещё) задзіно́чанне, -ння ср., згуртава́нне, -ння ср.;

объедине́ние сил аб’ядна́нне сіл;

литерату́рное объедине́ние літарату́рнае аб’ядна́нне;

объедине́ние белору́сских като́ликов аб’ядна́нне (задзіно́чанне, згуртава́нне) белару́скіх като́лікаў;

объедине́ние военнослу́жащих аб’ядна́нне (згуртава́нне) вайско́ўцаў;

нау́чно-произво́дственное объедине́ние навуко́ва-вытво́рчае аб’ядна́нне;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

парк, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Участак з прыроднымі ці штучнымі насаджэннямі, дарожкамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку. Парк маўчаў у перадвосеньскім зняменні, нават птушкі не гаманілі ў пабурэлым, але яшчэ густым лісці дрэў. Дуброўскі.

2. ‑а. Месца стаянкі і рамонту транспартных сродкаў. Трамвайны парк. Аўтобусны парк. □ Звініць на прыпынку апошні трамвай ля вакзала. — У парк адыходзіць, — кандуктарка ветла сказала. Вялюгін.

3. ‑у. Сукупнасць рухомага саставу чыгуначнага, аўтамабільнага і іншых відаў транспарту. А цяпер увесь .. парк — дваццаць трактараў, два камбайны, дзесяць жняярак... Сіўцоў. У танкавым парку, угледзеўшы новыя машыны, якіх да гэтага яшчэ ні разу не бачыў, Максім аж уздыхнуў ад хвалявання і нясцерпнай прагі падысці, пакратаць іх. Грамовіч.

•••

Заалагічны парк (сад)навукова-асветная ўстанова, у якой трымаюць у клетках, вальерах ці на вялікіх пляцоўках дзікіх жывёл для дэманстрацыі іх і вывучэння.

[Англ. park.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кабіне́т, ‑а, М ‑неце, м.

1. Рабочы пакой у доме, кватэры. Як пісьменнік працуе над словам? Звычайна адбываецца гэта ў цішыні кабінета, за зачыненымі дзвярамі. Шкраба. // Службовае памяшканне ва ўстанове, на прадпрыемстве для адказнага работніка. Кабінет старшыні. □ Кабінет Ніны Іванаўны, дырэктара дзіцячага дома, быў квадратным з адным шырокім акном на паўднёвы ўсход. Васілевіч. Начальніка цэха, які.. ўсіх навічкоў прымаў асабіста, .. [Міхал і Лёдзя] знайшлі ў кабінеце. Карпаў.

2. Спецыяльнае памяшканне, абсталяванае для заняткаў, працэдур (у навучальных і навукова-даследчых установах, паліклініках і пад.). Хімічны кабінет. Рэнтгенаўскі кабінет. Кабінет мовы і літаратуры.

3. Урад у некаторых дзяржавах (Індыі, Аўстраліі і інш.), які складаецца з міністраў. Змена кабінета.

4. У Расіі 18 — пачатку 19 ст. — назва некаторых урадавых устаноў (асабістай канцылярыі цара, кіраўніцтва гаспадарчымі і фінансавымі справамі царскага двара). Кабінет яго вялікасці.

•••

Кабінет міністраў — тое, што і кабінет (у 3 знач.).

[Фр. cabinet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Газ1 ’газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’ і г. д. Слова, якое штучна ўтворана брусельскім хімікам І. Б. ван Гельмантам (1577–1644 гг.) на аснове грэч. слова χάος ’хаос’. У рус. мове гэта слова, паводле Фасмера (1, 382), з ням. або гал. Gas ці франц. gaz. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 7; Клюге, 233; MESz, 1, 1037. У бел. мову гэта слова папала праз пасрэдніцтва рус. або польск. мовы. Паколькі няма дакладных даных наконт гісторыі яго ў бел. мове, то прыходзіцца толькі меркаваць, улічваючы агульную сітуацыю і ролю, якую ігралі гэтыя абедзве мовы ў фарміраванні лексікі бел. мовы новага часу (асабліва навукова-тэхнічнай).

Газ2 ’тканіна газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’. Запазычанне з франц. gaze ’газ, вуаль’. Звычайна першакрыніцай гэтага слова лічаць назву месца Газа ў Палесціне. Гл. Фасмер, 1, 382. Іншыя этымолагі ўказваюць, што ў гэтым месцы ніколі не выраблялі такую тканіну і не гандлявалі ёю. Таму першакрыніцай франц. gaze лепш лічыць іспан. gasa < араб. kazz < перс. käž. Гл. Клюге, 236; Локач, 91; Шанскі, 1, Г, 8 (апошні ў пэўным сэнсе вельмі заблытана перадае сутнасць этымалогій Локача і інш.).

Газ3 ’вельмі шырокі брод у рацэ ці возеры’ (Яшкін). Як відаць з крыніц, якія прыводзіць І. Я. Яшкін (лепел.), слова гэта вядома на вельмі абмежаванай тэрыторыі (параўн. яшчэ ў Яшкіна, там жа, Газ — урочышча на Красенскім возеры на Дзісеншчыне) і, здаецца, з’яўляецца рэліктавым словам. Як лічыць Трубачоў, Эт. сл., 6, 113–114, ёсць сувязь з паўд.-слав. мовамі; параўн. серб.-харв. га̑з ’брод’, славен. gȃz, балг. га́зя ’брадзіць і да т. п.’ БЕР (III, 224) неабгрунтавана разглядае яго як толькі паўд.-слав. лексему. Этымалогія ўсёй групы слоў няясная (некаторыя меркаванні БЕР, там жа: лічыцца цёмным па паходжанню словам; праблематычна звязваць яго з арм. лексемай або думаць, што яно запазычана з дака-мізійскай крыніцы). Трубачоў, там жа, бачыць тут і.-е. *g​ā‑ ’ісці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)