паязджа́нін, ‑а, м.

Уст. Абл. Той, хто знаходзіцца ў дарозе, едзе куды‑н.; падарожнік. Гэтыя дзве машыны пайшлі следам за трыма грузавікамі з салдатамі, а за імі пайшлі яшчэ тры грузавікі з салдатамі. Так усе гэтыя паязджане выехалі з Баранавіч на Сіняўку і далей проста імчаліся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Чорны. Ціхамір глянуў на гадзіннік — была ўжо шостая гадзіна, але ў вакзале яшчэ было цемнавата. — Ды праз гадзіну [буфет] адчыняць, — сказаў Ціхамір тонам бывалага паязджаніна. Чыгрынаў. // Удзельнік вясельнага поезда. Як у моры ў белым снегу Без днявання, без начлегу, Ў бездарожжа, ў беспрыстанне Едуць, едуць паязджане. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распалі́цца, ‑палюся, ‑палішся, ‑паліцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна нагрэцца ад агню, жару, спёкі. Праз некалькі хвілін чыгунная печ гудзела на ўсю хату, а бляшаная труба распалілася аж дачырвана. Шашкоў. І хоць час быў яшчэ ранні, усё вакол паспела ладна пагрэцца. Асабліва распаліліся рэйкі, — гэта адчувалася нават праз абутак. Васілёнак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць гарэць, разгарэцца. Дровы распаліліся.

3. перан. Моцна ўзрушыцца, расхвалявацца; разгневацца. Гендарсан распаліўся да таго, што гатовы быў сам біць мужыкоў. Чарнышэвіч. Лявон яшчэ больш распаліўся і, рвануўшы рукі ўніз і наперад, абшчапіў Ціханава тулава тугім абручом. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэабілітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

1. каго-што. Аднавіць (аднаўляць) чысціню чыйго‑н. імя, рэпутацыі, абвяргаючы ілжывыя абвінавачванні, чуткі. [Дырэктар:] — Якраз цяпер, пакуль яшчэ ніхто нічога не ведае, у вас ёсць магчымасць рэабілітаваць сябе ў вачах грамадскасці. Бажко. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя? Шамякін.

2. каго. Аднавіць (аднаўляць) у ранейшых правах асобу, беспадстаўна прыцягнутую да судовай адказнасці, прызнаўшы яе невінаватай. [Ірма:] — Толькі праз дзевяць год даведаліся, што бацька [жывы], што адбываў заключэнне за нейкія там грахі ў вайну. У пяцідзесятым яго рэабілітавалі, але да сям’і ён ужо не вярнуўся. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сп’яне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць п’яным, ап’янець. Пасля пакурылі [Астаповя і Блецька], яшчэ выпілі па шклянцы, сп’янелі і яшчэ мацней пачалі гаварыць. Чорны. [Змітрок] выпіў адну чарку, потым другую, вельмі хутка забыўся на свой сорам і сум, разам з усімі смяяўся, жартаваў з Кузьмы, бо той неўзабаве зусім сп’янеў і заснуў проста за сталом. Сачанка. // Прыйсці ў стан, падобны да стану ап’янелага чалавека (ад пахаў, стомленасці і пад.). Мы проста сп’янелі ад гэтых кніг, ад усяго багацця, ад усяго хараства, пра якое, зразумела, раней не маглі і ў сне сасніць... Дубоўка. Гляджу я, — шаман ад песні больш, чым ад гарэлкі, сп’янеў; усе павесялела. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э́тыка, ‑і, ДМ этыцы, ж.

1. Вучэнне аб маралі, як адной з форм грамадскай свядомасці, аб яе сутнасці, законах яе развіцця і ролі ў грамадскім жыцці. Марксісцкая этыка. □ А. К. Ільінскі ў пытаннях мастацтва, этыкі, маралі заўсёды стаіць на прынцыповай вышыні. «Полымя».

2. Сукупнасць норм паводзін, мараль якога‑н. класа, арганізацыі, прафесіі і пад. Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе.. «усемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчына, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх — парушэнне ўрачэбнай этыкі. Шамякін.

[Грэч. ēthika ад ēthos — звычай.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бурбо́ліць ’старанна есці, спяшацца’ (Бір. Дзярж.). Мабыць, да бу́рбалка, бурбо́лка, бу́рбаліць (гл.). Першапачаткова ’есці паспешна, пускаючы бурбалкі, захлынаючыся’. Параўн. яшчэ Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бутары́сіца ’завіруха’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з рус. дыял. буто́ра ’тс’, бутори́ть ’месці (аб мяцеліцы)’; далей з бутара́жыць, будара́жыць (гл.). Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 212–213.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віноўка ’сорт яблык’ (Сцяшк.), рус. варон. вино́вка ’сорт вінных яравых яблык’. Утворана ад прыметніка віновы (параўн. польск. winowy ’вінны’) і суф. ‑к‑a. Гл. яшчэ вінёўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дакладнасць ’дакладнасць’ (БРС). Укр. докла́дність ’тс’. Вельмі верагодна, што гэта запазычанне з польск. dokładność. Параўн. яшчэ дакла́дны, дакла́дна, якія таксама, здаецца, з’яўляюцца запазычаннямі з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)