трыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі (у зубы, у рот і пад.), не даваць выпасці, вырвацца.

Т. кніжку ў руках.

Т. каня за павадок.

2. перан., каго-што. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сабе.

Атрад трымаў абарону.

Печ доўга трымае цяпло.

3. каго-што. Прымушаць знаходзіцца дзе-н., у якім-н. стане супраць волі.

Т. у палоне.

Т. на галодным пайку.

4. каго-што. Мець у сябе, у сваёй уладзе, гаспадарцы; кіраваць кім-, чым-н.

Т. дзве каровы.

Т. уладу ў сваіх руках.

5. што. Надаўшы чаму-н. якое-н. становішча, захоўваць яго некаторы час.

Т. рукі выцягнутымі ўперад.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што. Служыць апорай чаму-н.; падтрымліваць.

Бэлькі трымаюць столь.

7. што. Захоўваць дзе-н.

Т. грошы ў банку.

8. каго. Здаваць каму-н. за плату памяшканне (разм.).

Т. кватарантаў.

9. Рухацца ў якім-н. напрамку (разм.).

Трымай управа.

10. што. Мець кантакты з кім-, чым-н.

Т. сувязь з кім-н.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Утрымліваць, захоўвацца (пра мароз і пад.).

Лёд трымае.

Мароз трымае ўжо другі тыдзень.

12. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, здзяйсняць, выконваць тое, аб чым гаворыць назоўнік.

Т. слова.

Т. экзамен.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Калту́ннік ’расліна гарычка лёгачная, Gentiana pheumontana’ (Касп.), каўтуннік ’Gentiana uliginosa’ (маг., Кіс.). Рус. валаг. ковтун ’расліна папараць жаночая, Athyrium Filix Fcmina’, колтун ’тс’. Надзейнасць гэтага супастаўлення невысокая, паколькі па спосабу ўтварэння гэта, відавочна, розныя лексемы. Рус. хутчэй за ўсё знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з колтун ’каўтун, Plica polonica’, назву расліна магла атрымаць паводле падабенства пэўных частак папараці да каўтуна. Менш верагодна бачыць у рус. назве слова, суаднесенае з усх.-слав. колтать, хаця такую сувязь нельга выключыць для рус. валаг. ковтышек ’расліна пярэсна, Trollius curopeaus’, валаг. колтуиіки ’тс’, арханг. ’жоўтыя краскі, якія растуць на лузе’. Разам з тым кветкі ў гэтых раслін цяжка характарызаваць у межах семантыкі дзеяслова колтаць. калі тут толькі не адлюстравана пабочная семантыка (параўн. вышэй рус. колтень). Па гэтай прычыне найбольш імаверна шукаць непасрэдную сувязь разглядаемага слова і калтун, каўтун ’Plica polonica’. Паводле фармальнага крытэрыю каўтуннік п^вінсн разумецца як назва расліны, яЪ&я лечыць ад картуна. Непа-срэдных доказаў такога ужывання Gentiana ў нас няма, аднак вядома, што розныя расліны гэтага роду знайшлі шырокае выкарыстанне ў народнай медыцыне пры лячэнні рэўматызму, ліхаманкі, лёгачных і страўнікавых захворванняў, адзначаюць таксама, што некаторыя віды ў народнай медыцыне вядомыя як сродкі супраць захворвання нервовай сістэмы. Здаецца, што ўжо апошняга сведчання і асабліва звестак пра лячэнне рэўматызму дастаткова, каб лічыць матывацыю верагоднай. Як вядома, Plica polonica — хвароба ўнутраная і нездарма традыцыйна лічыцца, што яна пасылаецца чараўнікамі; можна меркаваць па шэрагу сімптомаў гэтай хваробы, што расліна з такім наборам уласцівасцей сапраўды магла ўжывацца як лекавая. Пры апошнім варыянце тлумачэння лексему неабходна кваліфікаваць як інавацыйную (інавацыя на ўсходзе або паўночным усходзе бел. тэрыторыі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́длы ’нізкі ў маральных адносінах; несумленны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’шкодны (пра дзіця)’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́длий, рус. подлый, польск. podły, чэш., славац. podlý, славен. podel, серб.-харв. по̏дао, балг. по́дъл ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 61), у беларускай мове ’барбарызм” замест нягодны. Прасл. *podьlъ, *podьlъjь ад *podъ (гл. под) і суф. ‑ьl‑, як у *svět‑ьl‑ъ (Чарных, 2, 49); першакрыніца ў польск. podły ’нізкі, подлы, дрэнны’, ’убогі’, дыял. і арх. ’дробны, нязначны’, ’просты, грубы, простанародны’ (параўн. рус. подлый ’халопскага паходжання; бедны’). Версія Шанскага і інш. (КЭСРЯ, 347) пра вытворчасць podły ад podlec, podlegać ’падпарадкоўвацца’ (гл. падлеглы) неімаверная як фармальна, гэтак і семантычна. Паводле іншай распаўсюджанай версіі, польск. podły — другаснае ўтварэнне ад прыметніка podlejszy ’абы-які, збочны, нізкага гатунку’, чэш. podlejší ’тс’, вытворнага ад podle, але зразуметага як форма параўнальнай ступені (Махэк, 467; Банькоўскі, 2, 660); развіццё значэння ’які знаходзіцца побач, з краю’ > ’другасны’ > ’дрэнны’, але гэтая версія пры ўсёй яе пераканаўчасці не вычэрпвае разнастайнасці гэтай лексічнай групы (гл. таксама Брукнер, 424; Праабражэнскі, 2, 87; БЕР, 5, 473). Шэраг лексем у славянскіх мовах (рус. подлёнок ’ніжняя галінка дрэва’, по́длина ’падкладка’, чэш. podlina, серб.-харв. pódla ’падшыўка ў спадніцы’) сведчаць пра паходжанне прасл. *podьlъjь ад *podъ ’ніз, аснова’ (Варбат, Этимология–1994–1996, 283–286). Параўн., аднак, па́длы (па́длый) рус. ’падший’ і ’нізкі ў маральным плане’ (Нас.), што магло быць зыходным для подлый, дзе адбылася фанетычная і семантычная змена (пеяратывізацыя), і адкуль гэтая форма распаўсюдзілася ў іншых славянскіх мовах (Цыхун, Супр. чыт. III, 129). Вытворнае по́длость ’подласць’ (ТС), по́дласць ’тс’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свабо́да ‘асабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць прыгнёту’ (ТСБМ), ‘св межаванняў’ (ваўк., Сл. ПЗБ), свобо́да ‘воля, вызваленне ад прыгону’ (ТС), сюды ж свабо́дная ‘нецяжарная’ (Ян.). Укр., рус. свобо́да ‘тс’, ст.-рус. свобода ‘незалежнасць’, ‘пасёлак, слабада’, польск., в.-луж., н.-луж. swoboda, чэш. svoboda, дыял. sloboda ‘вольнасць; халасцяцкі стан або дзявоцтва’, серб.-харв. свобо́да ‘вольнасць; мужнасць’, славен. svobóda, ‘воля, вольнасць; вызваленне’, балг. свобода́, макед. свобода ‘тс’, ст.-слав. свобода ’тс’. Прасл. *svoboda утворана ад асновы *svob‑, параўн. ст.-слав. свобьство ‘асоба’, якая працягвае і.-е. *su̯e‑bho‑, вытворнае ад займеннікавай асновы *su̯e‑ ‘свой’, з суфіксам зборнасці *‑oda і першасным значэннем ‘сукупнасць родзічаў, сваякоў’, г. зн. тых, якія жывуць сумесна. Сучаснае значэнне другаснае. Падрабязна гл. Трубачоў, История терм., 170. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 582–583; Шустар-Шэўц, 1392; БЕР, 6, 561. Махэк₂ (598, раней Зубаты, Studie, 2, 137) разглядае слова як *svo‑potъ ад ‘свой’ і *potъ ‘пан’, праеўрапейскага слова, што вельмі штучна. Сной₁ (625) *svoboda лічыць вытворным ад прасл. *svobodь ‘свабодны’ — на думку Трубачова (Фасмер, 3, 583), другаснага. Борысь (589) узнаўляе прасл. *svobodь і *svoboda ‘свабода, незалежнасць, вольнасць’ з рэдкімі суф. ‑odь/‑oda. Гэта дазваляе ўзнавіць прыметнік *svobъ ‘прыналежны да свайго племені, жывучы на сваёй зямлі, у сябе’ і назоўнік *svoba ‘стан сярод сваіх, вольнасць’ (Борысь, Czak. stud., 44). Гл. таксама Басай-Сяткоўскі, Słownik (353–354), дзе польск. swoboda замест swieboda лічыцца багемізмам. Паводле Бугі (Rinkt. 2, 617), слова знаходзіцца ў такіх жа адносінах да ст.-рус. собь ‘усё сваё, маёмасць, дабро’ (гл. собскі), як лат. svãlbs ‘вольны’ да ст.-в.-ням. selb‑ ‘сам’ (< і.-е. *selbho‑). Гл. таксама слабода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тронкі ‘назва гульні’: На грошы ў тронкі тут гуляюць / Парнаскі дзеўкі, дзецюкі («Тарас на Парнасе», Полымя. 1971, 10, 217), ‘гульня з каменьчыкамі’ (Рам. 8: «камушки кладутса в две кучки: три в одну и один в другую»), ‘гульня, змест якой у тым, каб пацэліць з рукі трыма алавяннымі шарыкамі ў ямку, што знаходзіцца ад гульца на пэўнай адлегласці’ (Мядзв.), ‘гліняныя або алавяныя шарыкі велічынёй з круглую кулю ад стрэльбы, якія служаць для гульні «ў тронкі»’ (Нік., Оч.), дро́нкі ‘дзіцячая гульня, калі драўляныя шарыкі кідаюць у ямачкі; няцотны лік шарыкаў у ямачцы лічыцца выйгрышам’ (маг., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і тро́нкі ‘дробная бульба’ (Рэг. сл. Віц.), ‘плод бульбы’ (Касп.) і не патлумачанае тронки (Шымк. Собр.). Параўн. рус. смал. тро́нка, тро́нки ‘гульня ў арлянку’, ‘шарык з волава або гліны памерам з арэх для гульні «ў тронкі»’ (СРНГ). Слова з не да канца высветленай этымалогіяй. Куркіна (Этимология–1983, 27–28) параўноўвае з укр. тріньки ‘трошкі’, рус. дыял. тро́ньки ‘тс’, балг. тро́нка ‘зусім мала’, сюды ж таксама серб. ці макед. тронка ‘крышка, парушынка’, макед. ронка ‘тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tronъka ‘нешта вельмі малое’, роднаснае да прасл. *troxa (гл. трохі) і якое ўзводзіцца да *terti, *tьrǫ, гл. церці (ЕСУМ, 5, 648). Аднак абмежаваныя тэрытарыяльна назвы гульняў з розным зместам дапускаюць перанос наймення з іншых гульняў, напрыклад, “у ножыка” ад тронкі ‘сцізорык’, або зыходзячы са значэння ‘бульба’, параўн. укр. дыял. тромпак, кро́мпель ‘бульба’ (ЕСУМ, 5, 647). Лучыц-Федарэц (вусн. паведамл.) дапускае сувязь з з літ. treñkti ‘кідаць, шпурляць’. Сувязь з тры (гл.), відаць, другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́зніць ‘гаварыць без памяці, галюцыніраваць’, ‘несці лухту’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Гарэц., Мядзв., Касп., Багд., Стан.), ‘гаварыць праз сон’ (Бяльк.), ‘бачыць што ў сне, у гарачцы’ (Ласт.), трызні́ць ‘гаварыць адно і тое ж’ (ТС, Растарг.), тры́зніці ‘хлусіць, гаварыць няпраўду’ (пруж., Сл. ПЗБ), ‘блюзніць, трызніць, гаварыць у непрытомнасці’ (паўн.-усх., ЛА, 3), тры́знік ‘лунацік’ (Мат. Маг.), тры́зненне ‘вярзенне, бяссэнсавая гаворка хворага, які знаходзіцца ў бяспамяцтве’, ‘мары, думкі аб кім-, чым-небудзь’ (ТСБМ); трызня́ ‘лухта, абы-што’: як будзеш спаць да дня, насніцца трызня (чач., Бел. дыял. 2), тры́зня ‘шкода’ (Стан.). Параўн. укр. три́знувати ‘біцца, змагацца, банкетаваць пасля бітвы’, рус. смален., зах.-бранск. тры́знить ‘блюзніць; бяздумна гаварыць, плявузгаць’, польск. tryznić ‘дарэмна траціць час’, чэш. trýznit ‘мучыць, катаваць, раздзіраць’, славац. trýzniť ‘тс’. Няясна, у тым ліку ў адносінах да папярэдняга слова. На аснове польск. tryznić і чэш. мар. trýzniti ‘сыпаць, трусіць’ Страхаў (Palaeoslavica, 13, 2, 14–15) выводзіць дзеяслоў з *tryti, *truti (гл. церці), а таксама аналагічна да *trina (гл. трына) назоўнік *trizna, у семантыцы якога развілося значэнне ‘скруха, жалоба’. Спробу звязаць чэш. trýzniti ‘мучыць’ (< *tryti) з польск. trużyc ‘тс’ шляхам атаясамлівання з асновай *tryz‑ зрабіла Варбат (Этимология–1983, 41), у гэтым выпадку мяркуецца збліжэнне семантыкі слоў ‘блюзніць’ і ‘мучыць’, параўн. і рус. валаг. тры́жить ‘навязліва паўтараць адно і тое ж’. Пра паралелізм у структуры і семантыцы трызніць і трылузіць (гл.) з выдзяленнем элемента тры‑ — спецыяльна Цыхун, Зб. Супруну, 280; варыянты тры́зніць/дры́зніць (маг., ЛА, 3, 81), магчыма, пад уплывам дрыве́ць ‘блюзніць, гаварыць у непрытомнасці’, ‘гаварыць лухту’ (Нас., Касп., Дабр.; ашм., Стан., ЛА, 3) — няяснага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. што. Узяць што‑н. такое, што знаходзіцца на некаторай адлегласці. Калі Ігнась дастаў з палічкі жоўценькі сшытак, Люба запыталася: — Мабыць, малюнкі? Мурашка.

2. да чаго, чаго. Дацягнуцца, дакрануцца да чаго‑н. аддаленага. Дастаць рукой да бэлькі. □ Цені ад яблынь дасталі да хаты і павольна папаўзлі па сцяне ўверх. Шамякін. Стаіць дуб, аднагодак мой, І мне ўжо не дастаць рукой Пад воблакам яго вяршыні. Танк.

3. што. Выняць, выцягнуць што‑н. адкуль‑н., з чаго‑н.; здабыць. Дастаць сшытак з партфеля. □ Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку. Гартны. Слава першым буравым майстрам, якія дасталі з цёмных глыбінь першыя грамы калійнай солі! Паслядовіч.

4. што і чаго. Раздабыць, набыць, расстарацца. Дастаць важныя звесткі. □ Саша кожны дзень прасіла брата схадзіць да чырвонаармейцаў і дастаць газету. Шамякін. // Разм. Атрымаць, нажыць. Дастаць хваробы.

•••

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі — абавязкова раздабыць, адшукаць што‑н., дзе б яно ні было.

Зімой лёду (снегу) не дастаць у каго — пра дужа скупога чалавека.

Крукам (шастом) галавы (носа) не дастаць каму — пра вельмі ганарыстага чалавека.

Рукой дастаць — вельмі блізка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

высо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, працяглы знізу ўверх; проціл. нізкі. Высокі дом. □ На парозе паказаўся высокі стары ў цёмнай кашулі,.. з люлькаю ў зубах. Якімовіч. Велізарны, высокі, ясна асветлены зал быў перапоўнены. Самуйлёнак. Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Бядуля. // Які знаходзіцца на значная вышыні над узроўнем мора. Высокая мясцовасць. Высокія горы.

2. Значна большы за сярэднюю норму. Высокія тэмпы развіцця. Высокі ўраджай. Высокая тэмпература. □ Напярэдадні майскага свята механічны цэх.. узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.

3. Добры па якасці; выдатны. Высокае майстэрства. Высокая культура. Высокая тэхніка.

4. Выдатны па свайму значэнню, вельмі важны; пачэсны, шаноўны. Высокая ўзнагарода, пасада. Высокі гонар. Высокі госць.

5. Поўны глыбокага значэння, незвычайны па свайму зместу. Высокія ідэі. Высокая мэта. □ Напоўнены сэрцы Пачуццём высокім; Нас гордасць шугае Патокам глыбокім. Колас.

6. Вытанчаны, рафінаваны. Высокае мастацтва. Высокая культура.

7. Тонкі, рэзкі (пра гукі). Высокі голас. Высокая нота. □ З дынаміка пачуліся перарывістыя гукі: то высокія, то нізкія. Шыцік. З кузні ляцеў звон сухі, высокі. Пташнікаў.

•••

Высокі стыль — стыль, уласцівы ўрачыстай паэзіі, прозе.

Высокія шыроты — шыроты, далёкія ад экватара, блізкія да полюсаў.

Птушка высокага палёту гл. птушка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)