прые́сціся, прыесца; прыядуцца; зак.
Разм. Надакучыць ад частага ўжывання, аднастайнасці (пра ежу). Праўда, потым яда трохі прыелася, што ўсё адно і адно з дня ў дзень. Гарэцкі. — Доктар казаў, каб без снедання не пускалі. — Не хачу. Прыеўся мне ваш кісель ды чай. Чарнышэвіч. // перан. Страціць цікавасць, прываблівасць для каго‑н. Горад мне ўжо так прыеўся, што я нават пазнаваў у твар многіх гараджан. Карпюк. — Там жа [у канцэрце] няма ні рэдактарскай, ні рэжысёрскай выдумкі. Штамп. Самы прымітыўны, які ўжо даўно прыеўся і нам і тэлегледачам. Гаўрылкін. З лініямі не спяшаўся — лічыў нескладанай работай, якая ў момант прыесца. Барадулін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.
1. Прымусіць расстацца (блізкіх, сяброў). На другі дзень на рабоце іх разлучылі — Ніна засталася ў партыі жанчын, якая працавала ў горадзе, а Веру накіравалі на лесакамбінат. Мікуліч. // Прымусіць пакінуць што‑н. дарагое, блізкае. Не дзівіцеся з Пракопа, што ён гэтак рад за сваю прафесію, з якой яго, як яму нешта здалося, хацелі разлучыць. Ермаловіч. // Прымусіць парваць шлюб, адносіны кахання, разысціся. [Рыгор:] — Цяпер між мной і Цыляй паўстала тайна, якая ледзьве не разлучыла нас назаўсёды. Асіпенка.
2. Раздзяліць, аддзяліць што‑н. ад чаго‑н. Разлучыць канцы правадоў. □ [Бадзюля:] — Алё, алё! Раён... Разлучылі, мілая... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разне́сціся, ‑нясецца; пр. разнёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.
1. Распаўсюдзіцца, пашырыцца. А на другі дзень слава аб .. [Сцёпавай] кнізе разнеслася на ўвесь атрад. Якімовіч. Неяк з самага рання ў нядзелю разнеслася чутка, што вярнуўся з фронту Уладыслаў Барэйка. Скрыган.
2. Прагучаць, стаць чутным на далёкую адлегласць. Раман адышоўся на загон, падняў з зямлі брусок і паляпаў па касе. Сухі звон разнёсся па кустах. Пташнікаў. Якаясь гармата, пэўна з тылу белафінаў, паслала сюды некалькі снарадаў. «Па машынах!» — разнеслася каманда. Беразняк.
3. перан. Хутка разысціся па чым‑н., у чым‑н. Па ўсяму целу маланкава разнеслася пякучая, затуманьваючая мозг гарачыня. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распланава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
1. Размясціць, размеркаваць згодна з якім‑н. планам. На вялікім перапынку Іван Сямёнавіч паклікаў вучняў на двор, каб разам размеціць, дзе зрабіць клумбы, а дзе распланаваць спартыўную пляцоўку. Курто. Валя павярнула справу ў іншы бок: яна распланавала гладкую пляцоўку на асобныя квадраты і вызначыла месца для розных спартыўных гульняў. Якімовіч.
2. Размеркаваць у часе, намеціць план якіх‑н. дзеянняў. Распланаваць выхадны дзень. □ Я чакала Валеру. Яго хацела страчаць, .. і ўжо ў думках усё распланавала, як паеду на станцыю, як буду з нецярпеннем пазіраць на гадзіннік, як будзем разам варочацца са станцыі. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назбіра́цца, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Сысціся, з’ехацца, сабрацца ў адным месцы. Ніхто і не спадзяваўся, што .. будзе так урачыста і што столькі назбіраецца гасцей. Чорны.
2. Сабрацца, сканцэнтравацца ў нейкай колькасці (аб прадметах). За два тыдні .. у шэрай папцы назбіралася багата паперак. Асіпенка. // Паступова назапасіцца, накапіцца (пра веды, вопыт і пад., а таксама пра пачуцці, узаемаадносіны і пад.). Андрэй упершыню падумаў, што нядрэнна было б паступіць у вячэрні аўтатэхнікум, каб прывесці ў парадак свае веды, якіх, як спадзяваўся Андрэй, назбіралася ў яго ўжо нямала. Шахавец. За вячэраю ўзгарэлася тое, што назбіралася за цэлы дзень. Трэслася Верамейчыкава хата ад лаянкі. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́вад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.
Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.
по́вад 2, ‑у; мн. повады, ‑аў; м.
Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
празява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і без дап.
Разм. Не заўважыць, прапусціць, прагледзець. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. Пакуль дазваніўся, урэшце, ды растлумачыў, у чым справа, празяваў апошні аўтобус у Сяльцо. Быкаў. // Не выкарыстаць, упусціць зручны момант. Уборачная непакоіла Мароза. Ну, што ж, законна, летні дзень год корміць. Празяваеш яго — зімою месяцам не навярстаеш. Лобан. // Аслабіўшы ўвагу да каго‑, чаго‑н., прагледзець, недагледзець за кім‑, чым‑н. — Празяваў я хлопца, — быццам скардзіўся бацька старой. — Вырас ён тут без мяне. Цяжка цяпер у рукі ўзяць. Ох, цяжка. Вялікі ўжо. Сяркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвіста́ць, ‑свішчу, ‑свішчаш, ‑свішча; зак.
1. Абазвацца свістам. Вартавы прасвістаў.
2. што. Выканаць свістам (якую‑н. мелодыю). [Пятрусь] некалькі разоў прайшоўся па хаце і прасвістаў матыў «Варшавянкі». Гартны.
3. Праляцець, пранесціся, са свістам рассякаючы паветра. Над галавою прасвістала куля і ўрэзалася ў сасну. Гурскі. Бомбы прасвісталі над казіно, дзе быў падрыхтаваны баль для здраднікаў. Няхай. І па Марсе прамчаць, прасвішчуць Камсамольскія эшалоны. Лукша.
4. Свістаць некаторы час.
5. безас. каго. Разм. Праняць скразняком. [Алёша:] — Апранацца трэба добра, а то прасвішча. Лобан. [Вілюевіч:] — Учора на машыне мяне ветрам так прасвістала. Грамовіч.
6. што. Разм. Дарма патраціць. Прасвістаць грошы. Прасвістаць дзень без работы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Перамяшаць, парушыць папярэдні парадак размяшчэння чаго‑н., заблытаць усё, многае. Пераблытаць ніткі. Пераблытаць дрот. // перан. Парушыць паслядоўнасць, выразнасцю яскравасць, зрабіць хаатычным. Сон пераблытаў усё: праўду з выдумкай, мінулае шчасце з сучасным... Васілевіч.
2. Памылкова прыняць каго‑н. за іншага, адно за другое. Пераблытаць маршрут. Пераблытаць адрасы. □ — Што ж гэта вы падвялі нас з малаком?.. — Трэці дзень не прыносіце. — А хіба мой муж не быў гэтыя дні? — Не. — Няўжо ён пераблытаў дом ці пад’езды? — захвалявалася Вера. Пальчэўскі. [Ханюціна:] — Я цябе з Гуцікавай пераблытала, з ткацкага [цэха]. Савіцкі.
3. Разм. Абвіць, аплесці што‑н.; пераплесці. Пераблытаць плот дротам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папакі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
Разм. Кідаць доўга, неаднаразова; пакідаць многа чаго‑н. А пастой жа ў гліне, папагніся, папакідай дзень рыдлёўкай... Галавач. Пніцкі штурхануў цыгана пад локаць і сказаў яму: — І ты тут гліны папакідаў. — Цыган не зразумеў яго спачатку, дык Зыдор пастараўся растлумачыць яму: — Колькі ты тут гліны накапаў на гэтую цэглу!.. Чорны.
папакіда́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.
Пакінуць усіх, многіх або ўсё, многае. Быў муж, ды няма яго, хіба мала параскідала людзей вайна, папакідала жанчын удовамі? Скрыган. [Брат гаспадыні:] — У лесе, дзевачка, ёсць шмат таго, што страляе, узрываецца... Шмат чаго і нашы прымакі папакідалі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)