парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.
2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.
•••
Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Спяваць некаторы час. Дзядзька ківае сам сабе галавою і заводзіць [песню].. Паспяваў трохі і кінуў, а, можа, яму Шугай Міхалка перашкодзіў, ідучы насустрач. Колас. Соня была сярод спевакоў. Соню хлебам не кармі, а дай паспяваць. Лось.
паспява́ць 2, ‑ае.
Незак. да паспець 1.
паспява́ць 3, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да паспець 2.
2. Добра, паспяхова вучыцца; не адставаць. Ніна ведала, што Коля добра паспяваў па матэматыцы, таму дырэктар і параіў яму паступіць у тэхнікум. Сіўцоў. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. каго. Расстраляць, забіць усіх, многіх. Коннікі пачалі страляць, маючы адзін намер пастраляць арыштаваных, якія не ведалі, што гэта робіцца, і, ашаломленыя, стаялі. Чорны. Праз які тыдзень у вёсцы не мяўкаў ні адзін кот, не гаўкаў ні адзін сабака — усіх іх пастраляў Пэпік. Сачанка.
2. Страляць некаторы час. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка. Колас. Да балота падбегла некалькі эсэсаўцаў.. Пастралялі, пастралялі, колькі лічылі патрэбным, павярнулі назад. Шамякін.
3. што. Расходаваць пры стрэльбе. — Вінтоўка ў нас была, толькі без патронаў. Пастралялі здуру.. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасудзі́ць, ‑суджу́, ‑су́дзіш, ‑су́дзіць; зак.
Разм.
1. каго. Засудзіць усіх, многіх. — Цяпер пацішэла, і добра пацішэла, — пануквае каня фурман. — Зброю паадбіралі, пасудзілі за гэта. Лужанін.
2. заг. пасудзі́(це) (звычайна з займеннікам «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні: падумай(це), памяркуй(це), уяві(це) сабе. — Што ж болей рабіць, пасудзі? Колас. Голы, босы хадзіў дзіцем, — Цяпер стар, і ўсё ж не ўскрос. Паглядзіце, пасудзіце — Я таксама гол і бос. Купала.
3. Пагаварыць, папляткарыць некаторы час. [Куліна:] А які суд можа быць між сваімі.. Вядома, калі людзі пасудзяць языкамі, то жыць не захочаш, ну то і... разводзяцца. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.
Заняцца пошукамі; шукаць некаторы час. — Антось, трэба пашукаць фурманку, ці што, — сказаў Васіль Дзянісавіч. Мележ. [Юрка:] — Добра, вы тут пасядзіце, а я схаджу вады пашукаю. Курто. Спачатку Якаў хацеў зайсці ў гэты дом, пашукаць там ранейшых сваіх гаспадароў, але перадумаў. Кулакоўскі. Узвышаючыся над галовамі людзей, я вачыма пашукаў генеральскую дачку. Карпюк.
•••
Пашукаць такога (такую, такіх) — ужываецца ў якасці азначэння каго‑н. (чаго‑н.), хто (што) вызначаецца надзвычайнымі, рэдкімі якасцямі. Настаўнікам Лукавіцын быў — пашукаць такога: старанны, паслухмяны, і заўсюды ў начальства навідавоку. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Сашчыпаць усё, многае. Пашчыпаць траву.
2. Шчыпаць некаторы час. Пугач яшчэ трохі патузаўся, пасыкаў, пашчыпаў Ігната за рукаў, а потым, нібы прымірыўшыся са сваім лёсам, падкурчыў касматыя лапы, вытрашчыў жоўтыя вочы і заціх. Ляўданскі. — Пане Лабановіч, — сказаў Язэп Глынскі, — прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань. Колас.
3. перан. Разм. Нанесці некаторыя страты. — Даўно мы не турбавалі фрыцаў на чыгунцы. Яны сталі занадта нахабнымі, пускаюць паязды амаль што па раскладу. Трэба пашчыпаць іх на лініі Мінск — Маладзечна. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагуча́ць, ‑чыць; зак.
1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.
2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.
3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.
4. Гучаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Абазвацца крыкам. Пракрычала дзіця. □ У лесе спрасонку пракрычала нейкая птушка і сціхла. Мележ. Непадалёку ў чыімсьці хляве пракрычаў сонны певень. Сяркоў.
2. што і без дап. Закрычаць, гучна сказаць што‑н. Пракрычаць «ура». □ — Здарова, братва! — спыніўшыся каля парога,.. пракрычаў Кандрат. Лобан. Пятая ноч пасля расстрэлу рабочых у Вільні. А Алаіза не можа спаць.. Точыць неабходнасць выплеснуць свой боль, пракрычаць пракляцце забойцам. Арабей.
3. што і без дап. Крычаць некаторы час. Пракрычаць усю ноч.
•••
Пракрычаць вушы каму — тое, што і пратрубіць вушы (гл. пратрубіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.
1. і без дап. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Прапець гімн. Прапець мелодыю. // Вымавіць нараспеў. Дзяўчына тым часам зусім супакоілася і з какецтвам прапела: — Малады чалавек, дазвольце ваш галаўны ўбор і паліто! Карпюк. // Утварыць пявучы гук (гукі). Прапелі пеўні галасіста. Даўно мінуў паўночны час. Танк. // Праляцець з пявучым гукам. Першая куля прапела над галавою, збіўшы з хвоі кару. Лупсякоў.
2. Разм. Страціць голас ад спявання. Прапець голас.
3. і без дап. Пець некаторы час. Прапець увесь вечар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.
1. каго. Афіцыйна зарэгістраваць факт пражывання каго‑н. дзе‑н. Прапісаць кватарантаў. □ Праўда, без даведкі ў горадзе не прапішуць, і на работу ўладкавацца цяжка, і на вучобу не паступіш. Савіцкі.
2. што і з інф. Выпісаць, назначыць (якое‑н. лякарства, лячэнне). Прапісаць лякарства. Прапісаць пасцельны рэжым хвораму.
3. што і без дап. Пісаць некаторы час. Прапісаць увесь дзень.
4. каго. Разм. Паведаміць у друку аб чыіх‑н. учынках, паводзінах і пад. [Праціеўскі:] Ну, а як ён цябе ў газету прапісаў?! Чорны.
•••
Прапісаць іжыцу каму — зрабіць строгае ўнушэнне, прачытаць натацыю, адлупцаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)