сустрэ́ча, ‑ы, ж.

1. Спатканне з кім‑, чым‑н. пры руху з розных бакоў. І Вышамірскі і Мішка аслупянелі ад такой нечаканай сустрэчы. Бядуля. Сумеўся, бо часта ўспамінаў [Юра] выпадковую сустрэчу ля купкі меднастволых соснаў. Карпаў. // Сход, сумеснае знаходжанне дзе‑н. для абгаварэння чаго‑н. або ў сувязі з прыездам, прыходам каго‑н. Сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. □ Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі. Пасля прыязнай таварыскай гутаркі ў рабочым клубе мы пайшлі на сустрэчу з гданьскімі пісьменнікамі. Пестрак. // Спартыўнае спаборніцтва. Таварыскія сустрэчы па хакею. □ [Вадзім:] — Шкада, што цябе не было на сустрэчы. Паглядзеў бы, як я два мячы забіў, пад самую перакладзіну. Асіпенка. Абвясціў свісток суддзі, Што канец сустрэчы. Гілевіч. // Паядынак, бітва. На месцы .. сустрэчы з ворагам бушаваў лясны пажар. Колас.

2. Спатканне, часцей умоўленае, дзвюх або некалькіх асоб. Назначылі час сустрэчы [дзед Талаш і Папас] і разышліся. Колас. Паўлік ішоў павольна, бо дома яго чакала таксама сустрэча не з радасных. Краўчанка. Наступная сустрэча адбылася праз тыдзень, на .. кватэры [Наташы]. Шчарбатаў.

3. Падрыхтаваны прыём каго‑, чаго‑н.; урачыстасць з прычыны надыходу, прыбыцця каго‑, чаго‑н. У канцы пералічваліся абавязкі, якія бярэ на сябе атрад, рыхтуючыся да свята і сустрэчы дарагіх гасцей. Якімовіч.

•••

Да сустрэчы — да спаткання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Кароткі бой, узброенае сутыкненне. Пасля гарачых баявых сутычак з варожымі бандамі .. адбылося незабыўнае спатканне партызан з франтавікамі. Брыль. У сутычцы з казакамі .. [Багушэвіч] быў паранены ў нагу. С. Александровіч. // Пра палітычныя канфлікты, класавыя баі. Беларуская нацыяналістычная буржуазія ў самы разгар рэвалюцыі, у момант вострых класавых сутычак выкарыстоўвала беспартыйнасць у якасці сваёй ідэалагічнай зброі. Івашын. Барацьба выступае ў рамане не як сутычка двух строга размежаваных варожых лагераў, а як складаны, супярэчлівы працэс грамадскага развіцця. Хромчанка. // Бойка, сутыкненне. Сутычка была немінучая, тым болей, што насарогі заўсёды ахвотнікі пабіцца. Маўр. Усе хлапчукі ў навакольных вёсках былі ўпэўнены, што пры сутычках з чужымі .. [Павел] бярэ ў рукі дручок і разбівае ўсім галовы. Кулакоўскі.

2. Спрэчка, сварка, лаянка. [Таня] аналізавала свае адносіны да гэтага чалавека і прыпамінала, як яны складаліся і як прывялі да ўчарашняй сутычкі. Машара. [Мікульскі і Шаблюк] пасля ранішняй сутычкі адчувалі сябе ніякавата. Марціновіч.

3. перан. Сутыкненне чаго‑н. супярэчнага, несумяшчальнага, а таксама сама супярэчнасць. Сутычка інтарэсаў. Сутычка розных тэндэнцый. □ Куды падзелася яно — немаўля, з’яўленне якога на свет адзначана гэткім выбухам страсцей, сутычкай жорсткасці і гуманізму, высакароднасці і нізкасці? Мехаў.

4. Тое, што і сутыкненне (у 1 знач.). Мы мімаволі ўцялі галовы ў плечы, кожную секунду чакаючы або сутычкі, або якога акрабатычнага піруэта. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суча́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цяперашняга часу, да сваёй эпохі. У сучаснай беларускай мове шмат службовых слоў для ўстанаўлення сувязей паміж членамі сказа. Цікоцкі. Для сучаснага чытача гэта ўжо ў значнай ступені мастацкі дакумент пачуццяў і спраў мінулых дзён. Гіст. бел. сав. літ. Раіса іграла мелодыі сучасных песень, а гэта было зразумела і проста. Шамякін.

2. Які знаходзіцца на ўзроўні свайго веку, адпавядае патрабаванням свайго часу. Дасягненні сучаснай навукі. Сучаснае абсталяванне. Сучасныя хуткасці. □ Калхіду асушыць можна, сучасная тэхніка здолее гэта здзейсніць. Самуйлёнак. Значыць, мы з табой адсталыя, Значыць, несучасныя: Месім гурбы не расталыя Напрадвесні ў лесе часта мы .. І зрываем на праталінах Сонтравы зеанкі зубчастыя... Гэта значыць: не адсталыя, Значыць, мы з табой сучасныя. Жычка. // Важны для цяперашняга моманту; выкліканы патрабаваннямі свайго часу; актуальны. Сучасная тэма.

3. Які адбываецца цяпер, у дадзены час; цяперашні. [Міколка:] — Сучаснае жыццё, яно ў нашых руках! Нікановіч. Сучаснымі крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца дажджавыя, снегавыя, рачныя і грунтавыя воды. «Прырода Беларусі».

4. у знач. наз. суча́снае, ‑ага, н. Цяперашні час; падзеі, якія адбываюцца цяпер, у дадзены час. Гадае той аб прышласці далёкай, Хто верыць у сучаснае душой. Глебка. [Якаў] расказаў мне пра ўсё сваё мінулае, а тое сучаснае, пра што будзе ісці гаворка далей, адбылося, як кажуць, на маіх вачах. Кулакоўскі.

•••

Сучаснае пяцібор’е гл. пяцібор’е.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэнс, ‑у, м.

1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.

2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.

•••

У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.

У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.

У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушы́цца 1, ушыецца; зак.

1. Звузіцца, укараціцца пасля шыцця.

2. Прышыцца, прымацавацца пры дапамозе шыцця. Нязграбна ўшыўся рукаў.

ушы́цца 2, ушыюся, ушыешся, ушыецца; зак.

Разм.

1. З цяжкасцю пранікнуць, уціснуцца куды‑н. Быў на гэтай вечарынцы і я. Ушыўся ў сенцах у натоўп большых, і мяне ледзь не на спінах перанеслі цераз парог. Кулакоўскі. Мы з Санькам таксама разам з усімі за сталом. Глыжка побач з бацькам ушыўся і вельмі гэтаму рады. Сяркоў. Мікодым не на жарт спалохаўся. Хацеў як ушыцца ў грамаду, каб ніхто яго не бачыў, каб не кідацца ў вочы пану каменданту. Сабаленка. // Залезці, схавацца ў чым‑н. [Міша] заўважыў у далёкім куце стадолы салому, ушыўся ў яе так, што яго зусім не відаць стала, і адразу спакойна заснуў. Чорны. Не раздумваючы больш ні секунды, .. [Крамнёў] зноў ухапіўся за стропы, напружыў апошнія сілы і мякка, нібы ў пярыну, ушыўся ў халодны вільготны мох. Шашкоў. // перан. Маскіруючы свае погляды, намеры, пралезці ў які‑н. калектыў, асяроддзе. [Галенчык:] — І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну! Мележ.

2. З’асяродзіцца, сканцэнтраваць увагу на чым‑н. [Камендант] зноў ушыўся ў свае паперы, да таго нецікавым яму быў гэты хлопец, якога і выклікаў ён проста так, на ўсякі выпадак. Лынькоў.

•••

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру — страціць сумленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвараві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта хварэе; схільны да захворвання. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. // Які з’явіўся ў выніку хваробы; які суправаджае хваробу. У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон і ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча. Мележ. Потым хлапец з крактаннем і хваравітай кволасцю павярнуўся на бок і глянуў на падаконнік. Кулакоўскі. // Які сведчыць аб хваробе, нездаровым стане. — Хто там? — пачуўся слабы, хваравіты голас, і толькі тады ў паўзмроку я разгледзеў на падушцы знясілены худы твар жанчыны. Радкевіч. // перан. Пашкоджаны хваробамі; чахлы, кволы. Востраў гэты не быў падобны на звычайную балотную выспу, пакрытую нізкарослым, хваравітым ад лішку вільгаці лесу. Шамякін. Пачалі ратаваць кволую, хваравітую кукурузу. Бялевіч.

2. Выкліканы болем, які сведчыць пра боль. Хваравіты стогн. □ Па .. твары [Акаловіча] пайшла хваравітая грымаса. Чорны.

3. перан. Перабольшаны, празмерны, ненармальны. Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну і было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы. Гэта ў яго раптам вырасла ў манію, у хваравітую цягу. Бядуля. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Чарнышэвіч. // Нездаровы, непажаданы. [Нарыновіч:] — Калі што бытуе хваравітае сярод моладзі, мы, дарослыя, ва ўсім вінаваты. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́трасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць хітрага. Пра хітрасць лісіцы нямала напісана. □ Вядома, гэта не было так выразна і проста сказана, а з мужычай хітрасцю, і Тоўхарт заўважыў гэта. Чорны.

2. Учынкі, прыёмы, паводзіны, разлічаныя на ўвядзенне каго‑н. у зман. Алесь не спіць — ён у трывозе: Што на сягонняшняй дарозе Яго з «начаткамі» чакае? Як сойдзе хітрасць яго тая? Колас. Але на гэты раз маленькая хітрасць дачкі не дапамагла. Шахавец. // Дзеянне, накіраванае на падман праціўніка. Апёкшыся на першай хітрасці, маёр не здолеў прыдумаць нічога іншага, апроч лабавога ўдара. Брыль. Але Генька ведаў, што ворага трэба браць не толькі сілай, але і хітрасцю. Паслядовіч.

3. Выкрутлівасць, спрытнасць. Любамір выглядаў гэтакім прасцячком, хаця на самай справе хітрасці яму не пазычаць. Шыцік. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай, і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

4. Тое, што зроблена з майстэрствам, адмыслова. Замок з хітрасцю. □ Асабліва захаплялі розныя.. хітрасці [скрыпкі] пасля таго, калі я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем. Кулакоўскі. [Ягор] уважліва агледзеў кручкі, паплаўкі, змераў вачыма тоню і, відаць, не знайшоўшы ў іх ніякай рыбацкай хітрасці, адказаў: — Вось гэта ўлоў! Ігнаценка.

•••

Не вялікая хітрасць з інф. — не цяжка, не складана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́цца, чуюся, чуешся, чуецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці. Кулакоўскі. Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех. Арабей.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі. Паслядовіч. [Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін. Чорны. // перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае». Бярозкін. [Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне. Васілевіч. // у знач. пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Мележ.

3. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна. Колас. І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай. Марціновіч. / у безас. ужыв. Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разабра́ць, разбяру, разбярэш, разбярэ; разбяром, разбераце; заг. разбяры; зак., каго-што.

1. Разняць што‑н. на састаўныя часткі. Разабраць радыёпрыёмнік. Разабраць гадзіннік. □ Сцёпка разабраў затвор, пачысціў, змазаў, зноў сабраў. Хомчанка. // Разбурыць што‑н., разняўшы на часткі. Разабраць рэйкі на чыгунцы. □ Хату немцы разабралі. Бярвенні ім на бункер спатрэбіліся. Б. Стральцоў. // Раскідаць друкарскі набор, расклаўшы знакі набору па касах. Разабраць набор.

2. Узяць усё па частках, па адным. Сёння ў шэсць гадзін усе коней разабралі, гэта адзін Паўлік заспаў. Гаўрылкін. Дзіва проста! Ці не хопіць? Колькі можна пазычаць! Разгадаў, нарэшце, хлопец Гэту тактыку дзяўчат. Усміхнуўся хітравата Да сяброўкі дарагой: — Як відаць, у вас дзяўчаты Разбяруць увесь пакой. Гілевіч. // Раскупіць. За тыдзень разабралі ўвесь тыраж кнігі. □ — Давай перакушу крыху ды пайду, а то газу разбяруць... Чарнышэвіч.

3. Прыводзячы ў парадак, рассартаваць, аддзяліць адно ад другога. Разабраць рэчы. Разабраць бялізну. // Узяць правільна (лейцы і пад.). Лётчыкі селі ў лодку. Макараў на нос, а Дым разабраў вёслы. Алешка. // Разаслаць, рыхтуючы для спання. Разабраць ложак. □ [Алена] хуценька разабрала яго пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі. // Расчасаць, прыгладзіць (валасы).

4. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і вантробы, парэзаўшы на часткі (пра мясную тушу). І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З ваўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас.

5. Адрозніць, распазнаць што‑н. (слыхам, зрокам і пад.). Разабраць почырк. □ Ліда схілілася над .. [раненым], каб чуць, каб разабраць усе словы. Шамякін. Пачуліся ціхія крокі, і ў цемры.. [Прылепка] разабраў ледзь прыкметную постаць чалавека. Дуброўскі.

6. з дадан. сказам і без дап. Уясніць для сябе, усвядоміць. На адной палянцы цвілі кветкі, вельмі падобныя да нашага сну. Насілу разабраў, што гэта гіяцынты — такія буйныя і так многа было іх. Лужанін. Стралялі ў двары, за будынкамі, і цяжка было разабраць, дзе рассыпаліся нашы, а дзе былі немцы. Няхай. Здзекаваўся .. [Васіль], жартаваў ці праўду казаў, яна [Аня] не ўмела разабраць ды і не хацела. Васілевіч. // Зразумець сэнс чаго‑н. Разабраць стараславянскі надпіс. □ Спачатку я амаль нічога не мог разабраць у гэтай кнізе, а потым навучыўся чытаць лепш. Кулакоўскі.

7. і без дап. Разгледзець, абмеркаваць (пытанне, справу і пад.). Як толькі пачаўся прыём [у члены партыі], разабралі заяву камбрыга. Мележ. Кожнаму хацелася паслухаць, сваім вокам пабачыць: як яно там, як разбяруць ды вырашаць. Лынькоў. // Прааналізаваць, даць крытычную ацэнку. Разабраць творчасць паэта. Разабраць сачыненні вучняў. // У граматыцы — даць аналіз для выяснення саставу, пабудовы. Разабраць сказ па часцінах мовы.

8. Разм. Ахапіць, апанаваць (пра моцнае пачуццё, жаданне і пад.). Хлопчыка разабрала цікаўнасць. Гамолка. Злосць разабрала Мар’яну, калі дачулася пра сынавы клопаты. Пальчэўскі. // безас. Разм. Пра вышэйшую ступень праяўлення якога‑н. пачуцця, стану. — Чаго вас там разабрала? — хрыплым голасам, спрасоння, прабурчаў .. [бацька]. Арабей. // Разм. Выклікаць ап’яненне. Гарэлка яго [Янушка] крышку разабрала, расчуліла на сонцы. Дайліда.

•••

Не разбяры-бяры — пра што‑н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках — старанна, дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго‑, што‑н.

(Усю) ноч разбяруць — не будзе калі спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адда́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца, зак.

1. каму. Аддаць сябе ва ўладу пераможцы; здацца. [Камісар:] — Расстраляйце мяне, Толькі ворагу я не аддамся. Глебка. // на што. Аддаць сябе ў чыё‑н. распараджэнне; даверыцца чыёй‑н. упадзе. Кастусь Прыбыткоўскі аддаўся на чужую волю. Чорны. Відаць, хацеў [Андрэй] быць галавой сям’і, — разважала Марына, — ды ўбачыў, што з гэтага нічога не выходзіць. Аддаўся на маю ўладу. Так даўно трэба было зрабіць... Шахавец. // Уступіць у палавую сувязь (пра жанчыну). Алімпа верыла Валодзю, як верыла самой сабе, і таму.. аддалася яму. Сабаленка.

2. каму-чаму. Цалкам прысвяціць сябе чаму‑н. (працы, вучобе, сям’і і пад.). Нельга.. кінуць агульнае справы і аддацца пытанням прыватнага жыцця. Гартны. Коля з усім уласцівым яму захапленнем аддаўся новай рабоце. Якімовіч. // Захапіцца чым‑н., паглыбіцца ў што‑н. (думкі, мары, пачуцці і пад.). Аддацца ўспамінам. □ Апетыт у Макара рос. Ён увесь аддаўся ядзе. Бядуля. Пшанічны даеў вынятыя з кішэні рэшткі сала і.. суцішыўся — аддаўся журбоце. Быкаў.

3. чым. Адазвацца, адбіцца (пра гукі). Грукат і перастук.. колаў [цягніка] разлеглым водгуллем аддаліся ў пустой каробцы вакзала. Карпаў. // Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё; адазвацца як‑н. Моцны стук над галавою аддаўся вострым болем у вушах і ў галаве. Кулакоўскі.

4. безас. Будзе аддадзена, заплачана. Некалі аддасца.

5. Перастаць злавацца, упарціцца; здацца. Ну што ж, пасля, як стары аддасца, даведаемся пра ўсе.. яго выкрунтасы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)