драўля́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з дрэва. Драўляны дом. Драўляны ложак. □ Аўтобус едзе па новым драўляным мосце цераз раку. Галавач. Гэта быў звычайны драўляны крук, убіты ў сцяну яшчэ нябожчыкам дзедам. Лынькоў.

2. перан. Застылы, невыразны. Лейтэнант слухаў Астапа і ўсміхаўся кончыкамі губ. Астатнія маўчалі, захоўваючы на сваіх тварах нейкі недарэчны драўляны выраз, нібы ніводнае слова не даходзіла да іх слыху і не кранала. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзе́я, ‑і, ж.

Здарэнне, выпадак. Падзеі апошніх дзён адышлі дзесь далёка-далёка, як бы іх і не было. Колас. У Міколкавым раннім дзяцінстве было многа падзей, але ці дужа іх ўспомніш усе. Лынькоў. // Тое, што парушае звычайны парадак, нармальную плынь жыцця. Заняткі прайшлі без асаблівых падзей. Гамолка. // Важная, выдатная з’ява, вялікае здарэнне. Гістарычная падзея. Міжнародным падзеі. □ Над Свіслаччу домік Стаў сведкам Вялікіх у свеце падзей. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́йсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэйса; які ходзіць па пэўным маршруце. Гэта быў не звычайны рэйсавы аўтобус, якіх так многа ходзіць цяпер па дарогах Палесся, а тэатральны. В. Вольскі. Дваццаць хвілін лёту, і рэйсавы самалёт, на якім знаходзіўся Павел, прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце. Шыцік. Не, сабой Карней быў задаволены! Прыйшоў з арміі — адразу ж уладкаваўся матросам на рэйсавы цеплаход Гомель — Кіеў. Каршукоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́ся ’дрэнны чалавек’ (хоцім., Мат. Маг.). Няясна; магчыма, звязана з літ. pusė ’палавіна’, pusėtinasзвычайны, пасрэдны’, да семантыкі параўн. нічогі ’ніякі, дрэнны’ (гл.); параўн. таксама рус. дыял. пу́тя ’разгублены чалавек’, што, магчыма, звязана з пу́тька ’індык’, параўн. драг. пу́тя (дзіцячае) ’курыца’ (тады пу́ся < пу́ця, як кося ’конік’ і інш. дзіцячыя словы са “спешчанай” палаталізацыяй).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буліна́ ’расліна палын звычайны, чарнобыль, Artemisia vulgaris L.’ (Арх. Бяльк., слонім.), бульняк ’тс’ (Кіс.). Гэта расліна часта носіць назвы, вытворныя ад прасл. *bylь, *bylina і да т. п. ’расліна’. Параўн. чарнобыль, быліца, быльнік, быльняк і г. д. (гл. і Мяркулава, Очерки, 122). Формы буліна́, бульня́к < быліна, быльняк з тых дыялектаў, дзе пасля губных вядомы пераход ы > у.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́рапень ’гультай, лежабок’ (Бяльк.). Магчыма, з варапай (гл.) з прычыны генералізацыі адмоўнай ацэнкі. Але параўн. рус. дыял. воропи́счина ’дубіна, палка’ і літ. vir̃ptis ’жэрдка, шост’, vir̃pstas ’тс’ (Іванаў, Тапароў, Иссл., 248), якія ставяцца ў сувязь з вороп, варапай. У такім выпадку мы, магчыма, маем справу з пераносным значэннем ворапень *’дубіна, жэрдка’ (перанос ’дубіна’ → ’лежабок, дурань’ звычайны) і з захаваннем архаічнай семантыкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Папы́1, папкі ’расліна нівянік звычайны, Leucanthenum Dc vulgare Lam.’ (Кіс.). Ад поп. Матывацыю гл. папаўка.

Папы2, папакі ’скабіёза жоўтая, Scabiosa ochroleuca L.’ (Кіс.). Гл. папы 1.

Папы́3 ’апорныя слупы’ (Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і поп (гл.). Параўн. рус. поп ’цурка, чушка, выбітая з кона, якая зноў паўстае тарчма (пры гульні ў гарадкі)’, поставить на попа (напр., бочку) ’стаўма’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

натура́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы прыродзе, створаны прыродай; не штучны. Белавежская пушча — адзінае месца.. [на Беларусі], дзе зубры ў натуральных умовах жывуць. «Маладосць». [Бухгалтар:] — Адзіным натуральным рубяжом, які аддзяляў дрыгавічоў ад драўлян, з яўлялася Прыпяць. В. Вольскі.

2. Абумоўлены законамі прыроды. Натуральны прырост насельніцтва. Натуральная смерць.

3. Які існуе ад прыроды, прыроджаны. Натуральны колер твару. Натуральны імунітэт.

4. Сапраўдны, прыроднага паходжання; проціл. штучны. Натуральны шоўк. Натуральная кава.

5. Які адпавядае рэчаіснасці; сапраўдны. Натуральнае асвятленне. □ Зялёнае ўбранне .. [дрэў] станавілася амаль натуральным, калі месяц хаваўся. Кулакоўскі. Пасярэдзіне двара моўчкі стаіць мармуровая, у натуральную велічыню, копія з фларэнтыйскага Давіда. Караткевіч.

6. Нармальны, звычайны. Пакой зноў набыў свой натуральны выгляд. Мурашка. // Звычайны для каго‑н., просты. Глінскі ўвайшоў у сваю ролю, голас яго пагучнеў, жэсты сталі больш натуральнымі і выразнымі. Кулакоўскі.

7. Які ўтвараецца, атрымліваецца, аплачваецца натурай (у 4 знач.). Натуральны падатак. Натуральная аплата.

•••

Натуральная гаспадарка гл. гаспадарка (у 1 знач.).

Натуральная школа гл. школа.

Натуральны адбор гл. адбор.

Натуральны рад лічбаў гл. рад (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. То адкрываць, то закрываць вочы; маргаць. Генерал толькі што паабедаў, вочкі яго лыпалі сонна і сыта. Мележ.

•••

Лыпаць вачамі — а) бяссэнсава маргаць ад разгубленасць збянтэжанасці, здзіўлення, страху. Нейкі час .. [Ладуцька] разгублена лыпаў вачыма, а потым упарта закруціў галавой. Кулакоўскі; б) маўчаць, не ведаючы, што сказаць. [Алаіза:] — Часам звычайны рабочы што спытае, а ты стаіш і лыпаеш вачыма, не ведаеш, што адказаць. А спытае, здаецца, і вельмі простае. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Дапну́ць ’дабрацца, дайсці, знайсці, дапасці’ (Сцяц.). Як здаецца, можна ставіць пытанне, ці не з’яўляецца гэта лексема запазычаннем з польск. мовы. Параўн. польск. dopiąć ’дабіцца, дайсці’, dopinać ’дабівацца, дасягаць’. Аб магчымасці запазычання сведчыць геаграфія пашырэння слова (зах. гаворкі бел. мовы), а таксама, як здаецца, не зусім звычайны для бел. мовы марфалагічны тып дзеяслова. Прамым запазычаннем з польск. з’яўляецца і бел. дапя́ць (БРС) ’дабіцца, дайсці, апынуцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)