лепш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. добра. Здала .. [Аленка] экзамен не толькі лепш за вучняў свае школы, — з усіх школ .. выдзелілася яна сваімі здольнасцямі. Колас. Лепш позна, чым ніколі. Прыказка.

2. безас. у знач. вык., каму. Аб паляпшэнні стану хворага. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы, пасцілкі, коўдры, ручнікі, абрусы. Асіпенка.

3. у знач. часціцы. Ужываецца для падкрэслівання важнасці значэння якога‑н. дзеяння; служыць для ўзмацнення просьбы, парады і пад. [Міколка:] — Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька. Лынькоў. [Андрэй:] — Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот. Якімовіч.

•••

Лепш (і) не трэба — ужываецца для абазначэння высокай, найвышэйшай ступені чаго‑н. Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба. Якімовіч.

Лепш сказаць (у знач. пабочн.) гл. сказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зваліцца, упасці з чаго‑н. Кніга скінулася з паліцы. □ І скінуўся [з дуба] на зямлю бедны Кірыла з прабітаю навылет галавою. Колас. Кірык .. спудзіў каня, з якога скінулася і вывіхнула руку паненка. Ляўданскі. // Кінуцца ўніз адкуль‑н. Скінуцца з моста.

2. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Мужыкі прыціхлі. Закрычалі: — Чалавек ідзе ў такія далі! На дарогу скінемся, браткі!.. — Капшукі з кішэняў даставалі, Мятыя рублёўкі расхіналі, На мяжу ля грушы-дзічкі клалі Ды кідалі грыўні, пятакі. Бялевіч. Рыгор Андрэевіч не паскупіўся — даў чырвонец на выпіўку. На закусь скінуліся па рублю. Мыслівец.

3. Разм. Нарадзіцца дачасна (пра дзіця). Як жа хацела Нюрка, каб тое дзіця скінулася ці нежывое нарадзілася. Арабей.

4. Разм. Згуляць (пра карты). [Кацура:] — Вечары цяпер доўгія. Збяромся, гаворым, у карты скінемся, у шашкі пагуляем. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лаху́дра ’неахайны, апушчаны, дрэнна апрануты чалавек’ (Янк. II, Мат. Маг., Янк. БП; докш., Мат. Янк., КЭС, лаг.; жытк., КЭС; стаўб., Нар. сл., Юрч. Вытв.), ’неахайная, непрычасаная жанчына, дзяўчына’ (Шат., Бяльк., Яўс., Мат. Маладз.; драг., Нар. лекс.; трак., беласт., Сл. паўн.-зах.), ’абшарпаны, абадраны’ (міёр., З нар. сл.), ’скамечаная, парваная фуражка ці адзенне’ (Шат.), лаху́дры (мн.) ’валасы’ (б.-каш., глус., Мат. Маг., Мат. Гом.), лаху́тры ’скамечаная пасцель’ (Сл. паўн.-зах.), лахудры ’неахайны, няўклюдны’ (глус., Янк. II; хойн., Мат. Гом.), лахудрысты ’тс’ (Юрч. Вытв.). Рус. валаг., ярасл. лаху́дра ’абадранец’, ’жабрак’, ’хваравіты, слабы’, ’неахайны, непрыглядны’, тул. ’парванае, паношанае адзенне’, польск., малапольск., ц.-польск. łachudra, кацеўск. łachuderбедны чалавек у падраным убранні’. Паўн.-слав. словаскладанне łachu‑dьra з laxъ < лах (гл.) і derti > драць (гл.) ’абадранец’ (Слаўскі, 4, 409). Параўн. аналагічнае ўтварэнне лахтадрай (гл.). Менш імаверна ў Абнорскага (РФВ, 72, 380–382; 73, 347–349) і Фасмера (2, 468) — з лахон і кудри, а таксама ў Маркава (РФВ, 73, 103) — з мяркуемага фін. *laahutra ’няшчасны бадзяга’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адвярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак., ад (да) каго-чаго і без дап.

1. Павярнуцца ўбок ад (да) каго‑, чаго‑н., павярнуць галаву. [Турцэвіч] прыгарнуў да грудзей малых і жонку, моцна іх па чарзе пацалаваў, адвярнуўся, неўзаметку змахнуў з вачэй слёзы і сказаў вазаку паганяць коней. Гурскі.

2. перан. Выказваючы сваю непрыязнасць, парваць сувязі, адносіны з кім‑н. Бедны да беднага горнецца, а багаты ад каго хочаш адвернецца. Прыказка. // Адмовіцца ад чаго‑н., перастаць займацца чым‑н. [Бабка:] — А вы ўсё седзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека. [Лабановіч:] — А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся. Колас. Стары айчым угаворваў .. ехаць на яго .. зямлю і займацца гаспадаркай.. Клебер адвярнуўся ад гэтай прапановы. Чорны.

3. Разм. Адлучыцца, адысціся на кароткі час. [Бабейка:] — За ім [Саўчуком] я заўсёды, спакойны — куды б ні адвярнуўся з калгаса, ён усё зробіць як след. Хадкевіч.

•••

Бог адвярнуўся ад каго гл. бог.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіро́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сіраты, уласцівы яму (ёй). Ці мала з вачэй нашых слёз пралілося, Слёз горкіх, сірочых, слёз крыўды і мук? Ці мала магіл на палях засталося, Каб новыя рыць? На выгоду каму?.. Гілевіч. Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама. Брыль. / у перан. ужыв. Як бацька памрэ — дык і хата Сірочаю стане ў той час. Бялевіч. // перан. Бедны, убогі, мізэрны. Сеўшы ў машыну, я ўзяў з сядзення свой сірочы скрутачак, які падрыхтаваў для Эрны. Ракітны. Жытцо было тоненькае, сірочае, па пяць зернетак у каласку. Лобан.

2. Які праходзіць у адзіноце. Нялёгка ўспамінаць гісторыю сірочага маленства. Грамовіч. // Які адасоблены, знаходзіцца ў адзіноце. Дзед Астап ступіў.. да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе ў сірочай самоце. Лынькоў.

3. Які мае адносіны да апёкі над сіротамі. Сірочы прытулак. □ [Настаўніца:] — Я расла ў сірочым доме... Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утапі́цца, утаплюся, утопішся, утопіцца; зак.

1. Загубіць сваё жыццё, кінуўшыся ў ваду. Некалі адна дзяўчына з нашай вёскі не вытрымала, што яе каханага ажанілі з другой, і ўтапілася. Карпюк.

2. Патануць у вадзе пад уздзеяннем сілы цяжару. Лодка ўтапілася. // Загінуць у вадзе. [Людзі:] — Кажуць, што ледзь сам [хлопчык] не ўтапіўся, бедны... Не ўмеў добра плаваць, а кінуўся на выручку. Кулакоўскі. // Праваліцца ў што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. І ўтапілася, укрылася глыбока ў валок Ганначка, сорамна неяк стала, што зманіла матцы. Нікановіч. Апошнія снапы Андрэй падкінуў пад ногі — стаяў пасярод воза; яны ўтапіліся, што ў яму, задраўшыся ўверх камлямі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У вочы [Алесі] глянеш — так і ўтопішся ў іх бездані. Васілевіч. // Разм. Стаць нябачным, схавацца ў якой‑н. вельмі прасторнай, шырокай адзежы. Максім, гледзячы на тое, як Толя ўтапіўся ў яго вялікай кашулі, засмяяўся, нібы набраўшы ў рот вады. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шасцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба 6. Напісаць шасцёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 6), якія нумаруюцца лічбай 6. Тут спыняецца аўтобус-шасцёрка.

2. Ігральная карта, дошчачка даміно з шасцю ачкамі. — Не проста дурань, а дурань з пагонамі, — засмяяўся Глеб. — Во, кладу табе [Ксеня] на плечы дзве шасцёркі. Васілёнак.

3. Запрэжка ў шэсць коней. Багаты пан на шасцёрцы катаецца, а бедны мерае сваёй парай зямлю і аб кіёк абапіраецца. Бядуля.

4. Колькасць каго‑, чаго‑н. у шэсць адзінак; шэсць аднародных прадметаў. Шасцёрка самалётаў. □ Гэта шасцёрка [вайскоўцаў], звязаная ўзаемадапамогай, заўсёды трымалася разам. Машара.

5. Шасцівёславая лодка, шлюпка. Плыць на шасцёрцы.

6. Частка, дэталь у малатарні; шасцярня. Запрэжаная ў дышаль парка коней кружыла кола, зазубні якога чапляліся за адмысловую драўляную шасцёрку, у сярэдзіну якой быў уроблен даўжэзны круглы прэнт, пры дапамозе якога круціўся сам барабан малатарні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́лкі, ме́лкій, ме́ленькі, віл. мялкі́ ’які мае невялікую глыбіню’, ’невысокі, з нізкімі краямі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣлкий ’дробны’, ’неглыбокі’, ’неістотны, малазначны’ (Булахаў, Гіст., 128); укр. мілки́й, рус. ме́лкий, ст.-рус. мѣлкий ’невялікі’, ’неглыбокі’, ’нязначны паводле колькасці’, ’бедны’, ’дробны’, польск. miałki, н.-луж. mjałki, měłki, в.-луж. niłki, чэш. mělký, славац. melký ’неглыбокі’, славен. mȋwka, mȋlka ’дробны рачны пясок’, ст.-серб.-харв. миоки ’плыткі’ (Бернекер, 2, 48). Прасл. mělъkъ. Далей няясна. Магчыма, ад melti ’малоць’ з падаўжэннем вакалізму асновы (Бернекер, там жа; Брандт, РФВ, 22, 356) і з дадаваннем фарманта і.-е. *‑qo‑, параўн. ст.-ісл. melr ’мель’ < mala ’малоць’. Буга (Rinkt, 1, 464; 2, 405), Мацэнаўэр (LF, 11, 169), Траўтман (165) і іншыя параўноўваюць прасл. mělъkъ з літ. maíla, maĩlius ’маляўкі’, лат. maĩle ’рыба ялец, Alburnus lucidus’, mailens ’сетка для малькоў’, ст.-ісл. mjór ’тонкі, дробны, вузкі, цесны’ і з прасл. mьnʼjь ’меншы’, — у чым Фасмер (2, 596) і Махэк₂ (359) сумняваюцца. Сюды ж віл. мелкаводзь ’мелкаводдзе’ (Сл. ПЗБ), мелкаслоіна, мелкаслойка ’драўніна з павівастым слоем’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тшчы (тщій) ‘пусты, які не ўжываў ні ежы, ні вады’, ‘чысты’: як табе з тшчым сэрцам, а ты лукавіш са мною (Нас.), ‘марны’ (там жа), ст.-бел. тщий, тщивый ‘тс’, тще ‘пуста, дарэмна’ (ГСБМ). Параўн. укр. тщий ‘цвярозы, пусты, непатрэбны’, ‘марны’, на тще серце, на тщо серце ‘не еўшы, нашча’, тще ‘дарэмна, марна’, рус. тщий ‘пусты, парожні’, тще ‘дарма, дарэмна’, а таксама тощий ‘худы’, ‘пусты’, ‘бедны’, ‘посны’, стараж.-рус. тъщий ‘парожні’, ‘дарэмны’; польск. czczy ‘тс’, ‘бясплодны’, ст.-польск. tszczy, ст.-чэш. tští ‘тс’, славен. tȅšč, харв. tȁšč, серб. та̏шт ‘пусты’, ‘марны’, ‘нязначны, мізэрны, нікчэмны’, макед. на ште cрце ‘на галодны страўнік’, ст.-слав. тъшть ‘пусты’. Прасл. *tъščь ‘пусты’ роднаснае літ. tùščias ‘пусты’, ‘марны’, ‘халасты’, ‘бясплодны’, лат. tukšs ‘тс’, ‘парожні’, лац. tesqua ‘пустыні, стэпы’, ‘самотны край’, авест. taoš‑, ст.-інд. tucchyá‑ ‘пусты, мізэрны’, ‘беспаветраны’ < і.-е. *tus‑skʼo‑ ‘пакінуць’ < і.-е. *teu̯s‑ ‘пусты, пакінуты’ (Фасмер, 4, 130; Чарных, 2, 274; Фрэнкель, 1145–1146; Смачынскі, 696–697; Покарны, 1085; Сной, 762; Скок, 3, 413; Львоў, Этимология–1974, 79). Непераканальна пра сувязь з *tъska ‘смутак, прыгнечанасць’ Цвяткоў, Запіскі, 76. Параўн. тушчы, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мізэ́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі малы, нязначны. Вёска бедная. У большасці сялян надзелы вельмі мізэрныя. Сяргейчык. У батарэях рацыі засталіся апошнія мізэрныя рэшткі энергіі. Мележ. Сяргей .. востра адчуў, якія мізэрныя былі ўсе яго ранейшыя хваляванні ў параўнанні з тым, што рабілася цяпер у яго душы. Сіўцоў.

2. Схуднелы, худы. Мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі. Бядуля. Мікалай з замілаваннем глядзеў на .. [Верын] мізэрны маленькі твар. Дамашэвіч. // Чэзлы, чахлы (пра расліны). Абышоўшы пасевы ярыны, пастаяўшы каля мізэрнага жыта, .. [Шаманскі] падаўся на двор трэцяй брыгады. Дуброўскі.

3. перан. Які не мае належнага выгляду, убогі; бедны. У фае тэатра цыганскім табарам размясціўся калектыў са сваімі сем’ямі і мізэрнымі пажыткамі. Сяргейчык. Сляпянка некалі вылучалася сваімі мізэрнымі, падслепаватымі хатамі. Новікаў. // Несамавіты; дробны, малы. Вясёлая баявая Насця Чычка, ёмкая, з мужчынскімі ўхваткамі, бураю налятае на мізэрнага Міхайлу Драбка. Колас.

4. перан. З якім не лічацца, не паважаюць, які выклікае адмоўныя пачуцці; нікчэмны. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.

[Ад лац. miser — бедны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)