пакро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Пачаць крочыць, пайсці куды‑н. Скруціўшы па цыгарцы, браты павольна пакрочылі да штаба. Кавалёў. Дачакаўшыся канца ўрока, Іван выйшаў на вуліцу. Пастаяўшы крыху, пакрочыў да хаты. Шахавец. Каб не ісці вуліцай, дзе можна было сустрэцца з нямецкімі патрулямі,.. [Гонка] знарок звярнула з дарогі і пакрочыла полем, потым агародамі. Сіняўскі.
2. перан. Пачаць развівацца ў якім‑н. кірунку. У чацвёртым годзе пяцігодкі [гаспадарчая] рэформа пакрочыць далей. «Звязда».
3. Крочыць некаторы час. Пакрочыць гадзіну па цэхах завода.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лаз 1,
гл. лазы.
лаз 2, ‑а, м.
1. Невялікая адтуліна, шчыліна, праз якую можна прайсці, пранікнуць куды‑н. Зрабіць лаз у плоце. □ Волька адхінула кол, з асцярогай прасунулася ў лаз, і ўся вуліца — вось яна, перад вачыма, аж у самы канец. Марціновіч. Пад новую сцяну [дзед Андрэй] зрабіў лаз, на які лажылі вечка і засыпалі мятай, саломай і розным смеццем. Федасеенка.
2. Спец. Адтуліна ў сценцы апарата, машыны, катла і пад. для пранікнення ўнутр з мэтай агляду, рамонту, запраўкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Лезці ўгору, чапляючыся рукамі і нагамі, хапаючыся за што‑н.; караскацца. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. С. Александровіч. Учапіўшыся рукамі за пачарнелую траву на ўзбочыне, Соня карабкалася з канавы на дарогу. Курто. // Разм. Падымацца, узбірацца куды‑н. з вялікай цяжкасцю. Адразу, як толькі Марыя канчае свае справы з прарабам, карабкаемся ўдзвюх на трэці паверх. Васілевіч. З парасніку вытыркаецца фурманка і, нібы сонная, павольна карабкаецца на ўзгорак. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кату́х, ‑а, м.
1. Маленькі хлеў або адгароджанае месца ў хляве. Мінуць стаў у свінарніку над балясамі, якімі быў абгароджан катух, успёрся на іх і доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны.
2. Пра цёмны, малы пакой або хату. Вярнуўшыся дамоў. Васіль знайшоў на стале пісьмо. На канверце — знаёмы почырк. Жонка. Што яна піша? .. Усё тое ж: бяры да сябе.. «Бяры! — паморшчыўся. — А куды? Вось у гэты катух? Ды ты сама ўцячэш адсюль». Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́да, ‑ы, ДМ ‑радзе, ж.
1. Прапанова як дзейнічаць, рада. Людзі з суседніх вёсак часамі ішлі да .. [настаўніка] за нарадай, чым вывесці вусень .. або якія гатункі садавіны лепей да чаго прышчэпліваць. Васілевіч. — Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! — дапамагаў Міколка сваімі парадамі. Лынькоў.
2. Сумеснае абмеркаванне чаго‑н., кароткая нарада. Ідучы дружнаю параю, [а. Мадэст і Нішкевіч] часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Колас. І тады пастух Арцём аратых Склікаў разам для парады. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
брадзі́ць 1, браджу, бродзіш, бродзіць; незак.
1. Павольна, не прытрымліваючыся дарогі і пэўнага кірунку, хадзіць; блукаць. Міхалка брадзіў за Скуратовічавымі каровамі па пакошы і пожні ніў. Чорны. Ходзіць ён [казёл] па ельніку, Бродзіць па бярэзніку. Якімовіч. // Перамяшчаючыся, наведваць розныя месцы, пранікаць куды‑н. Бродзіць вецер шумлівы, стоногі, Белых зайцаў па моры пасе. Бядуля.
2. Рабіць, пракладваць брод (у 2 знач.).
брадзі́ць 2, бродзіць; незак.
Знаходзіцца ў стане браджэння (у 1 знач.). Сок вінаградны недзе ў бочках бродзіць. Рудкоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасы́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць для пасылкі куды‑н., для выканання якіх‑н. даручэнняў. Пасыльная машына.
2. у знач. наз. пасы́льны, ‑ага, м.; пасы́льная, ‑ай, ж. Тон (тая), хто пасылаецца з якім‑н. даручэннем; рассыльны. [Начдыў:] Таварыш пасыльны! Знайдзіце камандзіра палка Кулагіна і перадайце, што я прашу яго сюды зараз жа. Крапіва. Перад заходам сонца Сільцоў праз пасыльнага выклікаў Арсеня да сябе. Хадкевіч. Неяк раніцой, у самым пачатку кастрычніка, з пошты прыбегла пасыльная і прынесла бацьку Рыгоркі тэлеграму. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перале́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; пр. пералез, ‑ла; заг. пералезь; зак.
1. што, цераз што і без дап. Лезучы, перамясціцца на процілеглы бок чаго‑н. Пералезці плот. Пералезці цераз загарадку. □ Ён дабег да паркана і ўскочыў на нейкі выступ, каб лягчэй было пералезці. Шамякін. Трымаючыся за сцяну, Сотнікаў як-колечы дабраўся да гэтых дзвярэй, з дапамогай Рыбака пералез высокі парог. Быкаў.
2. Лезучы, перабрацца, перамясціцца куды‑н. Дачка прачнулася, пералезла са свайго ложка ў пасцель да маці. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбо́й, ‑ю, м.
1. Хвалі, якія б’юць у бераг. Шумеў марскі прыбой, уздымаліся, гойдаліся цяжкія хвалі. Лынькоў. Праз момант маці пачула, як зашуршэлі пад яго нагамі дробныя, яшчэ не намочаныя прыбоем каменьчыкі. Кулакоўскі. // Шум, які ўтвараюць гэтыя хвалі. Цяпер і я сяджу у пальмавых алеях, Гляджу у даль і слухаю прыбой... Гурло.
2. Месца каля берага, куды б’е хваля. Зона прыбою. Паласа прыбою.
3. Спец. Павелічэнне ў аб’ёме (кучы камення), якое атрымліваецца пасля драбнення буйнага каменю на шчэбень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпа́сы, ‑аў; адз. прыпас, ‑у, м.
1. Тое, што назапашана, нарыхтавана загадзя; запасы харчавання. У самы глухі куток пад ложкам, куды нават венік служанкі Насты рэдка калі зазіраў, складаў Міхалка розныя прыпасы на дарогу. Колас. У засені дрэў.. на белых хусцінках былі раскладзены агульныя прыпасы: вяндліна, свежыя гуркі, хлеб. Савіцкі.
2. Снарады, патроны і пад., прызначаныя для стральбы з гармат, вінтовак. Баявыя прыпасы. Агнястрэльныя прыпасы.
3. Разм. Прылады для якой‑н. справы, занятку. Рыбалоўныя прыпасы. Цяслярскія прыпасы. Паляўнічыя прыпасы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)