камуні́зм, ‑а, м.
1. Найвышэйшая грамадска-эканамічная фармацыя, якая гістарычна прыходзіць на змену капіталізму, грунтуецца на грамадскай уласнасці на сродкі і прадукты вытворчасці і мае дзве фазы развіцця: сацыялізм і камунізм. // Другая фаза гэтай фармацыі. Сацыялізм паступова пераходзіць у камунізм..
2. Вучэнне марксізма-ленінізма аб пралетарскай рэвалюцыі і пабудове камуністычнага грамадства.
•••
Ваенны камунізм — часовая эканамічная палітыка Савецкай улады ў перыяд Грамадзянскай вайны 1918–1920 гг., выкліканая цяжкасцямі ваеннага часу.
Навуковы камунізм — тое, што і камунізм (у 2 знач.).
Першабытны камунізм — грамадскі дакласавы лад першабытнай родавай абшчыны з агульнай уласнасцю на сродкі і прадукты вытворчасці.
[Ад лац. communis — агульны, усеагульны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́пка в разн. знач. ша́пка, -кі ж.;
снять ша́пку зняць ша́пку;
напеча́тать статьи́ под о́бщей ша́пкой надрукава́ць арты́кулы пад агу́льнай ша́пкай;
◊
на во́ре ша́пка гори́т погов. хто парася́ ўкраў, таму́ ўвушшу́ вішчы́ць;
по Се́ньке и ша́пка па Са́ўку ша́пка; які́ гаспада́р, такі́ і тава́р;
ша́пку лома́ть шапкава́ць, ша́пку здыма́ць;
ша́пка-невиди́мка фольк. ша́пка-невідзі́мка.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
вы́лучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Адабраўшы, адасобіць ад агульнай масы; выдзеліць. Вылучыць кваліфікаваных рабочых у асобную брыгаду. □ На ахову параненых вылучылі невялічкую групу. Брыль. Цяпер трэба было вылучыць з усяго ўбачанага і пачутага галоўнае і перадаць яго таварышу Ігнату. Мікуліч. // Адзначыць якім‑н. чынам. Яго вылучылі як лепшага вучня. Вылучыць твор на атрыманне прэміі.
2. Прапанаваць, выставіць для абмеркавання, паставіць на больш адказную работу. Вылучыць кандыдатаў у дэпутаты. Вылучыць на партыйную работу.
3. Аддаць каму‑н. на карыстанне. На будаўніцтва вылучылі сродкі і тэхніку.
4. Выбраць, падабраць, знайсці. Вылучыўшы зручную хвіліну, Андрэй падзякаваў, папрасіў прабачэння і выйшаў з-за стала. Колас.
5. Выпусціць, выдзеліць. Вылучыць пах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спары́ш 1, ‑а, м.
Два спараныя прадметы (пра плады, расліны і пад., якія зрасліся). Бараноўскі з жонкаю апынуўся пад хвойкаю-спарышом. Гурскі. Два каласы, што выраслі на адной сцябліне, называюць спарышамі. «Полымя». // Два гліняныя гаршчочкі, злучаныя агульнай ручкай, у якіх бралі яду на поле. Лыска нясе за матузок торбачку з хлебам, а Кірык — спарышы з гарачай стравай. Пальчэўскі. У адной руцэ спарышы — снеданне дзеду. У другой — пучок вярбы. Лынькоў.
спары́ш 2, ‑у, м.
Аднагадовая расліна сямейства драсёнавых, якая расце каля дарог, добра паядаецца жывёлай і птушкамі. За хатаю быў агарод, а перад хатаю да самага гасцінца (крокаў з трыццаць) буяў спарыш і трыпутнік. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кацёл, катла, м.
1. Металічная пасудзіна акруглай формы і розных памераў для награвання вады, гатавання ежы і пад. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Чвэрць кухні займала нізкая ёмкая печ з двума ўмураванымі катламі для награвання вады і для варкі бульбы. Колас. // Пра харчаванне з агульнай кухні. Партызанскі кацёл. Армейскі кацёл. □ Побач .. спрачаліся дзве кабеціны: рэзаць цяля для агульнага катла на сенакос ці не. Ваданосаў.
2. Закрытая пасудзіна для выпрацоўкі пары. Паравы кацёл. □ А ўжо з катлоў, зноў-такі па трубах, вада, ператвораная ў сухую пару, пойдзе ў турбіну. Краўчанка.
3. Поўнае акружэнне вялікіх варожых групіровак. Папасці ў кацёл. Бабруйскі кацёл.
•••
Як піўны кацёл — вельмі вялікіх памераў (пра галаву чалавека).
Як у катле кіпіць гл. кіпець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.
1. Вылучыцца з агульнай адзінай масы. Тварог аддзяліўся ад сыроваткі.
2. Адысці, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Тры самалёты аддзяліліся ад групы і накіраваліся да станцыі. Мележ. Другі раз Васіль бачыў [Віктара] каля свайго акна ўжо зусім раніцай, як той аддзяліўся ад сцяны і сышоў на загуменне. Лобан. // перан. Адасобіцца ад каго‑, чаго‑н. Цяпер.. вельмі востра адчувае Рыгор Караневіч, што сяло зусім аддзялілася ад яго. Так — Рыгор Караневіч сам па сабе, а сяло само па сабе. Скрыган. Міхась адчуваў пасля сходу, што ўсе мы — хто пайшоў у калгас — аддзяліліся ад яго, засталіся на тым баку рэчкі. Брыль.
3. Стаць самастойным гаспадаром пасля падзелу маёмасці. Міхал, як толькі ажаніўся, Тады ж ад бацькі аддзяліўся, Бо стала цесна. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дчына, ‑ы, ж.
Унясенне грошай, прадуктаў і пад. удзельнікамі якой‑н. агульнай справы, а таксама грошы, прадукты і пад., сабраныя такім чынам. На шафе пастукваў будзільнік, што купілі ў складчыну. Даніленка. Праз агароджу, якая ставілася ў складчыну ўсімі гаспадарамі, каб не псаваць выгляду, [дом] пазіраў на вуліцу дзевяццю аднолькавымі вокнамі і гэтым быў падобны на звычайны барак. Ракітны. Калі каго-небудзь пазбаўлялі стыпендыі, усе класы рабілі складчыну і давалі яму неабходныя грошы да таго часу, пакуль ён зноў яе не атрымліваў. Сяргейчык. // Вечарынка, бяседа, якія робяцца на сабраныя такім чынам грошы, прадукты і пад. [Юрка] прымаў удзел у складчынах і, падпіўшы, танцаваў, пакуль хапала сілы. Карпаў. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго .. на тую складчыну. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эшало́н, ‑а, м.
1. Спец. Частка баявога парадку войск, калі размяшчэнне падраздзяленняў зроблена ў глыбіню ці ўступамі, а не па фронту. На світанні наша разведка данесла, што старыя нямецкія франтавыя ўмацаванні, першага і другога эшалона, пустыя. Машара.
2. Пры паходным перамяшчэнні войска — асобная частка агульнай калоны, якая рухаецца на пэўнай адлегласці ад другой. Калі ў 6 гадзін 30 мінут пачаць адвал ад левага берага першай хвалі дэсанта, то штурмавыя батальёны дывізій першага эшалона прычаляць да таго берага ў 7 гадзін 30 мінут. «Звязда».
3. Чыгуначны састаў, аўтакалона, група самалётаў для масавых перавозак спецыяльнага прызначэння. Эшалон з вугалем. □ Цяпер усе станцыі і пуці забіты ваеннымі эшалонамі, што так паспешліва гналіся на ўсход. Няхай. [Страмілін:] Мы адпраўляем першы эшалон нашых самазвалаў на Волга-Дон. Крапіва.
[Фр. échelon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гру́па, ‑ы, ж.
1. Некалькі чалавек, прадметаў і пад., якія знаходзяцца блізка адзін ад аднаго. Група дамоў. □ На ўзлеснай вуліцы, якая была дагэтуль бязлюднай, раптам з’явілася група дзяўчат і хлопцаў. Шахавец. // Графічны малюнак, скульптура або фатаграфічны здымак некалькіх асоб. Скульптурная група.
2. Сукупнасць прадметаў, з’яў, рэчываў, аб’яднаных паміж сабой якой‑н. агульнай прыметай, уласцівасцю і пад. Група крыві. □ У значнай колькасці вугор водзіцца ў возеры Нарач і некаторых азёрах Нарачанскай групы. Матрунёнак.
3. Аб’яднанне некалькіх асоб, арганізацыя, падраздзяленняў і пад., звязаных агульнымі мэтамі, ідэямі, сумеснай дзейнасцю. Камсамольская група. Ударная група войск. Група армій. □ А калі ў партызанскай групе сур’ёзна загаварылі аб узрывах чыгункі, .. [Ірына] проста сказала: — Гэта зраблю я... Лынькоў. // Аб’яднанне некалькіх асоб для сумесных заняткаў. Група падоўжанага дня. □ Жэня Жук — адзіная ў групе дзяўчына — з крэйдаю ў руках нешта тлумачыла.. ля дошкі. Карпаў.
[Ням. Gruppe.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саю́з, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Цеснае аб’яднанне, сувязь дзвюх або некалькіх асоб, груп, таварыстваў, класаў. Саюз рабочых і сялян. □ Мы прывыклі гаварыць, што драматургія павінна быць у саюзе з літаратурай. Чорны. Настаўніца глядзела паверх галоў дзяцей і думала: якую яна дапусціла памылку і як цяпер устанавіць саюз між навічком і класам. Сіняўскі. / Пра шлюб. Сямейны саюз.
2. ‑у. Пагадненне, аб’яднанне арганізацый, дзяржаў для сумесных дзеянняў. Ваенны саюз. Гандлёвы саюз.
3. ‑у. Аб’яднанне ў адно цэлае некалькіх зямель, плямён і пад. з агульнай уладай. Саюз гарадоў. Саюз плямён.
4. ‑а. Назва дзяржаў, грамадскіх арганізацый, таварыстваў, партый. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Прафесіянальны саюз. Саюз архітэктараў БССР. □ Прыехала.. [Паранька] ў вобласць і заяўляецца ў спажывецкі саюз. Да самага высокага начальніка. Ракітны. — Трэба ў раённы саюз паляўнічых пазваніць, — сказаў.. [старшыня]. Якімовіч.
•••
Герой Савецкага Саюза гл. герой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)